Сімъ побдиши
Шрифт:
Памочнік зразумела кіўнуў і, прадчуваючы нядобрае, марудна падаўся з кабінета. Правіцель нярвова пашчоўкаў уключальнікам, а затым хапіў лямпу і, выдраўшы з разеткі, шпурнуў у аталапелага Жакея: — Дагуляліся ў ліберальнасць! Цяпер ногі аб нас выціраюць!..
Да наступнага вечара былі затрыманыя ўсе актывісты апазіцыйнай Народнай лігі, у яе цэнтральным і рэгіянальных офісах прайшлі ператрусы. На дзясяткі партыйцаў, уключна са старшынём Ролікавым, узбудзілі крымінальныя справы. Сталічны ізалятар запоўнілі «палітычнымі». Загадам урада былі пазбаўленыя ліцэнзій усе прыватныя друкарні, канфіскаваныя наклады незалежных газет — іх і так было
Тэрмінова адклікалі з замежнага адпачынку Івана Федарэнкіна, і асабіста старшыня Службы дзяржбяспекі Бадакін пачаў інструктаваць яго аб неабходнасці стварэння серыі тэлефільмаў аб варожай дзейнасці заходніх разведак і спрыянні ім мясцовых калабарантаў-апазіцыянераў.
— Павінен пастарацца напоўніцу! У тваім распараджэнні ўся компра, запісы і сродкі. Ясна?
Твар Федарэнкіна скрывіўся. Тэлевізійнік нахмурыўся і задуменна пацёр даланёй кант стала, заваленага папкамі, дыскамі і відэястужкамі.
— Што?.. — насцярожыўся Бадакін.
— Усё зразумела, — голас Федарэнкіна траціў былую звонкасць і ўпэўненасць. — Толькі гэтага недастаткова…
— Што?!
— Неабходная паездка на захад, каб на месцы адзняць матэрыял. Ды і адпаведныя сюжэты з нашымі тамтэйшымі прыхільнікамі запісаць…
— А… — паспакайнеў Бадакін. — То што валэндаеш? Наперад! Часу, сам разумееш, з камарыны язык!
Ці ёсць той орган у камара, ці няма — ён не ведаў, але калі б знаў у тую хвіліну, што набліжаны і абласканы гаспадаром тэлежурналіст спешна паляціць за мяжу і там папросіць палітычнага прытулку, плюнуўшы на ўсіх іх… калі б знаў, лепш бы перад той сустрэчай свой язык праглынуў!
VII
У дзяка Віскаватага былі для цара дзве навіны. Адна кепская, а другая — таксама невядома чым пагражала выліцца. І тое трэба было ўвесці ў гаспадаравыя вушы. Аднак як — калі цар ужо тыдзень нікога не падпускаў да сябе, а праз свайго новага пасцельнага дзясяткамі раздаваў загады аб высылках ці галаваннях?
— Кідаюць юды цела маё на закланне… Здрада скрозь сцены точыцца, — нястомна паўтараў цар і наказваў схапіць новага ваяводу. — Не пайшоў я ў паход на Літву, дык яны мяне Жыгімонту за трыццаць срэбранікаў заклалі…
Прычакаўшы цара ў трапезнай, Віскаваты, змагаючыся з адышкай, прагаварыў доўгую тыраду ў гонар гаспадара, а калі той паказаў на стол, з цяжкасцю ўзняў з каленяў сваё таўсмата-нездаровае цела і расказаў аб прыбыцці ў лівонскі Дэрпт паслоў ад шведскага караля Эрыка.
Цар адкінуў смажанае гусінае крыло і, перастаўшы жаваць, уважліва ўталопіўся ў глыбокія — як у старога дзіка — вочы кіраўніка свайго пасольскага загаду.
— Так, гасудар, прыехалі шукаць з маскоўскім царом згоды і міру, — прыспешыў Віскаваты. — Стала вядома, што Данія і Польшча прыклалі пячаткі свае да мірнай дамовы, вось шведы і ўспалашыліся…
— І што хоча Эрык? — цар прагавіта запіў мяса віном і сціснуў худыя пашчэнкі.
Віскаваты адхінуўся да спінкі, і стулец жалліва праскрыпеў пад ягоным цяжарам.
— Ён пагаджаецца з ранейшымі ўмовамі маскоўскага ўладара, адмаўляецца ад Лівоніі, за выключэннем Рэвеля.
— І што ўзамен?
— Наколькі я абазнаны, анічога. Апроч, зразумела, сяброўства з табой, вялікі гасудар.
Іван хмыкнуў, зноў падцягнуў да сябе збан з віном — і раптам як праяснеў.
— Ты гэта… Неадкладна адкажы, што маскоўскі цар жадае прыняць шведскае пасольства, але перад тым нагадвае каралю Эрыку… — у малых зрэнках
бліснулі гарэзныя агеньчыкі, і голас цара памякчэў, — нагадвае аб неабходнасці выдачы непакорнай польскай каралеўны Кацярыны.— Будзе зроблена, — Віскаваты ўстаў і, схіліўшы галаву, задам паклыпаў да выхаду, але цар перапыніў:
— І глядзі зноў справу з Кацярынай якому Сукіну не даручы! А то другім разам я вас абодвух у адну труну пакладу…
Віскаваты застыў з адкрытым ротам, а Іван схіліўся над сталом, падпёр лоб рукой і дакончыў:
— Там у Дэрпце Ванька Курбскі ад гнева майго кісне. Перадай яму, што высахла крыўда мая — і даручы яму Кацярынай займацца.
Віскаваты ледзь не самлеў, у вачах праплылі чырвоныя кругі… Вось яна — навіна другая, якую меўся ён паведаміць, але так і не насмеліўся!
— Гасудар… — выціснуў ён і адчуў, як на спіне выступіў халодны пот. — Далажылі мне сённячы, што Курбскі знік…
— Што?!!
— Няма яго ў замку… І яшчэ дванаццаць баяраў з ім…
Івана як ашпарылі кіпнем. Неўразумела міргаючы, ён загаварыў нібы сам сабе:
— Можа, на паляванне падаўся? Як гэта няма?..
— Кажуць, што пераапранутым праз сцяну цытадэлі пералез. Золата і грошы забраў… — Віскаваты з цяжкасцю выціскаў словы. — Жонка з сынам засталіся…
Іван памарачна ўстаў з-за стала. Прадаўгаватая галава калацілася, і яго тлусныя кудзяры раптам здаліся Віскаватаму змейкамі…
— Трэба было яго разам са шчанюком Адашавым на кол пасадзіць! Яшчэ калі сыну майму крыж цалаваць адмовіліся… — Іван хіснуўся, схапіў збан з віном і шпурнуў у Віскаватага. Патрапіў у жывот; чырвоная вадкасць плюхнула на твар і бараду, узарвалася на каменнай падлозе гліняным друзам і сцякала па чорным каптане. — Вон, юды!!! І я з Масквы з’язджаю! Задушыцеся маёй каронай! — сарваў з сябе шапку і зноў кінуў у анямелага Віскаватага…
Напрыканцы 1564 года Масква нечакана засталася без гаспадара. Іван IV, склаўшы свой скарб і царскую казну, адабраў з сотню баяраў ды з тысячу стральцоў і падаўся ў Каломенскае, дзе лютая завея і п’яныя оргіі затрымалі яго на два тыдні. Затым былі прыпынкі ў падмаскоўных Тайнінскім і Троіцы, і ўрэшце абоз дабраўся да невялікага Аляксандраўска — з паўночнага боку Уладзіміра. Там, загадаўшы разбудоўваць Аляксандраўскую слабаду, цар вырашыў зімаваць і паслаў у Маскву да новага мітрапаліта Афанасія ганца з лістом. Віскаваты ледзь паспяваў запісваць халоднай рукой:
— …Ацяжэла душа мая ад мноства зладзействаў, здзейсненых ваяводамі ды людам служывым. Апаліўся я на ўсім і ўсіх у дзяржаве сваёй — ад першага да апошняга чалавека. І абвяшчаючы апалу сваю, паведамляю табе, уладыка, што вырашыў я скласці карону ды пакінуць дзяржаву сваю, і пасяліцца там, дзе Бог пакажа…
Назаўтра ў Маскву павезлі і другое пасланне: да купцоў і ўсяго праваслаўнага люду — аб тым, што цар на іх не гневаецца і аніякай крыўды не мае.
Масква нечакана патанула ў неразуменні і няпэўнасці. Усхваляваўся народ, запалашылася баярства. Купцы папрасілі перадаць цару, што гатовыя ахвяраваць сваім набыткам дзеля спакою агульнага…
І пачалі шукаць вінаватых, а над некаторымі — і вяршыць свае самасуды. Ужо не першы месяц настройваў маскоўскіх святароў супраць царскіх друкароў Іван Віскаваты, які з першага знаёмства з дыяканам Іаанам адчуў ад таго пагрозу: чым жа тады ён, кіраўнік царскай летапіснай справы, будзе са сваімі пісцамі займацца? Віскаваты распускаў па Маскве і вакольных манастырах чуткі пра мноства памылак у нядаўнавыдадзеным «Апостале» (нібыта іх было менш у кнігах рукапісных), а саміх друкароў называў чарнарукімі ерэтыкамі.