Сімъ побдиши
Шрифт:
Час помсты быў выбраны, і адвячоркам да друкарні прыйшлі святары з некалькімі дзясяткамі просталюдзінаў. Пятро Мсціславец з Грынем толькі паспелі разабраць формы і ўдвох мылі іх на задворку. Па раўчуку збягала на снег, пакрываючыся лёгкім парам, чорная ад фарбы вада.
— Глядзі, народ праваслаўны: у іхніх кнігах чорт рукі памыў! — тыцнуў на ваду нехта з сухарлявых людзей у святарскай рызе. — Нечысціўцы і справы нячыстыя робяць! Гані вон езуітаў!
Частка натоўпу ўварвалася ў друкарню — і ў кроў збіла агаломшанага Іаана. Той жа сухарлявік схапіў кіпсей і, крыкнуўшы «Вось гэтая чорная д’яблава кроў, якой яны мажуць святыя словы!», стукнуў ім аб варштат. Пасобнікі ўжо варочалі наборныя соты ды скідвалі на падлогу адціснутыя старонкі. А з дзвярэй
— Палі валхвоў-нячысцікаў!
— Смерць лютым ерэтыкам!
І ўвомірг, як загадзя падрыхтаваны, успыхнуў агонь. Натоўп наспех выбіў некалькі вокнаў і высыпаў вонкі. З паперы полымя скочыла на смольныя сцены, засцілаючы панадворак дымам. Пакуль Мсціславец з Грынем выцягвалі беспачуццёвае цела таварыша, агонь дабраўся да столі і пачынаў лізаць дах…
Праз некалькі дзён да Іаана — друкар толькі-толькі стаў на ногі — завітаў Сілуан. З яго зморанага вялікага твару не сходзіла трывога, хоць вочы зіхцелі апантанасцю і таямнічасцю.
— Спачуваю табе, браце, і хвалю Бога людалюбнага, што жыццё табе захаваў, — ён прысеў да ложка і папрасіў гаспадыню — Іаанаву жонку — прынесці яму вады. Калі дзверы прычыніліся, прашаптаў: — Усё, што ты мог тут зрабіць, зроблена. Збірай, што засталося, і з’язджай адсюль. Едзь на Літву — там такія, як ты, патрэбныя. Балазе снег, дарога санная ёсць1, — Сілуан панізіў голас і загаварыў узнёсла. — А з сабой, папрашу ласкава, вывезі вось гэтую кнігу… — ён вынуў з-пад крыса доўгага кажуха пераплецены рудой скурай манускрыпт і, правёўшы даланёй па зіхоткіх камянях інкрустацыі — нібыта развітваючыся, падсунуў яго Іаану пад падушку. — Думаю, да Кіева напачатку давезці трэба… — увайшла гаспадыня з карцом; Сілуан без ахвоты глынуў вады, падзякаваў і дадаў: — Там пры Святой Сафіі яшчэ ад Максіма Грэка павінны застацца вучні-манахі. Можа, яны яшчэ не перасталі называцца янітамі — дык ім і перадаць кнігу належыць. І волю Максімаву пераказаць, каб на Патмас яе даставілі…
— Гэта візантыйскае Евангелле? — здзівіўся Іаан. Здалося, нават успыхнулі вочы пад доўгімі веямі-матылямі, а сінякі на твары праясніліся. — Як раздабыў?!
— Цар, як ведаеш, з’ехаў. Збіраліся спехам. А ягоным халопам грошы не лішнімі прыйшліся…
— Ну малайчына! — Іаану не хапала слоў. — Толькі… А чаму б табе самому з намі не падацца?
— А знойдзецца месца?
— Як табе не сорамна гаварыць такое?!
— Ну то дзякуй, ну й добра, — усміхнуўся супакоены Сілуан, і яго куртаты нос нібыта расцягнуўся. — А то я, ведаеш, усё роўна тут не маю больш дзе жыць. — Падміргнуў і патлумачыў: — Шмат копаў грошай запрасілі за кнігу, дык давялося свой дом прадаць…
У безуладнай Маскве памнажаліся крадзяжы і падпалы, і багацейшыя з баяраў упрасілі мітрапаліта паехаць у Аляксандраўскую слабаду — каб умаліў цара змяніць гнеў на літасць ды вярнуў яго на сваю дзяржаву. А калі спатрэбіцца, — наказвалі, — хай судзіць тых, на каго апаліўся.
Гэта была новая перамога Івана — не над ворагам-чужынцам, а — над сваім народам. Самаўладна ён увёў апрычніну, падзяліўшы краіну на дзве часткі. Там, дзе захоўваўся стары парадак, дзе кіравалі ваяводы, намеснікі, суддзі, кормленшчыкі з вотчыннікамі, над усім Іван паставіў сваіх баяраў. Другой часткай ён надзяліў сябе. У былых гаспадароў-спадчыннікаў адбіраліся землі і людзі, а іх — калі заставаліся вернымі цару — перасялялі на іншыя вотчыны.
Мяняліся лёсы народа і краіны.
Мяняліся і лёсы слоў. Апрычніна паходзіла ад старамаскоўскага «опричь» (акрамя). У мінулыя часы так называлася маёмасць, якая адыходзіла пасля смерці мужоў удовам. На пірах так звалі прысмакі, якімі гаспадар меркаваў пачаставаць выбраных гасцей. Апрычнікамі менаваліся і сяляне, якія пасяліліся на манастырскіх землях.
Пры Іване Жахлівым гэтае і аднакарэнныя словы напоўніліся зусім іншым сэнсам…
Першыя дні пасля вяртання ў сталіцу Іван выглядаў спакойным. Ці не новыя сны былі таму прычынай — спакусныя сны пра таямнічую каралеўну Кацярыну? Цудам
мяняючы абліччы, яна ўсміхалася і нібыта ўзлятала над абшарам. А ён зноў і зноў спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку… і ўжо адчуваў даланёй ейны пярсцёнак і дрыготкія пальцы, як Кацярына раптам ператваралася ў белую лябёдку…Назаўтра Іван забараніў падаваць на сталы смажаных лебядзей і загадаў Віскаватаму асабіста адправіцца да шведскага караля Эрыка XIV з пытаннем аб непадступнай каралеўне.
Яна, Кацярына Ягелонка, пасля вянчання з братам Эрыка Юханам была ўжо герцагіняй фінскай, але анішто — ні сваё жанімства, ні святасць чужых абвенчаных сямейных вузаў, урэшце, ні жаданне самой жанчыны — не маглі астудзіць распалены новымі снамі і мроямі пажадны царскі юр. І ён не шкадаваў Эрыку ні шчодрых падарункаў, ні багатага абяцання: абмяняць Лівонію на Кацярыну…
Некалі кароль Эрык і сам супрацівіўся сувязі свайго брата Юхана з Жыгімонтавай сястрой, бачачы ў тым небяспеку ў выглядзе самастойнай Фінляндыі. Але як цяпер шведскаму манарху выдаць сваю швагерку-нявестку?!
— Асцерагайеся! Юхан з Польшчай плятуць змову! — нашэптваў шведскім дворным Іванаў пасланец Віскаваты. Тыя пераказвалі ўсё ля стальца, і нервы караля Эрыка не вытрымалі: з невялікім войскам ён паланіў Юхана і накіраваў яго ў замак Грыпсгольм.
Перадаць цару гэтую навіну прыехаў сам Віскаваты, а з ім — і шведскі пасол. У лютым 1567 года ў Аляксандраўскай слабадзе была падпісаная саюзная дамова паміж Стакгольмам і Масквой.
— Вы будзеце мець ад мяне і дапамогу ў прымірэнні з Даніяй, а калі спатрэбіцца, і вайсковую падтрымку, — абяцаў павесялелы цар. — Толькі вышліце мне герцагіню Кацярыну. І помніце, — перасцярог ён пасла, — калі з ёй у вас ці па дарозе што-небудзь здарыцца — я парву дамову…
…Але ганарыстая Ягелонка ўсхацела раздзяліць лёс свайго вязня-мужа!
— Я не буду больш анічыёй жонкай, нават калі вы зробіце мяне ўдавой! — цвёрда адказвала яна.
Юхан за «здраду інтарэсам манархіі» быў асуджаны на смерць і з лета 1563 года разам з жонкай знаходзіўся за кратамі. Аднак шведскі кароль Эрык аніяк не насмельваўся даць апошні загад: забіць свайго брата. Герцагіню ж Кацярыну аніяк не скаралі ні пякельныя пагрозы, ні мядовыя абяцанкі. А тут яшчэ імператар Максіміліян у сваім маніфесце асудзіў шведаў як парушальнікаў міру і саюзнікаў варварскай маскоўскай дзяржавы. І апошнія папярэджанні выказаў Жыгімонт, збіраючыся абвесціць вайну за сваю пакрыўджаную родзічку ды яе дзяцей: у вязніцы Кацярына нарадзіла двух дачок і сына, якога назвалі ў гонар караля-дзядзькі Жыгімонтам1…
Іван быў сп’янелы пакараннямі і крывёй, але думкі аб Кацярыне цверазілі яго. Ён пераступаў праз трупы і ахвяры — а ейны вобраз уяўляўся светлым анёлам-выратоўнікам. І ў імя яго ён не пашкадаваў бы і свайго жыцця!
— Гэты каранаваны купечы сын можа спудлаваць, — сказаў пра Эрыка Іван. — Націсніце на яго, і без Кацярыны не вяртайцеся! — і выправіў у Упсалу новых пасланцоў. І яны ўжо нават рыхтаваліся выкрасці-выкупіць чароўную паланянку, як здарылася непрадбачнае: «каранаваны купечы сын» паўстаў перад імі ў памутнёным розуме! Больш за тое: ён загадаў вызваліць Юхана!
Некалькі дзён мяняліся каля каралеўскага ложка лекары, і ўсе яны канстатавалі: кароль звар’яцеў.
Двор ахапіла здранцвенне, а Эрык соўгаўся па калідорах палаца ды — усведамляючы сябе вязнем — маліў брата аб дараванні.
У верасні 1568 года новым шведскім каралём быў абвешчаны Юхан, а яго верная жонка Кацярына Ягелонка надзела на сябе карону паўночнай імперыі…
І сотнямі паляцелі на Маскоўшчыне халопскія, баярскія і князевыя галовы. Цар вярнуўся з Аляксандраўскай слабады — і распачаў на Чырвонай плошчы прылюдныя катаванні. Палілі і грызлі чалавечую плоць жароўні ды клешчы, чакалі ахвяраў катлы з кіпенем ды вісельні. Народ маскоўскі за некалькі дзён насыціўся страшнымі відовішчамі ды хаваўся па сваіх закутках, і царскія гласары мусілі склікаць іх: «Не бойся, люд праваслаўны! Справядлівы цар толькі здраднікаў сваіх карае!».