Сімъ побдиши
Шрифт:
У мэтах навядзення належнага парадку была распушчаная Дума, а некалькі дзясяткаў незгаворлівых дэпутатаў павучылі каванымі ботамі і выкінулі з будынка.
— Аніхто з іх не павінен абрацца ў склад новага парламента… — як ужо аб вырашаным мовіў правіцель падчас начной нарады з сілавікамі. — Акрамя тых, хто пакінулі Думу адразу пасля майго сыходу… Па сталіцы і рэгіёнах — татальны кантроль! Асабліва — недабранадзейных! Задзейнічаць усе сілы і сродкі! І яшчэ… Раніцай разблакуйце мой сакрэтны стабфонд. Трэба тэрмінова выплаціць народу пенсіі і заробкі. Асабіста праверу! Усё.
Каменная ноч паглынала горад. Высокія сцены, якімі кіраўнікі стагоддзямі аддзяляліся ад свайго народа і якія новыя ўлады штораз размалёўвалі ў свой
Нібыта рапартуючы ёй, нясмела міргалі жоўтымі зрэнкамі светлафоры. Завые там-сям сірэна, пратарахорыць, узнімаючы снежны пыл, БТР ці пранясецца зацемнены аўтобус з вайскоўцамі — і зноў ціша, зноў адно мёрзлыя доўгія цені.
Пасля нарады правіцель прайшоў праз пакой адпачынку да асабістага ліфта.
— Іван Уладзіміравіч, можа, што яшчэ загадаеце? — пачуўся за ягонай спіной мяккі голас усюдыіснага Жакея.
Правіцель марудна павярнуўся, бліснуў змораным, але — чаго не было даўно — задаволеным тварам, вусны ўзняліся ў нечаканай усмешцы. Ад былой памаладзеласці — ані знаку: зноў мяшкі пад вачыма, маршчыны на залысінах. Скура пажаўцела, а вочы пад кароткімі веямі — як жоўцю налітыя. Кіўнуў-падазваў пальцам — і, выцягнуўшы шыю, марудна прашаптаў памочніку ў вуха:
— Асабіста, кажу, праверу… Усё…
Затым спакойна ступіў у ліфт і націснуў кнопку «Х», якой у іншых ліфтавых кабінах Адміністрацыі не было. Толькі гэтая шахта магла ўзняць свайго пасажыра наўпрост да верталётнай пляцоўкі ды браніраванай сакрэтнай залы…
Святло ў простакутным люстэркавым пакоі з выхадам да двух калідораў уключылася аўтаматычна — як толькі спыніўся ліфт.
Лічбавы код, прыстаўленая да экраніка зрэнка — і тоўстыя дзверы ссоўваюцца. Ад ног да ўзвышэння па ўсёй вялікай зале па чарзе ўспыхваюць электрычныя паходні. Пакуль правіцель крочыць наперад — у цэнтры на столі загараецца пяцікутная жырандоля — і высвечвае старадаўні белы трон.
Новы гаспадар зачаравана пагладзіў яго выразаныя са слановай косці падлакотнікі, спінку, выяву залачонага візантыйскага арла — але не сеў, а падаўся далей, дзе — нібыта ў заалтар’і — на чорным мармуровым пастаменце ляжала чорная р'aка-труна з парэшткамі цара Івана Жахлівага… Ляжала ўжо шэсць месяцаў — акурат з таго часу, калі гаспадар кабінетаў знізу вырашыў быў пакінуць іх.
Пакінуць — каб вярнуцца. Вярнуцца — як ранішняе сонца, як птушка Фенікс, як і гэтая мумія колішняга цара, некалі эксгумаваная перад рэстаўрацыяй Архангельскага сабора па яшчэ нецаркоўным савецкім загадзе.
Аб той эксгумацыі-рэстаўрацыі яму — яшчэ зялёнаму студэнту — распавядаў у каларытных і чуллівых дэталях прафесар Заяц. І на лекцыях, і на семінарах. Тады ён, камсамолец, успрымаў тое пацешнымі байкамі. Ды і пазней не да спірытычных штучак было, аж пакуль нешта не загарэлася, не перапстрыкнулася ў ягонай галаве…
Правіцель пракасалапіў да пастамента і, адчуваючы ва ўсім целе п’янкую дрыготку, прыліп памутнёнымі зрэнкамі да пустых вачніцаў шэра-попельнага чэрапа…
VIII
Няма горшага пакарання, як бачыць гібель зробленага табой. Бачыць, як за некалькі гадоў прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, на што спаліліся ўсе сілы і нервы.
Яшчэ аб тым не здагадваліся нават хцівыя баяры, не гаворачы аб войску ды служывых, яшчэ дзяржаўнымі клопатамі штодня напаўнялася тронная зала палаца ў Аляксандраўскай слабадзе, па-ранейшаму грозна на каменныя калоны абапіраліся цяжкія столевыя зводы, яшчэ раскоша паўзла па аграмадных дыванах ад нізкіх уваходных дзвярэй (і кожны з'aйшла, якога б роду-племені ні быў, мусіў у іх кланяцца), яшчэ ўладарна ўтрымлівалі белы трон фантасмагарычныя фігуры антычных звяроў, і з левага боку — як у прымальні рымскага Папы, rex’а sokrarum’а, годна ўзвышаўся вобраз Багародзіцы, а злева — вобраз Збаўцы, і яшчэ не астыла храмнае ўражанне, якое надавалі вымаляваныя на сценах біблейскія сюжэты,
яшчэ перапаўняліся адданасцю маладыя целаахоўнікі ў белых аксамітных накідках з вернымі сякерамі на плячах, і па-ранейшаму падчас ягонага з’яўлення ў доўгім далмаціку з ціярай на галаве і дзяржаўным посахам прысутных (ні то ваяроў, ні то манахаў у высокіх белых шапках з залатымі ланцугамі на грудзях) апаноўвала рабскае маўчанне, — а ён, валадар у самай сіле і вопыце, ён ужо прадчуваў, што ўсяму гэтаму надыходзіць канец.І першымі аб тым абвесцілі — як страшныя вершнікі Апакаліпсіса — татарскія гізалы, якія ў адзін дзень захапілі і спалілі Маскву, пакінуўшы некранутым адзін Крэмль. Іван мусіў хавацца ў сваёй слабадзе, пакуль праваслаўная кроў лілася на вуліцах ахопленай агнём сталіцы, а мітрапаліт з духавенствам чакалі смерці, зачыніўшыся ва Успенскім саборы.
Сцены Аляксандраўскай слабады былі замалымі, і цар са сваімі апрычнікамі-баярамі перабраліся ў Ноўгарад, нядаўна люта разрабаваны імі. Там летам 1571 года скамянеламу Івану зачыталі ханскае пасланне: «Я разрабаваў зямлю тваю і спаліў сталіцу. Ты ж не прыйшоў абараняць людзей сваіх. А яшчэ хвалішся, што цар маскоўскі! Знай: я не хачу багаццяў і земляў тваіх. Я, каторы бачыў дарогі дзяржавы тваёй, забяру назад Казань і Астрахань…».
Не пасаладзіла царскай роспачы нават вестка пра смерць ненавіснага Жыгімонта, — толькі наноў распаліла ягоныя думы аб каралеўскай сястрыцы. І загадае Іван прывезці да яго ў Ноўгарад шведскіх паслоў ды зноў загаворыць з імі аб Кацярыне.
Агаломшаныя нашчадкі вікінгаў нагадаюць, што Кацярына цяпер — іхняя каралева, а шведскае войска пад ачолам караля Юхана цісне маскоўскае ў Фінляндыі, аднак Іван будзе рабіць шчыры выгляд, што не чуў аб тым і што, наогул, усё тое вар’яцкія нагаворы. А назаўтра загадае перадаць каралю Юхану наступную эпісталу: «Скажы нам, хто быў твой бацька і як звалі дзеда твайго?! Ці былі яны каралямі? Нам жа брат — рымскі імператар! Твой бацька Густаў чый быў сын? Хіба не бывала ў ягонае кіраванне, што нашыя купцы прыйдуць у ягоную краіну з салам і воскам, а ён надзене рукавіцы і пойдзе да самага Выбарга мацаць тавары ды таргавацца?.. А Кацярыну ў цябе адбіраць я не збіраўся, і быў упэўнены, што муж яе мёртвы, і хацеў вызваліць яе ды перадаць брату Жыгімонту, каб абмяняць на Лівонію…».
Пасля ад’езду шведскіх паслоў цар загадаў прывезці сялянскіх дзевак, якіх распрануў дагала і прымусіў лавіць курэй, гарэзна палохаючы:
— А тую, якая не здолее, будзе лавіць ужо наш мядзведзь!
Затым цар служыў усяночную і, стомлены ды супакоены, адправіўся ў апачывальню, дзе тры сляпыя старцы па чарзе ўсыплялі яго доўгімі казкамі.
Але сон не браў ягоны ўзбуджаны і распалены мозг, і зноў з зацемненага лампаднага вугла на поўным галопе на яго выляталі чырвоныя коні, таўклі капытамі падлогу і халодны ложак, трушчылі ягонае цела і знікалі ў супрацьлеглай сцяне — каб праз хвілю пякельнага круга з’явіцца наноў. На самым вогненным і ліхім скакуне сядзела голая Кацярына і па-заліхвацку наравіла кінуць на Івана ні то аброць, ні то пятлю. Ён і сам мерыўся скочыць да яе на цёплы конскі азадак, але ногі абломваліся, а за ложкам адкрывалася чорная яма…
Лекар прыносіў Івану супакойны адвар, і коні больш не вярталіся, а падлога ў апачывальні выроўнівалася.
— Я цар-ігумен, і мне не належыць жонку мець… — гучна ўгаворваў сябе ў снах Іван. — Я з усёй дзяржавай заручоны…
Кацярына рабілася ягоным сімвалам недасяжнасці і пакуты. Ва ўсіх сваіх жанчынах, пачынаючы ад другой жонкі Марыі, ён бачыў яе — непадатлівую Ягелонку, і шукаў тую ў сваіх каханках, і помсціў за яе, не знайшоўшы, любіў — і ўадначас караў за свае крыўды. Марфу Сабакіну знайшлі мёртвай праз некалькі дзён пасля разгульнага вяселля. Ганну Калтоўскую загадаў адвезці ў манастыр. Марыю Даўгарукую выгнаў з апачывальні пасля першай шлюбнай начы — яе ў санях укінулі ў рэчку. І зажыў з дзвюма — Ганнай Васільчыкавай ды Васілісай Мяленцевай, якіх прывёз аднекуль Малюта Скуратаў і якія люта ўзненавідзелі адна адну, чым, напачатку павесяліўшы гаспадара, прыспешылі свае канчыны…