Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Вільня вітала пераможцаў ды іхняга вайскаводцу Мікалая Радзівіла, які праз тры дні ўехаў у Вострую Браму на белым кані князя Шуйскага, зняў аброць — і кінуў пад ногі гараджанаў.

Масква ж сустрэла горкую вестку аб паразе сваіх палкоў. Цар у той вячэрні час баляваў з набліжанымі баярамі ў трапезнай. Ганца выслухаў спакойна, нават і брывом не павёў — толькі твар збялеў. Выпіў «Петэрсімоны», абышоў укруга стол і наліў з вялікага гляка кожнаму, паламаў хлеб і расклаў на срэбную місу, доўга глядзеў на яе, а потым, дзіўнавата ўсміхнуўшыся, аднатонна загаварыў:

— Аддаюць юды цела маё на закланне. Здрада

скрозь сцены точыцца. А таму, друзі мае нямногія пакліканыя, піце кроў маю, ешце цела маё, — ён паказаў рукой на віно і хлеб. — І хай збудзецца, што наканавана…

Прысутныя маўчалі, а ў грудзях Івана пачынала разгарацца ярасць. Ён памкнуўся прытушыць яе, захадзіў, хітаючы галавой, уздоўж сцяны, але вока выхапіла бляск дзіды ў руках аднаго з вартавых-стражнікаў — і цар з хвілю заварожана гладзіў прахалоднае вастрыё, а потым вырваў дзіду, узняў над сталом і прашаптаў:

— А пакуль нашая кроў на галгофу пацячэ, паглядзім, якога колеру яна ў нашых супастатаў! Усе на паляванне!!!

Вячэрняя сходня ўскочыла і прыспешыла за царом — праз тронную залу, каланадны калідор да ўваходу ў лёхі, у сутарэннях якіх ужо год гнілі дзясяткі літоўскіх вязняў.

— Рэж адступнікаў! — закрычаў цар і ўвагнаў дзіду ў нечае амаль нерухомае цела. Зіркнуў на памагатых, скрывіўся: — Чуеце, які ванючы злыдух з іх выходзіць?!

Пакуль баяры дабівалі палонных, цар праз іржавыя кр'aты глядзеў у напоўненыя лютым жахам вочы чарговай ахвяры. Пакруціў дзіду, пагладзіў і гэхнуў у вязня. Але нечакана той — колішні полацкі разбяр — хітнуўся ўбок і перахапіў дзіду. Нябога настолькі схуднеў, што некалі цесныя вяроўчыны лёгка спаўзлі з ягоных рук — касцей, абцягнутых скурай. Апошняй сілы яшчэ хапіла, каб накіраваць вастрыё ў цара, але неадступны Мацей выскачыў наперад — і дзіда прабіла яму даланю і ўвайшла ў сэрца.

Разбяра пасеклі на кавалкі і крыху супакоіліся.

— А цяпер — наверх! Вып’ем за будучыя перамогі ды аплачам друга нашага! — дрыготка мовіў цар і, пацалаваўшы яшчэ цёплы лоб Мацея, паценяваў да сходаў.

6

Спелым вясновым ранкам яна — як і звычайна — са студэнцкага інтэрната накіравалася да метро. З не па правілах прыпаркаванага каля падземнага перахода чорнага «Ландкрузэра» насустрач ёй выйшаў усмешлівы Жакей:

— Кацярына Аляксандраўна?

— Я… — здзівілася дзяўчына.

— Добрай раніцы. Маю гонар і радасць паведаміць, што Вы абраныя тварам нашай сталіцы і запрошаныя на працу… у Цэнтр прыгажосці пры міністэрстве культуры, — Жакей зноў далікатна ўсміхнуўся і, мякка ўзяўшы Кацярыну пад лакаток, паспрабаваў адвесці да машыны, але ў дзяўчыне ўспыхнула змаганне здзіўлення і збянтэжанасці.

— Пачакайце… — Яна адвяла незнаёмую руку. — Але ж я нікуды не падавала заяў…

Твар Жакея стаў сур’ёзным і адказным:

— На тое яна і дзяржава, каб клапаціцца аб самым дарагім, што ў ёй ёсць…

Але тыя пафасныя словы яшчэ больш устрывожылі Кацярыну.

— І што я мушу рабіць у тым Цэнтры прыгажосці? — з непрыхаваным недаверам, часцей заміргаўшы доўгімі веямі, спытала яна.

— Ну… Чыста прадстаўнічыя функцыі… Мадэльнае агенцтва, тэлебачанне, цырыманіяльныя ўрачыстасці. Скажам, першым асобам краіны падаць каву. Сустрэць каго з хлебам-соллю… — Жакей напусціў на твар гуллівасць. — Ды што мы аб усім на вуліцы гаворым? Запрашаю ў Цэнтр! — Ён кіўнуў на машыну. — Пад’едзем, і самі пабачыце…

Кацярына ўважліва зірнула ў шчырыя вочы Жакея

і гарэзна адказала:

— Ведаеце, Цэнтр Прыгажосцевіч… Прабачце, бо так і не прадставіліся… Не хачу паказацца банальнай, але з незнаёмымі мужчынамі на чужых машынах я не езджу.

— Прабачце, загаварыўся на радасцях… Я Віктар Віктаравіч. Вось мая візітоўка. Там тэлефон і адрас. Чакаем вас у любы зручны час… Толькі неадкладна сёння ці заўтра. Дамовіліся?

Кацярына паціснула плячыма.

— Не забудзьце, калі ласка! Ча-ка-ем. — Жакей даліканта схіліў галаву і, яшчэ раз усміхнуўшыся, пашыбаваў да машыны. Прасачыўшы, як Кацярына схавалася ў падземным пераходзе, моцна прыкусіў тонкую губу і завёў рухавік…

Праз два дні ён першым патэлефанаваў дзяўчыне на сотавік:

— Кацярына Аляксандраўна, вітаю вас! Гэта Віктар Віктаравіч… Што здарылася? Чаму не прыехалі? У вас усё добра?

— Дзякуй, добра…

— І…

— Ну як прасцей сказаць? Не зацікавіла мяне вашая прапанова.

Жакей адставіў слухаўку і пракаўтнуў даўкі камяк, трывожна ўздыхнуў і загаварыў як мага мякчэй:

— Я вас разумею. Падобнае прапаноўваюць не кожны год і не кожнаму… Але падумайце добра! Вось-вось закончыце ўніверсітэт, і што — ехаць на раён па размеркаванні? А тут адразу — сталічная прапіска, жыллё, някепскі заробак. Урэшце — папулярнасць, уплыў, слава… — У голас з кожным вымаўленым словам неашчадна дадавалася мядовага алею. — Паўтараю, праца каля першай асобы краіны. Тысячы тысячаў на вашым месцы не задумваліся б…

— Віктар Віктаравіч, задумалася не толькі я, але і мой жаніх. У чэрвені ў мяне вяселле…

Жакея як ашпарылі. Ён сядзеў у прахалодным кабінеце і адчуваў, як па спіне пабеглі пасмачкі пота.

— Алё, вы мяне чуеце?

— Так-так, — з сілай выціснуў памочнік.

— Скажыце, а пад першай асобай вы… маеце на ўвазе кіраўніка дзяржавы? — было заўважна, што Кацярына таксама расхваляваная.

— Вы правільна зразумелі.

А яшчэ праз некалькі доўгіх секундаў маўчання ў слухаўцы пачуўся дрыготкі дзявочы голас:

— Дык вось… Прабачце, канечне, але гэты чалавек мне вельмі… несімпатычны. І мне цяжка з ім нават у адной краіне знаходзіцца, не тое, каб побач… Бывайце!

…Да вечара ў яго было поўнае дасье на Кацярыну Бялоўскую. Спецслужбы пастараліся, і Жакей не без цікавасці даведваўся, што яе выхоўвала адна маці — школьная настаўніца мовы і літаратуры. Маленства, характарыстыкі, універсітэт… Атэстаты, адзнакі, кола зацікаўленасці… Паэзія, класічная музыка… Затым вочы памочніка пашыраліся, тонкія вусны зліплі, а твар бялеў і ператвараўся ў каменны: паўмесяца таму падала ў загс заяву з… Юхансанам, першым сакратаром амбасады Фінляндыі, вядомым сваімі сімпатыямі да апазіцыйных структур… Па аператыўных звестках, праз ягоныя рукі вядзецца фінансаванне многіх антыдзяржаўных праектаў. Зразумела, усё прыхавана клопатам аб правах чалавека і свабодным грамадстве…

Жакей глытнуў даўно астылай кавы і набраў нумар Бадакіна:

— На месцы?

— Так, а што? — пазяхнуў той.

— Будзь гатоў падскочыць да гаспадара. Тут папад'aлава на нашыя галовы…

Церпяліва, як скрозь дрымоту, правіцель выслухаў даклад памочніка і гнеўна гохнуў кулаком па стале — так што нават цяжкая начная лямпа дрыганула і патухла.

— Я іх навучу! Я ім пакажу і загсы, і правы, і свабоды! — скрыгатнуў моцнымі зубамі і загадаў: — Раніцай са старшынёй дзяржбяспекі — да мяне! З планам аператыўных мерапрыемстваў! Па поўнай праграме!!!

Поделиться с друзьями: