Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сабачае сэрца

Булгакаў Міхаіл

Шрифт:

З Піліпам адбываецца нешта дзіўнае. Калі я расказаў яму пра сваю гіпотэзу і пра надзею развіць Шарыка ў высокую псіхалагічную асобу, ён хмыкнуў і адказаў: «Вы думаеце?» Тон у яго злавесны. Няўжо я памыляюся? Стары нешта прыдумаў. Пакуль я запісваю гісторыю, ён вывучае гісторыю таго чалавека, у якога бралі гіпафіз.

(У сшытку ўклеены аркуш.)

Клім Рыгоравіч Чугункін, 25 год, халасцяк. Беспартыйны, спачуваючы. Судзіўся тры разы і апраўданы: першы раз з-за недахопу ўлік, другі раз паходжанне выратавала,

а трэці раз — умоўна катарга на 15 год. Крадзёж. Прафесія — ігра на балалайцы ў карчме.

Маленькага росту, няўдалы. Печань павялічана (алкаголь). Прычыны смерці — удар нажом у сэрца ў піўнушцы («Стоп-Сігнал» ля Праабражэнскай заставы).

Стары не адрываецца ад гісторыі Клімавай хваробы. Не разумею, у чым справа. Мармытаў нешта наконт таго, што не здагадаўся агледзець у патолагаанатамічным усё цела Чугункіна. Не разумею, у чым справа. Якая розніца, чый гіпафіз?

17 студзеня. Не запісваў некалькі дзён: хварэў на інфлюэнцыю. За гэты час з выгляду склаўся амаль канчаткова:

а) зусім чалавек па будове цела;

б) важыць амаль 3 пуды;

в) маленькі рост;

г) галава маленькая;

д) пачаў курыць;

е) есць чалавечую страву;

ж) адзяецца самастойна;

з) гладка вядзе размову.

Вось дык гіпафіз (клякса).

На гэтым гісторыю хваробы канчаю. Перад намі новы арганізм. Назіраць яго трэба спачатку.

Прылажэнні: стэнаграмы гаворкі, запісы фанографа, фотаздымкі.

Подпіс: асістэнт прафесара П.П.Праабражэнскага.

Доктар Барменталь.

VI

Быў зімовы вечар. Канец студзеня. Час перад абедам і перад прыёмам. Над дзвярыма прыёмнай вісеў белы аркуш паперы, на якім рукой Піліпа Піліпавіча было напісана:

«Семачкі лускаць у кватэры забараняю».

П.Праабражэнскі.

І сінім алоўкам буйнымі, як піражкі, літарамі рукой Барменталя:

«Ігра на музычных інструментах ад 5 гадзін дня да 7 раніцы забараняецца».

Потым Зінінай рукой:

«Калі вернецеся, скажыце Піліпу Піліпавічу: я не ведаю — куды ён пайшоў. Фёдар гаварыў, што са Швондзерам».

Рукою Праабражэнскага:

«Сто гадоў буду чакаць шкляра?»

Рукою Дар'і Пятроўны (друкаванымі):

«Зіна пайшла ў краму, сказала, прывядзе».

У сталоўцы было зусім па-вечароваму з-за лямпы пад шаўковым абажурам. Святло з буфета падала, пераламанае надвое, — люстраныя шыбы заклееныя касым крыжам ад адной фасеткі да другой. Піліп Піліпавіч, схілены над сталом, засяродзіўся над разгорнутым вялізным газетным аркушам. Маланкі праціналі яго твар, скрозь зубы цадзіліся кароткія, як буркаванне, словы. Ён чытаў заметку:

«Няма ніякага сумнення, што гэта незаконнанароджаны (гэтак гаварылі ў гнілым буржуазным грамадстве) сын. Вось як забаўляецца наша псеўданавуковая буржуазія! Сем пакояў кожны ўмее займаць да таго часу, пакуль чысты меч правасуддзя не блісне над ім чырвоным промнем.

Шв…р».

Вельмі настойліва, спрытна і па-заліхвацку ігралі за дзвюма сценамі на балалайцы, і гукі хітрай варыяцыі «Свеціць месяц» перамяшаліся ў галаве

ў Піліпа Піліпавіча са словамі заметкі ў ненавісную кашу. Ён дачытаў да канца, суха плюнуў цераз плячо і машынальна праспяваў скрозь зубы:

— «Св-е-етит месяц… све-е-етит месяц, све-е-етит месяц…» Цьфу, прычапілася праклятая мелодыя!

Ён пазваніў. Зінін твар паказаўся між палотнішчаў парцьеры.

— Скажы яму, што 5 гадзін, каб перастаў, і пакліч яго сюды, калі ласка.

Піліп Піліпавіч сядзеў ля стала ў крэсле. У пальцах левай рукі тырчаў карычневы недакурак цыгары. Ля парцьеры, прысланіўшыся да вушака, закруціў нагу за нагу чалавек маленькага росту і несімпатычны з выгляду. Валасы ў яго на галаве раслі жорсткія, быццам кусты на раскарчаваным полі, а твар пакрываў непаголены пух. Лоб уражваў сваёй маленькай вышынёй. Амаль над самымі чорнымі купінкамі раскідзістых броваў пачыналася густая галаўная шчотка.

Пінжак, парваны пад левай пахай, быў у саломе, паласатыя штаны на правым калене падраныя, а на левым выквацаны ў ліловую фарбу. На шыі ў чалавека быў завязаны пякуча-нябеснага колеру гальштук з фальшывай рубінавай заколкай. Колер гэтага гальштука быў гэтакі кідкі, што час ад часу, калі Піліп Піліпавіч заплюшчваў стомленыя вочы, у цемры на столі альбо на сцяне бачыў палымяны факел у блакітным ззянні. Расплюшчваў іх і зноў слеп, бо ад падлогі пырскалі веерам святла, білі ў вочы лакавыя чаравікі з белымі гетрамі.

«Быццам у галёшах», — з непрыемным адчуваннем падумаў Піліп Піліпавіч, уздыхнуў, засоп і пачаў забаўляцца з патухлай цыгарай. Чалавек ад дзвярэй каламутнымі вачыма пазіраў на прафесара, курыў папяроску і пасыпаў попелам на манішку.

Гадзіннік на сцяне побач з драўляным рабчыкам празваніў пяць разоў. Усярэдзіне ў ім яшчэ нешта стагнала, калі Піліп Піліпавіч пачаў гутарку:

— Я, здаецца, ужо два разы прасіў не спаць на палацях на кухні, — тым болей удзень?

Чалавек кашлянуў асіпла, нібы ўдавіўся костачкай, і адказаў:

— На кухні паветра намнога прыемней.

Голас у яго быў незвычайны, глухаваты і адначасова гучны, нібы з маленькай бочачкі.

Піліп Піліпавіч паківаў галавой і запытаўся:

— Адкуль узялася гэтая брыдота? Я пра гальштук гавару.

Чалавек прасачыў услед за пальцам позіркам, скасавурыў яго цераз адтапыраную губу і з любоўю паглядзеў на гальштук.

— Чаму ж «брыдота»? — загаварыў ён. — Шыкарны гальштук. Дар'я Пятроўна падарыла.

— Дар'я Пятроўна вам брыдоту падарыла, усё роўна як і гэтыя чаравікі. Гэта што за бліскучая дрэнь? Адкуль? Я што прасіў? Купіць прыстойныя чаравікі, а гэта што? Няўжо доктар Барменталь гэта выбраў?

— Я загадаў яму, каб лакавыя. Што я, горшы, чым людзі? Паглядзіце на Кузнецкім — усе ў лакавых.

Піліп Піліпавіч пакруціў галавой і прамовіў важка:

— Спаць на палацях больш не будзеце. Зразумела? Гэта што за нахабства? Вы ж замінаеце! Там жанчыны!

Твар у чалавека пацямнеў і губа адтапырылася.

— Ну і што, што жанчыны. Падумаеш, пані гэтакія. Звычайная прыслуга, а форсу, як у камісарш. Гэта ўсё Зінка-ябеда.

Піліп Піліпавіч паглядзеў строга:

— Не смець зваць Зіну Зінкай! Зразумела?

Поделиться с друзьями: