Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сланы Ганібала

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Тамсама, на Фрыдрыхштрасэ, ёсьць плот зь дзіркаю. Праціснуўшыся празь яе, апынаесься на пустцы, дзе стаіць дом, які, магчыма, спадабаўся б Мірэле, бо над ім учынілі вівісэкцыю: адна сьцяна будынку абрынутая, і вачам адкрываюцца ўсе куродымныя тайніцы ягонага чэрава. Каля дому расьце «дрэва» — стаўбур з бляшаных вадасьцёкавых трубаў і галіны з галінкамі з размаітых скарлючаных трубак і дроту. Краявід пусткі, што ажыўляе ў памяці вясёленькую «постатамную» навэлу Рэя Брэдбэры «Будзе ласкавы дождж», выдатна дапаўняе высозная «кветка» зь бітага шкла ды іржавага жалезьзя. Гэтай расьліне пасуе кампанія зацягнутых у чорную скуру хлопцаў з голенымі галовамі, якая смокча ў засені шкляных пялёсткаў бляшанкавае піва. Мусіць, я ўсё ж ня надта падобны да турка, аднак, мяркуючы па позірках хлапцоў, мне хочуць прапанаваць зусім ня піва.

Ва ўсходнім Бэрліне, здаецца, пакуль няма пісуараў са смарагдавымі

або аквамарынавымі каменьчыкамі, але ёсьць і свае перавагі ў выглядзе хай сабе й рэдкіх, ды ўсё ж дармовых прыбіральняў і яшчэ больш рэдкіх тэлефонаў-аўтаматаў, зь якіх можна затэлефанаваць, не ўстаўляючы туды адмысловае карткі, а проста за пяцьдзясят пфэнігаў. Каб ня гэты рэлікт сацыялізму, на вуліцы адчуваў бы сябе круглым сірацінаю.

На рынку каля Брандэнбурскае брамы набор тавару такі, як і год таму: ордэны, піянэрскія значкі, генэральскія шынялі, флёцкія безбрылёўкі... Новае ў асартымэнце — бадай, толькі «матрошкі» з расейскімі верхаводамі ад Мікалая II да Барыса Ельцына, у якога ўстаўляюцца па чарзе ўсе астатнія. Сэрца кранае цёплая лапка ўсьцехі: побач, як і летась, смуглявыя маладзёны гандлююць прадукцыяй Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу. Праўда, кошты на экспартную прадукцыю майго роднага гораду папаўзьлі долу і партабак з «Пагоняю» ідзе сёлета ўсяго за тры маркі.

Вуліца Unter den Linden (па-наску — проста Пад Ліпамі) у гэтыя дні як ніколі адпавядае сваёй назьве, бо па ёй плыве амаль відочная рака мядовага паху. У завоіне на ганку опэрнага тэатру ўладкаваўся духавы квартэт. З жаласнага плякаціку ангельскамоўная публіка накшталт мяне можа даведацца, што гэта «poor students from St. Peterburg». Медзякі ў футаралах сьведчаць, што эканамічнае становішча бедных студэнтаў з Паўночнай Пальміры бэрлінцы ўспрымаюць прыкладна так, як нейкую прыродную зьяву.

Капіталістычныя каты выйшлі на ганак, каб памахаць мне на разьвітаньне хвастамі, і капітан вішнёвага «BMW» Гэльмут Ноак вось ужо другую гадзіну мужна прабіваецца да вакзалу праз трафікі бэрлінскіх вуліцаў. Месца штурмана, нягледзячы на нядаўні сардэчны прыступ, адважна займае спадарыня Ядзьвіга. Дзень не сказаць каб зусім звычайны — 22 чэрвеня.

З Бэрліна да Польшчы цягнік ідзе ўсяго гадзіну. Па дарозе на Варшаву на сьценах чыгуначных брандмаўэраў усё часьцей сустракаецца імя Валэнсы. За польскага прэзыдэнта можна было б парадавацца, калі б зь ягоным імем не суседзілі застрашлівыя абяцанкі, у якіх ганаровае месца займае шляхетны палітычны тэрмін — «dupa».

Зрэшты, гэта праблемы суседняе дзяржавы. У нашай жа, часткаю якое ёсьць мой вагон «Бэрлін—Менск», за тыдзень таксама адбыліся сякія-такія зьмены. Правадніцы папрыгажэлі, і, напэўна, з гэтае прычыны шклянка гарбаты з цукрам каштуе ўжо не 12, а 35 рублёў. Затое гарбаты — хоць заліся, бо адна правадніца прыпадае ў сярэднім на 1,5 пасажыра. Выглядае, што хутка наогул будзем падарожнічаць парамі.

Карацей, Эўропа робіцца бліжэйшаю.

Чэрвень, 1993

Божая кароўка зь Пятай авэню

Лёнданскi вiтраж

Green хутар

Калi вы падымецеся на борт карабля з жаночым iмем Sally, якi сьцiпла завецца па-ангельску ferry, а па-наску паромам, на якiм можна трапiць у Эўропу з сваiм чатырохколавым сябрам, можна наведаць маркет i мяняльную кантору, парачку бараў i рэстарацыю, а потым затэлефанаваць з аўтамата каханай жанчыне, незалежна ад таго, дзе яна цяпер — у Парыжы цi ў Ганцавiчах, калi вы падымецеся на гэтага камфартабэльнага жалезнага кiта, карыстаючы зь велiкоднае бязьлюднасьцi, нахабна ўладкуецеся ў лёгкай бэзавай смузе салёну адмiрал-клясы й кiнеце разьвiтальны пагляд на марскi фасад порту Ramsgate, якi быццам кагадзе вымылi дажджом з духмяным шампунем, Англiя можа здацца вам утульным зялёным хутарам з авечкамi на спадзiстых пагорках, з расквiтнелымi ў сакавiку вiшнямi, «жабiнымi вочкамi» i магнолiямi, а таксама з тубыльцамi, што — як i належыць сапраўдным хутаранцам — глядзяць на вас трохi звысоку, дзiвячыся, як гэта вы трываеце ў сябе правабаковы рух транспарту, i дагэтуль у сутонлiвай глыбiнi душы праклiнаюць 1971 год, калi iхні фунт стэрлiнгаў, што раней быў роўны 240 penсe або 20 шылiнгам, пачаў, на ўзор гэтых ненармальных эўрапейскiх валютаў, утрымлiваць усяго нейкую няшчасную сотню пэнсаў.

Каб не ўгнявiць яе вялiкасьць каралеву з падданымi, сьпяшаюся зазначыць, што слова «хутар», як i схаваны за iм сьвет, заўсёды мелi для мяне безумоўна станоўчы сэнс. Нават тыя занядбаныя заходнебеларускiя хутары, куды саветы забаранялi праводзiць электрычнасьць, каб сьсялiць старых

зацятых гаспадароў у калгасы, нязьменна выклiкалi ў мяне пачуцьцi, афарбаваныя ў пастэльныя тоны прыхiльнае зайздрасьцi да iх насельнiкаў, бо зь дзяцiнства я падсьвядома адчуваў, што хутары — у розных сваiх iпастасях — далi чалавецтву нязьменна болей за вялiкiя гарады.

«Мой личный оргазм»

Але перш чым вы назапасiце дастаткова ўражаньняў i адвагi на рызыкоўныя мэтафары й параўнаньнi, вам давядзецца перажыць сякiя-такiя сухаземныя ды марскiя прыгоды — спадзяюся, што ня ў духу аднаго з хутаранцаў, Уiльяма Голдынга, аўтара раману «Ўладар мухаў», зь якога ў далёкай шостай клясе пачалося маё знаёмства з ангельскай лiтаратураю.

Асабiста мне давядзецца скiнуць кiляграмаў пяць жывое вагi падчас афармленьня вiзаў; зьявiцца ўначы на менскi вакзал i ўбачыць там бадзягу ў скураных штанах, якi смачна храпе на сваiх бязьмежных валiзах, закрыўшы прышчавы твар папулярнай у нашым народзе газэткаю «Двое» з артыкулам «Мой личный оргазм»; сесьцi ў цягнiк «Масква—Парыж» i праехаць палову Эўропы з чарнявым пасажырам Эдуардам, якi будзе частаваць мяне чульлiвымi аповедамi пра эрэванскага тату й марсэльскую maman уперамешку з сумнеўнымi францускiмi (або армянскiмi) сэнтэнцыямi кшталту: «Жанчыне трэба вельмi многа, але ад аднаго мужчыны, а мужчыну — вельмi мала, але ад вельмi многiх жанчынаў». Рэшту дарогi па роўнядзях i камянiстых узвышшах Брабанту і Фляндрыi я буду бавiць з маскоўскiмi праваднiкамi Вовам i Колем, якiя пачнуць налiваць адзiн аднаму ад Берасьця да поўнае нiрваны, што апануе iхнія загартаваныя iстоты толькi ў прадмесьцях Брусэлю, калi Вова выкулiцца са службовага купэ ў адных сямейных трусах, падобны да каўбоя, якi, прыняўшы нечалавечую колькасьць whisky, выпаўзае з салуну, сядае на каня й скача адразу ва ўсiх кiрунках сьвету, а Коля, зачынiўшы Вову на замок, надзене форму i, палохаючы рэдкiх пасажыраў, пацягнецца па вагоне жабраваць, сьпярша выдаючы сябе за аднарукага, а потым, жахаючы маладых немачак, што селi ў Аахэне, выцягне «адарваную на фронце руку» з расшпiленае шырынкi. Скончыцца тым, што на дапамогу Вову з Колем прыбяжыць iхная каляжанка, якая, мусiць, бывала ў Абхазii або чытала «Сандра з Чэгему» Фазіля Iскандэра, бо гарэлку яна будзе любасна менаваць «нашаю валяр’янкаю».

Ірляндзкі тэрарыст

У бэльгiйскiм порце Астэндэ вы зможаце высьветлiць, што паром у ангельскi Дувар, куды вам без усякага валаводжаньня выпiсалi бiлет у Менску, ужо паўгоду ня ходзiць, i — калi хопiць вашага красамоўства й замежнае мовы — вас усё ж пасадзяць з гэтым бiлетам на карабель у Ramsgate. Крый Божа, калi пры гэтым ваш мужны, абсiвераны эўрапейскiмi вятрамi й трошкi чырвоны ад «валяр’янкi» твар будзе аздоблены рудавата-мядзянаю барадой. Тады — iду ў заклад — бездакорна ветлiвы ангельскi мытнiк з завушнiцаю ў правым вуху адразу возьме вас на сваё чэпкае вока як тэрарыста Iрляндзкае Рэспублiканскае Армii, i вас чакаюць татальныя агледзiны — ад пакамечанай кепуркi да пачочка з зубачысткамi — прычым (калi вы маеце раптам дачыненьне да прыгожага пiсьменства) гэтага сына Альбiёну ані не зьбянтэжыць знойдзеная ў валiзе беларуская кнiжка з вашым фэйсам на вокладцы.

Трэба меркаваць, што ў кровапускальных шэрагах IRA пракiдаюцца й беларусы. Нiякай гiронii тут i не начавала: гiсторыкам добра вядома, што ў аддзелах генэрала Булак-Балаховiча было колькi кiтайцаў, i, калi аднаго зь iх схапiлi чэкiсты, жаўтатвары ваяка на пытаньне пра нацыянальнасьць з годнасьцю адказаў: «Беларуза».

Адзiным суцяшэньнем вам, як i мне, у часе ператрускi зможа паслужыць тое, што побач трасуць чалавека з польскiм пашпартам, падобнага да агента «Масад», якi вырашыў, апрача выкананьня агентурнага заданьня, кантрабандаю правезьцi ў Злучанае Каралеўства паўтузiна цыгарэтных блёкаў ды пару лiтраў w'odki, якую цяпер мусiць уласнаручна вылiваць на пачостку марскiм вожыкам. Пасьля гэтае працэдуры ён будзе знаходзiцца ў такiх раздрыпаных пачуцьцях, што, не паслухаўшыся мяне, уладкуецца ў лёнданскiм цягнiку ў вагоне не другое, як пазначана ў бiлеце, а першае клясы, дзе яго на наступнай станцыi аштрафуе на 10 фунтаў двухмэтровы кантралёр зь летуценнаю ўсьмешкаю й шкiпэрскiм носам.

Магчымасьць зноў пабыць у скуры iрляндзкага тэрарыста вы атрымаеце на сталiчным вакзале «Victoria» — асаблiва калi, як у маiм выпадку, хлапцы з IRA якраз напярэдаднi, зьеўшы ў суседнiм McDonalds’е свае «бiг-макi», акуратна апусьцяць у сьметнiцы паўтузiна бомбаў, якiя неўзабаве пазбавяць прысутных прыкладна такой самай колькасьцi рук, ног i галоваў, а таму пэроны й пачакальнi ў дзень вашага прыезду будуць нашпiгаваныя палiцыяй, што вынайдзе такi кардынальны сродак барацьбы з тэрарызмам, як вываз з вакзалу ў невядомым кiрунку ўсiх сьметнiцаў.

Поделиться с друзьями: