Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сланы Ганібала

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Арына і Караліна

Прытульна й прыемна ісьцi зь дзьвюма маладымi жанчынамi па чыстых i пустых вечаровых вулiцах, дзе зацьвiтаюць сады і распускаецца лiсьце каштанаў, дзе перад фасадамi адпачываюць фантаны і неўпрыкмет пазяхаюць iльвяняты, дзе ў дамоў ёсьць ня толькi нумары, але і iмёны (значыцца, i характары), а — цалкам магчыма — i прывiды.

У гэткiя хвiлiны вас апаноўвае надзея, што так будзе заўсёды: квецень, зялёны туманок нясьмелае лiстоты; моўкнасьць, што не вымагае перакладу; згадкi аб тым, чаго нiколi не адбылося... (Глыток джыну з тонiкам, выпiты ў пабе The Torrington, дзе бармэны ў часы Акулавай маладосьцi ведалi сёе-тое па-беларуску,

тут абсалютна нi пры чым.)

З вашым наблiжэньнем да некаторых камянiцаў самi сабою запальваюцца іхнія нумары, а ўвадначас зь iмi й лiхтары пры брамках. Занадта проста будзе сьпiсаць усё на электронiку: а мо лiхтарнi адгукаюцца на жаночыя душы?

Калi б у беларускiх унiвэрсытэтах былi тэалягiчныя факультэты, студэнцкае арго называла б маiх спадарожнiцаў тэалягiнямi. Каралiна з Арынаю — розныя й жывуць у «Фiнчлейскай Беларусi» ў розных дамах. Жывуць дастаткова доўга, каб адчуць іх ня проста жытлом, але складанымi структурамi зь вiдочнаю й невiдочнаю архiтэктонiкай.

Мураванкi на Holden Road слухаюць, глядзяць, усьмiхаюцца й скрушлiва ўздыхаюць, любяць i ня любяць, закалыхваюць i насылаюць мулкае бяссоньне. Яны могуць прасьцюжвацца й пакутаваць на чыхаўку. Яны памятаюць усiх сваiх колiшнiх, сёньняшнiх, а мо й будучых жыхароў i ўмеюць захоўваць гэтую памяць, ня блытаючы пакояў i лесьвiцаў.

Я думаю, што яны любяць Каралiну з Арынаю, i спадзяюся, што некалi гэтым мураванкам зноў захочацца пабачыць мяне.

Янка Дамінік

Mister Jan Dominik — чалавек заможны. Апрача слугi-гiшпанца Рамона, якога ён называе лейтэнантам, Дамiнiк мае ў розных канцах Лёндану колькi дамоў. Над адным зь iх летась залунаў нязвыклы брытанскаму воку бел-чырвона-белы сьцяг, пад якiм атабарылася беларускае пасольства.

Шкадуючы бюджэт Рэспублiкi Беларусi, сп. Дамiнiк вырашыў не прадаваць гэтага асабняка. Дбаючы пра бюджэт уласнае фiрмы, Mr Dominik вырашыў не дарыць яго, каб не плацiць велiзарнага падатку. Параiўшыся, mister са спадаром вырашылi здаць будынак у арэнду на 100 гадоў за 100 фунтаў. Такiм чынам, гаспадар можа цяпер кожны год выпiваць за кошт Беларусi бляшанку прыстойнага пiва, што мы й пажадалi яму рабiць, прынамсi, да канца тэрмiну арэнды.

Ёсьць, праўда, у гэтай iдылii адзiн нюанс: нашыя паслы ў Злучаным Каралеўстве паводле катэгарычнае ўмовы гаспадара будынку мусяць карыстацца беларускаю мовай. Каб ня мучылi цяжкiя сны пра расейскамоўных паслоў, Янка Дамiнiк пакiнуў сабе ў асабняку цеснаваты офiс i, кажуць, бывае страшэнна задаволены, калi вiзытанты прымаюць яго за пасольскага швайцара.

Па дарозе ў пасольства вам можа сустрэцца лёнданскi бомж, якi, смачна пахропваючы ў пракураныя саламяныя вусы, будзе спачываць на вольным паветры ў ахайным сiнiм спальнiку. Бесхацiнец адкоцiцца ў сьне ад сьцяны на сярэдзiну вулiчнага ходнiка, ды гэта анi не сапсуе краявiду й ня выклiча анiякага пачуцьця шкадаваньня. Гэтым лёнданскi бомж будзе прынцыпова розьнiцца з маiм знаёмым менскiм бомжам Апанасавiчам, што мiнулай зiмою, катастрафiчна губляючы зрок, начаваў разам з сабакам Рэксам у калiдоры перад майстэрняю скульптара А. Шатэрнiка.

Прыблiзна ў той самы час, калi лейтэнант Рамон будзе варыць каву й падлiваць нам даўкага партугальскага вiна, радзiма-мацi нарэшце вызвалiць Апанасавiча ад клопату пра пустыя пляшкi ды за адным разам ад усёй iншай жыцьцёвай мiтусьнi. Вызваленьне прыйдзе ў аблiччы выцягнутага на падворак пачварна вялiкага гiпсавага пагрудзьдзя Надзеi Канстанцiнаўны Крупскай. Iдучы з прыбiральнi, Апанасавiч страцiць раўнавагу i, выцяўшыся галавою аб верную паплечнiцу Iльлiча, ужо не пасьпее прашаптаць ёй словаў падзякi.

Дыякан

Зьміцер

З дыяканам Зьмiтром апошнi раз мы бачылiся два гады таму на Сёмуху ў Полацку, дзе, колькi я сябе памятаю, у гэты сьвяты дзень абавязкова ідзе дождж. Дыякан быў не ў гуморы — адкуль узяцца таму гумору, калi полацкiя вунiяты тады малiлiся ня ў храме, а ў якiмсьцi «чырвоным кутку».

Мы палуднуем у кiтайскiм рэстаранчыку, куды наса вернуць сабе старыя храмы й пабудуюць новыя. Нягледзячы на густую смаляную бараду, галоўны адцiнак ягонага зямнога жыцьця прыпадзе на наступнае стагодзьдзе, у якiм я таксама разьлiчваю на нейкi кавалак, ва ўсякiм разе сьцiпла спадзяюся дацягнуць да 2029 году, каб наладзiць у Полацку сьвяткаваньне 1000-годзьдзя Ўсяслава Чарадзея i ўзяць з гэтае нагоды келiх добрага старога крупнiку, якi так ганаравалi рознапляменныя айцы-езуiты ў тыя часы, калi Полацак пасьля breve папы Клiмэнта XIV пра забарону Таварыства Iсуса стаўся iхняй сусьветнаю сталiцай.

Вяртаючыся на мэтро дадому, я разглядваю рэклямныя шчыты й плякаты ды разважаю ў тым духу, што ў брытанскай сталiцы духоўныя асобы павiнны пачувацца больш утульна, чым, напрыклад, у нямецкай. Прынамсi, тут я нiдзе ня бачыў рэклямы ложка на ўсе нагоды — нават з камфартабэльнай шуфлядаю для каханка на выпадак зьнячэўнага зьяўленьня мужа, ня кажучы ўжо пра шыкоўныя здымкi капуляцыяў на парашутах цi ў каралавых гротах Палiнэзii, сярод уважлiвых маўклiвых сьведкаў у вобразах бяскрыўдных электрычных скатаў.

Няхай жыве здаровае ангельскае пурытанства!

Вэспасіян і Восіп Цадкін

Сустрэча з Вэспасiянам прызначаная ў адпаведнай залi Брытанскага музэю. Поруч з iмпэратарам, чыё iмя зрабiла неўмiручым генiяльная iдэя абкласьцi падаткам грамадзкiя прыбiральнi, важаць носам табаку ягоныя калегi Каракала й Сэптымi Сэвэр. У Вэспасiяна важыць табаку няма чым — мармуровы орган нюху застаўся недзе на берагах Тыбру, хоць гэтага, прызнаем, больш заслугоўваў той самы орган ягонага сына, якi, пачуўшы, адкуль бацька бярэ грошы, няўдзячна круцiў носам перад антычнаю публiкай, у чые шэрагi ўплiшчылася пара пiсакаў, што лiхаманкава занатавалi сямейную сцэну дзеля нашчадкаў.

Этрускiя аздабленьнi й фрэскi прыводзяць на памяць рыфмы першакурсьнiка Вiнцэся Мудрова: дакоры — нарыхтканторы, этрускi — беларускi.

Калiсьцi ля гэтых фрывольных сонечна-блакiтных фрэсак прыстойваў, успамiнаючы яшчэ не закаламучаную вялiкай хiмiяй агульную раку нашых дзяцiнстваў, п’яны ад голаду Восiп Цадкiн. Наступны ягоны прыпынак будзе пры вушатых стодах з выспы Вялiкадня, каля якiх Цадкiн, адолеўшы прыступ галавакручэньня, наважыцца купiць заместа тварожнага пудынгу яшчэ адзiн разец, што потым будзе разам з усiмi астатнiмi прывезенымi зь Лёндану разцамi зламаны аб прыцягнуты ледавiком пад Вiцебск гранiтны валун, які пазначыць пачатак Восіпавага шляху да ўсясьветнае славы.

А калi напрыканцы Клiё завабiць вас да палiцы з iнкунабуламi, у вас зьявiцца шанец пакiнуць Брытанскi музэй з стрэмкаю ў сэрцы, бо вы прыгадаеце, што яшчэ да пачатку XV стагодзьдзя друкарнi, якiя тады ўжо існавалi ў 250 эўрапейскiх гарадах, ня надта напружваючыся, выдалi болей за 40 тысяч кнiгаў накладам 12 мiльёнаў асобнiкаў. У сьвятле гэткiх лiчбаў прыярытэт Скарыны перад Фёдаравым, шчыра кажучы, будзе слабой суцехаю. Нацыянальнае самалюбства здолее трохi акрыяць адно тады, калі вы даведаецеся, што першым друкаром у лёнданскiм city быў іншаземец John Lettou, або папросту Ян Лiцьвiн ваш суайчыньнік, які распачаў тут сваю справу ажно ў 1480 годзе, — гэта пацьвердзiць першы-лепшы ангельскi гiсторык.

Поделиться с друзьями: