Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Узгадаю адно такое з яго апошніх выказванняў, зрэшты, нават не тое, каб выказванне, бо гэта быў толькі кінуты ім лёткі позірк. У актавай зале ўніверсітэта меўся выступіць з дакладам адзін вядомы філосаф і гісторык культуры, чалавек з еўрапейскім імем, і мне ўдалося ўгаварыць Стэпавага ваўка, які спачатку энергічна аднекваўся, паслухаць той даклад. Мы пайшлі разам і ў зале сядзелі побач. Падняўшыся на кафедру і пачаўшы лекцыю, прафесар сваім франтаватым і мітуслівым выглядам расчараваў многіх слухачоў, якія спадзяваліся ўбачыць тут мала ці не прарока. Калі ён дзеля разгону сказаў некалькі ласкавых слоў у адрас слухачоў і падзякаваў аўдыторыі за аншлаг, Стэпавы воўк кінуў на мяне кароткі позірк, чым выказаў свой скепсіс што да гэтых слоў і наогул да прамоўцы з ягонай прамовай, - о, гэта быў незабыўны і жахлівы зірк, пра сэнс якога можна напісаць цэлую кнігу! Што гэтым ён не толькі крытыкаваў канкрэтнага прамоўцу, знішчаючы славутага чалавека сваёй забойчай, хай сабе і мяккай іроніяй, - і не гаварыцьмем, гэта дробязь. Сваёй яснасцю ён прасвечваў не толькі асобу мітуслівага прамоўцы, не толькі паўсталы момант сітуацыі, спадзяванні і настрой публікі, крыху прэтэнцыёзны загаловак абвешчанай лекцыі - не ж, позірк Стэпавага ваўка пранізваў

увесь наш час, усю мітусню, увесь кар'ерызм, усю марнасць, усю напыжанасць павярхоўнай, надуманай духоўнасці - ай, што тут казаць, ягоны позірк сягаў глыбей, быў скіраваны нашмат далей, чым толькі на пахібы нашага часу, нашай духоўнасці, нашай культуры. Ён цаляў у сэрца ўсяго чалавецтва, за ўсяго адну-адненькую секунду ён ярка высветліў сумненні мысляра, можа нават мудраца, у годнасці, у сэнсе чалавечага жыцця наогул. Гэты позірк казаў: «Вось якія мы блазны кірмашовыя! Вось які ён, той ваш чалавек!» - і любая славутасць, любы розум, любыя дасягненні духу, любыя чалавечыя прэтэнзіі на веліч і даўгавечнасць ішлі ў пропадзь і аказваліся блазнотай!

Але ж гэта я забег далёка наперад і, шчыра кажучы, насуперак сваім намерам і волі, ужо сказаў самае істотнае пра Галера, хоць спачатку збіраўся накідаць ягоны партрэт толькі збольшага, а потым ужо няспешна і паслядоўна распавесці пра маё з ім знаёмства.

Але раз ужо я выперадзіў самога сябе, дык, бадай што, будзе залішне далей высільвацца наконт загадкавай «нетутэйшасці» Галера і падрабязна расказваць, як я паступова адчуў і спазнаў прычыны і сэнс гэтай страшэннай нетутэйшай адзіноты. Так будзе лепш, бо сваю ўласную пярсону мне хацелася б па магчымасці засланіць у цень. Не хачу ні спавядацца, ні расказваць розныя прыгоды, ні акідацца ў псіхалогію, хачу толькі як відавочца дадаць сякія-такія штрыхі да партрэта гэтага дзіўнага чалавека, ад якога засталіся нататкі пра Стэпавага ваўка.

Ужо з першага позірку, калі ён увайшоў праз цётчыныя шкляныя дзверы, па-птушынаму адкінуў галаву і пахваліў прыемны пах нашага дома, я змеціў у незнаёмым нешта адмысловае, і першая мая наіўная рэакцыя была - агіда. Я адчуў (і мая цётка, адрозна ад мяне чалавек не разумовы, адчула прыкладна тое ж самае) - я ж адчуў, што ён хворы, ці тое душэўна, ці тое нейкай хваробай характару, і ўласцівы здаровым людзям інстынкт прымусіў мяне абараняцца. З часам гэтыя абарончыя адносіны змяніліся на сімпатыю з маёй глыбокай павагі да таго, хто так доўга пакутаваў і чые асамотненасць і ўнутранае паміранне адбываліся ў мяне на вачах. У гэты час я ўсё больш і больш усведамляў, што хвароба гэтага пакутніка грунтуецца не на нейкіх заганах ягонай натуры, а, наадварот, на вялікім багацці яго сілы і задаткаў, якія не спавіліся ў гармоніі. Я зразумеў, што Галер - геній пакуты, што ён у духу некаторых выказванняў Ніцшэ выпрацаваў у сабе геніяльную, неабмежаваную, вусцішна страшную здольнасць да пакутніцтва. Разам з тым я зразумеў, што глеба ягонага песімізму не пагарда да свету, а пагарда да сябе самога, бо пры ўсёй знішчальнасці ягоных меркаванняў пра заведзеныя парадкі альбо пра людзей ён ніколі не меў сябе за выключэнне, свае стрэлы ён пускаў найперш у самога сябе, ён ненавідзеў і адмаўляў сябе ў першую чаргу.

Тут я павінен, аднак, уставіць адну чыста псіхалагічную зацемку. Хоць я і вельмі мала чаго ведаю пра жыццё Стэпавага ваўка, у мяне ёсць прычыны лічыць, што шчыралюбныя, але строгія і вельмі пабожныя бацькі і настаўнікі выхоўвалі яго ў тым духу, які ў аснове сваёй мае тэзіс «зацісканне волі». Дык вось, знішчыць асобу, заціснуць і задушыць волю ў гэтым выпадку яўна не ўдалося, вучань быў занадта моцны і наравісты, надта ганарысты і разумны. Замест каб знішчыць яго асобу, удалося толькі навучыць яго ненавідзець самога сябе. І супроць сябе самога, супроць гэтага нявіннага і высакароднага аб'екта ён праз цэлае сваё жыццё скіроўваў усю геніяльнасць сваёй фантазіі і сілу свайго розуму. Бо ў тым якраз, нягледзячы ні на што, ён быў праўдзівы хрысціянін і праўдзівы пакутнік, што ўсякую рэзкасць, усякую крытыку, усякую з'едлівасць, усякую нянавісць, на якую толькі быў здольны, ён найперш накідваў на самога сябе. Што да ўсіх астатніх людзей, дык ён упарта рабіў самыя гераічныя і самыя сур'ёзныя спробы любіць іх, ставіцца да іх справядліва, не ўчыняць ім болю, бо то ж «палюбі блізкага свайго» ўелася ў яго так глыбока, як і нянавісць да самога сябе - дакладна тое самае і прыводзіць да такой самай ізаляцыі і да такой самай роспачы, як і зацяты эгаізм.

Але ж настаў мне час адкінуць свае здогадзі і перайсці да фактаў. Дык вось першае, што я ўведаў пра Гары Галера, - хай тое сваім шпіянажам, хай тое з ацэнак цёткі, - датычылася ладу ягонага жыцця. Што ён чалавек разумова-кніжны і не мае ніякага практычнага занятку, высветлілася хутка. Ён заўсёды залежваўся ў ложку, часта ўставаў амаль аполудні і рабіў некалькі крокаў, якія аддзялялі яго спальню ад гасцёўні. Гэтая гасцёўня, вялікая і ўтульная мансарда на два акны ўжо праз некалькі дзён набыла іншы выгляд, чым пры ранейшых жыльцах. Яна напоўнілася - а паступова напаўнялася больш і больш. Вешаліся карціны, прыколваліся на сцяну малюнкі, часам выразаныя з часопісаў, часта замяняліся. Паўднёвы пейзаж, фотаздымкі нямецкага правінцыйнага горада, мабыць, радзімы Галера, віселі тут уперамешку з яркімі акварэлямі, пра якія мы пазнейшым часам даведаліся, што яны напісаныя ім самім. Пасля фотаздымак прыгожай маладой жанчыны альбо дзяўчыны. Адзін час на сцяне вісеў сіямскі Буда, пасля заменены рэпрадукцыяй «Ночы» Мікельанджэла, а потым партрэтам Махатмы Гандзі. Кнігі запаўнялі не толькі вялікую кніжную шафу, але і ляжалі ўсюды на сталах, на прыгожым старым сакратэры, на канапе, на крэслах, на падлозе, кнігі з папяровымі закладкамі, якія таксама пастаянна замяняліся. Кніг усё большала і большала, бо ён не толькі прыносіў з бібліятэкі цэлыя стосы, але і даволі часта атрымліваў бандэролі па пошце. Чалавек, які жыў у гэтым пакоі, мог быць навукоўцам. Такому ўражанню адпавядалі і цыгарны дым, які тут усё завалакаў, і параскіданыя недапалкі цыгарэтаў, і попельніцы. Але даволі вялікая частка кніг была не навуковага зместу, у большасці былі творы пісьменнікаў усіх эпохаў і народаў. Адзін час на канапе, на якой ён часта вылежваўся цэлымі днямі, валяліся ўсе шэсць тоўстых тамоў твора пад назвай «Падарожжа Сафіі з Мэмеля ў Саксонію» - канца васемнаццатага стагоддзя. Вельмі зачытана

выглядалі поўныя зборы твораў Гётэ, Жана Поля, а таксама Наваліса, Лесінга, Якобі і Ліхтэнбэрга. З некалькіх тамоў Дастаеўскага густа тырчалі запісаныя лісткі. На вялікім стале, сярод кніг і рукапісаў, часта гасцяваў букет кветак, там жа быў і эцюднік з акварэльнымі фарбамі, зрэшты, заўсёды запылены, побач з ім - попельніцы ды, каб ужо і гэтага не абмінуць, розныя бутэлькі з напоямі. У аплеценай саломай бутэльцы было звычайнае чырвонае віно, якое ён браў непадалёк у лаўцы, часам паяўлялася бутэлька бургундскага альбо малагі, а тоўстая бутля з вішнёўкай, як я сам бачыў, за кароткі час амаль спаражнілася, а потым знікла ў нейкім куце і пылілася там без далейшага ўбывання рэшты. Не буду апраўдваць свайго шпіёнства і шчыра прызнаюся, што першым часам ўсе гэтыя прыкметы хоць і напоўненага духоўнымі інтарэсамі, але ўсё ж даволі-такі расхлябанага і разбоўтанага жыцця наводзілі мяне на агіду і падазронасць. Я не толькі чалавек бюргерскай размеранасці ў быце, я да таго ж не п'ю і не куру, і гэтыя бутэлькі ў пакоі Галера не падабаліся мне яшчэ больш, чым астатні маляўнічы кавардак. Гэтак сама, як у сне і працы, незнаёмы не трымаўся абсалютна ніякага рэжыму ў ежы і піцці. У некаторыя дні ён наогул не выходзіў з дому і не сілкаваўся нічым, акрамя ранішняй кавы, часта адзінай рэштай ягонай вячэры, якую знаходзіла цётка, тут жа валяліся лупіны ад банана, затое ў іншыя дні ён трактаваўся ў рэстаранах, часам у добрых, раскошных, часам у якой-небудзь забягалаўцы на ўскраіне горада. Моцным здароўем ён, відаць, пахваліцца не мог; апрача скаванасці ў нагах, якімі ён часам з вялікай цяжкасцю адольваў лесвіцы, яго мучылі, відаць, і іншыя немачы, і, як аднаго разу мімаходзь кінуў, - ужо каторы год ён не ведае ні нармальнага стрававання, ні нармальнага сну. Я прыпісаў гэта перш за ўсё таму, што ён выпіваў. Пазней, калі я заходзіў з ім у адну з ягоных рэстарацый, мне прыпадала назіраць, як ён борздзенька прапускаў чарчыну-другую, але па-сапраўднаму п'яным ні я, ні яшчэ хто-колечы яго ні разу не бачыў.

Ніколі не забуду нашай першай, можна сказаць, асабістай сустрэчы. Мы былі знаёмыя толькі збольшага, як бываюць знаёмыя суседзі, якія жывуць у адным доме. Аднойчы ўвечары, вяртаючыся з канторы, я на сваё вялікае здзіўленне застаў гера Галера на лесвічнай пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі. Ён сядзеў на верхняй прыступцы і пасунуўся ўбок, прапускаючы мяне. Я спытаўся, ці не пачуваецца ён блага, і ці не правесці яго да самага верху.

Галер паглядзеў на мяне, і я зразумеў, што вывеў яго з нейкага дрымотнага стану. Ён павольна ўсміхнуўся сваёй прыгожай і журботнай усмешкай, якою так часта мала што не кроіў мне сэрца, а потым запрасіў прысесці побач. Я падзякаваў і сказаў, што не прывык сядзець на лесвіцах каля чужых кватэраў.

– Ах, ну так, - сказаў ён і ўсміхнуўся яшчэ раз.
– Ваша праўда. Але хвіліначку, я пакажу вам, чаму я тут прысеў.

І ён паказаў на пляцоўку перад кватэрай другога паверха, дзе жыла адна ўдава. На малюсенькай лапінцы паркету паміж лесвіцай, акном і зашклёнымі дзвярыма стаяла каля сцяны высокая шафа з чырвонага дрэва са старадаўнімі алавянымі прыбамбасамі, а на падлозе перад шафай у вялікіх вазонах на дзвюх нізкіх падстаўках стаялі дзве расліны, азалія і араўкарыя. Расліны былі вельмі прыгожыя і даглядаліся бездакорна, што я з прыемнасцю зазначыў сабе.

– А ведаеце, - працягваў Галер, - гэтая пляцовачка з араўкарыяй, тут такі дзівосны пах, што я проста не маю сілы прайсці міма, не затрымаўшыся хоць на хвілінку. У вашай цётачкі таксама суцэльны водар, парадак і чысціня, але вось гэтая пляцоўка з араўкарыяй - яна такая сляпуча чыстая, такая выцертая, навошчаная і вымытая, такая недатыкальна ахайная, аж проста страх бярэ - так ззяе. Мне заўсёды хочацца тут надыхацца - чуеце, як тут пахне? Як гэты пах воску, якім нацёртая падлога, і слабы прысмак тэрпэнтыны разам з чырвоным дрэвам, прамытымі лістамі раслін і ўсім астатнім ствараюць водарнасць, яўляюць воку найвышэйшую ступень мяшчанскай чысціні, стараннасці і дакладнасці, выканання абавязку і вернасці ў малым. Не ведаю, хто тут жыве, але за гэтымі шклянымі дзвярыма павінен быць рай чысціні і выпыленай мяшчанскасці, рай парадку і баязліва-кранальнай адданасці маленькім прызвычайкам і вялікім мусовасцям.

Як што я перамоўчаў, ён сказаў далей:

– Калі ласка, не думайце, што я іранізую! Дарагі мой, менш за ўсё я хацеў бы выскаляцца з гэтага мяшчанскага парадку. Можа, я сам жыву ў іншым свеце, не ў гэтым, і, бадай што, не вытрымаў бы і дня ў кватэры з такімі араўкарыямі. Але хоць я і стары, крыху ўжо аблезлы і апоўзлы стэпавы воўк, я ўсё-такі таксама сын сваёй маці, а мая маці таксама была мяшчанка, яна разводзіла кветкі, даглядала пакой і лесвіцу, мэблю і гардзіны і рупілася за кватэру і сваё жыццё, каб было як мага больш ахайнасці, чысціні і прыстойнасці. Пра гэта мне нагадвае пах тэрпэнтыны, нагадвае араўкарыя, і вось я часам сяджу тут, гляджу на гэты ціхі садок парадку і радуюся, што такое на свеце бывае.

Ён хацеў падняцца, але гэта давалася цяжка, і ён не запярэчыў, калі я крыху дапамог яму. Я ўсё яшчэ маўчаў, але ўжо паддаўся, як тое ўжо было з маёй цётачкай, нейкаму зачараванню, якое зыходзіла з гэтага чалавека. Мы павольна падняліся разам па лесвіцы, і перад сваімі дзвярыма, ужо трымаючы ў руцэ ключ, ён зноў проста і вельмі прыветліва паглядзеў мне ў твар і сказаў:

– Вы прыйшлі са сваёй канторы? Ну так, у гэтым я нічога не цямлю, я жыву, ведаеце, крыху наўзбоч, крыху зводдаль. Але, мабыць, вы таксама цікавіцеся кнігамі і да таго падобным, ваша цётачка сказала мне неяк, што вы закончылі гімназію і былі моцныя ў грэцкай. Сёння раніцай я знайшоў адну фразу ў Наваліса, можна, я пакажу вам яе? Вам гэта таксама будзе прыемна.

Ён завёў мяне ў свой пакой, дзе моцна пахла тытунём, дастаў з гурбы нейкую кнігу, пагартаў, пашукаў...

– І гэта таксама добра, вельмі нават добра, - сказаў, - вось паслухайце: «Трэба ганарыцца болем, усякі боль - гэта напамін пра наша высокае прызначэнне». Файна! За восемдзесят гадоў да Ніцшэ! Але гэта не тое выслоўе, якое я меў на ўвазе, - пачакайце - вось, знайшоў. Вось яно: «Большасць людзей не хоча плаваць да таго, як навучацца плаваць». Ці ж не дасціпна? Вядома, яны не хочуць плаваць! Яны ж бо створаны для сушы, а не для вады. І вядома ж, не хочуць думаць; бо яны народжаны, каб жыць, а не каб думаць! Ну, а хто думае, што бачыць у гэтым сваю галоўную місію, той можа ў гэтым пайсці вельмі далёка, але ён усё адно блытае сушу з вадою, і рана ці позна ўтопіцца.

Поделиться с друзьями: