Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Калі ўсякая сіла можа, а часам і павінна абярнуцца слабасцю, дык тыповы самагубца, наадварот, можа ператварыць сваю ўяўную слабасць у апору і сілу, і робіць гэта даволі часта. Прыклад - Гары, Стэпавы воўк. Як і тысячам падобных да яго, думка, што чалавек самахоць можа памерці ў любую хвіліну, была для яго не проста сумнай гульнёй фантазіі, не, у гэтай думцы ён знаходзіў апору і суцяшэнне. Так, як ува ўсіх людзей ягонага тыпу, кожнае ўзрушэнне, кожны боль, кожная кепская жыццёвая сітуацыя адразу ж абуджалі ў ім жаданне адцурацца ад іх з дапамогай смерці. Але паступова ён вывеў з гэтай сваёй схільнасці цэлую філасофію, проста карысную для жыцця. Інтымнае знаёмства з думкай, што запасны выхад заўсёды адчынены, давала яму сілу, надзяляла яго цікаўнасцю да болю і нягодаў, і, калі ўжо яго шчаміла досыць туга, ён часам думаў з жорсткай радасцю, неяк злосна нават: «Цікава падзівіцца, што здольны чалавек ператрываць! Бо калі цярпенне дойдзе да крэсу, мне варта толькі адчыніць дзверы, і - дагані мяне!» Ёсць вельмі шмат самагубцаў, якім гэтая думка дадае неймавернай сілы.

З другога боку, усім самагубцам знаёмая барацьба са спакусай пакончыць самагубствам. Нейкім краёчкам душы кожны ведае, што самагубства хоць і выйсце, але ўсё-такі крыху жалю вартае і незаконнае

выйсце, што, у сутнасці, прыгажэй і высакародней быць забітым самім жыццём, чым сваёй рукой. Гэта веданне, гэты закалот сумлення, якое мае тую ж самую крыніцу, што і нячыстае сумленне ананістаў, штурхае большасць самагубцаў нястомна заядацца ў барацьбе з ліхой спакусай. Яны змагаюцца, як змагаецца клептаман са сваёй пахібай. Стэпаваму ваўку таксама была знаёмая такая барацьба, ён вёў яе, шматкроць мяняючы зброю. Нарэшце, дажыўшы да сарака сямі, ён надыбаў на адну шчаслівую не без гумару подумку, якая часта ўводзіла яго ў радасць. Ён рашыў, што яго пяцідзесяты дзень народзінаў будзе тым днём, калі ён дасца сабе нарэшце пакончыць з самім сабою.

У гэты дзень, так ён пастанавіў сабе, яму будзе можна скарыстацца альбо не скарыстацца запасным выхадам, у залежнасці ад настрою. І хай з ім здарыцца што заўгодна, хай ён захварэе, згалечыцца, хай на яго зваляцца пакуты і гора - усё абмежавана тэрмінам, усё можа доўжыцца максімум гэтыя некалькі гадоў, месяцаў, дзён, а іх лік з кожным днём меншаў! І праўда, цяпер ён лягчэй пераносіў усякія непамыслоты, якія раней мучылі б яго мацней і даўжэй, а то б жа і падсеклі пад корань. Калі яму чамусьці прыпірала асабліва блага, калі да пустаты, адзіноты і здзічэласці ягонага жыцця дадаваліся яшчэ якія-колечы асаблівыя немачы альбо страты, ён мог сказаць гэтым немачам: «Пачакайце, яшчэ два гады і - дазнаеце зводу!» І потым замілавана ўяўляў сабе, як раніцай, у дзень пяцідзесяцігоддзя, прыйдуць лісты і віншаванні, а ён, упэўнены ў сваёй брытве, развітаецца з усімі сваімі нягодамі і бразне за сабою дзвярмі. Ляснуцца ж тады і ламота ў касцях, і нудота, і боль у галаве і рэзанка ў чэраве!

Застаецца яшчэ растлумачыць феномен Стэпавага ваўка ў плане яго своеасаблівых адносінаў да мяшчанства і звесці абедзве з'явы да іх асноўных законаў. За зыходны пункт возьмем, як што яно само на язык просіцца, яго ўспрыманне «мяшчанскай» сферы!

Як ён сам сабе ўяўляў, Стэпавы воўк быў па-за мяшчанскім светам, бо не вёў сямейнага жыцця і не ведаў сацыяльнага гонару. Ён адчуваў сябе то адзінокім, дзіўным самотнікам, хворым пустэльнікам, то няма ладу якой асобай з задаткамі генія, пастаўленага па-над нормамі звычайнага жыцця. Ён свядома пагарджаў мешчанінам і ганарыўся, што сам не такі. І ўсё ж у пэўным сэнсе ён жыў па-мяшчанску: меў рахунак у банку і дапамагаў бедным родзічам, апранаўся хай і нядбала, але прыстойна і някідка, стараўся ладзіць з паліцыяй, падатковай управай і іншымі ўладамі. Апрача таго нейкая моцная, тайная пацяга ўвесь час надзіла яго да мяшчанскага свету, да ціхіх, прыстойных сямейных дамоў з іх дагледжанымі садкамі, чысценькімі лесвіцамі, з усёй іх сціплай атмасферай парадку і добрапрыстойнасці. Яму падабалася мець свае маленькія заганы і вычуды, адчуваць сябе староннім у мяшчанскім асяроддзі, нейкім адшчапенцам альбо геніем, але ён ніколі не жыў і не сяліўся ў тых, так бы мовіць, правінцыях, дзе мяшчанства больш няма. Ён не адчуваў сябе вольна ні сярод людзей выключных, што карыстаюцца сілай, ні сярод злачынцаў альбо бяспраўных і не пакідаў правінцыі мяшчанаў, з нормамі і духам якое заўсёды быў звязаны, нават калі сувязь тая вылівалася ў супраціўленне і бунт. Апрача таго, ён вырас у атмасферы дробнабуржуазнага выхавання і вынес адтуль мноства ўяўленняў і шаблонаў. Тэарэтычна ён нічога не меў супроць прастытуцыі, але асабіста быў няздольны прыняць прастытутку на сур'ёзе і шчыра паставіцца да яе як да роўні. Палітычнага злачынцу, бунтаўніка альбо духоўнага спакусніка ён мог палюбіць як брата, але для якога-колечы зладзюгана, рабаўніка, забойцы, садыста ў яго не знайшлося б нічога, акрамя мяшчанскай мілажальнасці і шкадобы.

Такім парадкам, адной палавінай сваёй істоты ён заўсёды прызнаваў і пацвярджаў тое, што другой палавінай аспрэчваў і адмаўляў. Ён гадаваўся ў дагледжаным мяшчанскім доме, у строгім перайманні ўсталяваных формаў і звычаяў і часткай душы назаўсёды заставаўся прывязаны да завядзёнак гэтага свету, хоць даўно ўжо адасобіўся ў такой меры, якая ў мяшчанстве недапушчальная, і даўно вызваліўся ад сутнасці мяшчанскага ідэалу і мяшчанскай веры.

«Мяшчанства» ж, заўсёды сутны стан людзей, ёсць не што там якое, як спроба знайсці раўнавагу, як імкненне да нейтральнай сярэдзіны паміж безлічнымі крайнасцямі і полюсамі чалавечых паводзінаў. Калі ўзяць за прыклад якія-небудзь з гэтых полюсаў, скажам, процілегласць паміж святым і распуснікам, дык нашае прыпадабненне адразу станецца зразумелым. У чалавека ёсць магчымасць цалкам аддацца духоўнаму жыццю, наблізіцца да боскага пачатку, да ідэалу святога. Ёсць у яго, наадварот, і магчымасць цалкам аддацца сваім інстынктам, сваім пачуццёвым пожадзям і накіраваць усе свае высілкі на атрыманне імгненнай радасці. Адна дарога вядзе да святога, да пакутніка духу і самаадрачэння ў імя Бога. Другая дарога вядзе да распусніка, пакутніка інстынктаў, да самаадрачэння ў імя тла. Дык вось, мешчанін спрабуе жыць у міждарожжы, у памяркоўнай, ураўнаважанай сярэдзіне. Ён ніколі не адмовіцца ад сябе, не дапусціцца ні да разгулу, ні да аскетызму, ніколі не будзе пакутнікам, ніколі не згодзіцца са сваёй пагібеллю, - наадварот, яго ідэал - не самаадрачэнне, а самазахаванне, ён не імкнецца ні да святасці, ні да яе процілегласці, безумоўнасць, абсалютнасць яму нясцерпныя, ён хоча служыць Богу, але хоча служыць і разгулу, буянству, закурдайству, ён хоча быць дабрадзейным, але хоча і пажыць на зямлі ў сваю асалоду на поўную губу. Карацей, ён спрабуе асесці пасярэдзіне паміж крайнасцямі, ва ўмеранай і здаровай зоне, без лютых бураў і навальніц, і гэта яму ўдаецца, хоць і цаною той поўніцы жыцця і пачуццяў, якую дае імкненне да безумоўнасці, абсалютнасці, крайнасці. Жыць поўным жыццём можна толькі цаною свайго «я». А мешчанін нічога не ставіць вышэй за сваё «я» (вельмі, праўда, недаразвітае). Цаною поўніцы, значыць, ён дамагаецца захавання і бяспекі, атрымлівае замест апантанасці Богам спакойнае сумленне, замест асалоды - задавальненне, замест свабоды - утульнасць, замест смяротнага сквару - зацішны халадок. Таму мешчанін па сутнасці сваёй - істота са слабым імпульсам да жыцця,

палахлівец, які баіцца хоць у нечым паступіцца сваім «я», - ім лёгка кіраваць. Менавіта таму ён і паставіў замест улады - большасць, на месца сілы - закон, на месца адказнасці - працэдуру галасавання.

Ясна, што гэтая кволая баязлівая істота, якія шматлікія ні былі б яе асобіны, не можа ацалець, што праз свае якасці яна не павінна граць у свеце іншай ролі, як толькі ролю статку ягнят сярод ваўкоў. І ўсё ж мы бачым, што хоць у часы, калі кіруюць натуры моцныя, мешчаніна адразу ж прыпіраюць да сцяны, ён тым не меней ніколі не гіне, а часам нават як бы і ўладарыць над светам. Як жа гэта так? Ні шматлікасць яго статку, ні дабрачынства, ні здаровы сэнс, ні арганізацыя не можа, здавалася б, выратаваць яго ад пагібелі. Таму, чые жыццёвыя сілы з самага пачатку падарваныя, не падоўжыць жыцця ніякая сіламоц на свеце. І ўсё-такі мяшчанства жыве, яно магутнае, яно квітнее. Чаму?

Адказ: праз стэпавых ваўкоў. Насамрэч жыццёвая моц мяшчанства трымаецца зусім не на ўласцівасцях яго нармальных прадстаўнікоў, а на ўласцівасцях безлічы яго аўтсайдэраў, якіх мяшчанства ў выніку расплывістасці і расцягнутасці сваіх ідэалаў уключае ў сябе. Сярод мяшчанства заўсёды жыве процьма моцных і дзікіх натураў. Наш Стэпавы воўк Гары - характэрны ўзор гэтага. Хоць развіццё ў ім індывідуальнасці, асобы зайшло далёка за даступныя мяшчанству межы, хоць асалода ад самасузірання знаёмая яму не менш за змрочную радасць нянавісці і саманенавісніцтва, хоць ён пагарджае законам, дабрачынствам і здаровым клёкам, ён усё ж у палоне ў мяшчанства і вырвацца з палону не можа. Такім парадкам, сапраўднае мяшчанства абгорнута, як ядро, шырокімі пластамі чалавецтва, тысячамі жыццяў і розумаў, што хоць і перараслі мяшчанства, што хоць і пакліканыя не прызнаваць адгаворак і лунаць у абсалюце, але затое прывязаныя да мяшчанскай сферы інфантыльнымі пачуццямі, яўна заражаныя надарванасцю жыццёвай сілы, і таму закасцянелыя ў мяшчанстве, падначаленыя яму, яму ж абавязаныя і ў нечым яму ўпакораныя. Бо мяшчанства трымаецца прынцыпу процілеглага прынцыпу вялікіх, - «хто не супроць мяне, той за мяне!»

Калі з гэтага гледзішча падзівіцца на душу Стэпавага ваўка, дык ён глядзецьмецца чалавекам, якому як індывідуальнасці, як яркай асобіне наканавана быць не-мешчанінам - усякая ж яркая індывідуальнасць абарочваецца супроць свайго «я» і схільная яго разбураць. Мы бачым, што ён надзелены аднолькава моцнымі імпульсамі і на тое, каб стаць святым, і, каб стаць разбэстай, але што праз нейкую слабкасць альбо закасцянеласць не здолеў сягнуць у дзікія прасторы сусвету, не пераадолеў прыцягнення цяжкай маці-зоркі мяшчанства. Такое яго становішча ў светабудове, такая яго скаванасць. Большасць інтелігентаў, пераважная частка мастакоў належаць да гэтага тыпу. Толькі самыя моцныя з іх вырываюцца ў космас з атмасферы мяшчанскай зямлі, а ўсе астатнія здаюцца альбо ідуць на кампрамісы, пагарджаюць мяшчанствам і ўсё ж да яго належаць, мацуюць, славяць яго, бо, зрэшты, вымушаныя сцвярджаць яго, каб неяк жыць. Трагізм гэтым незлічоным людзям не па плячы, па плячы ім, аднак, даволі-такі злашчасная доля, на кухні пекла якой дасмажваюцца і пачынаюць пладзіцца іх таленты. Тыя нямногія, што вырываюцца, дасягаюць абсалюту і слаўна гінуць, яны трагічныя, колькасць іх невялікая. А тым, што не вырваліся, чые таленты мяшчанства часта высока шануе, адчынена трэцяе царства, прывідны, але суверэнны свет - гумар. Неспакойныя стэпавыя ваўкі, гэтыя вечна горкія пакутнікі, якім не дадзена моцы, немінушча патрэбнай для трагізму, для прарыву ў зорную прастору, якія адчуваюць сябе пакліканымі да абсалютнага, а жыць у абсалютным не ўмеюць, - у іх, калі толькі іхні дух загартаваўся і стаўся пругкім у пакутах, ёсць прымірэнчы выхад у гумар. У нечым гумар заўсёды застаецца мяшчанскім, хоць сапраўдны мешчанін не здольны зразумець яго. У яго прывіднай сферы здзяйсняецца заблытаны, супярэчлівы ідэал усіх стэпавых ваўкоў: тут можна адначасова не толькі ўхваліць і святога, і разбэсту, зблізіць полюсы, але яшчэ і перакінуць гэтую ўхвалу на мешчаніна. Бо чалавек, апантаны Богам, вельмі нават можа ўхваліць злачынцу - і наадварот, але абодва яны, ды і ўсе людзі абсалютных безумоўных крайнасцяў, не могуць ухваліць нейтральную, азызлую, размякла-апоўзлую сярэдзіну мяшчанства, адзін толькі гумар, выдатнае вынаходства тых, чый максімалізм скаваны, хто амаль трагічны, хто няшчасны і пры гэтым шчодра адораны, адзін толькі гумар (можа, самае самабытнае і геніяльнае дасягненне чалавецтва) здзяйсняе немагчымае, ахопліваючы і яднаючы прамянямі сваіх прызмаў усе вобласці чалавечай натуры. Жыць у міры, быццам гэта не мір, паважаць закон і ўсё ж стаяць над ім, валодаць, «як бы не валодаючы», адмаўляцца, як бы гэта ніякая не адмова, - выконваць усе гэтыя любімыя і часта несфармуляваныя патрабаванні вышэйшай жыццёвай мудрасці здольны адзін толькі гумар.

І калі б толькі Стэпаваму ваўку, у якога ёсць да таго ж і здольнасць, і схільнасць, удалося выпарыць, выдаліць з сябе гэты чароўны напой, ён, Стэпавы воўк, быў бы выратаваны. Да такой удачы яму далёка. Але магчымасць, але надзея ёсць. Хто яго любіць, хто спагадлівы да яго, хай узычыць яму гэтага ратунку. Тады ён, праўда, застыў бы ў мяшчанскай сферы, але ягоныя пакуты можна было б ператрываць за іх плённасць. Яго адносіны да мяшчанскага свету і ў каханні і ў нянавісці страцілі б сентыментальнасць, і яго прывязанасць да гэтага свету перастала б суцэльна мучыць яго, як нешта ганебнае.

Каб дасягнуць гэтага альбо нарэшце, магчыма, адважыцца на скачок у космас, такому Стэпаваму ваўку след было б аднойчы зрабіць навочную стаўку з самім сабою, глыбока заглянуць у хаос сваёй душы і цалкам усвядоміць сябе. Тады яго сумніўнае існаванне раскрылася б перад ім ва ўсёй сваёй нязменнасці, і далей ён ужо не змог бы ўвесь час уцякаць з пекла сваіх інстынктаў у сентыментальна-філасофскія самазаспакаенні, а ад іх зноў у сляпую і п'яную дурмань сваёй ваўчынай стаці. Чалавек і воўк мусілі б спазнаваць адзін аднаго без фальшывых эмацыйных масак, мусілі б паглядзець адзін аднаму ў вочы. Тут яны альбо выбухнулі б і навекі разышліся б, альбо ж у іх з'явіўся б гумар, і яны паняліся б між сабою шлюбам па разліку.

Можа, калі-небудзь Гары выпадзе такая магчымасць. Магчыма, што калі-небудзь яму ўдасца спазнаць самога сябе - атрымаўшы толькі адно з нашых маленькіх люстэркаў, ці тое сустрэўшыся з несмяротнымі альбо, зноў жа магчыма, знайшоўшы ў адным з нашых магічных тэатраў тое, што яму трэба для вызвалення здзічэлай душы. Тысячы такіх магчымасцяў яго чакаюць, яго лёс неадольна прыцягвае іх, усе гэтыя аўтсайдэры мяшчанства жывуць у атмасферы такіх магічных магчымасцяў. Дастаткова дробязі, каб ляснула маланка.

Поделиться с друзьями: