Стэпавы воўк
Шрифт:
Так ён залучыў мяне да сябе і зацікавіў, і я затрымаўся ў яго на некалькі хвілін, і з таго часу мы часцяком, сустракаючыся на лесвіцы альбо на вуліцы, крыху гутарылі. Пры гэтым, як і таго разу каля араўкарыі, я не мог пазбыцца падазрэння, што ён іранізуе з мяне. Але гэта было зусім не так. Ён адчуваў да мяне, як і да араўкарыі, шчырую павагу, ён так глыбока ўвайшоў у сваю адзіноту, у сваё наканаванне плаваць, у сваё адшчапенства, што і насамрэч, без ніякага пакепу, мог прыйсці ў захапленне ад якога-небудзь слугі альбо, скажам, трамвайнага кандуктара. Спачатку мне здавалася гэта даволі пацешным перабольшаннем, панскай прыхамаццю, какетлівай сентыментальнасцю. Але спакваля я пераканаўся, што, гледзячы на наш мяшчанскі заканурак са сваёй беспаветранай прасторы, са сваёй воўчай адзіноцкасці, ён сапраўды захапляўся гэтым закануркам, шчыра любіў яго як нешта трывалае і надзейнае,
Ужо падчас першай гутаркі каля араўкарыі ён назваў сябе Стэпавым ваўком, і гэта таксама крыху азадачыла мяне і збіла спанталыку. Ну што гэта за мова такая?! Я не толькі па прывычцы прыняў гэты выраз, але і сам пачаў неўзабаве ў думках называць нашага жыльца не інакш, як Стэпавым ваўком, ды і сёння не знайшоў бы яму больш трапнага вызначэння. Стэпавы воўк, які, заблудзіўшыся, заблытаў да нас у горад, у стаднае жыццё, - ніякі іншы вобраз больш дакладна не намалюе гэтага чалавека, яго нясмелай адзіноты, яго ваўкаватасці, яго трывогі, яго тугі па радзіме і яго бязроднасці.
Аднойчы выпала мне цэлы вечар назіраць за ім на сімфанічным канцэрце, дзе ён, на маё вялікае здзіўленне, сядзеў непадалёк ад мяне, але не заўважыў. Спачатку давалі Гендэля, высакародную і прыгожую музыку, але Стэпавы воўк сядзеў безудзельна, увесь у сваіх думках, не звяртаючы ўвагі ні на музыку, ні на слухачоў. Асамотнены, чужы і адзінокі, ён сядзеў з халодным, але заклапочаным тварам, апусціўшы вочы. Пасля пачалася другая п'еса, маленькая сімфонія Фрыдэмана Баха, і я дзіву даўся, убачыўшы, як пасля першых жа тактаў мой самотнік заўсміхаўся, заразіўшыся ігрою, ён цалкам замкнуўся ў сабе і хвілін, можа, з дзесяць заставаўся ў такім шчаслівым самазабыцці, здаваўся заглыбленым у такія салодкія мроі, што я ўжо сачыў не так за музыкай, як за ім. Калі п'еса скончылася, ён схамянуўся, выпрастаўся седзячы, намерыўся ўжо быў устаць і выйсці, але такі застаўся ў крэсле, каб ужо паслухаць і апошнюю п'есу - гэта былі варыяцыі Рэгера, музыка, якую многія лічылі крыху зацягненай і нуднаватай. І Стэпавы воўк таксама, спачатку ўважлівы і зычлівы, зноў ухіліўся думкамі, ён заклаў рукі ў кішэні і зноў зайшоўся ў сябе, але гэтым ужо разам не шчасліва і замроена, а скрушліва і нарэшце злосна, яго твар зноў аддаліўся, пашарэў, патух, ён сам здаваўся старым, хворым насупам.
Пасля канцэрта я зноў убачыў яго на вуліцы і назіркам рушыў следам; захінаючыся ў паліто, ён нявесела і стомлена ішоў да нашага квартала, але, затрымаўшыся каля аднаго старамоднага рэстаранчыка, нерашуча зірнуў на гадзіннік і зайшоў у памяшканне. Мне раптам стукнула ў галаву ўвайсці за ім. Ён сядзеў за столікам дробнамяшчанскай гасцёўні, гаспадыня і кельнерка віталі яго як старога знаёмага, я таксама павітаўся і падсеў да яго. Мы прабылі там гадзіну, і за гэты час я выпіў дзве шклянкі мінеральнай вады, а яму прынеслі паўлітра, а потым яшчэ чвэрць літра чырвонага віна. Я сказаў, што быў на канцэрце, але ён не падтрымаў гэтай тэмы. Прачытаўшы этыкетку на маёй бутэльцы з вадой, ён спытаўся, ці не вып'ю я віна, якім ён мяне пачастуе. Калі я прызнаўся, што віна наогул не п'ю, на яго твары зноў паявіўся выраз бездапаможнасці, і ён сказаў:
– Так, ваша праўда. Я таксама гадамі жыў паўстрымліва і падоўгу пасціўся, але цяпер якраз я пад знакам Вадалея, гэта цёмны і вільготны знак.
І калі я жартам падхапіў гэтую заўвагу і здзівіўся, што менавіта ён верыць у астралогію, ён зноў перайшоў на той перабольшана ветлівы тон, які мяне часта крыўдзіў, і сказаў:
– Слушна, і гэтай навуцы я, на жаль, давяраць не магу.
Я развітаўся і пайшоў, а ён вярнуўся дамоў толькі позна ўначы, але паходка яго была як звычайна, і, як заўсёды, ён лёг у ложак не адразу (усё гэта з суседняга пакоя я выдатна чуў), а правёў яшчэ каля дзвюх гадзін у сваёй асветленай гасцёўні.
Не выходзіць з галавы і другі вечар. Я быў адзін дома, цётка кудысьці адлучылася, пазванілі каля параднага, і калі я адчыніў, там стаяла маладая, элегантная дама і, калі яна спытала гера Галера, я пазнаў яе: гэта была тая, чыя картачка вісела ў ягоным пакоі. Я паказаў ёй яго дзверы
і пайшоў, яна нейкі час прабыла наверсе; але неўзабаве я пачуў, як яны разам спускаюцца па лесвіцы і выходзяць, жвава і весела жартуючы. Мяне вельмі здзівіла, што ў нашага пустэльніка ёсць каханая, і прытым такая маладая, зграбная і прыглядная, і ўсе мае здагадкі наконт яго і ягонага жыцця зноў паставіліся пад пытанне. Але не прайшло і гадзіны, як ён вярнуўся, адзін, цяжкай, тужлівай хадою, стомлена падняўся па лесвіцы і потым гадзінамі ціха хадзіў па сваёй гасцёўні туды-сюды, рыхтык воўк той у клетцы, і цэлую ноч, амаль да самай раніцы, у ягоным пакоі гарэла святло.Я зусім нічога не ведаю пра іхнія адносіны і дадам толькі, што з той жанчынай бачыў яго яшчэ адзін раз, дзесьці на вуліцы. Яны ішлі пад руку, у яго быў шчаслівы выгляд, і я зноў здзівіўся, якім мілым, нават дзіцячым мог быць часам яго звычайна заклапочаны, адсутны твар, і зразумеў гэтую жанчыну, і зразумеў зацікаўленасць маёй цёткі ў ягоным лёсе. Але таго вечара ён вярнуўся дамоў засмучаны і няшчасны; я сустрэў яго каля параднага, ён нёс пад паліто, як ужо бывала, італьянскую бутэльку, за якой і праседзеў потым паўночы ў сваім логве. Мне было шкада яго: якім бязрадасным, безуцешным, беспрытульным жыццём ён жыў!
Годзе, аднак, разводзіць балясы. Не трэба больш ніякіх расповедаў і апісанняў, каб паказаць, што Стэпавы воўк вёў жыццё самагубцы. І ўсё ж я не думаю, што ён пакончыў з сабой, калі раптам, не развітаўшыся, але пагасіўшы ўсе пазыкі, пакінуў наш горад і знік. Мы нічога пра яго з таго часу не чулі і ўсё яшчэ захоўваем некалькі пісьмаў, якія прыйшлі потым на яго імя. Застаўся пасля яго толькі рукапіс, напісаны ім, калі ён тут жыў, - з некалькіх радкоў, да яго прыкладзеных, вынікае, што ён дорыць яго мне і што я вольны рабіць з ім што заўгодна.
Не было ў мяне магчымасці спраўдзіць, наколькі адпавядаюць рэальнасці тыя прыгоды, пра якія расказваецца ў рукапісе Галера. Не сумняваюся, што ў большасці сваёй яны выдуманыя, але гэта была не голая выдумка, а спроба адлюстраваць нешта, увасабляючы глыбока перажытае ў форму відавочных вобразаў. Часткова фантастычныя гісторыі ў Галера паходзяць, бадай што, з часу, калі ён жыў тут, і я зноў жа не сумняваюся, што яны грунтуюцца на некаторых сапраўдных вонкавых уражаннях. У той час паводзіны і выгляд нашага госця змяніліся, ён часта, ночы напралёт, не бываў дома, і кнігі ягоныя ляжалі нечапаныя. Падчас нашых на тую пару даволі рэдкіх сустрэч ён здаваўся на дзіва жвавым і памаладзелым, ба!
– падчас нават вясёлым. Потым жа адразу нахапілася новая немарасць - цяжкая дэпрэсія, ён цэлымі днямі ляжаў у пасцелі, нічога не еў, і як што якраз на тую паласу прыпала бурная, можна нават сказаць, грубая свара з ягонай новай каханкай, свара, якая скаланула ўвесь наш дом і за якую Галер на другі ж дзень папрасіўся ў маёй цётачкі.
Не, я гатовы пабажыцца, што ён не пакончыў з сабою. Ён жывы, ён недзе ходзіць сваімі стомленымі нагамі па лесвіцах чужых дамоў, разглядвае дзе-небудзь блішчастыя паркеты і дагледжаныя араўкарыі, праседжвае дні ў бібліятэках, а ночы ў рэстаранах альбо валяецца на канапе, якую ўзяў напракат, слухае, як жывуць за вокнамі людзі і свет, ведае, што ён ад іх адрэзаны, але рук на сябе не накладае, бо рэшта веры падказвае яму, што ён павінен выпіць да канца гэты боль, гэты страшэнны боль, і што памерці ён павінен якраз ад гэтага болю. Я часта думаю пра яго, ён не палегчыў мне жыцця, не быў здольны падтрымаць і сцвердзіць ува мне сілу і радасць, о не, рыхтык наадварот! Але я не ён, і я жыву не ягоным жыццём, а сваім, маленькім, мяшчанскім, затое бяспечным і напоўненым абавязкамі. І мы ўспамінаем пра яго спакойна і прыязна, я і мая цётачка, якая магла б расказаць пра яго больш за мяне, але гэта застанецца схаваным у яе душы.
Што да запісак Галера, гэтых дзіўных, месцамі хваравітых, дзе-а-дзе прыгожых і глыбакамысных фантазіяў, дык павінен сказаць, што, калі б гэтыя лісткі трапіліся мне на вочы выпадкова і калі б я не ведаў аўтара, я б іх абурана, грэбліва выкінуў. Але дзякуючы свайму знаёмству з Галерам я здолеў іх часткова зразумець, нават ухваліць. Я не адважыўся б выносіць іх іх на суд людскі, калі б бачыў у іх толькі паталагічныя фантазіі нейкага адзіночкі, душэўна хворага, неабольнага чалавека. Але я ў іх бачу нешта большае, дакумент эпохі, бо душэўная хворасць Галера - гэта мне сёння як Божы дзень ясна - не выкрунтасы нейкага адзіночкі, а хвароба самой эпохі, неўроз той генерацыі, да якой належыць сам Галер, і падобна на тое, што неўроз гэты ахапіў не толькі слабых і непаўнавартасных індывідаў, зусім жа ж не, а якраз моцных, найбольш разумных і адораных.