Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

І ўсё гэта добра вядома Стэпаваму ваўку, нават калі яму ніколі не трапіць на вочы гэты абрыс яго ўнутранай біяграфіі. Ён адчувае сваё становішча ў сусвеце, ён адчувае і ведае несмяротных, ён адчувае магчымасць сустрэчы з сабою і баіцца яе, ён ведае пра існаванне люстэрка, зірнуць у якое яму вельмі карціць, але зірнуць у якое ён так баіцца.

* * *

На завяршэнне нашага эцюда застаецца развеяць адну апошнюю фікцыю, адзін прынцыповы падман. Любыя «тлумачэнні», любая псіхалогія, любыя спробы паразумецца маюць патрэбу ў дапаможных сродках, тэорыях, міфалогіях, хлусні; і прыстойны аўтар не забудзецца развеяць напрыканцы па магчымасці і гэтую хлусню. Калі я кажу «наверсе» альбо «ўнізе», дык жа гэта ўжо сцвярджэнне, якое трэба прасвятліць, бо верх і ніз існуюць толькі ў мысленні, толькі ў абстракцыі. Свет сам па сабе не мае ні верху ні нізу.

Карацей кажучы «стэпавы воўк» - таксама фікцыя. Калі Гары адчувае сябе звышчалавекам і лічыць, што складаецца з двух варожых і супрацьлеглых натураў, дык гэта ўсяго толькі спрошчаная міфалогія. Гары ніякі не чалавекавоўк, і калі мы прынялі напавер ягоную хлусню, якую ён сам сабе выдумаў і ў якую верыць, калі мы і насамрэч спрабавалі разглядаць і тлумачыць яго як дваістую натуру, як стэпавага

ваўка, дык мы, спадзеючыся на тое, што нас лягчэй будзе зразумець, пакарысталіся падманам, які цяпер трэба парупіцца паправіць.

Падзел на ваўка і чалавека, на інстынкт і дух, які ўчыняе Гары дзеля большай зразумеласці ягонага лёсу, - гэта вельмі грубае спрошчванне, гэта гвалт над рэчаіснасцю дзеля даходлівага, але няправільнага тлумачэння супярэчнасцяў, выяўленых у сабе гэтым чалавекам, якія здаюцца яму крыніцай яго неабыякіх пакутаў. Гары выяўляе ў сабе «чалавека», гэта значыцца, свет думак, пачуццяў, культуры, утаймаванай і вытанчанай прыроды, але побач ён выяўляе яшчэ і «ваўка», гэта значыцца, цёмны свет інстынктаў, дзікасці, жорсткасці, нявытанчанай, грубай прыроды. Нягледзячы на гэта, на блізір такі ясны падзел сваёй натуры на дзве ўзаемаварожыя сферы, ён зрэдзь заўважаў, што воўк і чалавек нейкі час, у нейкія шчаслівыя імгненні, сужываліся адзін з адным. Калі б Гары спрабаваў вызначыць ступень удзелу ваўка ў кожным асобным яго, Гары, моманце жыцця, у кожным ягоным учынку, у кожным ягоным адчуванні, ён адразу недаўмёна спыніўся б і ўся яго прыгожая «ваўчыная» тэорыя паляцела б дагары нагамі. Бо ніводзін чалавек, нават першабытны мурын, нават ідыёт, не бывае так паслужліва просты, каб ягоную натуру можна было растлумачыць як суму двух альбо трох асноўных элементаў, а ўжо каб растлумачыць такога рознабаковага чалавека, як Гары, наіўным падзелам на ваўка і чалавека - гэта, ну, зусім жа дзіцячая спроба. Гары складаецца не з двух натураў, а з сотняў, з тысячаў. Яго жыццё, як жыццё кожнага чалавека, працякае не паміж двума полюсамі, такімі, як інстынкт і дух альбо святы і распуснік, яно адбываецца паміж безлічнымі тысячамі палярных процілегласцяў.

Хай нас не здзіўляе, што такі разумны і абазнаны чалавек, як Гары, лічыць сябе «стэпавым ваўком» і зводзіць багаты і складаны лад свайго жыцця да такой простай, брутальнай і прымітыўнай формулы. Здольнасць думаць чалавек мае толькі ў невялікай меры, і нават самы духоўны і самы адукаваны чалавек бачыць свет і сябе самога праз акуляры вельмі наіўных, спрошчаных, фальшывых формулаў - і асабліва сябе самога. Бо гэта, відаць, прыроджаная патрэба кожнага чалавека, якая падключаецца міжвольна, - уяўляць сябе нейкім адзінствам. Якія б частыя і якія б цяжкія ўдары ні пераносіла гэтая ілюзія, яна ажывае зноў і зноў. Суддзя, які сядзіць насупраць забойцы і глядзіць яму ў вочы, у нейкі там момант чуе, як той гаворыць ягоным, судзейскім, голасам, у нейкі там момант знаходзіць у сабе ўсе парывы, задаткі, магчымасці забойцы, - у наступны момант ён ужо знаходзіць цэльнасць, зноў робіцца суддзёю, замыкаецца ў панцыр свайго «я», выконвае свой абавязак і выракае забойцу на смерць. І калі ў адмыслова адораных і тонка арганізаваных чалавечых душах паявіцца пачуццё і складанасці, калі яны, як усякі геній, прарвуцца праз ілюзію адзінства асобы, адчуюць сваю неадназначнасць, адчуюць сябе суцэльнасцю з мноствам «я», дык варта ім толькі заікнуцца пра гэта, як большасць закліча на дапамогу навуку, канстатуе шызафрэнію і абароніць чалавецтва ад патрэбы слухаць голас праўды з вуснаў гэтых няшчасных. Але навошта нам тут марнаваць словы, навошта гаварыць пра рэчы, якія ўсім, хто думае, і без таго вядомыя, але гаварыць пра якія не прынята? Значыцца, калі нехта адважваецца пашырыць уяўнае адзінства свайго «я» хоць бы да дваістасці, дык ён ужо амаль што геній, прынамсі, рэдкае і цікавае выключэнне. Насамрэч любое «я», нават самае наіўнае, - гэта не адзінства, а складаны свет, гэта маленькае зорнае неба, хаос формаў, ступеняў і станаў, спадчыннасці і магчымасцяў. А што кожны асобна імкнецца глядзець на гэты хаос як на адзінства і гаворыць пра сваё «я» як пра нешта простае з цвёрдай, выразна акрэсленай формай, дык гэта падман, уласцівы ўсякаму чалавеку нават невысокага палёту, ёсць, бадай што, такая ж самая вымога яго жыцця, як дыханне і ежа.

Падман гэты заснаваны на простым пераносе энергіі. Цела кожнага чалавека цэльнае, а душа - не. Паэзія таксама, нават самая вытанчаная традыцыйна заўсёды аперуе ўяўнацэльнымі, уяўнаадзінымі персанажамі. У паэзіі да гэтага часу спецыялісты і знаўцы цэняць вышэй за ўсё драму, і гэта з поўным правам, бо яна дае, альбо магла б даць найбольшую магчымасць выявіць «я» як нейкае мноства, калі б не грубая падтасоўка, якая выдае кожны асобны персанаж драмы за нешта адзінае, бо жыве ва ўнікальнай, цэльнай і замкнёнай цялеснай абалонцы. Найвышэй цэніць наіўная эстэтыка так званую драму характараў, дзе кожная асоба выступае як нейкая выразна пазначаная і адасобленая цэльнасць. Толькі цьмяна і спакваля ўзнікае ў сяго-таго здагадка, што ўсё гэта, магчыма, толькі танная, павярхоўная эстэтыка, што мы памыляемся, стасуючы да нашых вялікіх драматургаў выдатныя, але не арганічныя, а толькі накінутыя нам паняцці пра прыгожае, паняцце антычнасці, якая, зыходзячы заўсёды з бачнага цела, якраз і прыдумала фікцыю «я», фікцыю асобы. У паэзіі старажытнай Індыі гэтага паняцця зусім няма, героі індыйскага эпасу - не асобы, а хеўры асобаў, рады адухоўленняў. І ў нашым сучасным свеце таксама ёсць паэтычныя творы, дзе пад выглядам гульні асобаў і характараў робіцца не зусім усвядомленая аўтарам спроба паказаць разнастайнасць душы. Хто хоча знайсці гэта, павінен адважыцца зірнуць на дзейных асоб такога твору не як на асобныя істоты, а як на часткі, як на бакі, як на розныя аспекты нейкага вышэйшага адзінства, ну, скажам хоць бы - душы пісьменніка. Хто паглядзіць так хоць бы на «Фаўста», для таго Фаўст, Мефістофель, Вагнер і ўсе астатнія складуць нейкае адзінства, нейкую звышасобу, і толькі ў гэтым высокім адзінстве, а не ў асобных персанажах, ёсць нейкі намёк на сапраўдную сутнасць душы. Калі Фаўст прамаўляе словы, папулярныя ў школьных настаўнікаў, якія выклікаюць захапленне ў абываталя: «Ах, дзве душы ў маіх жывуць грудзях», ён, Фаўст, забывае пра Мефістофеля і мноства іншых душаў, якія таксама жывуць у ягоных грудзях. Дык жа і наш Стэпавы воўк лічыць, што носіць у сваіх грудзях дзве душы, ваўка і чалавека, і лічыць, што гэтым самым душа ягоная моцна абцяжарана. А ў тым тое і штука ўся, што грудзі, цела заўсёды адзінкавыя, а душ у іх не дзве, не пяць, а безліч, легіён лікам; чалавек - што цыбуліна, складзеная з сотні скурачак, тканка, якая складаецца з мноства. Зразумелі і добра засвоілі гэта старажытныя азіяты, і буддыйская ёга стварыла тэхніку, як выкрыць самападман асобы. Пацешная і разнастайная гульня чалавецтва: самападман, над выкрыццём якога Індыя білася тысячу гадоў, - гэта той самы самападман, на ўмацаванне і

ўзмацненне якога паклаў столькі сілы і Захад.

Калі мы глянем на Стэпавага ваўка з гэтага боку, будзе зразумела, чаму ён так пакутуе ад сваёй смешнай дваістасці. Ён, як і Фаўст, лічыць, што дзве душы - гэта для адных грудзей ужо зашмат, і што яны павінны разарваць грудзі. А гэта ж якраз замала, і Гары страшна гвалціць свае грудзі, спрабуючы зразумець яе ў такім прымітыўным паказе. Гары, хоць ён і высока адукаваны чалавек, робіць прыкладна тое самае, што і дзікун, які ўмее лічыць толькі да двух. Адну частку сябе ён называе чалавекам, а другую ваўком і думае, што гэта ўсё, што ён вычарпаў сябе. У чалавека ён запіхвае ўсё духоўнае, вытанчанае альбо ж хоць культурнае, што знаходзіць у сабе, а ў ваўка ўсё імпульсіўнае, дзікае, хаатычнае. Але ў жыцці ўсё не так проста, як у нашых думках, усё не так груба, як у нашай беднай, ідыёцкай мове, і Гары ўдвайне ашуквае сябе гэтым дзікунскім метадам «ваўка». Баюся, Гары да «чалавека» адносіць цэлыя вобласці сваёй душы, якім далёка да чалавека, а да ваўка такія часткі сваёй натуры, якія даўно ўжо пераважылі ваўка.

Як усе людзі, Гары думае, быццам няблага ведае, што такое чалавек, а насамрэч гэтага не ведае, хоць часам у сне і іншых непадкантрольных станах свядомасці даўмяваецца. Каб жа ж ён не забываў сваіх здагадак, каб жа ж засвоіў іх як мага лепш! Чалавек бо не ёсць нешта застылае і нязменнае (такі быў, усутыч процілеглым здагадкам яе мудрацоў, ідэал антычнасці), а ёсць хутчэй нейкая спроба, нейкі пераход, ёсць не што іншае, як вузкі, небяспечны масток паміж прыродай і Духам. Да Духу, да Бога цягне як схаванае ў ім пакліканне, назад да маці-прыроды - самая глыбокая туга; паміж гэтымі дзвюма сіламі гойдаецца ягонае жыццё ў страху і трымценні. Тое, што людзі ў кожны дадзены момант укладваюць у паняцце «чалавек», ёсць заўсёды толькі пераходная, абыватальская дамоўленасць. Гэтая ўмоўнасць адкідае і асуджае некаторыя найбольш грубыя інстынкты, патрабуе нейкай свядомасці, нейкага пераадолення жывёльнасці ў сабе, яна не толькі дапускае, але нават абвяшчае неабходнай невялікую долю духу. «Чалавек» гэтай умоўнасці ёсць, як усякі мяшчанскі ідэал, кампраміс, нясмелая, наіўная спроба перахітрыць, з аднаго боку, ліхую прамаці-прыроду, а з другога - надакучлівага бацьку - Дух і пажыць паміж імі, ва ўтульненькай сярэдзінцы. Таму мешчанін дапускае і трывае тое, што ён называе «асобай», але разам з тым аддае асобу на волю малоха - «дзяржавы» і заўсёды сутыкае лбамі асобу і дзяржаву. Таму мешчанін паліць сёння, як ератыка, вешае, як злачынцу, таго, каму паслязаўтра будзе ставіць помнікі.

Адчуванне, быццам «чалавек» не ёсць нешта, якое ўжо склалася, а ёсць патрабаванне Духа, аддаленая, гэтак жаданая, як і страшная магчымасць, і што ідуць да яе заўсёды вельмі павольна, цаною мукі экстазаў, якраз тыя адзіночкі, якіх сёння чакае эшафот, а заўтра помнік, - гэта адчуванне жыве і ў Стэпавым ваўку. Але тое, што ён, у процілегласць свайму «ваўку», называе ў сабе «чалавекам» - гэта ўвогуле і ёсць той самы пасрэдны «чалавек» мяшчанскай умоўнасці. Так, Гары адчувае, што ёсць дарога да сапраўднага чалавека, так, часам ён нават ледзь-ледзь і памаленьку ледзь-ледзь рухаецца наперад па гэтай дарозе, плацячы за свой рух горкімі пакутамі і адзінотай. Але ўхваліць і прызнаць за сваю мэту тое высокае патрабаванне, тое сапраўднае ачалавечванне, якога шукае Дух, пайсці адной магчымай дарогай да неўміручасці - гэтага ён у глыбіні душы ўсё-такі баіцца. Ён добра адчувае: гэта павядзе да яшчэ большых пакутаў, да выгнання, да апошніх нягодаў, можа нават да эшафота, - і як ні вабіць бяссмерце ў канцы такога шляху, ён не хоча пераймацца ўсімі гэтымі пакутамі, не хоча паміраць усімі гэтымі смерцямі. Хоць ачалавечванне як мэта больш зразумелае яму, чым мяшчанам, ён засланяе вочы і быццам бы не ведае, што зацята трымацца за сваё «я», за жыццё - гэтай найбольш пэўнай дарогай ісці да смерці, тым часам як уменне паміраць, скідаць абалонку, вечна ахвяраваць сваім «я» дзеля перамен вядзе да бяссмерця. Абагаўляючы сваіх любімцаў з ліку несмяротных, напрыклад, Моцарта, ён усё-такі глядзіць на яго ўсё яшчэ мяшчанскімі вачыма і, зусім як школьны настаўнік, схільны тлумачыць дасканаласць Моцарта толькі яго высокай адоранасцю спецыяліста, а не веліччу ягонай самааддачы, яго гатовасцю да пакутаў, яго абыякавасцю да ідэалаў мяшчанства, не яго здольнасцю да той крайняй адзіноты, якая разрэджвае, якая ператварае ў ледзяны эфір космасу любую мяшчанскую атмасферу вакол таго, хто пакутуе і робіцца чалавекам, да адзіноты Гефсіманскага саду.

І ўсё ж наш Стэпавы воўк адкрыў у сабе, прынамсі, фаўстаўскую раздвоенасць, убачыў, што за адзінствам ягонага жыцця зусім не стаіць адзінства душы, а што ён у лепшым разе толькі ў дарозе, толькі ў доўгім паломніцтве да ідэалу гэтага суладдзя. Ён хоча альбо пераадолець у сабе ваўка і зрабіцца цалкам чалавекам альбо адмовіцца ад чалавека і хоць бы ваўком жыць цэльна і нераздвоена. Мабыць, ён ніколі як след не назіраў за сапраўдным ваўком, а тое ж бы ён, можа, убачыў, што і ў жывёлаў няма цэльнай душы, што і ў іх за прыгожай, падцягненай формай цела крыюцца розныя памкненні і станы, што ў ваўка ёсць унутраныя бездані, што воўк пакутуе. Не, кажучы «Назад да прыроды!», чалавек заўсёды ідзе няправільнай, пакутлівай і безнадзейнай дарогай.

Гары ніколі не зробіцца зноў цалкам ваўком, ды калі б і зрабіўся, убачыў бы, што воўк таксама не нешта простае і пачатковае, а ўжо нешта вельмі складанае. І ў ваўка ў яго воўчых грудзях жывуць дзве і больш за дзве душы, і хто прагне быць ваўком, той такі ж сама забыўлівы, як мужчына, які спявае: «Толькі дзецям дадзена шчасце!» Сімпатычны, але сентыментальны мужчына, які спявае пра шчаснае дзіцятка, таксама хоча вярнуцца да прыроды, да нявіннасці, да першакрыніцы, начыста забыўшыся, што дзеці зусім жа не шчасныя, што яны здольныя на шмат якія канфлікты, разлады і пакуты.

Назад наогул дарогі няма ні да ваўка, ні да дзіцяці. У пачатку ўсіх рэчаў няма ні нявіннасці, ні прастаты; усё створанае, нават самае простае з выгляду, ужо вінаватае, ужо разнастайнае, ужо ўкінута ў брудную плынь станаўлення і ніколі-ніколі не здолее паплысці назад. Дарога да нявіннасці, да нятворнага, да Бога вядзе не назад, а наперад, не да ваўка, не да дзіцяці, а да ўсё большай віны, да ўсё большага ачалавечвання. І самазабойства табе, гаротны Стэпавы воўча, таксама сур'ёзна не пасобіць, табе не пазбегнуць доўгай, цяжкай дарогі ачалавечвання, ты яшчэ будзеш вымушаны памнажаць сваю раздвоенасць, ускладняць сваю складанасць. Замест каб звужваць свой свет, спрашчаць сваю душу, табе давядзецца пакутліва пашыраць яе, усё больш расхінаць яе перад светам, а там, як бач, і прыняць у сябе свет, каб калі-небудзь, магчыма, дайсці да канца і спакою. Гэтай дарогай ішоў Будда, ёю ішоў кожны вялікі чалавек - хто свядома, хто несвядома, - як каму на што ўдавалася адважыцца. Усякае нараджэнне азначае аддзяленне ад сусвету, азначае абмежаванне, адасабленне ад Бога, пакутлівае станаўленне нанава. Вярнуцца да сусвету, адмовіцца ад пакутлівай адасобленасці, зрабіцца Богам - гэта азначае так пашырыць сваю душу, каб яна зноў магла абняць сусвет.

Поделиться с друзьями: