Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стэпавы воўк

Гессе Герман

Шрифт:

Тут гаворка ідзе не пра чалавека, якога мае на ўвазе школа, эканоміка, статыстыка, не пра чалавека, які мільённа ходзіць па вуліцах і пра якога можна сказаць тое самае, што пра пясчынкі на марскім беразе альбо пырскі прыбою: мільёнам больш, мільёнам менш - няважна, яны - матэрыял, і толькі. Не, мы гаворым тут пра чалавека ў высокім сэнсе, пра мэты і шляхі ачалавечвання, пра чароўнага чалавека, пра несмяротных. Геніяльнасць - з'ява не такая рэдкая, як гэта нам часам здаецца, хоць і не такая частая, як лічаць гісторыкі літаратураў, гісторыкі краін, а тым больш газеты. Стэпавы воўк Гары, на наш погляд, дастаткова геніяльны, каб адважыцца на спробу ачалавечвання, замест каб пры любой цяжкасці скрушліва спасылацца на свайго дурнога стэпавага ваўка.

Калі людзі такіх магчымасцяў перабіваюцца спасылкамі на стэпавага ваўка і на іх «ах, дзве душы», дык гэта таксама здзіўляе і засмучае, як і тое, што яны часта любяць мяшчанства. Чалавеку, які здольны зразумець Будду і які мае ўяўленне пра неба і бездані чалавецтва, не лічыць жыць у свеце, дзе кіруюць здаровы сэнс, дэмакратыя і мяшчанская адукаванасць. Ён жыве ў ім толькі з баязлівасці, і калі яго

гнятуць памеры гэтага свету, калі цесны мяшчанскі пакой робіцца яму занадта цесны, ён усё валіць на «ваўка» і не бачыць, што воўк - часам яго лепшы бок. Ён называе ўсё дзікае ў сабе ваўком і лічыць гэта ліхім, небяспечным, з мяшчанскага гледзішча - страшным, і хоць ён лічыць сябе мастаком, хоць перакананы ў далікатнай вытанчанасці сваіх пачуццяў, яму ані наўме, што, апрача ваўка, за ваўком, у ім жыве і шмат чаго іншага, і не ўсё тое воўк, што ваўком названа, і жывуць там яшчэ і ліс, і дракон, і тыгр, і малпа, і райская птушка. І не наўме яму, што ўвесь гэты свет, увесь гэты райскі сад прыгожых і страшных, вялікіх і малых, моцных і слабых стварэнняў гэтак сама ж прыгнечаны сапраўдны чалавек і ўзяты ў палон казкаю пра ваўка, як прыгнечаны ў ім, у Гары, і ўзяты ў палон мешчанінам, псеўдачалавекам.

Уявіце сабе сад з сотнямі відаў дрэў, з тысячамі відаў кветак, з сотнямі відаў пладоў, з сотнямі відаў траў. Калі садоўнік гэтага саду не ведае ніякіх батанічных адрозненняў, апрача «ядомае» і «пустазелле», дык ад дзевяці дзесятых ягонага саду яму ніякага толку не будзе, ён вырве самыя чароўныя кветкі, высеча самыя высакародныя дрэвы альбо, прынамсі, зненавідзіць іх і будзе коса на іх зіркаць. Так робіць і Стэпавы воўк з тысячамі кветак сваёй душы. Што не падыходзіць пад рубрыкі «чалавек» альбо «воўк», таго ён проста не бачыць. А чаго ён толькі не далучае да «чалавека»! Усё баязлівае, усё напускное, усё дурное і дробязнае, бо яно не ваўчынае, ён далучае да «чалавека», а ўсё моцнае і высакароднае, толькі таму, што яшчэ не зрабіўся сам сабе панам, прыпісвае свайму воўчаму пачатку.

Мы развітваемся з Гары, мы даём яму адзінока ісці далей ягонай дарогай. Калі б ён ужо быў несмяротны, калі б ён ужо быў там, куды, здаецца, вядзе яго цярністы шлях, хай бы здзіўлена глянуў на гэтыя выгіны, на гэты збянтэжаны, на гэты нерашучы паварот усёй дарогі, як бадзёра, як асуджальна, як спачувальна, як весела ўсміхнуўся б ён гэтаму Стэпаваму ваўку!

Дачытаўшы да канца, я ўспомніў, што некалькі тыдняў таму назад, неяк уначы, я напісаў дзіўны верш, дзе гаворка таксама ішла пра Стэпавага ваўка. Я перакапаў кучу папер у сваім напіхам поўным пісьмовым стале, знайшоў гэты лісток і прачытаў:

Я Стэпавы воўк, гойсаю і блукаю, заснежаны край паўсюль, з бярозы крылом крумкач махае - і ані зайцоў нідзе, ні казуль! А казульцы шчыра я ўнараўлю, знайсці б якую ў блуканні! Я вазьму яе зубамі, абдыму рукамі, красуню маю, прыгарну, прытулю. Ад поўніцы сэрца прылашчу любоў, храсточкамі іклы свае ўскаромлю, і вып'ю ў экстазе гарачую кроў, і знуджана выцьму ўсю ноч на поўню. Нават зайца меў бы за ласны кавалак: ноччу цёплае мяса - гасцінчык ваўку. Як жа мне доля такая прыпала, што ў самоце свой век валаку? У вачах прытулілася старасці цьма, ужо хвост увабраўся ў сівізну, мілай жонкі каторы год як няма а я гойсаю ўсё і казуляй трызню. А я зайцамі трызню норавам воўчым, вецер свішча ў зімовыя ночы, снегам жар астуджаю ў горле і душу аддаць д'яблу ўжо горне.

І вось у мяне ў руках два мае партрэты - аўтапартрэт з рыфмаваных кнітэльвэрсаў, такі ж журлівы і трывожны, як і я сам, і партрэт, напісаны холадна і з выгляду аб'ектыўна старонняй асобай, які глядзіць на мяне збоку, зверху ўніз, і ведае больш, але ўсё-такі менш за мяне. І абодва гэтыя партрэты разам, мае заіклівыя вершы і разумны эцюд невядомага аўтара дакучалі мне балюча, абодва яны былі правільныя, абодва без прыхарошвання паказвалі ўсю немарасць майго жыцця, абодва ясна паказвалі нязноснасць і няўстойлівасць майго стану. Гэты Стэпавы воўк павінен быў памерці, павінен быў сваёй рукой пакончыць са сваім ненавісным жыццём - альбо надосталь пераплавіцца ў смяротным агні абноўленай самаацэнкі, сарваць з сябе маску і выправіцца ў дарогу да новага «я». Ах, гэты працэс не мог быць мне новым і незнаёмым, я ведаў яго, я ўжо няраз праходзіў праз яго ў крайняй роспачы. Кожнага разу падчас гэтай цяжкай ломкі разбівалася маё ранейшае «я», кожнага разу глыбінныя сілы тармасілі і разбуралі яго, кожнага разу пры гэтым нейкая запаветная і моцна любімая частка майго жыцця здраджвала мне і губілася. Аднаго разу я страціў сваю мяшчанскую рэпутацыю разам са сваім станам і мусіў паступова адмовіцца ад павагі нават у тых, хто да таго здымаў перад мною капялюш. Другім разам паламалася маё сямейнае жыццё, мая душэўна хворая жонка прагнала мяне з дому, з наладжанага быту, каханне і давер раптам ператварыліся ў нянавісць і смяротную варажнечу, суседзі глядзелі мне ўслед з жалем і пагардай. Вось тады і пачалася мая ізаляцыя. А праз некалькі гадоў, праз гэтыя некалькі цяжкіх, горкіх гадоў, калі я адзінокі і, дзякуючы строгай самадысцыпліне, збудаваў сабе новае жыццё, заснаванае на аскетызме і духоўнасці, калі я, аддаўшыся абстрактнай практыкоўцы розуму і строга ўпарадкаванай

медытацыі, зноў дасягнуў пэўнай цішыні, пэўнай вышыні, гэты лад жыцця таксама неспадзявана абваліўся, таксама раптам страціў свой высакародны, высокі сэнс; я зноў кідаўся па свеце ў дзікіх, напружаных паездках, назапашваліся новыя пакуты і новая віна. І кожнага разу гэтаму здзіранню маскі, гэтаму абвалу ідэала папярэднічалі такая самая жахлівая пустата і цішыня, такая самая смяротная скаванасць, ізаляванасць і адчужанасць, такая самая пустэльня абыякавасці і роспачы, як тыя, праз якія я зноў праходзіў цяпер.

Пры кожным такім узрушэнні майго жыцця я ў выніку нешта здабываў, гэтага не адымеш, рабіўся больш свабодны, больш духоўны, глыбейшы, але ж і больш самотны, больш незразумелы, халаднейшы. У мяшчанскім сэнсе жыццё маё было пастаянным, ад узрушэння да ўзрушэння, заняпадам, усё большым аддаленнем ад нармальнага, дазволенага, здаровага. З гадамі я зрабіўся чалавекам без пэўных заняткаў, без сям'і, без радзімы, апынуўся па-за сацыяльнымі групамі, адзін, ніхто мяне не любіў, многім я быў падазроны, быў увесь час у жорсткім канфлікце з грамадскай думкай і мараллю грамадства, і хай сабе я яшчэ жыў у мяшчанскім асяроддзі, але сваімі думкамі і пачуццямі быў ўсярэдзіне гэтага свету чужы. Рэлігія, бацькаўшчына, сям'я, дзяржава не мелі ў мяне ніякай вартасці, яны мне ніяк не абыходзілі, славалюбства навукі, мастацтвы, цэхі мяне гідзілі; мае погляды, мой густ, мой розум, якімі я колісь ззяў як чалавек адораны і папулярны, цяпер запусціліся і здзічэлі, зрабіліся падазронымі людзям. Калі ў працэсе пераменаў я і набываў нешта нябачнае і бязважкае, дык аплачваў гэта дарагою цаною, і з кожным разам жыццё маё рабілася ўсё больш цяжкім, адзінокім, небяспечным. Далібог жа, у мяне не было прычыны хацець, каб так ішло далей, каб дарога мая вяла ва ўсё больш беспаветраныя сферы, падобныя на дым у восеньскай песні Ніцшэ.

Ах во, - я добра ведаў гэтыя адчуванні, гэтыя перамены, ушыкаваныя лёсам сваім наравістым дзецям, ад якіх столькі ўсялякіх турботаў, добра бо я іх ведаў. Я ведаў іх як ганарлівы, але няўдачлівы паляўнічы ведае ўсе этапы палявання, як стары біржавік ведае ўсе этапы спекуляцыі, выйгрышу, няўпэўненасці, ваганняў, банкруцтва. Няўжо мне і праўда даводзілася праходзіць праз усё гэта? Праз усю гэту муку, праз усе гэтыя ваганні, праз усе гэтыя сведчанні нізкасці і нікчэмства свайго «я», праз усю гэтую жахлівую боязь паразы, праз увесь гэты страх смерці? Ці не лягчэй было б, ці не прасцей прадухіліць паўтор столькіх пакутаў і даць лататы? Ну так, гэта было б і прасцей, і разумней. Што б там ні пісалі наконт «самагубцаў» у брашуры пра Стэпавага ваўка, ніхто не мог пазбавіць мяне прыемнасці з дапамогай свяцільнага газу, брытвы альбо пісталета ўнікнуць паўтору працэсу, пакутлівы боль ад якога я, далібог, перажываў ужо даволі часта і глыбока. Не, чорт пабяры, ніякая сіла на свеце не прымусіць мяне яшчэ раз задрыжаць перад смерцю ад жаху, яшчэ раз перарадзіцца і пераўвасобіцца, прычым адно дзеля таго, каб здабыць нарэшце мір і спакой, а не дзеля новага самазнішчэння, не дзеля новага перараджэння! Хай самазабойства - гэта глупства, баязлівасць і подласць, хай гэта бясслаўны, ганебны выхад - любы, нават самы ганебны выхад з гэтага млына пакутаў няма ладу які харошы, тут ужо няма чаго гуляць у высакародства і гераізм, тут я стаю перад простым выбарам паміж маленькім, кароткім болем і неверагодна жорсткай, бясконцай пакутай. У сваім такім цяжкім, такім шалёным жыцці я даволі часта бываў высакародным донкіхотам і аддаваў перавагу частцы - зручнасці, а гераізм - розуму. Годзе, хопіць з мяне!

Раніца пазяхала ўжо ў вокны, свінцовая, халерная раніца дажджлівага зімовага дня, калі я нарэшце лёг. У ложак я ўзяў і сваё рашэнне. Але ўскрай свядомасці, на яе апошняй мяжы, калі ўжо я засынаў, перад мною прабліснула тая дзіўная старонка брашуры, дзе гаворка ішла пра «несмяротных», і я ўспомніў, што няраз і нават зусім нядаўна адчуваў сябе даволі блізкім да несмяротных, калі ў адным такце старадаўняй музыкі ўлавіў халодную, светлую, сурова-ўсмешлівую мудрасць несмяротных. Гэта ўзнікла, прабліснула, патухла, і цяжкі, як гара, сон атуліў мой лоб.

Прачнуўшыся пад полудзень, я адразу адчуў яснасць сітуацыі: брашурка мая і вершы ляжалі на тумбачцы, і маё рашэнне, якое даспела і памацнела за ноч у сне глядзела на мяне прыветліва-халодна з хаосу майго жыцця апошняга часу. Спяшацца не было куды, маё рашэнне памерці не было мімалётнай прыдумкай, капрызам апошняй гадзіны, гэта спелы, крамяны плод, які выспяваў і цяжэльшаў павольна і быў гатовы ўпасці ад першага ж парыву ветру лёсу, які цяпер яго ціхенька пакалыхваў.

У мяне ў дарожнай аптэчцы быў выдатны сродак ад болю, моцны прэпарат опіуму, карыстацца ім я дазваляў сабе вельмі рэдка, і маёй паўстрымлівасці часта хапала на некалькі месяцаў; гэты аглушальны сродак я прымаў толькі пры нясцерпна пакутлівым болі. На самазабойства ён, на жаль, быў непрыдатны, шмат гадоў таму назад я пераканаўся ў гэтым на практыцы. Аднойчы, падчас чарговага наплыву роспачы, я праглынуў вялікую дозу гэтага прэпарату, дастатковую, каб забіць шасцёх, але мяне гэта не забіла. Я, што праўда, заснуў і праляжаў некалькі гадзін у поўным забыцці, але потым, на жахлівае расчараванне, прачнуўся ад страшэннай рэзанкі ў жываце, званітаваў, не зусім ачомаўшыся, усю прынятую атруту і зноў заснуў, каб ужо канчаткова прачнуцца толькі ў сярэдзіне наступнага дня - мярзотна цвярозы, з выпаленым, пустым мозгам і амаль начыста адбітай памяццю. Ніякіх іншых наступстваў, акрамя часовага бяссоння і боляў у страўніку, атручэнне не мела.

Гэты спосаб, значыцца, адпадаў. Але маё рашэнне прыняло цяпер такую форму: калі ў мяне ўсё пойдзе так, што я змушаны буду скарыстацца сваім опіумным зеллем, мне дазваляецца замяніць гэта кароткае збавенне збавеннем вялікім, смерцю, прычым смерцю пэўнай, надзейнай, ад кулі альбо ад брытвы. Цяпер становішча прасветлілася; чакаць свайго пяцідзесяцігоддзя, як дасціпна раіла брашурка, трэба было, на мой погляд, надта ж бо доўга, да яго заставалася яшчэ два гады. Няважна, праз год, ці праз месяц, ці ўжо заўтра - але дзверы былі адчыненыя.

Поделиться с друзьями: