ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Страх

Страх
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Штэфан Цвайг

Страх

Калі фраў Ірэна выйшла з кватэры палюбоўніка і пачала спускацца ўніз па лесвіцы, яе раптам ахапіў ужо знаёмы недарэчны страх. Перад вачамі хутка замільгалі чорныя кругі, калені быццам занямелі, перасталі згінацца, і ёй прыйшлося ўчапіцца за парэнчы, каб не ўпасці. Не ўпершыню ішла яна на такую рызыкоўную прыгоду, і раптоўныя дрыжыкі не былі ёй навіной, але кожны раз, вяртаючыся дадому, яна не магла справіцца з беспрычынным прыступам дурнога і смешнага страху. Дарога на спатканне давалася ёй значна лягчэй. Экіпаж яна адпускала за вуглом, паспешна, не гледзячы па баках, адольвала некалькі крокаў да пад'езда, узбягала па прыступках наверх, і першы прыліў страху, да якога прымешвалася і нецярпенне, раставаў у гарачых прывітальных абдымках. Але калі яна збіралася дадому, дрыжыкі другога таямнічага страху падымаліся ў ёй: яны цьмяна спалучаліся з адчуваннем

віны і недарэчнаю бояззю, што кожны праходжы з першага позірку на яе адгадае, адкуль яна ідзе, і дзёрзка ўхмыльнецца, бачачы яе разгубленасць. Ужо апошнія хвіліны блізкасці былі атручаны нарастаючаю трывогаю; яна спяшалася пайсці, ад спешкі ў яе нервова трэсліся рукі, яна няўважліва слухала словы палюбоўніка, паспешна абрывала развітальныя выбухі пачуцця; усё ў ёй ужо рвалася прэч, прэч з яго кватэры, з яго дома, ад гэтай прыгоды, назад у свой спакойны, салідны маленькі свет. Не разумеючы ад хвалявання ласкавых слоў, якімі палюбоўнік намагаўся яе супакоіць, яна на момант застывала за выратавальнымі дзвярамі і прыслухоўвалася, ці не ідзе хто-небудзь наверх або ўніз па лесвіцы. А на вуліцы ўжо вартаваў страх, каб адразу ж накінуцца на яе, уладарнаю рукою спыняў біццё яе сэрца, і яна, затоіўшы дыханне, спускалася па нямногіх лесвічных прыступках уніз.

З хвіліну яна прастаяла з заплюшчанымі вачамі, прагна ўдыхаючы прахалоду паўцёмнага вестыбюля. Дзесьці наверсе раптам бразнулі дзверы; яна спалохана схамянулася і хуценька збегла ўніз, а рукі яе самі сабою яшчэ ніжэй нацягнулі густую вуаль. Цяпер заставалася яшчэ самае страшнае, жахлівае для яе выпрабаванне - выйсці з чужога пад'езда на вуліцу. Яна схіліла галаву, нібы рыхтавалася да скачка з разбегу, і рашуча падалася да прачыненых дзвярэй.

І тут яна тварам у твар сутыкнулася з нейкаю жанчынаю, якая, відаць, хацела зайсці ў пад'езд.

– Прабачце, - збянтэжана прамармытала яна і паімкнулася абысці незнаёмую. Але тая засланіла сабою дзверы і ўтаропілася ў фраў Ірэну злосным і нахабным позіркам.

– Вось я вас і злавіла!
– адразу ж закрычала яна грубым голасам.
– А як жа, з прыстойных! З так званых прыстойных! У яе і муж ёсць, і грошы, і ўсяго хапае. Дык не, ёй яшчэ трэба пераманіць палюбоўніка ў беднай дзяўчыны...

– Богам прашу... што вы? Вы памыляецеся, - пралепятала фраў Ірэна і нязграбна паспрабавала прашмыгнуць міма, але жанчына ўсёю сваёю грузнаю фігураю засланіла праход і пранізліва заверашчала:

– А як жа, памыляюся... Не, я вас ведаю. Вы ад майго сябрука, ад Эдуарда ідзяце. Нарэшце-такі я вас застукала; цяпер я ведаю, чаму на мяне ў яго часу няма. Праз вас, нягодніца вы гэтакая!..

– Богам прашу, не крычыце гэтак, - ледзь чутна выціснула з сябе фраў Ірэна і міжволі адступіла назад у вестыбюль. Жанчына насмешліва глядзела на яе. Гэтае дрыжанне ад страху, гэтая відавочная бездапаможнасць былі ёй, мусіць, даспадобы, бо цяпер яна разглядвала сваю ахвяру з самазадаволенай, пераможна-пагардлівай усмешкай. А ў голасе ад злоснага задавальнення з'явіліся нават фамільярна-дабрадушныя ноткі.

– Вунь яны якія, замужнія дамачкі: гордыя ды высакародныя. Пад вуалем ходзяць чужых мужчын адбіваць. Пад вуалем, а як жа іначай? Трэба ж потым разыгрываць прыстойную жанчыну...

– Ну што... што вам ад мяне трэба?.. Я ж вас нават не ведаю... Пусціце...

– Ну, канечне, пусціце... Дадому, да мужа, у цёплы пакой, каб разыгрываць высакародную дамачку і прымушаць слуг распранаць сябе... А тое, што мы тут з голаду здыхаем, такім высакародным дамам усё адно... Яны, гэтыя прыстойныя жанчыны, у нас апошняе імкнуцца ўкрасці...

Ірэна намаганнем волі авалодала сабою, інстынктыўна палезла ў партманет і выцягнула адтуль усе папяровыя грошы.

– Вось... вось... бярыце. Толькі прапусціце мяне... Я болей ніколі сюды не прыйду... клянуся вам...

Раз'юшана бліснуўшы вачамі, жанчына ўзяла грошы і пры гэтым прашыпела: «Сцерва».

Фраў Ірэна ўся здрыганулася ад такой абразы, але, убачыўшы, што жанчына саступіла ўбок, без памяці, ледзь дыхаючы, кінулася на вуліцу, як кідаецца з вежы самазабойца. Калі яна імчалася па вуліцы, у вачах у яе пацямнела і твары прахожых здаваліся пачварнымі маскамі; але вось нарэшце яна дабралася да таксі, якое стаяла на вуглу, бяссільна ўпала на сядзенне, і адразу ўсё ў ёй застыла. Калі ж здзіўлены шафёр спытаўся нарэшце ў дзіўнай пасажыркі, куды ехаць, яна нейкі момант тупа глядзела на яго, пакуль да яе разгубленай свядомасці дайшлі ягоныя словы.

– На Паўднёвы вакзал, - паспешна выціснула яна з сябе, і раптам у яе прамільгнула думка, што гэтая асоба можа кінуцца за ёю ўслед.
– Хутчэй, давайце хутчэй.

Толькі па дарозе яна зразумела, як узрушыла яе гэтая сустрэча. Яна адчула холад сваіх рук, якія павіслі, быццам нежывыя, і раптам пачала дрыжаць, нібы ў ліхаманцы. Да горла падступіла горыч, і разам з млосцю ў ёй паднялася нястрымная, сляпая злосць, ад якой выварочвалася ўсё ўнутры. Ёй хацелася крычаць, малаціць кулакамі, пазбавіцца ад жаху

гэтага ўспаміну, які засеў у яе ў мозгу, нібы стрэмка, забыцца пра брыдкую морду з нахабнаю ўхмылкаю, пра смурод вульгарнасці, які ішоў ад непрыемнага дыхання незнаёмай, распусны рот, які з нянавісцю выплёўваў ёй проста ў твар грубыя словы, пагрозліва занесены над ёю чырвоны кулак. Усё мацней рабілася млоснасць, усё вышэй падступала да горла, а тут яшчэ машыну ад хуткай язды кідала ва ўсе бакі. Яна хацела ўжо сказаць шафёру, каб ён ехаў павольней, але ў час схамянулася, што ў яе не будзе чым заплаціць яму - бо яна аддала вымагальніцы ўсе буйныя грошы. Яна паспяшалася спыніць машыну і яшчэ раз здзівіла шафёра, выйшаўшы на паўдарозе. На шчасце, грошай ёй хапіла. Але затое яна апынулася ў зусім незнаёмым раёне, сярод мітусні занятых людзей, кожны позірк, кожнае слова якіх прычынялі ёй фізічны боль. Пры гэтым ногі ў яе былі ватныя ад страху і не хацелі ісці, але яна разумела, што трэба папасці дадому, сабрала ўсю сваю волю і з неймаверным напружаннем цягнулася з вуліцы на вуліцу, быццам прабіралася па балоце ці па глыбокім снезе. Нарэшце яна дабралася дадому і з ліхаманкавай паспешнасцю падалася наверх па лесвіцы, але адразу ж стрымала сябе, каб яе хваляванне не выглядала падазроным.

Толькі пасля таго як пакаёўка зняла з яе паліто і яна пачула з суседняга пакоя голас сына, які гуляў з малодшаю сястрычкаю, а супакоены позірк убачыў навокал усё сваё, роднае і надзейнае, да яе вярнулася вонкавае самавалоданне, між тым як аднекуль з глыбіні яшчэ накочваліся трывожныя хвалі і балюча біліся ў цяжкіх грудзях. Яна зняла вуаль, вялізным намаганнем прымусіла сябе надаць твару бесклапотны выгляд і ўвайшла ў сталовую, дзе муж сядзеў за накрытым да вячэры сталом і чытаў газету.

– Позна, позна, мілая Ірэна, - ласкава пажурыў ён жонку, устаў і пацалаваў яе ў шчаку, што міжволі выклікала ў яе шчымлівае пачуццё сораму.

Яны селі за стол, і муж абыякавым тонам, не падымаючы вачэй ад газеты, спытаўся:

– Дзе ты была гэтак доўга?

– У... у Амеліі... ёй трэба было сёе-тое купіць... і я пайшла з ёю, - сказала яна з запінкаю і тут жа ўзлавалася на сябе за тое, што не падрыхтавалася адказваць і гэтак няўмела зманіла. Звычайна яна загадзя вынаходзіла старанна прадуманую хлусню, здольную вытрымаць любую праверку, але сёння ад страху ўсё забыла і вымушана была ўжыць такую бездапаможную імправізацыю. А што, пранеслася ў яе галаве, калі муж, як у той п'есе, якую яны нядаўна глядзелі ў тэатры, надумае пазваніць па тэлефоне і праверыць?..

– Што з табою?.. Ты нейкая вельмі ўжо ўзбуджаная... І чаму ты не здымеш капелюша?
– спытаўся муж.

Ужо другі раз яна сёння збянтэжылася! Яна здрыганулася і паспешна ўстала з-за стала, пайшла ў свой пакой, каб зняць капялюш, і доўга глядзела ў люстра, пакуль яе неспакойны позірк не стаў зноў цвёрды і ўпэўнены. Толькі пасля гэтага яна вярнулася ў сталовую.

Пакаёўка падала вячэру, і вечар прайшоў як звычайна, бадай, толькі больш маўкліва, меней ажыўлена, чым звычайна; вялая, нудная размова раз-пораз перапынялася. Яе думкі ўвесь час вярталіся да падзей гэтага дня, але кожны раз, калі даходзілі да грознай хвіліны сустрэчы з вымагальніцай, спалохана адступалі; тады яна ўзнімала вочы, каб адчуць сябе ў бяспецы, сярод любых рэчаў, звязаных з дарагімі ўспамінамі, ласкава дакраналася да іх і патроху супакойвалася. А насценны гадзіннік спакойна ішоў у цішыні сваім стальным крокам і непрыкметна надаваў і яе сэрцу раўнамерны, бесклапотна-ўпэўнены рытм.

* * *

На раніцу, калі муж падаўся да сябе ў канцылярыю, а дзеці пайшлі гуляць і яна нарэшце-такі засталася сам-насам з сабою, учарашняя сустрэча пры яркім ранішнім святле стала здавацца ёй меней страшнаю. Перш за ўсё фраў Ірэна разважыла, што вуаль у яе вельмі густы і вымагальніца ніяк не магла разгледзець яе твар, а значыцца, ні ў якім выпадку другі раз не пазнае яе. Спакойна прадумала яна, як засцерагчы сябе ад небяспекі ў будучым. Яна нізашто болей не пойдзе на кватэру да палюбоўніка - такім чынам магчымасць новага нападу адпадзе сама сабою. Застаецца толькі пагроза выпадковай сустрэчы, таксама наўрад ці магчымая, бо яна ўцякла на таксі, і, значыцца, тая асоба не магла высачыць яе. Ні яе прозвішча, ні яе адрас вымагальніцы не вядомыя, а па агульным невыразным абліччы цяжка ўпэўнена пазнаць чалавека. Але і да такога надзвычайнага выпадку фраў Ірэна была падрыхтаваная. Пазбавіўшыся ад ціскоў страху, няцяжка будзе, вырашыла яна, трымаць сябе спакойна, ад усяго адракацца, непарушна сцвярджаць, што гэта памылка; бо даказаць, што яна была ў палюбоўніка, нельга інакш, як застаць яе на месцы злачынства, - значыцца, у выпадку чаго можна прыцягнуць гэтую асобу да адказнасці за шантаж. Нездарма фраў Ірэна была жонка аднаго з самых вядомых сталічных адвакатаў; з яго размоў з калегамі яна засвоіла, што шантажу трэба класці канец адразу ж, захоўваючы поўную вытрымку, бо самае нязначнае хістанне, самы нязначны прызнак трывогі з боку ахвяры даюць у рукі праціўніку лішні козыр.

Комментарии: