Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страх

Цвайг Штэфан

Шрифт:

* * *

Тры дні яна не выходзіла на вуліцу і ўжо стала з трывогаю заўважаць, што другім у доме кідаецца ў вочы яе пастаянная прысутнасць, - звычайна яна рэдкі дзень доўга або неадлучна праседжвала ў сваіх пакоях.

Першыя заўважылі гэтую перамену дзеці, асабліва старэйшы хлопчык, які неўзабаве прастадушна выказаў здзіўленне, што мама цяпер многа бывае дома, а чэлядзь толькі шушукалася і дзялілася сваімі здагадкамі з гувернанткаю. Дарэмна спрабавала яна даводзіць, што яе прысутнасць неабходна па самых розных, большаю часткаю трапна прыдуманых прычынах, але куды б яна ні ўмешвалася, яна толькі парушала заведзены парадак, кожная яе спроба дапамагчы выклікала здзіўленне. Пры гэтым ёй не хапала такту не трымацца на пярэднім плане, а адасобіцца, засесці дзе-небудзь у пакоях за кніжку або работу; увесь час унутраная трывога, якая выяўлялася ў яе, як усякае моцнае перажыванне, у нервовым узбуджэнні, гнала яе з пакоя ў пакой. Пры кожным званку па тэлефоне ці ў дзверы яна ўздрыгвала, адчуваючы, што яе ціхамірнае існаванне можа раптам

абарвацца і ператварыцца ў нішто; яна адразу падала духам, і ёй ужо здавалася, што жыццё яе незваротна загублена. Гэтыя тры дні, якія яна прасядзела ў сваіх пакоях, як у турме, здаліся ёй даўжэйшымі за восем гадоў замужжа.

Але на трэці дзень яна мусіла ўвечары выйсці з дома: яе і мужа даўно ўжо запрасілі ў госці, і адмовіць без дастаткова важкіх прычын было немагчыма. Дый трэба ж, нарэшце, каб не звар'яцець, зламаць гэты частакол страху, якім цяпер было абнесена яе жыццё. Ёй хацелася бачыць людзей, некалькі гадзін адпачыць ад сябе, перарваць самагубную адзіноту страху. І акрамя таго, дзе можа яна адчуваць сябе ў большай бяспецы ад нябачнага неадступнага праследавання, як не ў чужым доме сярод сяброў? Толькі на адно імгненне, тое кароткае імгненне, калі яна ўпершыню пасля непрыемнай сустрэчы ступіла на вуліцу, ёй стала страшна, што шантажыстка падпільноўвае яе дзесьці тут, паблізу. Яна міжволі ўчапілася ў мужаву руку, зажмурылася і прабегла некалькі крокаў па тратуары да аўтамабіля, які чакаў іх; але, калі яна сядзела ў машыне пад аховаю мужа і імчалася па бязлюдных у гэтую познюю гадзіну вуліцах, цяжар мала-памалу зваліўся з яе сэрца, і, падымаючыся па лесвіцы чужога дома, яна ўжо адчувала сябе ў бяспецы. На некалькі гадзін яна магла зноў стаць такой самай бесклапотнай і вясёлай, якой была шмат гадоў дагэтуль, і нават радавацца больш глыбокай, свядомай радасцю вязня, які вырваўся з турэмных муроў на сонечнае святло. Тут ёй не пагражала праследаванне, нянавісць не магла пранікнуць сюды, навокал былі людзі, якія любілі і паважалі яе, захапляліся ёю, багата адзетыя бесклапотныя людзі, акружаныя іскрыстым ружовым німбам легкадумнасці, і гэты карагод асалоды нарэшце-такі зноў самкнуўся вакол яе. Бо адразу пасля яе з'яўлення ў зале позіркі прысутных сказалі ёй, што яна прыгожая, і яна яшчэ болей пахарашэла ад даўно не зведанага пачуцця ўпэўненасці ў сабе.

З суседняй залы чуліся вабныя гукі музыкі і пранікалі ў яе разгарачаную кроў. Пачаліся танцы, і не паспела яна агледзецца, як апынулася ў гушчы натоўпу. Гэтак яна не танцавала ні разу ў жыцці. Бурны віхор зрабіў яе бязважкаю, рытм пранікаў у кожную частачку цела, акрыляў яго вогненным рухам. Як толькі музыка спынялася, Ірэна балюча адчувала цішыню, трывожны агеньчык прабягаў па яе напружаных мышцах, і, як у ванну, у ваду, якая халадзіла, супакойвала, калыхала, акунулася яна зноў у гэты кругаварот. Звычайна яна танцавала даволі пасрэдна, разважная стрыманасць рабіла яе рухі нязграбнымі, занадта асцярожнымі, але дурман радасці, якая вырвалася наверх, вызваліў яе ад унутранай скаванасці. Парваўся сталёвы абруч, у якім розум і сорам трымалі самыя буйныя пачуцці, і цяпер Ірэне здавалася, што яна ўпіваецца бяздумнаю асалодаю і растае ў ёй. Яна адчувала вакол сябе чыесьці рукі і плечы, якія то датыкаліся, то адыходзілі ад яе, словы, падобныя на ўздыхі, казытлівы смех, музыку, якая звінела ў крыві; усё цела напружылася, напружылася так, што ўжо дотык адзення пёк, як агнём, ёй чамусьці хацелася скінуць усю адзежу, каб голаю глыбей увабраць у сябе гэты дурман.

– Ірэна, што з табою?
– Яна павярнулася, хістаючыся, вочы яе смяяліся, яна ўся яшчэ была разгарачаная абдымкамі партнёра. І тут проста ў сэрца ёй ударыў халодны, жорсткі позірк мужа, які здзіўлена, неадрыўна глядзеў ёй у твар. Яна спалохалася: няўжо яна занадта дала сабе волі і нешта выдала сваімі шалёнымі паводзінамі?

– Што... што ты маеш на ўвазе, Фрыц?
– пралепятала яна, разгубленая ад яго праніклівага позірку, які ўпіваўся ў яе ўсё глыбей і глыбей, так што яна адчувала яго цяпер у самым сэрцы. Ёй хацелася крычаць ад гэтага бязлітаснага ўсёпранікальнага позірку.

– Вельмі дзіўна, - пасля доўгага маўчання прамармытаў ён. У яго голасе чуваць было прыглушанае здзіўленне. Яна не асмелілася спытаць, што ён хоча гэтым сказаць, але па целе ў яе прабеглі дрыжыкі, калі ён адвярнуўся і не дадаў болей ні слова, а яна ўбачыла яго плечы, шырокія, моцныя, масіўныя, а над імі цвёрдую, быццам выкаваную з жалеза, патыліцу. Такая бывае ў забойцаў, падумала Ірэна і тут жа адмахнулася ад гэтай недарэчнай думкі. Толькі цяпер яна нібыта ўпершыню ўбачыла свайго мужа і з жахам зразумела, які ён моцны і небяспечны.

Зноў зайграла музыка. Нейкі пан падышоў да яе, яна машынальна абаперлася на яго руку. Але цяпер усё ў ёй зрабілася цяжкім, і вясёлая мелодыя не магла ўдыхнуць жыццё ў яе як быццам волавам налітыя ногі. Нейкі цяжар ціснуў ад сэрца да ног, і кожны крок выклікаў боль. Ёй прыйшлося папрасіць у кавалера прабачэння. Вяртаючыся на сваё месца, яна міжволі азірнулася, ці няма паблізу мужа, і ўся задрыжала: ён стаяў тут жа, за ёю, нібы чакаў яе, і зноў яго халодны позірк скрыжаваўся з яе позіркам. Што з ім? Што ён ужо ведае? Яна машынальна захінулася, быццам хацела абараніць ад яго голыя грудзі. Яго маўчанне было такое ж упартае, як і яго позірк.

– Можа, паедзем?
– баязліва спыталася яна.

– Добра.

Голас гучаў жорстка і няласкава. Ён пайшоў паперад. І яна зноў убачыла масіўную, пагрозлівую патыліцу. На яе надзелі футру, але яе па-ранейшаму прабіралі дрыжыкі. Моўчкі яны ехалі побач - Ірэна баялася загаварыць. Невыразна адчувала яна новую небяспеку. Цяпер яна была абкружана з абодвух бакоў.

* * *

У гэтую ноч ёй сасніўся

страшны сон. Нейкая невядомая музыка грымела ў высокай і светлай зале. Яна ўвайшла і апынулася сярод стракатага натоўпу. Раптам да яе праціснуўся нейкі малады чалавек, яна як быццам ведала яго, але не магла ўспомніць, хто ён. Ён узяў яе пад руку, і яны пайшлі танцаваць. Ёй было хораша і прыемна, хваля музыкі падняла яе і панесла над зямлёю. Так яны танцавалі ў мностве залаў, дзе высока пад столлю пазалочаныя люстры, нібы зоркі, ззялі агеньчыкамі свечак, а люстэркі на сценах вярталі Ірэне яе ўсмешку і перадавалі далей незлічонымі адлюстраваннямі. Усё імклівей рабіўся танец, усё гарачэй іграла музыка. Яна адчувала, што юнак усё шчыльней прыціскаецца да яе, пальцы яго глыбей упіваюцца ў яе голае плячо. Яна застагнала ад салодкага болю і, сустрэўшыся з ім позіркам, успомніла, хто ён. Гэта быў акцёр, якога яна абагаўляла здалёку, калі была яшчэ зусім дзяўчынкаю. Яна ўжо сабралася з захапленнем назваць яго імя, як ён заглушыў яе словы гарачым пацалункам. І вось гэтак, вусны да вуснаў, злітыя ў гарачых абдымках, імчаліся яны па залах, быццам іх нёс жыватворны вецер. Міма праляталі сцены; яна ўжо не бачыла над сабою столі, не адчувала ні часу, ні свайго вызваленага ад путаў цела. Раптам хтосьці дакрануўся да яе пляча. Яна спынілася, і тут жа сціхла музыка, патухлі агні, чорныя сцены абступілі яе, а партнёр знік. «Аддай мне яго, зладзейка!» - закрычала страшная незнаёмая так, што рэхам адклікнуліся сцены, і ўпілася ледзянымі пальцамі ёй у руку. Яна рванулася і сама пачула свой крык, шалёны, пранізлівы жахлівы крык; пачалася барацьба, незнаёмая брала верх, сарвала з яе жамчужныя каралі, а заадно і палову сукенкі; з-пад шматкоў тканіны выглянулі голыя плечы і грудзі. І раптам аднекуль зноў з'явіліся людзі, шум нарастаў, людзі збягаліся з усіх залаў і насмешліва глядзелі на яе, на паўголую, і на страшэннае стварэнне, якое вішчала на ўвесь голас: «Распусніца, гуляшчая! Адабрала яго ў мяне!» Яна не ведала, куды схавацца, куды глядзець, а морды, на якіх застыла ўхмылка, падступалі ўсё бліжэй, цікаўныя позіркі абмацвалі яе голае цела, і вось, калі памутнелы позірк у пошуках выратавання скіраваўся ўдалячынь, яна раптам убачыла ў цёмных дзвярах нерухомую постаць мужа, яго правая рука была за спінаю. Яна ўскрыкнула і кінулася бегчы ад яго цераз усе залы, прагны натоўп падаўся следам, а яна адчувала, што сукенка з'язджае ўсё ніжэй і ніжэй і хутка ўпадзе зусім. Раптам перад ёю расчыніліся дзверы, яна стрымгалоў кінулася ўніз па лесвіцы, спадзеючыся выратавацца, але ўнізе ўжо чакала гнюснае стварэнне, у запэцканай шарсцяной спадніцы, і цягнулася да яе ўчэпістымі кіпцюрамі. Ірэна кінулася ўбок і, не помнячы сябе, ірванулася наперад, тая следам, і гэтак яны бясконца беглі ў цемры па доўгіх, маўклівых вуліцах, а ліхтары з ухмылкаю нахіляліся да іх. Яна ўвесь час чула, як тупацяць за спінаю драўляныя чаравікі той жанчыны, але варта ёй было павярнуць за вугал, як тая самая жанчына выскоквала насустрач; яна вартавала за кожным вуглом, у кожным пад'ездзе справа і злева; яна была ўсюды, яна множылася з жахліваю хуткасцю, яе нельга было абагнаць, кожны раз яна аказвалася наперадзе, спрабавала схапіць Ірэну, у якой ужо падгіналіся калені. Вось нарэшце-такі яе дом, яна кінулася туды, расчыніла дзверы, але на парозе стаяў муж з нажом у руцэ і глядзеў на яе тым самым дапытлівым позіркам. «Дзе ты была?» - сурова спытаўся ён. «Нідзе», - пачула яна свой голас, а за спінаю ўжо гучаў пранізлівы рогат. «Я бачыла! Я бачыла!» - вішчала праследвальніца, яна раптам аказалася побач і рагатала як шалёная. Тут муж узмахнуў нажом. «Ратуйце! Ратуйце!» - закрычала Ірэна.

Яна расплюшчыла вочы, і яе спалоханы позірк сустрэўся з позіркам мужа. Што... што гэта было? Яна ў сябе ў спальні, цьмяна гарыць уверсе лямпа, яна дома, у пасцелі, а тое быў толькі сон. Але чаму на краі ложка сядзіць муж і глядзіць на яе, як на хворую? Хто запаліў святло, і чаму муж сядзіць гэтак нерухома, з такім суровым выглядам? Ёй зрабілася вельмі страшна. Міжволі зірнула яна на яго руку: не, нажа не відаць. Паволі рассейваўся цяжкі кашмар з бліскавіцамі начных мараў. Значыцца, усё гэта ёй прыснілася, яна крычала ў сне і разбудзіла мужа. Але чаму ён глядзіць на яе такім строгім, такім пранізлівым, такім няўмольна сур'ёзным позіркам?

Яна паспрабавала ўсміхнуцца.

– Што ты? Чаго ты так глядзіш на мяне? Па-мойму, мне сніўся страшны сон.

– Так, ты крычала вельмі гучна. Я пачуў з суседняга пакоя.

«Што ж я крычала, аб чым прагаварылася?
– з жахам падумала яна.
– Аб чым ён здагадаўся?» Яна баялася падняць на яго вочы. А ён глядзеў на яе вельмі сур'ёзна і пры гэтым, на здзіўленне, спакойна.

– Што з табою робіцца, Ірэна? Цябе зусім нельга пазнаць у апошнія дні - дрыжыш як у ліхаманцы, нервуешся, нейкая рассеяная. А тут яшчэ клічаш на дапамогу ў сне...

Яна зноў паспрабавала ўсміхнуцца.

– Не, ты штосьці ад мяне хаваеш, - настойваў ён.
– Можа, у цябе непрыемнасці ці што-небудзь цябе мучыць? Усе ў доме ўжо заўважылі, як ты змянілася. Не бойся, скажы мне ўсю праўду.

Ён непрыкметна падсунуўся бліжэй, яна адчувала, як яго пальцы песцяць і гладзяць яе голую руку, а вочы іскрацца нейкім асаблівым святлом. Яе неадольна пацягнула прытуліцца да яго моцнага цела, прыціснуцца, усё расказаць і не адпускаць яго, пакуль ён не даруе ёй - тут жа, калі ён бачыць, як яна пакутуе.

Але лямпа кідала сваё цьмянае святло на яе твар, і ёй стала сорамна. Яна пабаялася вымавіць жахлівае слова.

– Не турбуйся, Фрыц, - паспрабавала яна ўсміхнуцца, у той час як па ўсім яе целе да кончыкаў голых пальцаў на назе прабягалі дрыжыкі страху.
– Гэта проста нервы. Усё пройдзе.

Рука яго, працягнутая ўжо, каб абняць яе, імгненна адсунулася. Ірэна паглядзела на мужа і здрыганулася - ён быў вельмі бледны ў гэтым невыразным святле, лоб хмурыўся ад змрочных думак. Паволі падняўся ён з месца.

Поделиться с друзьями: