Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страх

Цвайг Штэфан

Шрифт:

– Не плач, Ірэна... Ужо ж усё... усё мінула. Не пакутуй гэтак... Табе ўжо няма чаго баяцца... Яна не прыйдзе болей ніколі, чуеш - ніколі...

Ірэна зноў ірванулася ў сутаргавым рыданні, хоць муж моцна трымаў яе абедзвюма рукамі. Ён бачыў роспач, якая калаціла змучаную жанчыну, і адчуў страх, быццам ён быў яе забойцам.

Ён увесь час цалаваў яе, няскладнымі словамі прасіў прабачэння.

– Не... ніколі болей... яна болей не прыйдзе... Клянуся табе... Я не чакаў, што ты гэтак спалохаешся... Я хацеў толькі вярнуць цябе... напомніць пра твой абавязак... каб ты назаўжды пайшла ад яго... і вярнулася да нас... Калі я пра гэта даведаўся выпадкова, у мяне не было другога выйсця... не мог жа я проста сказаць табе... Я ўсё спадзяваўся... усё спадзяваўся, што ты вернешся, і таму падаслаў гэтую бедную жанчыну. Думаў, яна падштурхне цябе. Яна - беднае стварэнне, актрыса без ангажэменту... Яна згадзілася пасля доўгіх угавораў, я вельмі настойваў... Цяпер я бачу, гэта было нядобра... Але я хацеў цябе вярнуць... Няўжо ты не бачыла, што я гатовы, што я рады дараваць табе? Але ты мяне не зразумела... Да гэтага... да гэтага я не думаў цябе давесці... Мне самому яшчэ цяжэй было ўсё гэта бачыць... сачыць за кожным тваім крокам... Дзеля дзяцей, зразумей, толькі дзеля дзяцей я павінен быў прымусіць цябе... Але цяпер усё гэта прайшло... Усё будзе добра...

Голас гучаў зусім блізка, але словы даляталі да яе аднекуль здалёк, і яна не разумела іх. Усё заглушаў шум хваляў, якія набягалі знутры, свядомасць была азмрочана блытанінаю пачуццяў. Яна адчувала ласкавы дотык, пацалункі і свае слёзы, якія паволі астывалі, але ўнутры звінела і гула, цякла па венах кроў, а ў вушах стаяў шалёны гул, быццам званілі званы. Потым усё знікла ў тумане. Апрытомнеўшы, яна няясна адчула, што яе раздзяваюць, як праз густую заслону ўбачыла ласкавы і заклапочаны мужаў твар.

І адразу ж упала ў чорнае бяздонне глыбокага дабратворнага сну, у якім ёй нічога не снілася.

* * *

Калі яна назаўтра раніцаю расплюшчыла вочы, у пакоі было ўжо відно. І ў ёй самой таксама прасвятлела, навальнічныя грымоты быццам ачысцілі і асвяжылі кроў. Яна спрабавала ўспомніць, што з ёю здарылася, але ўсё здавалася ёй яшчэ сном. Яна адчувала непраўдападобную лёгкасць і свабоду, з якою чалавек лунае ў паветры ў марах, і, каб упэўніцца, што гэтае цьмянае адчуванне - рэчаіснасць, яна дакранулася адною рукою да другой.

Раптам яна ўздрыгнула: на пальцы блішчаў пярсцёнак. І тут жа сну як і не было. Тыя бязладныя словы, якія яна чула і не чула на мяжы прытомнасці, і тыя ранейшыя няясныя здагадкі, якія яна не асмельвалася зрабіць думкамі, і падазрэнне цяпер раптам зліліся ў стройнае цэлае. Усё адразу стала ёй зразумелым - і мужавы пытанні, і здзіўленне палюбоўніка; пятля за пятлёю раскруцілася перад ёю страшная сетка, якая аблытвала яе. Гнеў і сорам авалодалі ёю, нервы зноў задрыжалі, і яна ўжо гатова была пашкадаваць, што прачнулася ад гэтага сну без летуценняў і страху.

Але тут у суседнім пакоі пачуўся смех. Дзеці ўсталі і, нібы птушаняты, якія толькі што прачнуліся, голасна сустракалі новы дзень. Ірэна ясна распазнала сынаў голас і ўпершыню са здзіўленнем адзначыла, як ён падобны на бацькаў. Усмешка непрыкметна кранула яе вусны і затрымалася на іх. Ірэна ляжала з заплюшчанымі вачамі, каб лепей нацешыцца тым, што складала яе жыццё, а з гэтага часу і шчасце. У душы яшчэ ціхенька шчымела нешта, але гэта быў жыватворны боль - так пякуць раны, перш чым зарубцавацца назаўсёды.

Поделиться с друзьями: