Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страх

Цвайг Штэфан

Шрифт:

– Хто... Пра каго ты?

Яе нястрымна цягнула ўдарыць па гэтым застылым у дурнаватай грымасе твары. Рука яе міжволі сціснула парасон. Ніколі яшчэ ніхто не быў ёй гэтак агідны і ненавісны.

– Што ты... што ты, Ірэна, - усё яшчэ разгублена лепятаў ён.
– Што я табе зрабіў?.. Ты раптам перастала прыходзіць... Я чакаю цябе дні і ночы... Сёння я цэлы дзень прастаяў каля твайго пад'езда, каб хоць хвіліну пагаварыць з табою.

– Ах, прастаяў! Ты таксама!
– Яна адчувала, што ад гневу ў яе памутнела ў галаве. Вось ударыць бы яго па твары - якая гэта была б палёгка! Але яна стрымалася, яшчэ раз з пякучаю нянавісцю паглядзела на яго, як быццам раздумвала, ці не выліць усю назапашаную злосць у зняважлівых словах, але замест гэтага раптам павярнулася і, не аглядваючыся, зноў нырнула ў людскі паток. А ён гэтак і знерухомеў на месцы, разгублены, спалоханы, з умольна працягнутаю рукою, пакуль вулічная мітусня не падхапіла і не панесла яго, як нясе рэчка апалы ліст, а ён супраціўляецца, дрыжыць і круціцца,

пакуль бязвольна не скорыцца цячэнню.

* * *

Але Ірэне, мусіць, не наканавана было аддавацца суцяшальным спадзяванням. Ужо на наступны дзень новая запіска, як новы ўдар бізуном, ажывіла крыху аслабелы страх. На гэты раз ад яе патрабавалі дзвесце крон, і яна пакорліва аддала грошы. Яе палохала імклівае нарастанне патрабаванняў, яна разумела, што хутка не зможа задаволіць іх, бо хоць яна і належала да багатай сям'і, але не магла непрыкметна здабыць такія значныя сумы. Дый да чаго гэта прывядзе? Яна не сумнявалася, што заўтра ў яе запатрабуюць чатырыста крон, а крыху пазней тысячу, і чым болей яна дасць, тым болей будуць вымагаць; калі ж яе сродкі скончацца, прыйдзе ананімны ліст, і ўсё прапала. Яна аплачвала толькі час, толькі перадышку, два-тры дні, самае большае - тыдзень адтэрміноўкі. Але пры гэтым колькі нічым не акупленых гадзін пакутлівага чакання!.. Яна не мела сілы ні чытаць, ні чым-небудзь займацца, страх, як злы дэман, не даваў ёй спакою. Яна адчувала сябе сапраўды хвораю. Часам у яе пачыналася такое сэрцабіццё, што яна не магла трымацца на нагах, трывога, нібы расплаўленым свінцом налівала яе цела, але, нягледзячы на пакутлівую стомленасць, спаць яна таксама не магла. І хоць кожны нерв яе дрыжаў, ёй трэба было ўсміхацца, прыкідвацца вясёлай, і ніхто нават уявіць сабе не мог, якога неймавернага напружання каштавала гэтая прытворная весялосць, колькі сапраўднага гераізму было ў гэтым штодзённым, але марным насіллі над сабою.

З усіх людзей вакол яе толькі адзін чалавек, здавалася ёй, няясна здагадаўся аб тым, што ў яе на душы, здагадаўся толькі таму, што сачыў за ёю. Яна адчувала, што ён увесь час заняты ёю, як яна - ім, і гэтая ўпэўненасць прымушала яе пастаянна быць насцярожанай. Гэтак яны дзень і ноч высочвалі і пільнавалі адзін аднаго, і кожны стараўся выведаць таямніцу другога і мацней схаваць сваю. Муж таксама змяніўся ў апошні час. Грозная інквізітарская суровасць першых дзён саступіла месца клапатлівай увазе, якая міжволі нагадвала Ірэне пару яго жаніхоўства. Ён абыходзіўся з ёю, як з хвораю, бянтэжыў сваёю клапатлівасцю. У яе замірала сэрца, калі яна бачыла, як ён ледзь не падказвае ёй выратавальнае слова, як намагаецца зрабіць прызнанне прывабна лёгкім; яна разумела яго намер, была яму ўдзячная і радая яго дабраце. Але яна адчувала, што разам з цёплым пачуццём расло і пачуццё сораму, і яно скоўвала яе вусны мацней, чым раней недавер.

У адзін з гэтых дзён ён загаварыў зусім адкрыта, гледзячы ёй у вочы. Яна вярнулася дадому і ўжо ў пярэднім пакоі пачула гучную размову: рэзкі, рашучы голас мужа і бурклівая скорагаворка гувернанткі чаргаваліся з плачам і ўсхліпваннямі. Спачатку яна спалохалася. Бо варта ёй было пачуць дома гучную, усхваляваную гаворку, як яна ўся ўздрыгвала; усё, што выходзіла за межы штодзённасці, выклікала ў яе цяпер страх, шчымлівы страх, што ліст ужо прыйшоў і таямніца раскрыта. Адчыніўшы дзверы, яна перш за ўсё кідала на твары дамашніх хуткі позірк, які прагна пытаўся, ці не адбылося што-небудзь у яе адсутнасць, ці не выбухнула катастрофа. Але тут яна амаль адразу ж супакоілася, бо зразумела, што гэта проста дзіцячая сварка і нешта накшталт імправізаванага судовага разбору. Неяк на днях адна з цётак падарыла хлопчыку пярэстага цацачнага каня, што выклікала зайздрасць у малодшай сястрычкі, якая атрымала падарунак горшы. Яна паспрабавала прад'явіць свае правы на каня, ды гэтак настойліва, што брат забараніў ёй наогул дакранацца да цацкі; тады яна спачатку ўсчала крык, а потым затаілася ў злосным, зацятым маўчанні. Але назаўтра конік раптам прапаў; як ні шукаў яго хлопчык, ён бясследна знік; нарэшце прапажу выпадкова знайшлі ў печы: драўляныя часткі коніка былі паламаныя, пярэстая скура садрана, а ўсё ўнутры выпатрашана. Падазрэнне, зразумела, упала на дзяўчынку - хлопчык з плачам кінуўся да бацькі скардзіцца на крыўдзіцельку, і толькі што пачаўся допыт.

Маленькі суд цягнуўся нядоўга. Дзяўчынка спачатку адпіралася, але пры гэтым у яе здрадліва дрыжаў голас і вочы былі баязліва скіраваны ўніз: гувернантка сведчыла супраць яе, яна чула, як раззлаваная дзяўчынка гразілася выкінуць каня ў акно, што малютка без поспеху спрабавала адмаўляць; потым адбылася маленькая сцэнка са слязамі дзіцячай роспачы. Ірэна неадступна глядзела на мужа; у яе было такое адчуванне, што ён чыніць суд не над дачкою, а вырашае яе лёс, бо заўтра ўжо яна сама, магчыма, будзе стаяць перад ім з такім самым хваляваннем і адказваць такім самым зрывістым голасам. Муж трымаўся строга, пакуль дзяўчынка хлусіла і адмаўляла сваю віну, але паступова, крок за крокам, ён адолеў яе ўпартасць і ні разу не выказаў пры гэтым раздражнення. Калі ж на змену хлусні прыйшло зацятае маўчанне, ён стаў ласкава ўгаворваць яе, даказваць ледзь не натуральнасць такога дрэннага пабуджэння і да некаторай ступені прабачыў яе

брыдкі ўчынак тым, што ў парыве злосці яна не падумала, як моцна засмуціць ім брата. Ён так цёпла і пераканаўча растлумачыў дзяўчынцы яе выхадку як нешта зусім зразумелае і ўсё-такі вартае ганьбы, што малютка паступова размякла і нарэшце зараўла роўма. І тут жа праз слёзы прызналася ва ўсім.

Ірэна кінулася абдымаць равуху, але тая сярдзіта адштурхнула маці. Муж у сваю чаргу папракнуў яе за непатрэбнае спачуванне - ён не хацеў, каб правіна заставалася без пакарання, і прызначыў нязначную, але для дзіцяці адчувальную кару: дзяўчынцы забаранілі ісці заўтра на дзіцячае свята, пра якое яна з радасцю думала ўжо некалькі апошніх тыдняў. З ровам выслухала малютка прысуд, а хлопчык шумна выказаў свой трыумф, які аказаўся дачасным: за такую злараднасць яму таксама не дазволілі пайсці на заўтрашняе свята. Засмучаныя дзеці нарэшце пайшлі да сябе, суцешаныя крыху толькі агульнасцю пакарання, а Ірэна засталася адна з мужам.

Вось добрая нагода, адчула яна, адкінуць убок усякія намёкі, звязаныя з віною і прызнаннем дзіцяці, і загаварыць пра сваю віну. Калі муж зычліва прыме яе заступніцтва за дачку, гэта будзе ёй знакам, што яна можа асмеліцца загаварыць пра сябе.

– Скажы, Фрыц, - пачала яна, - няўжо ты сапраўды не пусціш дзяцей на свята? Для іх гэта будзе вялікае засмучэнне - асабліва для малюткі. Навошта такая строгая кара? Яна ж нічога асабліва страшнага не зрабіла. І табе не шкада яе?

– Ты пытаешся: няўжо мне яе не шкада? Вось што я табе скажу: сёння ўжо не. Пасля таго як яе пакаралі, ёй значна палегчала, хоць яна цяпер і засмучаная. Няшчасная яна была ўчора, калі разламаны бедны конік ляжаў у печы. Увесь дом шукаў яго, а малютка ўвесь час дрыжала ад страху, што прапажу вось-вось знойдуць. Страх горшы, чым пакаранне; у пакаранні ёсць нешта пэўнае. Вялікае яно ці малое - усё-такі лепей, чым неакрэсленасць, чым бясконцы жах чакання. Як толькі яна даведалася, якое будзе пакаранне, ёй адразу палегчала. Хай цябе не хвалююць яе слёзы - цяпер яны толькі вырваліся наверх, раней яны збіраліся ўнутры. А трымаць іх унутры куды цяжэй.

Ірэна паглядзела на мужа. Ёй здавалася, што кожнае яго слова цэліць у яе. Але ён як быццам і не думаў пра яе.

– Павер мне, усё менавіта так. Я гэта бачыў і ў судзе, і калі вёў следства. Больш за ўсё абвінавачаныя пакутуюць ад утойвання праўды, ад пагрозы яе раскрыцця, ад жахлівай неабходнасці абараняць хлусню ад мноства нападак. Страшна глядзець, як выкручваецца і курчыцца абвінавачаны, калі з яго, як абцугамі, прыходзіцца вырываць прызнанне. Часам яно ўжо зусім на языку, неадольная сіла падняла яго з самых патаемных глыбінь душы, яно душыць абвінавачанага, яно ўжо гатова ператварыцца ў словы - і раптам нейкая злая воля авалодвае ім, загадкавая мешаніна ўпартасці і страху, ён заглушае прызнанне, заганяе яго ўнутр. І барацьба пачынаецца спачатку. Суддзі часам пакутуюць ад гэтага болей, чым ахвяры. А абвінавачаныя бачаць у суддзях ворагаў, хоць на самай справе суддзі - яе памочнікі. А мне як адвакату, як абаронцу належала б перасцерагаць падапечных ад прызнанняў, падтрымліваць і заахвочваць іх хлусню, але ў мяне часта ўсё ўнутры ўзнімаецца супраць гэтага - вельмі ўжо яны пакутуюць ад неабходнасці запірацца, значна мацней, чым ад прызнання і наступнай кары. Мне, зрэшты, дагэтуль незразумела, як можна зрабіць ліхі ўчынак усведамляць усю яго небяспечнасць, а потым не мець мужнасці прызнацца. Маладушны страх перад рашучым словам, на маю думку, больш ганебны, чым любое злачынства.

– Ты думаеш... што заўсёды... толькі страх... стрымлівае людзей? А можа... не страх... а сорам перашкаджае чалавеку раскрыцца... як бы раздзецца... перад другімі людзьмі?

Муж здзіўлена зірнуў на яе. Ён не прывык чуць ад яе іншай думкі. Але яна моцна ўразіла яго.

– Ты кажаш - сорам... але гэта... як бы сказаць... гэта таксама па-свойму страх... толькі вышэйшага парадку... страх не перад пакараннем, а... але так, я разумею...

Ён устаў, неяк дзіўна ўзрушаны і захадзіў па пакоі. Гэтая думка, мусіць, закранула ў ім самыя чуллівыя струны, усхвалявала яго. Раптам ён спыніўся.

– Дапускаю... можна саромецца людзей, чужых людзей... натоўпу, які вывуджвае з газет чужое гора, смакуе яго і цешыцца... Але ж сваім блізкім, я думаю, можна прызнацца...

– А што, калі, - яна павярнулася ўбок; ён глядзеў на яе вельмі пільна, і яна адчувала, што ў яе зрываецца голас.
– Што, калі... самым блізкім... асабліва сорамна прызнацца...

Ён рэзка спыніўся перад ёю, яўна ўражаны.

– Дык, па-твойму... па-твойму...
– голас у яго адразу стаў другі, мяккі, глыбокі, - па-твойму, Хелене лягчэй расказаць аб сваёй правіннасці каму-небудзь другому... скажам... гувернантцы... што ёй...

– Я ў гэтым упэўнена... Яна так доўга запіралася менавіта таму... ну таму... таму, што твая думка ёй важней за ўсё... таму... таму, што яна цябе любіць больш за ўсіх...

Ён зноў задумаўся на хвіліну.

– Відаць... ты маеш рацыю, так, пэўна, маеш рацыю... Як дзіўна... мне гэта не прыходзіла ў галаву. Але, канечне, ты маеш рацыю, і я не хачу, каб ты думала, што я не магу прабачыць... Не, якраз ты не павінна гэтак думаць, Ірэна...

Ён глядзеў на яе, і яна адчувала, што чырванее ад яго позірку. Ці наўмысна ён гэтак гаворыць, ці гэта выпадковасць, каварная, небяспечная выпадковасць? Усё тая ж пакутлівая нерашучасць валодала ёю.

Поделиться с друзьями: