Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страх

Цвайг Штэфан

Шрифт:

Першай мерай засцярогі была кароткая запіска, у якой яна паведамляла палюбоўніку, што не можа прыйсці ў дамоўлены час ні заўтра, ні ў наступныя дні. Яе гонар быў абражаны непрыемным адкрыццём, што яна замяніла ў ласках палюбоўніку такую нізкую, подлую папярэдніцу, і цяпер, з непрыязным пачуццём падбіраючы словы, яна адчувала помслівую радасць, што халодны тон запіскі ставіць іх спатканне ў залежнасць ад яе капрызу.

Гэтага маладога чалавека, піяніста з імем, яна сустрэла на вечары ў кагосьці са знаёмых і вельмі хутка, сама таго не жадаючы і добра не разумеючы, стала яго палюбоўніцай. Ён, па сутнасці, амаль не хваляваў яе кроў, у яе не было да яго ні пачуццёвай, ні якой-небудзь духоўнай цягі; яна аддалася яму не таму, што ён быў патрэбны, жаданы ёй, а проста ад недастаткова рашучага супраціўлення яго волі і яшчэ з нейкай неспакойнай цікаўнасці. Нішто - ні задаволеная шлюбным шчасцем кроў, ні такое частае ў жанчын пачуццё духоўнага збяднення - не выклікала ў яе патрэбы ў палюбоўніку; яна была зусім шчаслівая, мела багатага мужа, які разумова перавышаў яе, і двое дзяцей; яна ляніва песцілася ў сваім утульным, забяспечаным, схаваным ад бур існаванні. Але надараецца ў паветры такое зацішша, якое будзіць пачуццёвасць не меней, чым духата і навальніца, такая аднолькавая тэмпература шчасця, якая ўзбуджае мацней, чым усякае няшчасце. Сытасць раздражняе не меней, чым голад, ад надзейнага, саліднага

жыцця фраў Ірэну пацягнула на прыгоды.

Вось у такі момант поўнага задавальнення, якому сама яна не ўмела надаць новых фарбаў, малады піяніст увайшоў у яе спакойны маленькі свет, дзе звычайна мужчыны толькі прэснымі жартамі і нявіннымі кампліментамі пачціва аддавалі даніну яе прыгажосці, але па-сапраўднаму не адчувалі ў ёй жанчыны, і тут упершыню з дзявоцкіх часоў штосьці скалыхнулася ў яе душы. У ім самім яе прывабіў бадай толькі налёт смутку, які падкрэсліваў і без таго наўмысную млявасць яго твару. Ірэне, якая прывыкла бачыць вакол сябе толькі задаволеных жыццём людзей, гэты смутак гаварыў аб другім, вышэйшым свеце, і яе міжволі пацягнула за межы штодзённых пачуццяў, каб зазірнуць у гэты свет. Пахвала, выкліканая хвіліннаю расчуленасцю ад яго ігры, можа, занадта гарачая з пункту гледжання прыстойнасці, прымусіла музыканта, які сядзеў за раялем, зірнуць на маладую жанчыну, і ўжо ў гэтым першым позірку было нешта, што вабіла. Яна спалохалася і тут жа адчула асалоду, уласцівую любому страху, а далейшая размова, уся быццам пранізаная і абпаленая скрытым полымем, распаліла і без таго насцярожаную цікаўнасць, і таму яна не ўхілілася ад новай размовы, калі сустрэлася з ім на публічным канцэрце. Потым яны пачалі бачыцца, і ўжо невыпадкова. Яе самалюбства цешыла тое, што яму, сапраўднаму артысту, яна так многа значыць як знаўца і дарадчыца, у чым ён не раз запэўніваў яе; і вось усяго праз некалькі тыдняў іх знаёмства яна неабдумана згадзілася з яго прапановаю - ёй, адной ёй хацеў ён сыграць сваю новую рэч у сябе дома; магчыма, у яго часткова і быў такі добры намер, але ён патануў у пацалунках і гарачых абдымках. Першае, што адчула Ірэна, пасля таго як яна, нечакана для сябе, аддалася яму, быў спалох перад гэтым паваротам у іх адносінах; таямнічая чароўнасць развеялася ўмомант, і пачуццё віны за здраду мужу толькі часткова змяншалася ганарлівым усведамленнем, што яна, як ёй здавалася, добраахвотна, упершыню выраклася свайго рэспектабельнага бюргерскага свету. У першыя дні яна палохалася ўласнай сапсаванасці, але паступова падпарадкавалася голасу пыхлівасці і пачала нават ганарыцца ёю. Аднак усе гэтыя складаныя пачуцці хвалявалі яе вельмі нядоўга. Штосьці інстынктыўна адштурхоўвала яе ў гэтым чалавеку, галоўным чынам тое новае, непрывычнае, што, уласна, і прывабіла яе. Палкасць, якая захапляла ў яго музыцы, непакоіла ў хвіліны блізкасці, яго парывістыя ўладныя абдымкі былі ёй нават непрыемныя, яна міжволі параўноўвала гэтую сябелюбную нястрымнасць з нясмелым, пасля столькіх гадоў шлюбу, поўным глыбокай пашаны палам мужа. Але, зграшыўшы адзін раз, яна зноў і зноў вярталася да палюбоўніка, без вялікай радасці і без расчаравання, са своеасаблівага пачуцця абавязку і яшчэ таму, што яна ленавалася расстацца з новаю прывычкаю. Прайшло ўсяго два-тры тыдні, і яна ўжо адвяла палюбоўніку пэўнае месцейка ў жыцці, вызначыла яму, як цесцю з цешчаю, пэўны дзень у тыдні; але гэтая сувязь зусім не змяніла звычайнага цячэння яе жыцця і толькі штосьці дадала да яго. Неўзабаве палюбоўнік увайшоў у добраўпарадкаваны механізм яе існавання, як нейкая даважка раўнамернага шчасця, як трэцяе дзіця ці аўтамабіль, і гэтая любоўная прыгода ўжо нічым не адрознівалася ад дазволеных радасцей.

І вось упершыню, калі ёй трэба было плаціць за гэтую прыгоду сапраўдную цану - плаціць небяспекаю, яна стала дробязна вылічваць яе сапраўдную вартасць. Яна была так распешчана лёсам і залашчана блізкімі, так прывыкла дзякуючы багаццю амаль не мець жаданняў, што першая ж цяжкасць аказалася ёй не па сіле. Ёй не хацелася пазбаўляцца хоць крыху душэўнай ціхамірнасці; яна нядоўга раздумвала і тут жа вырашыла ахвяраваць палюбоўнікам дзеля свайго спакою.

У той жа дзень пад вечар пасыльны прынёс адказ ад палюбоўніка - спалоханы, бязладны ліст. Гэты ліст, поўны збянтэжаных просьбаў, скаргаў і папрокаў, злёгку пахіснуў яе рашучасць пакончыць з прыгодаю - палкасць палюбоўніка і яго горкая роспач вельмі ўжо цешылі яе пыхлівасць. Ён настойліва прасіў у яе хоць кароткай сустрэчы, каб апраўдацца, калі ён чым-небудзь незнарок пакрыўдзіў яе, і цяпер яе ўжо вабіла новая гульня - даўжэй сердаваць на яго, адмаўляцца без бачнай прычыны, каб стаць яму яшчэ больш жаданаю. Таму яна наказала яму прыйсці ў тую кандытарскую, дзе, як ёй раптам успомнілася, у яе ў дзявочыя гады было спатканне з адным акторам, спатканне такое пачцівае і нявіннае, што цяпер яно здавалася ёй дзіцячаю забаваю. Дзіўна, з усмешкаю падумала яна, што рамантыка, якая зусім заглухла ў час сямейнага жыцця, зноў распускаецца пышнаю кветкаю. І яна ўжо гатова была радавацца ўчарашняй сутычцы з грубай жанчынаю, якая гэтак моцна і жыватворна падзейнічала на яе, што нервы яе, якія звычайна лёгка прыходзілі ў раўнавагу, тут усё яшчэ вібравалі.

* * *

Гэтым разам яна надзела цёмную, непрыкметную сукенку і другі капялюш, каб, у выпадку новай сустрэчы, збіць з панталыку шантажыстку. Яна збіралася ўжо закрыць твар вуалем, але з-за нейкага раптоўна ахапіўшага яе задзёрыстага пачуцця адклала яго ўбок. Няўжо ёй, прыстойнай, паважанай жанчыне, нельга спакойна з'явіцца на вуліцы з-за таго, што яна баіцца нейкага там стварэння, якога яна нават не ведае?

Толькі ў першую хвіліну, калі яна выйшла з дому, яе пранізала мімалётнае пачуццё страху, прабеглі нервовыя дрыжыкі, якія бываюць, калі спрабуеш ваду кончыкамі пальцаў, перш чым акунуцца ў хвалі. Але гэтыя халодныя дрыжыкі праз момант змяніліся ўпэўненасцю ў сабе, непрывычным для яе самалюбаваннем; ёй падабалася, што яна такая лёгкая, гнуткая, моцная, а такой пругкай, імклівай хады ў яе не было ніколі. Ёй нават стала шкада, што кандытарская так блізка - штосьці нястрымна вабіла, цягнула яе насустрач нязведаным прыгодам. Але да моманту, прызначанага ёю для пачатку спаткання, часу заставалася зусім мала, і ў яе чамусьці было прыемнае адчуванне, што палюбоўнік ужо чакае. Калі яна ўвайшла, ён сядзеў у кутку і, убачыўшы яе, ускочыў з непадробленым хваляваннем, якое і цешыла яе, і было ёй непрыемнае. Ёй прыйшлося папрасіць, каб ён гаварыў цішэй - такім віхрам пытанняў і папрокаў прарвалася яго душэўная трывога. Яна ні слова не сказала, чаму на самай справе адмяніла дамоўленае спатканне, і рабіла намёкі, загадкавасць якіх толькі мацней распальвала яго. Яна не паддалася ягоным просьбам, нават не спяшалася абяцаць што-небудзь, бо адчувала, як узбуджае яго гэтая невытлумачальная, раптоўная непрыступнасць... І калі пасля бурнай паўгадзіннай размовы яна пайшла і не дазволіла яму аніякай ласкі, нават нічога не паабяцала на будучае, яна ўся трымцела ад таго асаблівага ўзбуджання, якое адчувала толькі ў дзявоцтве. Ёй здавалася, што дзесьці там, у глыбіні, гарыць пякельны агеньчык і толькі чакае, каб

вецер разадзьмуў яго ў полымя, якое ахопіць яе ўсю. Ідучы па вуліцы, яна прагна лавіла кожны кінуты на яе позірк, гэтае дружнае і адкрытае мужчынскае захапленне было для яе нязвычным, і ёй раптам так захацелася паглядзець на сябе, што яна спынілася перад люстрам у вітрыне кветкавай крамы, каб убачыць сваю прыгажосць у рамцы з чырвоных ружаў і запырсканых расою фіялак. З дзявочых часоў не адчувала яна сябе такою лёгкаю, акрыленаю; ні ў першыя шлюбныя дні, ні ад абдымкаў палюбоўніка па яе целе не прабягалі такія, як цяпер, электрычныя іскры, і ёй стала нясцерпна прыкра, што ўся гэтая здзіўляючая лёгкасць, усё салодкае ап'яненне будзе дарма растрачана на аднастайную штодзённасць. Вяла павалаклася яна дадому; каля пад'езда запаволіла, каб яшчэ раз на поўныя грудзі ўдыхнуць гарачае, п'янлівае паветра гэтай прыгоды, каб яе апошняя, затухаючая хваля прыхлынула да самага сэрца.

Тут нехта дакрануўся да яе пляча. Яна павярнулася.

– Гэта вы... вы? Што вам зноў трэба?
– пралепятала яна, смяротна спалоханая, убачыўшы перад сабою ненавісны твар, і яшчэ мацней спалохалася сваіх неасцярожных слоў. Бо яна ж цвёрда вырашыла не пазнаваць гэтай жанчыны, калі ім давядзецца сустрэцца, усё адмаўляць, даць рэзкі адпор вымагальніцы... Але цяпер ужо было позна.

– Я ўжо цэлых паўгадзіны чакаю вас тут, фраў Вагнер.

Ірэна здрыганулася, пачуўшы сваё прозвішча. Значыцца, гэтая асоба ведае і яе адрас, і яе прозвішча. Цяпер усё прапала, цяпер яна цалкам залежыць ад яе.

– Так, фраў Вагнер, я вас чакаю цэлых паўгадзіны, - дакорліва і пагрозліва паўтарыла жанчына.

– Што... што ж вам трэба ад мяне?

– Самі ведаеце, фраў Вагнер.
– Ірэна зноў уздрыгнула, пачуўшы сваё прозвішча.
– Выдатна ведаеце, чаму я прыйшла.

– Я болей ні разу з ім не бачылася і ніколі болей не пабачуся... Толькі пакіньце мяне ў спакоі... Ніколі болей...

Жанчына спакойна пачакала, пакуль у Ірэны ад хвалявання не абарваўся голас. А потым рэзка кінула ёй, быццам падначаленай:

– Перастаньце хлусіць! Я за вамі ішла да самай кандытарскай, - і, убачыўшы, што Ірэна адхіснулася, насмешліва дадала: - Рабіць жа мне няма чаго. Са службы мяне звольнілі, кажуць, час настаў цяжкі, работы мала. Ну, чаму ж не выкарыстаць вольны час... І нам ахвота пагуляць - чым мы горшыя за прыстойных дам.

Гэта было сказана з халоднаю злосцю, якая ўкалола Ірэну ў самае сэрца. Яна адчувала сябе безабароннай перад такою яўнаю, вульгарнаю подласцю, а ў галаве мутнела ад страху, што гэтае стварэнне зараз зноў закрычыць на ўвесь голас або міма пройдзе муж, і тады ўсё будзе скончана. Паспешна намацала яна ў муфце сярэбраную сумачку і выграбла адтуль усе грошы, якія ёй папаліся ў рукі.

Але нахабна працягнутая рука не апусцілася пакорна, ледзь намацаўшы грошы, як той раз, а застыла ў паветры, быццам растапыраная кіпцюрастая лапа.

– Давайце заадно і сумачку, а то каб мне грошай не згубіць!
– з ціхім вантробным смехам выціснулі пагардліва паднятыя губы.

Ірэна паглядзела жанчыне ў вочы, але адразу адвяла позірк убок. Нахабная насмешка была нясцерпная. Агіда, нібы пякучы боль, пранізала яе. Толькі б хутчэй, хутчэй пайсці, толькі б не бачыць гэтага твару! Яна адвярнулася, паспешна сунула вымагальніцы каштоўную сумачку і, гнаная страхам, узляцела наверх па лесвіцы.

Мужа яшчэ не было дома; Ірэна ўпала на канапу і доўга ляжала нерухома, быццам аглушаная абухом. Толькі калі ў пярэднім пакоі пачуўся мужаў голас, яна з вялікім намаганнем устала і машынальна, з пустою галавою паплялася ў суседні пакой.

* * *

Цяпер у доме ўсталяваўся страх і не адступаў ні на крок. У доўгія, нічым не занятыя гадзіны, калі падрабязнасці жахлівай сустрэчы адна за другою паўставалі ў памяці, яна зусім ясна разумела безвыходнасць свайго становішча. Гэтае стварэнне, невядома якім чынам, даведалася і яе адрас, і прозвішча, і, раз першыя спробы шантажу аказаліся такімі ўдачнымі, яна, бясспрэчна, нічым не пагрэбуе, каб толькі як мага болей выціснуць са сваёй дасведчанасці. Год за годам будзе яна вісець над яе жыццём, нібы кашмар, які не скінеш нават самым адчайным намаганнем, бо, нягледзячы на свае і на мужавы сродкі, фраў Ірэна не магла б без ведама мужа сабраць дастаткова вялікай сумы, каб раз і назаўжды адкупіцца ад гэтай асобы. Дый, акрамя таго, яна ведала з выпадковых расказаў мужа і са спраў, якія ён вёў, што любыя дагаворы і пагадненні з такімі адпетымі махлярамі нічога не вартыя. У лепшым выпадку ёй удасца на месяц, можа, на два адцягнуць бяду, а там нетрывалы будынак яе сямейнага шчасця немінуча збурыцца, а калі яна пацягне за сабою ў бяздонне і мучыцельку - радасці ёй ад гэтага будзе мала.

З жахліваю выразнасцю бачыла яна, што бяда немінучая, што выйсця няма. Але як... як менавіта гэта адбудзецца? З раніцы да вечара вырашала яна фатальнае пытанне. Надыдзе дзень, калі мужу прынясуць ліст; яна ясна ўяўляла сабе, як ён увойдзе ў пакой, бледны, нахмураны, схопіць яе за руку, пачне распытваць... Але потым... што адбудзецца потым? Што ён зробіць? На гэтым яе фантазія вычэрпвалася - усё танула ў змрочнай блытаніне жахлівага страху. Яна не магла дадумаць сваіх думак да канца, ад самых неверагодных здагадак у яе кружылася галава. За гэтыя бясконцыя гадзіны пакутлівага роздуму яна з жахліваю выразнасцю зразумела толькі адно: што вельмі дрэнна ведае свайго мужа і таму не можа ўгадаць наперад, што ён зробіць, што ён вырашыць. Яна выйшла за яго замуж па жаданні бацькоў, але не супраціўлялася, бо адчувала да яго сімпатыю і не расчаравалася ў ім за гэтыя гады; яна пражыла з мужам побач восем шчаслівых, мірна мерных гадоў, нарадзіла яму дзяцей, у іх быў агульны дом, незлічоная колькасць гадзін фізічнай блізкасці; і толькі цяпер, калі яна спрабавала ўявіць сабе, што ён зробіць, яна зразумела, якім чужым і незнаёмым застаўся ён для яе. Толькі цяпер яна стала перабіраць усё іх жыццё, намагалася па асобных учынках разгадаць ягоны характар. У сваім страху яна нясмела чаплялася за кожны нязначны ўспамін, спадзявалася знайсці ключ да запаветных тайнікоў яго сэрца.

Але словамі ён не выдаваў сваіх затоеных думак; і цяпер, калі ён з кніжкаю сядзеў у крэсле, у яркім святле электрычнай лямпы, яна дапытліва ўглядалася ў яго. Як у чужы, імкнулася яна пранікнуць позіркам у мужаў твар і па гэтых знаёмых рысах, якія раптам сталі чужымі, даведацца пра яго характар, які не раскрыўся перад яе абыякавасцю за восем гадоў сумеснага жыцця. Лоб яго быў ясны і высакародны, быццам вылеплены магутным і дзейным розумам, затое рот сведчыў аб строгай непахіснасці. Усё ў яго мужных рысах дыхала энергіяй і сілай. Нечакана для сябе самой ёй раптам адкрылася прыгажосць гэтага валявога твару; здзіўленая, яна сузірала яго ўдумлівую засяроджанасць і выразна акрэсленую цвёрдасць. Але вочы, у якіх таілася галоўная разгадка, былі апушчаны ў кнігу і недаступныя назіранню. Ёй заставалася толькі дапытліва глядзець на мужаў профіль, быццам у яго смелых рысах увасаблялася слова памілавання або праклёну, на гэты незнаёмы профіль, які палохаў яе сваёю суровасцю і вабіў своеасабліваю прыгажосцю, упершыню ўбачанаю ёю ў яго энергічнай фігуры. Раптам яна зразумела, што глядзіць на мужа з задавальненнем і гордасцю. Тут ён падняў вочы, і яна паспешна адхіснулася ў цемру, каб не выклікаць падазрэння сваім гарачым, запытальным позіркам.

Поделиться с друзьями: