Страх
Шрифт:
Маўчалі ўсе; яна чула толькі, як бразгае посуд ды як у яе нутры расце голас страху.
– А куды ты дзела пярсцёнак?
– спытаўся раптам муж.
Яна ўздрыгнула. Унутраны голас выразна сказаў: усё, канец! Але штосьці інстынктыўна не хацела яшчэ здавацца. Трэба ўзяць сябе ў рукі, знайсці сілы на адну толькі фразу, адно слова. Прыдумаць яшчэ адну, апошнюю, хлусню.
– Я... я аддала яго ў чыстку.
– І, падбадзёраная сваёю выдумкаю, яна рашуча дадала: - Паслязаўтра я забяру яго назад.
Паслязаўтра. Цяпер яна звязала сябе. Калі ёй нічога не ўдасца зрабіць, хлусня выйдзе наверх, і тады ўсяму канец. Яна сама прызначыла сабе тэрмін, і праз хаос страху раптам прабілася новае пачуццё, пачуццё радасці, што развязка
* * *
Цвёрдая ўпэўненасць у блізкай развязцы нечакана праясніла ўсё ў яе душы. Нервовасць чарадзейна змянілася ясным роздумам, страх саступіў месца непрывычнаму празрыстаму спакою, праз прызму якога яна раптам ясна ўбачыла сапраўдную цану таго, што было яе існаваннем. Яна зразумела, што жыццё яшчэ не зусім страчана, і калі ёй суджана зберагчы гэтае жыццё і зрабіць яго яшчэ больш каштоўным у тым новым высокім сэнсе, які адкрыўся ёй за гэтыя дні пакутлівага страху, і калі можна будзе пачаць жыццё зноў без бруду, без боязі, без хлусні, - яна да гэтага гатовая. Але жыць разведзенаю жанчынаю, зняслаўленаю пралюбадзейкаю - на гэта ў яе няма сілы, як няма сілы працягваць небяспечную гульню, купляць сабе спакой на нейкі час. Супраціўляцца дарэмна - яна гэта разумела, развязка набліжаецца, пагібель пагражае ёй ад мужа, і ад дзяцей, і ад яе самой - ад усяго, што акружае яе. Уцячы немагчыма, калі вораг усюдыісны. А самае надзейнае выйсце - прызнацца - ёй недаступнае, у гэтым яна пераканалася. Значыцца, застаецца толькі адзін-аднюткі шлях, шлях, адкуль няма звароту.
* * *
Раніцаю яна спаліла сваю перапіску, прывяла ў парадак розныя нязначныя справы, але пры гэтым пазбягала глядзець на дзяцей і наогул на ўсё тое, што было ёй дарагое. Яна баялася, што жыццё павабіць яе зноў радасцямі і спакусамі і што бязмэтныя хістанні перашкодзяць здзейсніць прынятае ёю рашэнне. Потым яна яшчэ раз выйшла на вуліцу, каб апошні раз выпрабаваць лёс і сустрэцца з вымагальніцай. Нястомна ішла яна па вуліцах, але без ранейшай ліхаманкавай насцярожанасці. У душы яна ўжо стамілася ад барацьбы і адчувала, што далей змагацца не можа. Яна прахадзіла так цэлых дзве гадзіны, быццам гэта быў яе абавязак, але шантажысткі нідзе не сустрэла і нават не засмуцілася ад гэтага. Яна ўглядвалася ў твары прахожых, і яны здаваліся ёй чужымі, непатрэбнымі і нежывымі. Усё гэта ўжо адышло кудысьці, было незваротна страчана.
Толькі адзін раз яна зноў спалохалася. Ёй здалося, што з натоўпу на другім баку вуліцы на яе скіраваны мужаў позірк, той дзіўны, суровы, калючы позірк, які з'явіўся ў яго з нядаўняга. Яна стала спалохана ўглядвацца, але знаёмая постаць адразу ж знікла за праезджым экіпажам, і Ірэна супакоіла сябе тым, што ў гэты час муж заўсёды ў судзе. Ад нервовага напружання яна страціла адчуванне часу і спазнілася на абед. Але і мужа не было яшчэ - супраць яго звычкі - дома; ён прыйшоў праз дзве хвіліны, і ёй здалося, што ён чымсьці ўсхваляваны.
Яна пачала лічыць гадзіны, якія засталіся да вечара, і ёй зрабілася страшна, што іх так многа, а на развітанне трэба так мала часу, і грош усяму цана, калі табе вядома, што з сабою нічога нельга ўзяць. Ёю авалодала нейкая санлівасць. Машынальна спусцілася зноў на вуліцу і пайшла наўгад, не аглядваючыся, ні аб чым не думаючы. На скрыжаванні фурман ледзь паспеў стрымаць коней, інакш дышаль абавязкова збіў бы яе з ног. Фурман груба вылаяўся, а Ірэна нават не павярнулася - гэта магло быць выратаваннем або адтэрміноўкай. Выпадак пазбавіў бы яе ад здзяйснення рашэння. Паволі паплялася яна далей - добра было ісці без думак, з адным толькі цьмяным адчуваннем канца, які, быццам лёгкі туман, непрыкметна апускаўся
і засцілаў усё.Выпадкова падняўшы вочы, каб прачытаць назву вуліцы, яна ўся задрыжала: у бязмэтным блуканні яна непрыкметна дабрыла амаль да самага дома свайго былога палюбоўніка. А што, калі гэта палец лёсу? Раптам ён чым-небудзь можа дапамагчы ёй, бо ён, трэба думаць, ведае адрас гэтай асобы. Яе ахапіла радаснае ўзбуджэнне. Як яна не падумала аб гэтым? Адразу ж крокі зрабіліся больш імклівымі; падагнаныя надзеяю, закруціліся ў галаве бязладныя думкі. Яна прымусіць яго пайсці да вымагальніцы, каб назаўсёды пакласці гэтаму канец. Хай прыгрозіць ёй добра, каб яна перастала шантажыраваць яе; а можа, дастаткова будзе даць ёй пэўную суму грошай і выдаліць з горада. Ірэне стала раптам шкада, што яна пры сустрэчы так няласкава абышлася з небаракам, але ўсё роўна, ён абавязкова дапаможа ёй. Як дзіўна, што выратаванне прыходзіць цяпер, у самую апошнюю хвіліну.
Імкліва ўзбегла яна наверх і пазваніла. Ніхто не адчыніў. Яна прыслухалася: ёй здалося, што за дзвярамі чуваць асцярожныя крокі. Яна пазваніла яшчэ раз. Зноў маўчанне. І зноў нейкі шорах за дзвярамі. Тут яна страціла цярпенне і пачала званіць без перапынку - бо ў яе гэта было пытанне жыцця.
Нарэшце за дзвярамі нехта заварушыўся, шчоўкнуў замок, і дзверы прачыніліся.
– Гэта я, - паспешна шапнула Ірэна.
Ён адчыніў дзверы, яўна збянтэжаны.
– Ах, гэта ты... вы, васпані, - разгублена пралепятаў ён.
– Прабачце... я зусім не чакаў... вашага прыходу... прабачце мой выгляд, - ён быў без пінжака, з расшпіленаю кашуляю і без каўнерыка.
– Мне трэба хутчэй пагаварыць з вамі, вы павінны мне дапамагчы, - сказала яна нервова, бо ён усё яшчэ трымаў яе на парозе, як жабрачку.
– Можа, вы нарэшце дазволіце мне ўвайсці, я затрымаю вас усяго на адну хвілінку, - дадала яна раздражнёна.
– Калі ласка, - збянтэжана прамармытаў ён, сарамліва адводзячы позірк.
– Толькі я цяпер... мне не зусім зручна...
– Вам трэба мяне выслухаць. Усё гэта па вашай віне. Ваш абавязак мне дапамагчы... Вы абавязаны, чуеце, абавязаны вярнуць мне пярсцёнак. У крайнім выпадку, скажыце мне адрас... Яна ўвесь час праследуе мяне, а цяпер вось кудысьці знікла... Вы абавязаны, чуеце, абавязаны.
Ён няўцямна ўтаропіўся ў яе. Толькі цяпер яна заўважыла, што з яе адрывістых выкрыкаў нічога нельга зразумець.
– Ах вось яно што... Вы нічога не ведаеце... Дык вось, ваша палюбоўніца, ваша былая пасія, высачыла мяне, калі я выходзіла ад вас. З таго часу гэтая асоба праследуе мяне, шантажыруе... мучыць да смерці... А цяпер яна ўзяла ў мяне пярсцёнак, а ён мне патрэбен, абавязкова, і таму трэба, каб яго вярнулі мне не пазней сённяшняга вечара, я гэтак і сказала... Ну дык вось, дапамажыце мне.
– Але... але я...
– Вы дапаможаце мне ці не?
– Але я не ведаю ніякай асобы. Я не разумею, каго вы маеце на ўвазе. Я ніколі не меў дачынення да шантажыстак.
– Ён гаварыў амаль груба.
– Вось як... вы не ведаеце. Яна ўсё гэта выдумала! Адкуль жа яна ведае і ваша прозвішча, і мой адрас? Можа, яна і не думае мяне шантажыраваць? Можа, мне ўсё гэта прыснілася?
Яна пранізліва зарагатала. Яму стала не па сабе. У яго прамільгнула думка, што яна звар'яцела, гэтакім дзіўным бляскам ззялі яе вочы, гэтак дзіўна яна паводзіла сябе і пляла нейкую лухту. Ён спалохана паглядзеў па баках.
– Калі ласка, супакойцеся... васпані. Запэўніваю вас, вы памыляецеся. Мусіць... ды не, гэта выключана... я нічога не разумею. З такімі жанчынамі я не сустракаюся. Вы ж ведаеце, я тут зусім нядаўна, і тыя дзве сувязі, якія ў мяне былі, зусім не такія... Не буду называць імёнаў, але нават смешна падумаць... будзьце ўпэўнены, гэта нейкая памылка...
– Значыцца, вы адмаўляецеся мне дапамагчы?
– Не, што вы... калі я толькі магу.
– Тады... пойдзем. Мы разам пойдзем да яе.
– Але да каго ж... да каго?