Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Як ты трапіў сюды? — яшчэ цішэй спытала Саша, нахіліўшыся ў самы калодзеж.

— А ты спытай у таго сабакі, што гырчыць недзе там.

Саша азірнулася — Кузьма падымаўся на ганак школы.

— Табе цяжка?

— Спусціся да мяне — мне будзе весялей.

— Ты сапраўдны партызан?

— Не, зроблены… татай i мамай…

— Ты ведаеш, што цябе чакае?

— Мяне? — Ён на міг як бы задумаўся i раптам зноў засмяяўся. — Анёлы на небе. У раі. Ляцім са мной!

— Ты мог бы вылезці адтуль?

Ён

неяк ірвануўся, прыціснуўся да трубы, быццам на яго нешта падала.

Саша азірнулася зноў. Кузьмы не было. I тады на партызана сапраўды ўпаў канец лейцаў, другі канец ix Саша хутка накручвала на руку i шаптала:

— Яго няма… Ён пайшоў у школу…

I адразу востры край трубы разануў яе рукі, грудзі… Яна не паспела нават падумаць, што робіць, што ёй можа быць за гэта, а ён перамахнуў ужо цераз трубу i схаваўся на тым баку калодзежа. Перад яе вачамі мільгануў апухлы, з кровападцёкамі твар.

— А ты? Ты як? — гарачым шэптам спытаў ён, не паказваючыся з-за трубы.

— Я? — Яна ні да чаго не рыхтавалася, ні аб чым не думала, усё гэта здарылася вельмі нечакана для яе самой, але мозг працаваў з такой яснасцю, што яна адразу знайшла, што адказаць, каб супакоіць яго: — Я — нічога… Я — сястра паліцая.

— А-а, — працягнуў ён i кошкай, амаль на чацвярэньках, сігануў да хлява, з незвычайнай спрытнасцю пераскочыў цераз паркан і, пятляючы, пабег па полі да алешніку.

Саша стаяла з накручаным на руку канцом лейцаў, глядзела яму ўслед i зачаравана слухала дзівосную музыку, што нараджалася ў яе сэрцы, запаўняла ўсю яе істоту — нешта накшталт урачыстага гімна. Ад музыкі гэтай адначасова рабілася радасна, быццам вярнулася страчанае шчасце, i журботна, хацелася смяяцца i плакаць.

— Пагаварыла? — весела гукнуў з ганка Кузьма.

Саша схамянулася, кіўнула галавой: так, пагаварыла.

Кузьма падышоў да калодзежа, глянуў туды і… спалохана ахнуўшы, подскакам аббег навокал трубы.

— Што? Куды? Дзе? — разгублена забалбатаў ён, потым, спыніўшыся перад Сашай, закрычаў не сваім голасам: — Дзе ён?!

— На неба паляцеў! — нечакана засмяялася Саша. — Да анёлаў.

Ён убачыў лейцы ў яе руках i нарэшце ўсё зразумеў. Схапіў Сашу за штрыфель старой даматканай світкі, трасянуў:

— Ты… Ты… выпусціла? Шпіёнка! Бальшавіцкая… — Ён брыдка вылаяўся.

Гэта абразіла Сашу, i яна, размахнуўшыся, дала яму аплявуху. Ён адскочыў i, ажно пасінеўшы ўвесь, выхапіў з кабуры пісталет.

— А-а, ты так… Дык я цябе!..

— Страляй… Страляй, сволач! — Саша падставіла свае тугія грудзі i зрабіла крок да яго. — Страляй, юда! Здраднік!.. Вырадак! Страляй!

Ён, напэўна, стрэліў бы, каб яна спалохалася ці кінулася ўцякаць. Але ад такога нечаканага нападу яе ён, паліцай, які яшчэ не прывык да забойстваў, разгубіўся. Невядома, чым гэта ўсё скончылася б, каб не з'явіўся Колька Трапаш. Ён знянацку падскочыў

да Кузьмы i выхапіў пісталет.

— Ты што робіш? Вар'ят! Яна — сястра твая.

— Сястра?! — не закрычаў, а, здавалася, загаласіў Кузьма. — А ты ведаеш, што зрабіла гэтая сястра? Яна выпусціла яго… Ды я не пагляджу, што яна сястра!.. Я сваю галаву не буду падстаўляць! — Голас яго паступова рабіўся натуральным, i ён пачаў злосна лаяцца.

— Каго выпусціла? Яго? — Колька Трапаш глянуў у пусты калодзеж, здзіўлена залыпаў вачамі, потым перавёў позірк на Сашу, убачыў лейцы i… зарагатаў.

— Ай ды Саша! Малайчына!

— Ты што? — ірвануўся да яго Кузьма. — Ты падумай, што будзе.

— Чакай, не крычы! Слуп дубовы. Начальнік ліпавы. Ты ведаеш, што я табе скажу… Калі ніхто не бачыў, нам лепей замяць гэтую справу.

— Не, не… Няхай не думае… Я ёй… Я не пагляджу, што сястра!.. Напляваць мне!..

— Дурань! Што ты зробіш? Пасадзіш Сашу — табе жыцця не будзе ад сваіх. Родная маці цябе пракляне. A ўвесь гарнізон рагатаць будзе: партызана з-пад носа дзеўка ўкрала… Начальнік!.. Ідзі, Саша! I нікому ні слова пра тое, што тут здарылася, — упэўнена загадаў Колька Трапаш.

Кузьма хацеў быў пярэчыць — Колька абняў яго за плечы i пацягнуў у школу.

— Ты слухай мяне… Я цябе не падвяду. Варона!

Саша, не ўсё як мае быць зразумеўшы, не спяшаючыся скруціла лейцы i пайшла да калодзежа, дзе стаялі яе поўныя вёдры. Толькі тады, калі прынесла цяжкія вёдры ў хату, яна адчула страшэнную слабасць у нагах; знясілена апусцілася на ўслон i, відаць, моцна пабялела. Поля кінулася да яе:

— Што з табой, Саша?

— Я партызана выпусціла.

— Karo?

— Партызана… што Кузьма злавіў i трымаў у калодзежы.

— Як? — падскочыў да яе Данік, якога яна нават не прыкмеціла, калі зайшла ў хату, бо як ішла па ваду, дык яго не было. У душы варухнулася старая крыўда на брата за яго дружбу з Кузьмой.

— Проста. Падала лейцы — i шукай, Кузьма, ветру ў полі.

Данік раптам абняў яе за плечы i ласкава прашаптаў:

— Саша!

Яна перасмыкнула плячамі.

— Не чапай! Твой прыяцель хацеў застрэліць мяне. Колька Трапаш перашкодзіў…

— Божа мой! Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. — Што ты нарабіла?! Ты захацела загубіць сябе, дзіця, нас? Ты не ведаеш гэтага гада, Кузьму. Не ведаеш, што ён можа зрабіць… Ён дакажа немцам… Я пабягу… Я зараз жа пабягу да цёткі Хадоскі, да Юлькі… папрашу…

— Не трэба, — зморшчылася, як ад нечага брыдкага, Саша.

— Ты маўчы! Ты даўно страціла галаву i сама не ведаеш, што робіш.

— Не трэба, Поля, — рашуча запярэчыў Данік. — Навошта ўмешваць лішніх людзей? Я сам усё ўладжу. — I, павярнуўшыся да Сашы, сказаў ціха i ласкава — Ты не бойся, Саша.

Поделиться с друзьями: