Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У снягах драмае вясна

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І паплылі спакойныя асеннія дні. Удзень лекцыі, пасля - музеі, прагулянкі, вечарам тэатр або апошнія сімфанічныя канцэрты на летняй сцэне. Калі прыходзілі хвіліны роздуму, Берасневіч баяўся аднаго, як бы не страціць яе, не страціць шчасця. Горшага за гэта ён не мог сабе ўявіць. Мінула нейкіх сем месяцаў з дня першай сустрэчы, а здавалася, што кахае ён усё сваё жыццё.

Думкі пра тое, што за шчасце давядзецца расплачвацца, што чалавек ніколі не прыходзіў да яго прамой дарогаю, без зрываў і пакут, што такое шчасце - нямоцнае шчасце, што чалавек праходзіць праз навальніцы і полымя, перш ніж атрымае права звацца чалавекам, - прыходзілі звычайна на канцэртах і асабліва

на любімай фантазіі "Франчэска да Рыміні". Яму здавалася, што жахлівы, касмічны кругаварот уносіць не Франчэску і Паоло, а яго з яго каханнем. "Плаці! Плаці за шчасце, плаці за хвіліны кахання!" - як быццам казаў нейкі нязнаны голас. Нарэшце, нават Дантэ давялося прайсці пекла, перш ніж ён адшукаў Беатрычэ.

На адным з такіх канцэртаў, ледзь толькі сціхлі гукі музыкі, Берасневіч падняў галаву і, раскрыўшы вочы, пабачыў проста перад сабою, у праходзе, Маркіча, які стаяў, склаўшы накрыж рукі, і глядзеў на іх з люта-гумарыстычнай усмешкаю. Скуль ён узяўся - невядома.

– Што гэта ты ўзнік перад намі так нечакана? Бы Мефістофель са сцяны, - пажартаваў Берасневіч.

– А-а, вось яно як? Ну што ж, заспяваць вам серэнаду, ці што?

І заспяваў напаўголаса:

Выхадзi, мой друг пяшчотны, Ужо спатканню час...

Берасневіч перабіў яго:

– Далей, браце, не трэба. Па-першае, мы ведаем, па-другое, да мяне такія словы не падыходзяць, па-трэцяе, голас у цябе вельмі ўжо такі... не авантажны. Як той казаў, ёсць такія галасы - устаюць дыбам валасы.

– Ну і ў цябе таксама... добры голас.

– А я пра сябе і не кажу. Пра мяне яшчэ ўкраінскі паэт Руданьскі пісаў, і што калі я спяваю, дык гэта амаль усё адно як тая каза крычыць, калі яе ваўкі рэжуць. Нічога, яна вось за нас двух праспявае ўсё, што магчыма.

– Пакуль не даспяваецца, - іранічна заўважыў Маркіч.

Берасневічу стала непрыемна.

– Чакай, ты што гэта кажаш? Дзёрзкасці нейкія. Ты гэта, хлопча, пакінь. Фу, аж слухаць брыдка!

– Брыдка - не слухай, - груба перабіў Маркіч.
– Што гэта я за вамі заўважаю, таварышы? На зборах не былі, працу запусцілі. Замест гэтага з'яўляюцца сюды, сімфоніі слухаць. І гэта ўсё ты, Берасневіч, яе зводзіш з вернай дарогі. Глядзі, дрэнна скончыцца.

– Не пужай, - аглядаючыся на суседзяў, сказаў Берасневіч.
– Мог бы іншае месца выбраць для натацый. Але вось што: пра зборы я, напрыклад, не чуў нічога, праца ідзе нармальна. Яна таксама не дзіцёнак, каб я яе зводзіў. А наконт сімфоній, дык слухаць іх, мне здаецца, не забаранялі. I, зрабі ласку, не разважай пра тое, чаго яшчэ не зразумеў.

– Ты таксама нічога не разумееш,- выбухнуў Маркіч.

– Так, гэта праўда. Не разумею я, напрыклад, чаго гэта ты, Маркiч, такi назойлiвы чалавек, як асенняя муха-жыгалка. Я да цябе не лезу, ты тут таксама не вельмi патрэбны, як я магу меркаваць. Чаго ж ты перашкаджаеш нам, чаго ты заўсёды псуеш нам настрой, лезеш са сваiм ханжаствам? Ён

– Ён думае, што гэта абавязак курсавога камсорга, - заўважыла Алёнка.
– А абавязак камсорга не касцёльнай дзявоткай быць, а быць чалавекам. Між іншым, Уладзік гэта разумеў, калі быў камсоргам на першых двух курсах.

– Што ж ты мне прыкажаш, патураць вам, ці што? Схіліцца вось тут зараз і "чаго вашай ласцы"?

– Нашай ласцы зараз патрэбна, - канчаткова раззлаваўся Берасневіч, - каб ты пайшоў і не засланяў нам сонца.

На іх пачалі аглядацца. Маркіч заўважыў незадаволены выраз на тварах некаторых з гледачоў і рэтыраваўся.

Магчыма,

Берасневіч, калі б ён пабачыў выраз на твары Маркіча, калі той ішоў алеяю прэч, паставіўся б да справы больш сур'ёзна. Маркіч амаль бег, сціскаў кулакі і лаяўся:

– Д-добра. Н-ну добра. Зараз ваганням канец. Бестыя, паскудная бестыя! I такі яшчэ мае нахабства думаць пра аспірантуру, пра такую дзяўчыну, зводзіць яе з дарогі! Ну пачакай, ты атрымаеш такі ўдар, што наўрад ці застанешся жыць.

Ён шчыра думаў, што ў яго грамадская нянавісць, а зусім не асабістая, і не ўглядаўся ў глыбіны свайго сэрца. 

XVI

Зборы пачаліся даволі позна, у восем гадзін вечара. Аўдыторыя пасля лекцый была душная, ды яшчэ ў гэту вялікую залу ўціснуліся зараз камсамольцы цэлага аддзела. У дадатак да ўсяго згасла святло і давялося запаліць некалькі свечак. Іх няпэўнае святло асвятляла толькі стол, за якім сядзелі некаторыя выкладчыкі, ды некалькі першых радоў. Па столі скакалі, рухаліся вялізныя цені, куткі залы губляліся ў цемры.

Берасневіч сеў з усёй "вялікай камарыльяй" ля правай сцяны. Была Алёнка (на яе твар лёг рэмбрантаўскі цень), сядзеў поруч з ёй Жэнька, калмацячы чуб. Янка, вясёлы і з'едлівы, як заўсёды, жартаваў з Валяй, малюючы на яе карыкатуру. Прымасціўся поруч і Паўлюк. А вось непадалёку і Сяляўка, які чамусьці ўвесь чырвоны; хвалюецца, ці што?

Далей галовы, як качаны на гародзе. Усялякія галовы: рыжыя, чорныя, бялявыя. Яшчэ далей, ля стала, Маркіч на калене перабірае нейкія аркушыкі, гатуецца. Яшчэ далей сядзіць Грушэвіч, з ім Холадаў і Пірагоўскі, выкладчыца замежнай мовы Лунінецкая, прыгожая сумная жанчына.

Ля Маркіча сядзяць парторг курса Паўлоўскі і Марыя Капасевіч. Словам, зборы як зборы, нічога асаблівага. I пачаліся яны млява, і ішлі млява, хоць тэма была: "Паводзіны сапраўднага камсамольца". Выступаў Мікола, расказваў пра справы камсамольцаў аддзела за мінулы год, расказваў і пра будаўніцтва стадыёна. Берасневіч знайшоў, што прамовы ён кажа горш, ніж дзейнічае кіркай. I наогул было нудна. Янка, напрыклад, даўно не слухаў, а пісаў сваю частку калектыўнай "дэкадэнцкай" паэмы, у якую кожны дабаўляў пасільна некалькі радкоў. Паэму вырашылі назваць "Крывапупныя бравэркі". У Янкі радкі атрымліваліся абсалютна ідэальна бязглуздымі і ў той жа час смешнымі. Зацікаўлены Берасневіч глядзеў Янку пад руку.

Духмянiўся завоблачны татэм, Ныралi нiмфы ў сонечнай клаацы, I з нечыстот рабіўся смачны крэм.

– Уладзік, а якую рыфму падабраць да слова "сабакі"?

Берасневіч замысліўся, і ў гэты час яму здалося, што нехта голасна паклікаў яго. Ён падняў вочы - на кафедры стаяў Маркіч, энергічна сціскаючы ў руцэ скамечаныя аркушыкі. Выглядаў ён, як літоўскі Пяркун, пасля таго як гэты бог удала разбіў бліскавіцаю янтарны палац: выпрастаўся, твар строгі, жэсты абдуманыя, высакародныя.

– Дык вось я і кажу, што калі мы маем сапраўдных камсамольцаў, дык маем мы і тых, якія пэцкаюць ганаровае званне камсамольца. Сапраўдныя будуюць, вучацца, набываюць веды...

Голас яго дрыжэў ад "хвалявання". I ўсё гэта былі правільныя словы, і Берасневіч сто разоў падпісаўся б пад кожным. I ўсё ж гэтыя правільныя, добрыя словы гублялі нейкую жывую афарбоўку ў вуснах Маркіча. Так бывае, калі п'еш добрую ваду з сальнай шклянкі.

– Хрысціцца занадта размашыста, - сказаў Янка.

Поделиться с друзьями: