У снягах драмае вясна
Шрифт:
– Што?
– не зразумеў Берасневіч.
– Я кажу, што ў царкве злодзея лёгка шукаць. Хто вельмі ўжо размашыста хрысціцца - той і ёсць найвялікшы злодзей.
– Чакай ты...
– Гэтае адроддзе псуе нам усю справу!
– грымеў Маркіч з дэмасфенаўскімі жэстамі.
– Іх не павінна быць у нашых шэрагах! На шчасце, менавіта такіх на нашым курсе няма, але ёсць так званыя "людзі", якія прыбліжаюцца да гэтага свайго ідэалу. Аднаго з такіх я ўжо назваў. Гэта студэнт Берасневіч. Табе, дарагі Уладзік (Берасневіча перасмыкнула ад агіды), трэба вельмі і вельмі падумаць пра свае паводзіны, калі ты хочаш застацца нашым другам, другам сапраўдных
– Чакайце, хлопцы! Што ж гэта ён кажа?
– ускрыкнула Алёнка.
– Прашу не перабіваць, - здзекліва сказаў Маркіч.
– Гэта трошкі ранавата. I да таго ж вы, здаецца, яму не сваячка?
– Дазвольце мне, - падняў руку ціхі, заўсёды маўклівы студэнт трэцяга курса Аркадзь Чудзікаў.
– Можа, я перабіваю, але я... я ведаю таварыша Берасневіча як аднаго з лепшых студэнтаў, як аднаго з лепшых камсамольцаў. Вучыцца ён толькі на "выдатна", быў вельмі добрым камсоргам, які не дазваляў такой агіднасці, якую мы бачым зараз, працаваў сам і іншых прымушаў працаваць і не рабіў ніколі такіх нудных збораў, якія пайшлі пры табе. Ён удзельнічае ў навуковых гуртках. Да універсітэта быў і рабочым. Працуе заўсёды добра. Стадыён пабудаваць - яго ідэя.
Капасевіч раптам звярнулася да Маркіча, і такі воцатны выраз быў на яе твары, што адразу магчыма было зразумець: гэта сядзіць такая дзяўчына, якая, нават пражыўшы дзесяць год замужам, зберагае выгляд і звычаі старой дзеўкі.
– Вы старшыня збораў ці не, таварыш Маркіч, а калі вы старшыня збораў, дык нашто вы дазваляеце расказваць усім вядомую вонкавую біяграфію гэтага таварыша?
– Я скончыў, - сказаў Чудзікаў.
– Але думаю, што добрую біяграфію нядрэнна і яшчэ раз праслухаць.
Ён уздыхнуў і сеў.
Берасневіч устаў і ўсё яшчз разгублена сказаў:
– Я, уласна кажучы, не разумею. Чаму дазволілі так, не за рудога сабаку, шальмаваць чалавека? Я, здаецца, учынкамі сваімі не даваў ніякай падставы.
– Каб не даваў, - рэзка сказала Капасевіч, - дык не рабілі б з цябе дрэнны прыклад для сённяшніх збораў. Можа, ты і сёння ўбягіш...
– Ах, якая чароўная мова!
– захапіўся Янка.
– I ты таксама, - не ўтрымалася Капасевіч, - недалёка ад яго пайшоў. Глядзі, каб заўтра і ты так не стаяў.
– Чакайце! Чакайце!
– кругла і прыемна загаварыў Маркіч.
– У нас тут што, зборы ці кірмаш? Калі кірмаш, дык давайце ўсе разам крычаць. А калі зборы, на якіх мы хочам разабрацца ў розных прыкрых фактах нашага жыцця, дык давайце, таварыш Капасевіч, сядайце, і не трэба перадчасна гарачыцца. I вы сядайце, Берасневіч, пакуль ад вас не патрабавалі тлумачэнняў або пакуль не далі слова. Та-ак. Дый рэгламенціка трэба трымацца, а то не елі ўжо сем-восем гадзін.
– Ч-чорт!
– вылаяўся Янка.
– Якiм бы ён цудоўным жоўтым босам быў у Амерыцы.
Маркіч пачуў гэтыя словы:
– Заклікаю да парадачку. I кажу прама, абражаць нельга.
– Дык ты ж сам...
У аўдыторыі ўзняўся шум. Міколу давялося хвілін пяць біць алоўкам па графіне, пакуль не стала цішыня.
– Ну што ж, - сказаў Маркіч, - ад мяне патрабуюць доказаў. Я не жадаў даваць іх, але зараз, каб мяне не так вінавацілі, не называлі паклёпнікам, я іх дам.
– I няхай Берасневіч адказвае адразу на кожнае абвінавачанне, - сказаў дэкан, гледзячы на Берасневіча са спачуваннем, якое выразна адбівалася ў старэчых добрых вачах.
Маркіч выцер хусткаю потны лоб і сказаў эфектна:
– Не жадаю кідаць у гэтага чалавека брудам... Не, не магу...
–
Кажы!– закрычала Капасевіч.
– Пачаў, дык кажы!
– Ну добра. Першае, гэты чалавек - нацыяналіст. На маёўцы, у прысутнасці людзей з нашай групы, ён казаў, што адзін народ адрозніваецца ад другога толькі колькасцю. Ён апраўдваў буржуазны нацыяналізм...
– Брэшаш, - выкрыкнуў Янка, - я быў пры гэтай размове!
– Няпраўду кажаш, - узняўся Берасневіч, - ты пашукай у XIX томе ў Леніна на старонцы 204. Там ты адшукаеш менавіта такі "нацыяналізм", які я прапаведаваў. I ты мне такіх думак не прышывай. Я казаў, што часта пісьменнікі забываюцца на тое, што наша літаратура павінна быць усё ж такі нацыянальнай па форме - гэта так. А за абразу можаш атрымаць.
Маркіч ухмыльнуўся:
– Не так гэта ўсё нявінна было, студэнт Берасневіч. А хто крытыкаваў сучасную нацыянальную палітыку? Хто казаў, што ёсць улюбёнцы і занядбаныя дзеці?
Берасневіч глянуў на Паўлюка. Паўлюк збянтэжана знізаў плячыма: было ясна, расказаў не ён.
– Ну што ж, - проста сказаў Берасневіч, - адмаўляцца не буду, казаў. Хіба мала ў нас такіх абураючых фактаў? Я ведаю, гэта "ад лукавага". Міне год-два, і гэтага з ліхтаром не адшукаеш. Напрыклад, антысемітызму.
– Не, ён назваў гэта шкодніцтвам, - захрыпеў Маркіч.
Што было сказаць на гэта? Гэта быў пяцьдзесят другі год, пра Берыя ў той час, як вядома, не чулі, і нават праз год яшчэ Чудзікаў зрэзаўся на іспытах, не ведаючы пытання: "Адзнакі сацыялістычных нацый у азначэнні Л. П. Берыя".
Берасневіч не адказаў нічога, замест гэтага ён спытаў:
– Падножкі ставіш?
– Што ты!
– жахнуўся Маркіч.- Слухайце, таварышы, ён лічыць мяне ворагам. Але я пасля збораў падыду да яго, пацісну яму руку, бо зусім не перастаў лічыць яго чалавекам. Я яго люблю, ён мне дарагі, і я хварэю за яго сэрцам сваім.
– "За кого ж ти розип'явся, Христе, сине божий?" - голасна прачытаў Янка радок з Шаўчэнкі.
– За Маркіча?
Недзе зарагаталі, але Мікола Касмач, ледзь стрымліваючы ўсмешку, загрукаў алоўкам па графіне:
– Ціха! Выведу, Галавень.
Не ўсміхнуліся толькі ў асяроддзі Маркіча. Каму даводзілася бачыць такі тып людзей, той ведае, што гумару яны арганічна не разумеюць.
Лунінецкая, калі пачула словы Маркіча, упершыню з цікавасцю паглядзела на Берасневіча.
– Дазвольце мне, хоць я даўно выйшла з камсамольскага ўзросту, сказаць слова. Вы, таварыш Маркіч, супярэчыце самому сабе. Калі чалавек, як вы кажаце, нацыяналіст, дык праявы ў нас антысемітызму гэта зусім не яго клопат. Выходзіць, што гэта не нацыяналізм. Што ж гэта такое? Можа, проста патрыятызм, інтэрнацыяналізм, павага да ўсіх народаў?
Маркіч спудзіўся. Ён унікаў спрэчак з выкладчыкамі.
– Добра, магчыма, што мы тут памыляемся. Я буду гаварыць далей. Спачатку я скажу пра тое, што чуў я сам. Ён вінаваціў нашу навуку, казаў, што ў пытанні пра аспірантуру часта ўлічваюцца не веды, не талент чалавека, а блат.
– Гэта не сакрэт, - заўважыў дэкан.
– Ёсць у нас і такія выпадкі.
– Няхай так, - выкруціўся зноў Маркіч, - але слухайце далей. Ён казаў, што хуліганства ў нас ёсць таму, што мы не звяртаем увагі на выхаванне людзей, казаў, што хуліганы - гэта дзеці адказных работнікаў, паклёпнічаў на лепшых сыноў нашай краіны. А наконт таго, што ён не любіць нашай рэчаіснасці, гэта ведаюць усе. У інтэрнаце нават паставілі фарс, у якім не без падставы называлі яго "жыхаром шаснаццатага стагоддзя".