Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У снягах драмае вясна

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Толькі б не сагнуцца, толькі б не ўпасці. Тады канец.

І Берасневіч закрычаў. Крык атрымаўся нейкі няпэўны, і яго, відаць, не пачулі. Берасневіч закрычаў яшчэ - атрымалася яшчэ слабей.

– Кідай! Кідай!
– прахрыпеў Сяляўка.

– Пачакай трошкі. Пачакай, дарагі, - маліў яго Берасневіч.
– Хві-лі-нач-ку!

Пачуццё нейкага замілавання, радасці, любові да гэтага, зусім непатрэбнага яму Сяляўкі запаланіла яму душу. Ён адчуваў, што хутчэй здохне, сплыве крывёй, будзе расплясканы, ніж кіне гэтую пліту.

На лобе ў яго выступілі жылы, твар стаў

ліловым, ногі як быццам уціскаў нехта ў жывот.

"Толькі б не адпусціць. Толькі б не..."

А пліта спаўзала ўсё хутчэй і хутчэй, зараз ужо не на Сяляўку, а яму, Берасневічу, на рамёны.

Перад вачыма паплылі вогненныя пчолы. Яны ляцелі некуды з ціхім звонам, і вакол іх была чорная, як аксаміт, цемра.

– Вось і ўсё. Алёнка! Бедная Алёнка!

Успамін надаў яму сілы. Ён крыкнуў трэці раз, але з грудзей вылецеў не крык, а напаўстогн-напаўроў.

У вачах пасвятлела, але Берасневіч з жахам адчуў, што ён не можа дыхаць. Выдых атрымліваўся добра, але ў лёгкія паветра не йшло. Не такая цяжкая ўжо была б пліта, каб не гэта жахлівая дыхавіца.

– Паветра. Паветра б хоць трошачкі, - шапталі вусны.

Пот ліўся з яго лба, дрыжэлі ногі, зноў пачалі плаваць перад вачыма чырвоныя мухі. Дыхаць было ўжо немагчыма, так сціснула грудную клетку. Прайшла, напэўна, гадзіна (а на самай справе хвілін сем-восем), пакуль ён пачуў дружны тупат ног. Відаць, пачаў крычаць Сяляўка, але Берасневіч не чуў гэтага.

У сутарэнне, якое стала ў два разы ніжэй, удзерліся Янка, Паўлюк, Маркіч, яшчэ некалькі хлопцаў.

Берасневіча было цяжка пазнаць. Фіялетавы, з бруднай, пераблытанай шапкай валасоў, з ашклянелымі вачыма, ён усё яшчэ трымаў скляпенне. Янка стаў поруч з ім, і ён, атрымаўшы нарэшце змогу гаварыць, прасіпеў:

– Прэч, цягні Сяляўку... Хлопцы, там, ля ўвахода... бервяно. Цягніце сюды.

Хлопцы пабеглі за бервяном. Маркіч і Паўлюк паімкнуліся былі да Берасневіча, але ён са страшнай, змучанай грымасай на твары ледзь выціснуў з грудзей:

– С-с-спачатку яг-го.

Лом Янкі падважыў пліту, Паўлюк пацягнуў да сябе вызваленую нагу Сяляўкі, ускінуў яго на плячо і пабег з сутарэння. Янка стаў поруч з Берасневічам, але пліта ціснула не менш: занадта спаўзла.

– Кідай! Кідай пліту!
– у роспачы закрычаў Маркіч Берасневічу, на якога споўз амаль увесь край пліты.

Вочы Берасневіча трохі не закаціліся пад лоб.

– Н-нельга... Адразу ўпадзе. I ты... не паспееш.

Пачуўся тупат. Хлопцы з Паўлюком уцягнулі ў склеп невялікае бервяно і паставілі падпорку ля галавы Берасневіча. І тады з амаль жывёльным рыкам з грудзей ён упаў на калені. Яго падхапілі пад рукі, пацягнулі далоў, з сутарэння.

Ледзь яны выбраліся, як пліта яшчэ спаўзла на які аршын, пачуўся трэск дрэва, і, відаць, арматура не вытрымала, вялізная брыла абурылася ўніз, загрукацела, упала, узняла ў паветра вялізную хмару рудага пылу.

Дзяўчаты ля дрэў толькі зараз зразумелі, што ў хлопцаў адбылося нешта надзвычайнае. Ад іхняга гурту аддзялілася маленькая фігурка і паляцела з гары ўніз.

Берасневіча правялі яшчэ некалькі крокаў, але раптам ён апусціўся на калені:

Пусціце мяне... Жывот баліць... Я, здаецца, падарваўся.

А тая, што бегла з гары, падбегла да Берасневіча, расштурхала людзей, упала ля яго на калені.

– Уладзік! Любы! Уладзік! Што з табою, Уладзік?!!

"Як яна галосіць, - падумаў Берасневіч.
– Як вясковая жанчына..."

І ўсведамленне яго пачало некуды правальвацца, у нейкую чорную бездань. Ён і зусім даў бы сабе волю праваліцца, але нешта цёплае і мокрае заказытала яму твар.

"Алёнка... плача, - падумаў ён.
– Бедная".

І ён з сілаю расплюшчыў вочы, узняў руку і дакрануўся да яе галавы. Пальцы яго заблыталіся ў валасах Алёнкі, ён не меў змогі вынуць іх стуль і толькі прыціснуў яе галаву да сваёй.

– Нічога... Нічога... Не плач, не смей плакаць... Нічога, любая, нічога... 

XIII

На шчасце, усё скончылася добра. Давялося праляжаць тыдзень у бальніцы - і толькі, ды яшчэ засцерагацца некаторы час насіць цяжкае. Доктар, нізенькі, наліты тлушчам чалавек, сказаў толькі:

– Ну, дарагі, нарадзіліся вы, калі сава кугакала, або, як кажуць англічане, са срэбнай лыжкай у роце. Здзіўляюся, вельмі здзіўляюся. Нават грыжы, даруйце, не зарабілі. Вось толькі спіна параненая.

З'яўлялася кожны дзень Алёнка, прыносіла кветкі і тое-сёе са смачнага. Доўга сядзела ля яго, трымала ягоную руку ў сваёй. Прыходзілі студэнты. З'явіўся аднойчы Сяляўка, жывы і здаровы (абышоўся толькі жахам). Сядзеў ля ложка, уздыхаў, хацеў штосьці сказаць і не сказаў нічога.

А за акном біліся вераб'і, спявалі пад ветрам таполі, рухалася сонца. І ўсё гэта называлася шчасцем, асабліва калі яна была поруч, калі адчуваў яе цеплыню, калі схілялася яна над ім і валоссе яе казытала яму шчокі.

Стаў як маленькае дзіця, скараўся ўсім яе патрабаванням і толькі цалаваў яе руку ды глядзеў у вочы закахана і радасна.

Прыносіла новыя звесткі. Хлопцы амаль расчысцілі за гэты час пляцоўку пад стадыён, хаця рэктар і пратэставаў спачатку супраць работ.

З'явіўся Мікола, прынёс у кішэні вялізны яблык (скуль дастаў яго ранняй вясной - невядома). Сказаў, жмурачы добрыя вочы:

– А, святы пакутнiк. Як справы? А я да цябе. Плацi ўзносы, хоць кроў з носа.

Засмяяўся і дабавіў:

– Ну, я жартую, безумоўна. Проста пасядзець хачу. Аж дзіўна неяк... "пасядзець". Забегаўся я, браце, зусім. Камсамольцы мае з'едлівыя, утрапёныя, свалачныя, накшталт цябе. Лезуць паўсюль, усё ім давай, усё ім рабі...

А потым зноў была Алёнка. Любая, яна так непакоілася. Берасневіч ведаў, што ніколі, ніколі не забудзе яе рук, яе сумных вачэй, рухаў, якімі яна папраўляла яму падушку. Ён мог і сам паправіць, але лепей усё ж яна.

Адышлі і экзамены, якія Берасневіч здаў на "выдатна", хоць давялося папацець з Холадавым (прычапіцца яму ніяк не ўдалося), прыйшло лета, цёплае, добрае, з частымі сляпымі дажджамі. Берасневіч затрымаўся ў горадзе амаль на цэлы тыдзень, пакуль Алёнка не паехала на Чорнае мора.

Поделиться с друзьями: