Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
«…Ну, мой дзень, 26 верасня 1942 года, — успамінае Марыя Нагорная, — пачаўся з таго, што мама мяне разбудзіла гадзін у сем раніцы і кажа:
— Бяжы хуценька да сястры і скажы, што немцы едуць.
Першым жа дзелам за сваіх хапаюцца. А яе муж быў у партызанах. Дзеці маленькія. Ну, я і пабегла да яе.
…У нас па суседству быў адзін чалавек, Пупейка. Ён цяпер у Мінску жыве, пенсіянер. А тады ён жыў у Прусах. З нашай вёскі было многа інтэлігенцыі — настаўнікі, інжынеры, урачы. I вот папрыбягалі назад у сваю вёску, калі вайна пачалася. Яго бацькі там жылі, і ён там жыў у вайну. I ён намнога вышэй стаяў усіх астальных нас, пруслян, разумеў усё… Па прафесіі ён быў эканаміст ці бухгалтар, я ўжо
Дык вот у тую раніцу, — расказвалі людзі, — ён узлез на тую вышку, паглядзеў і ўбачыў вялікую пераправу па гэтай дарозе Цімкавічы — Капыль. I бачыць, што паміж Прусамі, Вялікімі і Малымі, немцы акопваюцца ўжо. Ён вярнуўся ў сяло і гэтую трывогу ўсім перадаў. Немцы едуць з-пад Цімкавіч! Яшчэ ж трэба было і гаварыць, адкуль едуць, каб знаць, куды ўцякаць. Прусляне былі заўсёды начаку, бо вельмі часта прыходзілася ўцякаць. Па той прычыне, што многа было ў партызанах. Амаль з кожнае хаты быў хто-та ў лесе. Людзі баяліся, асабліва ўжо тыя, чые былі ў партызанах…»
Капыль, дарога з Цімкавіч… Далей, як пісаў Кузьма Чорны, у «гаворцы людзей чуваць Нясвіж, Слуцак». З гэтымі мясцінамі звязана моўнае багацце выдатнага беларускага празаіка, таксама як і багацце народных характараў у яго раманах, тыпаў сялян — цягавітых, шчодрых, сціплых і сардэчных… Такімі асабліва бачыліся яны, калі вайна і фашызм разлучылі пісьменніка з роднымі мясцінамі. Пішучы ў Маскве аб мужных земляках-партызанах, якія змагаюцца з жорсткім і бязлітасным «жалезным зверам», цяжка хворы Кузьма Чорны ўвесь час жыў думкай і трывогай: а што там, а як яно там, дзе засталіся ўсе яго «прататыпы» — яго народ.
«Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі, — чытаем запіс ад 2 ліпеня 1944 года ў «Дзённіку» Кузьмы Чорнага, — родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія калі-небудзь пісаў. Пішучы пра Скіп'ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скіп'ёва каля Цімкавіч, паміж лясамі Скіп'ёўшчынай і Ліхадзеўшчынай, мілае Малое Селішча, хараством якога захаплялася мая маці-нябожчыца».
Што толькі не перажылі, чаго не пабачылі гэтыя людзі і гэтыя мясціны, асабліва дарагія Чорнаму, чаго не спазналі ўсе нашы вёскі, пасёлкі, гарады — некаму абавязкова блізкія, родныя — за доўгія-доўгія ночы, што былі, як дзень, ад пажараў, і дні, што былі чорныя ад гора-бяды!
Вунь якім чорным і доўгім бачыцца вераснёўскі дзень Вялікіх Прусаў у памяці дзвюх жанчын са Случчыны.
Марыя Нагорная.
«…Ну, я і пабегла. Прыбягаю туды, адразу не ў хату, а ў гумно. Бацька мой малаціў там, бо ў сястры ж няма каму. Малаціў і збіраўся ехаць сеяць. Я прыбегла туды і кажу:
— Папа, трэба ўцякаць!
Ужо было дастаткова сказаць, што трэба ўцякаць, і людзі збіраліся і ўцякалі. Як я сказала, дык ён адразу ж кінуў веяць, зачыніў гумно і са мною ў хату. А сястра падпальвае ў печы: дровы паложаны, і саломку падпіхае. Дзеці паўставалі ўжо. Як я толькі ўбегла ў хату, дык яна гаворыць:
— Што, зноў уцякаць? Я гавару:
—Ізноў.
— Ну, — сказала яна, — дык і бяжы дадому, бо нам бліжэй да лесу.
Я выскачыла на вуліцу. I бацька са мною. Па дарозе сустракаем яе старэйшага сына. Яму было толькі дзесяць гадкоў тады. А ён прыехаў з начлегу, каня вадзіў пасвіць. Каня прывёў да дзеда, бо дзед жа робіць на кані, а сам ужо бег дадому. Ну, мы яму гэта паведамілі, што немцы з-пад Малых Прус едуць, — ён зразу за намі, следам туды к лесу. Прыбегла я дадому, бачу — дома ўжо нікога няма, усе на агародзе, напраўляюцца к лесу.
Мама
гаворыць:— Скарэй давайце, бо ўжо ўсе людзі паўцякалі. Я чакаю вас.
I мы ўсе пабеглі.
Прыбеглі туды і адразу не хаваліся далёка. Не зналі, што яшчэ і ў лесе трэба хавацца. На краі стаім і глядзім. Хто яшчэ бяжыць, хто ўжо хоча назад ісці… Мы ўсё чакаем, чакаем… Мабыць, ужо гадзін адзінаццаць было — няма сястры, не прыбегла яна. Ні дзеці, ні яна.
Ну, мама гаворыць:
— Пайду. Чаму ж яна не прышла? Не ўспела, ці што? Пайду пагляджу.
Сэрца ж мацеры не выдзержывае. I яна вярнулася ў сяло. Да дочкі. Не аказалася яе. А па суседству з імі жыла якраз вось гэтая Кот Марыя Фёдараўна, пра якую вы пытаецеся. I аказалася, што яны не ў лес паўцякалі, а ў кусты — там на другім канцы вёскі былі кусты балотныя. Усе людзі з таго канца ў асноўным туды ўцяклі. I вось гэтая Кот вярнулася, — ну, знаеце, паглядзець гаспадарку, ці што. Бо так жа пакідалі ўсё, як каго дзе што сустрэла. Яна вярнулася, а мая мама ідзе ў тыя кусты, каб гэта забраць сям'ю ў лес, да нас. А Кот кажа:
— Чаго табе ісці? Дзеці там сабе гуляюць…
А к гэтаму часу ўжо вельмі сталі страляць на лес з мінамётаў. А лес жа вялікі — цягнецца ад Прус на Какорыцы, на Пацейкі… Мама выбегла-такі за сяло, каб у тыя кусты папасці, і думае, што страляюць па лесе, і праўда — у кустах будзе спакайней. Вярнулася яна назад сялом і да лесу напраўляецца. Сустрэла Станевіча. Малады хлапец, потым ён стаў партызанам, а на гэты момант яшчэ ў сяле быў. Брат яго быў у партызанах.
Дык ён гаворыць:
— Чаго ты, цётка, бяжыш? Не трэба ўцякаць. Вунь ужо з-пад Сцяпур партызаны ідуць.
Бо як яны на горку падняліся, дык бачаць, што ад Сцяпур ідуць цэп'ю… Маці старая, нявопытная, але ўсё-такі паглядзела, — бачыла ж яна партызанаў, і сын жа свой быў у партызанах, — дык яна і гаворыць:
— Ну, Пятрок, якія ж гэта партызаны, яны ж усе ў касках! Дзе ж тыя партызаны касак набяруць?
— I то праўда!
У нас да лесу метраў сто — сто пяцьдзесят. Дык яна паўзла, бо такая ўжо страляніна адкрылася! I ад Малых Прус, і са Сцяпур — кругом! Увесь выган прастрэльвалі, нельга было ісці на ўвесь рост. Прыбегла ў лес, ужо ж каб нас як шукаць. А людзі ж ужо адзін другога пільнуюцца. Ужо сталі адыходзіць ад берагу ды ўжо далей у лес, а там ёсць такі роў вялікі і над ровам маладыя ёлкі, засцілаюць роў, дык мы ўжо ў той роў пахаваліся. Усе людзі. Вось яна ўжо прабіраецца к тому рову. Сустрэла адну дзяўчыну, суседку нашу, схаваную, і кажа:
— Чаго гэта ты, Вольга, так хаваешся? А тая гаворыць:
— Хавайцеся і вы, цётка, бо ўжо немцы ходзяць па дарогах.
Прышла, знайшла нас. Потым цэлы дзень нічога не ведаем. Мужчыны залезуць на высокае дрэва, глядзяць. Ціха. Ніхто не ведае, што робіцца ў сяле, і выходзіць — ніхто не выходзіць, таму што відно, што ходзяць немцы, выганяюць скот… А што болей робяць — невядома…»
Марыя Кот.
«…Так ацапілі — чалавек ад чалавека чатыры метры, так во ішлі. Падышлі да нас:
— Паднімайся!
Паднялі ўсіх з таго картафляніка, вінтоўкі панастаўляўшы… I пагналі нас пад дарогу, што з Цімкавіч на Сцяпуры. На дарозе пасаджалі, і прыхрдзіць адзін, помню, — карта на грудзях, аўчарка гэтая. Канечне ж, нейкі начальнік ужо нямецкі. А мы сядзім, чакаем, што будуць там біць. Дык не. Начальнік сказаў, што ідзіце дамой і забірайце з поля лошадзі дамой. Хто ж тыя лошадзі павядзе, — на чорта яны, калі мы ўжо знаем, што біць будуць. Ну, і прышлі ўсе дамой. Праўда, хто сумеў, у каго які доцік быў, дык той схаваўся. А нам дзе? Я ўжо там патупала, патупала, дзе ж дзецца? А па абедзе я вышла на вуліцу — невазможна! Пулі лятаюць ужо. Ужо яны прыходзяць — «яек». Ужо яны бачаць, што няма тут партызанаў, а яны кругом дзярэўні акапаліся. Няма дзе людзям дзявацца.