Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
I жах, і жаль раптам вярталіся з далечыні ваенных дзён, і жанчына сціналася неяк, змаўкала ці плакала…
У адных мы прасілі прабачэння і яшчэ раз спакваля вярталі іх да неабходнасці расказаць.
А іншых не асмельваліся больш непакоіць — гэта старых, нямоглых.
Такіх выпадкаў было нямала.
Не менш здаралася і такога, што і старая і маладзейшая гаварылі па сціпласці менш, чым маглі б, а то і сапраўды не ўмелі. Адна нават з гэтага пачала:
— Каб гэта ўмеў ды спрытна расказаў!..
Аднак
Ефрасіння Макеева, 94 гады. Роўнае Шумілінекага раёна.
Яе якраз забіралі з участковай бальніцы ў Казьянах. Прыйшоў калгасны «газік» — па яе і па маладзенькую маму; старую белыя сёстры ды санітаркі вывелі пад рукі, а маладой падалі ў машыну «канверт» з яе першынцам.
Мы, як параіў урач, бабулю тут не трывожылі, вырашыўшы заехаць да яе дахаты, пазней.
Гадзіны праз тры, пабываўшы ў іншых вёсках, мы заехалі ў Роўнае. Ефрасіння Ягораўна сядзела на сонейку перад хатай, а каля ног яе паціўквала, паклёўвала чародка куранят.
Вось усё, што яна расказала:
«…Забралі ўсіх, выгналі з хаты нас, пагналі туды за Дражакі, у лес. Прама на міны, усёй дзярэўняй гэтай. А потым — у пуню. Сем'і ўжо выбіралі партызанскія. I майго ўзялі хазяіна, і павялі. Ну, я чую, што ўжо стрэлілі, недалёка. Дык я крыкнула, а мне па галаве (плача) як даў плеццю. Казак.
А тады дамоў адправілі.
Толькі па аднаму з кожнай сям'і застрэлілі. Разулі нас усіх, усё пабралі ў нас.
Прышлі дамоў — ні лыжкі, ні кацялка, нічога нет. Бярыся, баба, з чым хочаш…
Тады, цераз два дні, кажацца, яна паехала (паказвае на дачку), яшчэ дзеўкі былі, кабылёшка была карослівая нейкая, — сцягнулі гэтых бітых… Аж і мая старэйшая дачка там…
I тады трое даччыных, і двое сынавых — пяцера дзетак пад голым небам было…
Пытанне: — Вы гаворыце — казакі; там што — казакі былі, уласаўцы?
— Там і казакаў, там і немцаў поўна было…»
Матруна Акуліч, 82 гады. Прыбылавічы Лельчыцкага раёна.
«…Набралася я гора, хлопчыкі, адтаго мне і няма дабра…
…Як сталі яны па мне страляць, дык я ўпала. Яны мяне прыглушылі, бо каб не прыглушылі, дык і зусім забілі б. А то прышлі, перавярнулі і кажуць: «Капут!»
А азвацца мне не можна было. Гэта ж я ў крыві ляжу так. У ногу мяне ранілі. Дык я гэта вокам луп — яны вуллі разбіваюць. Тамака ў садзе былі вуллі, мёд…
Паляжала я ды раком, раком папаўзла… Там канаўка была, яна замерзла, а не было снегу. Дык я думаю: «Куды ж мне ісці?..» Прымусам так, як без памяці, іду…
Прышла я на куране, у лес, а там ужо дзеці абгаласілі мяне, бо там сказалі, што па мне стралялі.
Бо я, хлопчыкі, у сяло хадзіла, думала: можа, картоплі вазьму… А мае дзеці, двое дзяцей, у куранях былі. Дык я як ускочыла ў курэнь, дык дзеці — за мяне…»
Фядора Голік, 77 гадоў. Апанаскавічы Ушацкага раёна.
«…Я толькі гоман чую, а памяці ў мяне — што гавораць, нічога не чую.
Што ж я магу сказаць? Я толькі скажу, што родная сястра была, свая кроў, і гаварыць я пра яе не магу… Як яна ляжала пад вуглом, і толькі куркі клявалі яе кроў…
А ў мяне быў сынок у арміі. А другі быў — яшчэ толькі ў школу не хадзіў, восем гадоў было. I тры дзеўкі было.
I я ў хаце. Сядзела толькі і ў акно глядзела, як яны, немцы, ехалі. Думаю: выйду. Чую: хлопнулі. Гэта, гавару, яе забілі. Сын, што быў у атрадзе — за тое.
А ўжо як Красная Армія ішла, так салдаты пытаюцца:
— Мамаша, а ці рада ты, што мы ідзём?
— Як жа не рада, калі і сынок мой недзе ў арміі. А яны гавораць:
— Мамаша, віцебскіх нет. А ідзём мы толькі масквічы і сібіране. Ну, мамаша, калі ты давольна, што мы ідзём, то пусць твае дзяўчаткі сядуць з намі і паабедаюць.
А яны ж, вядома, як дзяўчаты, самняваюцца. А я кажу:
— Дзеці, сядзьце. Радуйцеся, што Красная Армія прышла і нас ад нячыстых выбавіла… I так пралілі крыві сваёй сколькі. Нада жыць».
Марыя Канановіч, 7З гады. Акунінава Слонімскага раёна.
«…Вот так, ведаеце, расказваю, і сэрца такое трывожнае, што не магу…
Ну, павыганялі, пазганялі. У мяне ўжо дзяўке былі дарослыя, тры было. Адной васемнаццаць, а другой шаснаццаць… Узяла я паўвядзернічак і выйшла, а яны ў тры рады ішлі, гэтыя паразіты, задамі ішлі, па вуліцы і тудэю ішлі. Я ўжо выйшла, неяк сэрца чуствавала маё. Думаю, можа, не пойдуць. А потым вярнулі мяне:
— Ідзі, варочайся назад!
Я вярнулася ў хату, а яны:
— Дакументы, дакументы! А я ўжо на дзеці кажу:
— Схавайцеся хоць адно дзе.
— Ой, мамо, як цябе заб'юць, дзе ж мы падзенемся! Ад мамы — дзяцей… Забіраюць.
А мужык кажа:
— Нічога так не страшна, як ужо смерць ідзе за табою.
I ўжо ўсіх павыганялі, пайшлі. Усе енчылі, крычалі, маленькія і старыя, усе…
А я ўжо ў крыві ўся. Гэтак во неяк па брові куля праляцела і вот тут праляцела, зубы павыбівала. I ляжу. То нагамі дабівалі, штурхалі нагамі. Хто яшчэ не кончыўся…
Пабілі ўсіх чыста, каторыя беглі. Крыві было…
Каб не зналі вы, сыночкі, гэтага, каб ужо больш не было».
Анастасся Скрыпка, 7З гады. Асвея Верхнядзвінскага раёна.
«…Патом нас акружылі і выгналі на дарогу. Такая вот была дарога крыжавая: так і так дарога, на гэтую дарогу выгналі. Якое-та начальства, з такімі во высокімі шапкамі. Ну вот. Што-та яны пагаварылі паміж сабою. Мы ж іхняга не знаем. А яны толькі гаварылі: «Партызан капут». Гэта мы панялі ўжо, што партызанскія, наверна, сем'і паб'юць. Нас нада расстраляць — гэта мы панялі.