Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Я з вогненнай вёскі...

Калеснік Уладзімір

Шрифт:

«…У вёсцы немцы і нашы былі пастроены ў дзве шарэнгі. Як я помню, спераду стаялі немцы, а за імі — мы. Наш афіцэр праз перакладчыка (прозвішча я не памятаю) загадаў, каб мы выконвалі ўсе распараджэнні нямецкіх салдат, а хто не выканае, той будзе расстраляны. Кожны немец прапанаваў таму, хто стаяў ззаду, ісці разам з ім к хаце. Каля кожнай хаты спыніліся па два чалавекі, немец і наш, тады афіцэр падаў каманду зайсці ў дамы. Я разам з немцам зайшоў у пяты ці шосты дом, а ўсяго ў гэтай вёсцы было дваццаць пяць ці трыццаць двароў. У хату я ўвайшоў першы і ўбачыў за сталом старога і старую, гадоў ім было па семдзесят, а побач з імі

сядзеў хлопец гадоў пятнаццаці. Немец мне паказаў: «страляй» — рукой на тых, што сядзелі ля стала, паказаў. Я са сваёй вінтоўкі зрабіў тры выстралы, у кожнага па разу выстраліў. Страляў я ва ўпор, і яны ўпалі на падлогу. Пасля мяне па іх даў аўтаматную чаргу немец і сказаў: «Капут».

— Канец, усё! — пра забітых сказаў той фашыст, але нібы таксама і пра свайго памагатага. Бо і яго ж гэта быў канец. На аднаго чалавека стала менш, на аднаго карніка, фашыста — больш.

Капацэвічы — гэта была вялікая палеская вёска. У сённяшніх Калацэвічах — сённяшняе жыццё. Толькі, здараецца, — як напамінак — прывязуць аднекуль былога паліцая, пакажуць людзям:

— Пазнаяце?

I да нашага «газіка» ў некаторых вёсках падыходзілі, падбягалі: «Дзе яны?», «Хто?», «Казалі, зноў паліцаяў прывезлі…».

Хаваўся ён ажно дваццаць пяць ці трыццаць гадоў. На людзях і ў сваёй сям'і жыў, але чым жа было для яго ўсё тое, што іншых радуе, што для іншых — шчасце: добрыя дзеці, жонка? Яны ж не ведаюць!.. Добрая праца, набытак, нават імя, можа, і нядрэннае сярод тых, з кім працуе. Стараецца ж перад тымі, хто раптам заўтра даведаеццаі.. Як пячэ ўсё гэта — жахам!.. Пачуюць усе знаёмыя і дзеці яго, што ён карнік, забойца дзяцей, жанчын…

«…Мы з маткаю пайшлі ў гэту абору, у гэты сарай.

Праўда, куча ляжыць людзей, ну, што там, ці гэта людзі, ці гэта якія мяшкі — я ўжо не разбіралася, што там такое ляжыць.

Адна сям'я прасілася, стаяла на калідоры, я гэта відзела, а ўтарую сама расстрэльвалі. Мужчына быў салідны такі, у яго рабёнак на руках. Яму як далі — рабёнак паляцеў з рук, а яму яшчэ раз у патыліцу, тагда ён упаў. А тыя ўсё яшчэ прасіліся ў калідоры.

Я ўсё стаяла і назірала. А напроціў мяне стаяў з наганам — адзін вот так, як вы сядзіце. Я апусціла во так рукі, а ён адходзіць, і адходзіць, і адходзіць— мо каб ён страляў, дык ён папаў бы ў мяне. Адходзіць, адходзіць, я стаяла, стаяла, а далей во так рукі (паказвае) і ўпала. Упала, каб ужо нічога не бачыць…»

(З расказу жыхаркі Капацэвіч Вольгі Сцяпанаўны Вядзерка.)

На судзе адзін з былых карнікаў нагадаў, як аднойчы яго родны сын сказаў, гледзячы тэлефільм: «Я б сам іх сваімі рукамі…» Пра забойцаў, фашыстаў сказаў… Былы карнік нават замахнуўся тады на сына. Быў вельмі п'яны — гэтым жонка і дзеці вытлумачылі незразумелыя яго паводзіны.

А потым даведаліся…

Многія з падсудных клялі тых, у каго калісьці стажыраваліся, хто камандаваў імі. Малых і буйнейшых сваіх фюрэраў — камандзіраў рот, узводаў — Поля ды Пляца, Цымермана ды Сальскі, батальённых камандзіраў Зіглінга ды Дзірлевангера. А вышэй былі паліцэйскі генерал Готберг ды самыя галоўныя карнікі — гімлеры, гітлеры…

Ды толькі і самі яны, хоць і выканаўцы, але не «дробныя», калі ўдзельнічалі ў такім. Рабілі ж, выраблялі разам з тымі пляцамі ды зіглінгамі вунь што!..

Гэта — з расказу капацэвіцкага жыхара Кузьмы Лук'янавіча Агіевіча.

«— Хазяін?

Я

кажу:

— Хазяін.

— А дзе матка?

— Адкуль я ведаю, дзе матка.

— Забірай з сабой дзяцей.

Двое дзяцей было па два гады, а адно — шэсць месяцаў. Хлопчык яшчэ быў, восем лет. Дык таго жынка адправіла за бацькам паліцэйскага, сказала яму:

— Можа, ты будзеш жыць, дык хоць маё дзіця спасі.

Ён не сусед, а проста ішоў па сяле, а ў яго такі самы хлопчык быў, яны ўмесце дружылі… Яны як сказалі мне: «Забірай дзяцей», дык я адразу віжу, што гэта дзела к канцу прыходзіць. Я гавару, што як жа траіх дзяцей вазьму! Дык яны ўзялі на вуліцы дзвюх жэншчын, ды ім па аднаму дзіцяці, а я трэцяга ўзяў — і нас пагналі.

Патом па дарозе мяне адзін дабраволец [26] вызваў… А на мне былі хромавыя сапагі. Вызваў з таўпы народа, завёў мяне ў хату, садраў з мяне сапагі і даў галошы фабрычныя, гаворыць:

26

Так называлі здраднікаў з ліку былых ваенапалонных.

— Дайдзёш!

Загналі нас на плошчу, дзе памятнік цяпер стаіць, і вот на гэтай плошчы, значыць, адбіралі чалавек па пяць, па тры, такімі парціямі, і заганялі ў кароўнік. Тут жа радам. Ага. А ў гэтым кароўніку стаяў ён і расстрэльваў людзей.

Калі папаў я таксама ў тую абору, мяне там раніла…

Пытанне: — Вас заводзяць туды, а вы яго не бачыце, таго, што страляць будзе?

— Чаму не? Ён стаіць і камандуе: «Далыпа, дальша!..»

А трупы ляжаць. Як толькі адышоў ад сцяны, дык ён з аўтамата — шах!..

Ну, а я якраз прыгнуўся, і мне на галаве пуля толькі сарвала кожу. Ну, я ўпаў. Дзіця ў мяне было — дзіця ўбілі. А тыя ж — я не ведаю дзе. I старэйшы хлопчык мой да мяне папаў, паколькі паліцэйскага бацьку таксама туды загналі і расстралялі. Дык хлопчык мой ка мне папаў і пры мне быў. Ну, я ляжаў… Ляжачаму мне папала яшчэ чатыры пулі. Пяць пуль я панёс у аборы. Але касці нідзе не пабіла, толькі ўсё ў мякаці.

Ну, мы паляжалі, пакуль гэта ўсіх перабілі людзей, і патом яны вышлі.

Ну, асталіся некаторыя падросткі. Яны, значыцца, падняліся і гавораць:

— Ужо няма нікога.

Дык голас жа ж мы знаем свой! Я прыпадняўся. I яшчэ адзін мужчына падняўся:

— Ты жыў? Я гавару:

— Жыў.

— Бегчы можаш?

— Магу.

Ну вот, мы падняліся і пабеглі. Басяком. Галошы там засталіся. Вядома ж, яны толькі ваткнуты былі на ногу. I я басяком кілометра тры па снезе прабег. А потым ужо жанчыны за мною беглі і мужчыны. I мне жанчына адна зняла галошы, яна была ў валёнках з галошамі, другая — юбку, я ногі паабверчваў, мы пашлі дальша. I там начавалі.

Нас тады вышла з аборы дзевятнаццаць чалавек.

Пытанне: — А колькі там засталося?

— Забілі чатырыста дваццаць шэсць чалавек. Пробавалі некаторыя мужчыны пабег дзелаць, але іх на хаду… Гяны ва ўсім гэтым шчоце…»

Як здзівіўся, спалохаўся адзін з былых карнікаў, калі яго прывезлі ў сённяшнія Капацэвічы — пастарэлага ўжо, азызлага, — а яго пазнаў Мікалай Іванавіч Рудзеня.

— Ну што, прышла вочарадзь? — спытаўся ён у карніка. — Памятаеш, ты штурхаў мяне пад таго немца, што страляў, а я табе сказаў: «Прыдзе вочарадзь і да цябе!..»

Поделиться с друзьями: