Шрифт:
Я пачаў пісаць «Юстыцыю» ў 1957 годзе і разлічваў закончыць раман за некалькі месяцаў. Але тут умяшалася іншая праца — «Франк V», а «Юстыцыя» засталася ляжаць. Далейшыя спробы вярнуцца да рамана закончыліся няўдачай, апошні раз — у 1980 годзе; ён павінен быў стаць трыццатым томам збору маіх твораў. Але выпала няўдача: спрабуючы прадоўжыць дзеянне, я ніяк не мог успомніць, як яно ў мяне было задумана. Увесну 1985 года Даніэль Кіль прапанаваў мне выдаць «Юстыцыю» ў выглядзе фрагмента. Я згадзіўся не без ваганняў, рашыў дапісаць яшчэ адзін асноўны раздзел, але пасля пачаў перапісваць і дапаўняць раман, змяніўшы пачатковую задуму. У завяршэнне хачу падзякаваць Шарлоце Кер, сваёй жонцы. Ёй я абавязаны каштоўнымі парадамі, як і нястомнай, крытычнай увагай да маёй працы.
Гэты раман не заснаваны на фактах. Імёны, асобы, месца, дзеянне прыдуманы аўтарам. Магчымае падабенства з сапраўднымі
I
Ну, вядома ж, пішу гэтую справаздачу толькі так, дзеля блізіру і парадку, з пэўнага педантызму, каб далучыць яе да справы. Я хачу прымусіць сябе яшчэ раз акінуць вокам увесь бег падзеяў, якія прывялі да апраўдання забойцы і смерці невінаватага. Хацелася б яшчэ раз прадумаць крокі, на якія мяне змусілі, а таксама меры, якія я прыняў, і ўпушчаныя магчымасці. Хачу яшчэ раз сумленна ўзважыць шанцы, якія, пэўна, яшчэ засталіся ў юстыцыі. Але перш за ўсё я пішу гэтую справаздачу таму, што маю час, шмат часу, два месяцы сама мала. Я толькі што вярнуўся з аэрапорта (бары, у якія я заскокваў па дарозе, не ў залік, мой цяперашні стан таксама значэння не мае. Я п'янюткі ў дрызіну, але да раніцы ачухаюся). Калі я вылез са свайго «фольксвагена» і зняў з засцерагальніка рэвальвер, велізарная машына з доктарам honoris causa Ісакам Колерам з ровам паднялася ў начное неба і ўзяла курс на Аўстралію. Гэта быў адзін з геніяльных трукаў старога, калі ён перад адлётам патэлефанаваў мне; яму хутчэй за ўсё было вядома, што я задумаў, як яно і ўсім было вядома, што ў мяне няма грошай, каб ляцець следам за ім.
Таму нічога іншага мне не застаецца, як толькі чакаць, калі ён вернецца, бадай што, недзе так месяцы ў чэрвені, а можа, у ліпені, піць, часта альбо зрэдзь, як на тое станецца маіх фінансаў, і пісаць, пісаць — адзіны занятак, які яшчэ можа сабе дазволіць збанкрутаваны адвакат.
Але ў адным кантанальны радца памыліўся: час не сатрэ ягонага злачынства, не змаліць яго і маё чаканне, маё п'янства яго не залье, не апраўдаюць і мае запісы. Калі я раскрываю ўсю праўду, дык замацоўваю яе ў сваёй памяці, раблю сам сябе здольным калі-небудзь, у чэрвені, як я ўжо сказаў, альбо ў ліпені, якая розніца, калі б ён ні вярнуўся (а ён такі вернецца), будзь я тады п'яны ці цвярозы, зрабіць свядома і пры поўнай памяці тое, што збіраўся зрабіць у стане афэкту. Маё паведамленне — не толькі абгрунтаванне, але і падрыхтоўка забойства. Забойства справядлівага.
Працверазеўшы ў сябе ў кабінеце, я рашыў: справядлівасць можна цяпер аднавіць толькі праз злачынства. І пасля яго ўжо будзе непазбежна — пакончыць з сабой. Я зусім не збіраюся такім чынам ухіляцца ад адказнасці, наадварот, — толькі так я і адкажу за свой учынак, хай сабе не юрыдычна, дык, прынамсі, па-людску. Ведаючы ўсю чыстую праўду, я даказаць яе не магу. У мяне няма сведкаў у галоўным. Але калі я па сваёй волі сыду з жыцця, мне павераць і без сведкаў. Я іду на смерць не як навуковец, які, зрабіўшы эксперымент на самім сабе, забівае сябе ў імя навукі, не, я паміраю таму, што прадумаў сваю справу да канца.
Месца злачынства: — што грае не абы-якую ролю, — рэстаран «Du Th'e^atre» з фасадам у стылі ракако, адзін з нямногіх архітэктурных помнікаў, ацалелых у нашым ушчэнт забудаваным горадзе. Рэстаран займае тры паверхі, што вядома далёка не кожнаму, бо большасць лічыць, нібыта іх толькі два. На першым паверсе раніцамі, занудліва бясконцымі — у нас устаюць позна — можна застаць нявыспаных студэнтаў, зрэдзь і дзелавых людзей таксама, — гэтыя часта заседжваюцца да полудня, а тое і за, а там пасля кавы з вішнёўкаю ўсё аціхае. Кельнеркі хаваюцца, і толькі недзе гадзіну пад чацвёртую паяўляюцца змардаваныя настаўнікі, стомленае чынавенства. Але асноўны наплыў прыпадае недзе на пад вячэру і потым яшчэ раз, пасля паловы адзінаццатай — палітычныя дзеячы, мэнэджэры і фінансісты, розныя прадстаўнікі вольных і звышвольных прафесіяў, зрэшты, і крыху прыпалошаныя іншаземцы, — горад наш любіць павыстаўляцца інтэрнацыянальна. Таму на другім паверсе страх як вытанчана. Страх як, трапна сказана — у дзвюх нізкіх з чырвонымі шпалерамі залах стаіць трапічная гарач, але госці трываюць, дамы — у вячэрніх туалетах, мужчыны — часта ў смокінгах. Паветра напоена потам, парфумай і, адпаведна профілю ўстановы, пахамі кулінарных вымудраў нашага горада — цялячымі выразкамі з пом-фры і чым толькі яшчэ не. Тут сыходзяцца (зрэшты, тое самае зборышча, што і паверхам ніжэй, толькі больш разнастайна касцюмаванае) пасля прэм'ераў і пасля буйных здзелак, але не дзеля таго, каб правярнуць гешэфт, а каб адсвяткаваць ужо правернутае. На трэцім паверсе характар «Du Th'e^atre» зноў мяняецца, і ты з нейкім подзівам заўважаеш пэўны налёт распусты. Тут пануе бесцырымоннасць. Залы трэцяга паверха высокія, светлыя, прасторныя, як бы нават кшталту таннай піўнухі — звычайныя драўляныя крэслы, на сталах абрусы ў клетку, паўсюль падстаўкі для куфляў, ля самай лесвіцы паўпустое кабарэ з пасрэднымі фокуснікамі і балаганным стрыптызам. Госці гуляюць у карты і ў більярд. У гэтай зале тусуюцца гарадскія зеляншчыкі, будаўнічыя падрадчыкі, маёмцы ўніверсальных крамаў, гаспадары вялікіх гаражоў, фахоўцы ў зносе дамоў, часам яны сядзяць тут гадзінамі, стаўкі тут фантастычныя, а вакол
гульцоў шныпараць і нышкараць розныя раззявы, нехлямяжыя і падазроныя «сучаснікі», прастытуткі таксама сядзяць і чакаюць, часам па трое, часам па чацвёра, кожнага вечара за тым самым сталом каля акна, іх не проста трываюць, не, яны частка тутэйшай абстаноўкі па даступнай жа й цане. Адносна даступнай. Бо сапраўды багатыя людзі ўмеюць пералічваць кожны грош.Першы раз я сустрэў кантанальнага радцу, калі сам толькі што здаў дзяржаўны экзамен, напісаў дысэртацыю, атрымаў званне доктара і ліцэнзію на адвакацкую практыку, але як і раней у студэнцтве працаваў у Штусі-Лойпіна спраўным хлопчыкам-пасыльным. Мой гаспадар паспеў на той час набыць вядомасць далёка за межамі нашай краіны дзякуючы апраўдальным прысудам, якіх здолеў дабіцца для асобаў, абскаржаных у забойстве братоў Эцці, Розы Пік, Дойбэльбайса і Амслера, і дзякуючы ўведзенаму ім парытэту паміж Дапаможнымі майстэрнямі «Трэг» і Злучанымі Штатамі (прычым вельмі нават на карысць трэгаўцам). Мне трэба было занесці Штусі-Лойпіну ў «Du Th'e^atre» заключэнне адносна адной з такіх сумніўніўных спраў, якія ён любіў. Я заспеў адваката-зорку на трэцім паверсе каля більярднага стала, дзе ён толькі што закончыў партыю з кантанальным радцам, а за суседнім сталом гуляў доктар Бэна з прафесарам Вінтэрам, і вось толькі цяпер, запісваючы гэта, мне, тагачаснаму, як бы наперад робіцца ясна, што там сабраліся ўсе галоўныя фігуранты дзейства, якое зноў жа яшчэ наперадзе, быццам у нейкім Пралогу. На дварэ стаялі халады, быў ці тое лістапад, ці тое снежань, дакладную дату ўстанавіць няцяжка, і я ўвесь перамерз, бо як звычайна хадзіў без паліто, а свой «фольксваген» запаркаваў за некалькі кварталаў ад «Du Th'e^atre».
— А закажыце сабе грогу, малады чалавек, — звярнуўся да мяне кантанальны радца. Ён уважліва агледзеў мяне і кіўнуў кельнеру.
Я міжволі паслухаўся, прынамсі, усё адно ж мне след было чакаць распарады Штусі-Лойпіна, які адышоўся з маім заключэннем убок і цяпер пералістваў яго за столікам.
У пярэдняй частцы залы гулялі зеляншчыкі, іх цёмныя постаці праступалі на фоне вокнаў. З вуліцы чуўся прыглушаны грукат трамвая. Кантанальны радца ўсё яшчэ разглядваў мяне, бесцырымонна, не хаваючы вачэй. З выгляду было яму пад семдзесят. Ён адзін з усіх не скінуў пінжак, але ж і не пацеў. Я нарэшце прадставіўся, здагадваючыся, што стаю перад чалавекам высокага стану, але імя ягонага не ведаў.
— А вы ці не сваяк палкоўніку Шпэту? — спытаўся ён, не назваўшыся, ці тое не надаючы гэтаму значэння, ці тое мяркуючы, што і без таго ён усім і мне вядомы. (Палкоўнік Шпэт: ваяўнічы аграрый, федэральны радца. Прыхільнік атамнага ўзбраення.)
— Сумняваюся, — адказаў я. (Каб ужо раз і назаўсёды пакончыць з гэтым пунктам: я нарадзіўся ў 1930 годзе. Сваёй маці, Ганны Шпэт, я ніколі не ведаў, бацька наогул хто і што — невядома. Я вырас у сірочым прытулку, які ўспамінаю з прыемнай цеплынёй, асабліва лес, што пачынаўся адразу за прытулкам і канца яму не было. Дырэкцыя і настаўніцтва там былі выдатныя, дзяцінства — шчаслівае, мець бацькоў — гэта не заўсёды «блага», часцей — проста без двухкосся. Мае няшчасці пачаліся з доктара h.c. Ісака Колера, а да таго ў мяне хоць і бывалі цяжкасці, але не безнадзейныя.)
— Вы збіраецеся ў кампаньёны да Штусі-Лойпіна? — спытаўся ён.
Я здзіўлена паглядзеў на яго.
— Не думаў пра гэта.
— Ён высока ставіць вас.
— Мне ён гэтага пакуль што ніколі не паказваў.
— Штусі-Лойпін усё ад усіх хавае, — суха зазначыў стары.
— Яго пралік, — бесклапотна адказаў я. — Мне хочацца самастойнасці.
— Вам гэта дасца нялёгка.
— Магчыма.
Стары засмяяўся.
— Усе вашы дзівосы яшчэ наперадзе. У нашай краіне аднаму цяжка прабіцца наверх. А на більярдзе вы ўмееце? — спытаўся раптам без ніякага пераходу.
Я адказаў адмоўна.
— Гэта ўжо ваш пралік, — сказаў ён і зноў задумліва пачаў глядзець на мяне з нейкім нават подзівам у шэрых вачах, але ўжо не пакепліва, як мне здалося, без іроніі, а строга, пасля чаго падвёў мяне да другога більярда, дзе гулялі доктар Бэна і прафесар Вінтэр, гэтых я ведаў: прафесара — з універсітэта, ён быў рэктар, калі я паступаў, доктара Бэна — з начнога жыцця нашага кіпучага горада, у тыя часы, праўда, не запоўнач, але затое даволі інтэнсіўнага. Бэна быў чалавек няпэўнага роду заняткаў. Калісьці ён быў алімпійскім чэмпіёнам у фехтаванні, за што і атрымаў мянушку Гайнц Алімпіец, калісьці ён стаў чэмпіёнам Швейцарыі ў стральбе з пісталета, а знакамітым гальфістам быў і заставаўся дагэтуль; сваім часам ён яшчэ трымаў уласную карцінную галярэю, якая не акупалася, а цяпер, кажуць, больш запраўляў чужымі капіталамі.
Я павітаўся, яны кіўнулі.
— Вінтэр колькі жыцьме ў більярдзе застанецца навічком. — сказаў доктар h.с. Колер.
Я засмяяўся.
— Затое вы, пэўна, віртуоз.
— Вядома, — спакойна адказаў ён. — Більярд — маё захапленне. Дайце мне кій, прафесар, усё адно такі ўдар вы не асіліце.
Прафесар Адальф Вінтэр падаў яму кій. Вінтэр быў мужчына гадоў шасцідзесяці, грузлы, але невысокі ростам, блішчастая лысіна, залатыя акуляры без аправы, дагледжаная чорная з сівізнай барада, якую ён з годнасцю пагладжваў, заўсёды дбайна прадумана апрануты, хоць і кансерватыўна, але не без элеганцыі, адным словам, адзін з тых гуманітарных балбатуноў, якіх пропадзь у нашым універсітэце, сябар ПЭН-клуба і Фонду Устэры, аўтар двухтомнай цагліны пад назваю «Карл Шпітэлер і Гэсіёд, альбо Швейцарыя і Элада. Параўнаўчы аналіз», выд. «Artemis», 1940 (мне, юрысту, філасофскі факультэт заўсёды граў на нервах).