Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Юстыцыя

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

Я задумаўся над яе расказам. Аднаго не разумею, сказаў я, ваш бацька распавядаў у Мюнхене пра забойства, што матыў ён падаў фальшывы, не бяда, хай так, але вось што яму толькі каля рэстарана прыйшла ў галаву думка скарыстацца рэвальверам ангельца — не і не, гэта непраўдападобна. Элен уважліва паглядзела на мяне. Небывала прыгожая жанчына. Ваша праўда, сказала яна, бацька схлусіў. Яны ўдваіх абгаварылі гэта забойства. І небарака Шпэт пра гэта здагадаўся. Ён застрэліў Вінтэра са свайго рэвальвера, пасля сунуў яго ў кішэню міністру, а ўжо пасля яна дастала рэвальвер з кішэні і ў Лондане выкінула яго ў Тэмзу. Міністр ляцеў не на самалёце кампаніі «Свісэйр», засумняваўся я. Так, Штусі-Лойпін меў рацыю, выстаўляючы гэта пярэчанне, адказала яна, але і Штусі-Лойпін не мог ведаць, што яна суправаджала міністра па ягонай асабістай просьбе. Дзеля гэтага яна рэгулярна наведвала яго ў прыватнай клініцы. Яна змоўкла. Я агледзеў яе. У яе за плячыма было цэлае жыццё, і ў мяне за плячыма было цэлае жыццё. «А Шпэт?» — спытаў я, але яна ўхілілася ад майго позірку. Я расказаў ёй пра сваю сустрэчу з Шпэтам. Яна выслухала. У Шпэта

склалася памылковае ўражанне пра яе, спакойна сказала яна, вось і ў мяне складваецца пра яе памылковае ўражанне. Усяго праз некалькі тыдняў пасля той ночы яна ўступіла ў сувязь з Вінтэрам, а потым з Бэна — адсюль і свара Бэна з Вінтэрам і Дафны з Бэна, і яе разрыў з Штаерман, з кім яна яшчэ спала, па сутнасці няважна, хай хоць з усімі падрад — вось, бадай што, самы дакладны адказ. Яна і сама сябе не разумее. Яна зноў і зноў спрабуе знайсці рацыянальнае тлумачэнне нечамусь ірацыянальнаму, але яе паводзіны не залежаць ад розуму. І можа, усе тлумачэнні ёсць усяго толькі зачэпка, каб апраўдаць сваю натуру, якая ў тую ноч у «Мон-рэпо» заявіла пра сябе магутным парываннем, можа, употайкі марыць пра ўсё новыя гвалты, бо чалавек бывае свабодны адно калі яго гвалцяць, — свабодным нават ад сваёй волі. Але гэта, зразумела, усяго толькі адзін з варыянтаў тлумачэння. Нядобрае адчуванне, што яна была толькі прыладай у руках бацькі ніколі не пакідала яе. Усе, каго ён назваў падчас той гульні на більярдзе, памерлі ў ім жа названай чарговасці. Штаерман — апошняя. Два гады назад. Як параіў бацька, яна ўвайшла ў канцэрн па зброі, ад чаго акцыянернае таварыства «Трог» прагарэла. А потым Моніку Штаерман знайшлі мёртвую на яе грэчаскім востраве. І чатырох целаахоўнікаў, зрашэчаных кулямі. Прычым Штаерман знайшлі толькі праз паўгода — яна вісела ўніз галавою на аліве. Хіба я не чытаў пра гэта? Прозвішча Штаерман ні пра што мне не гаварыла, адказаў я. Калі ў газетах было апублікавана паведамленне пра знікненне Штаерман, сказала Элен, яна знайшла на стале ў бацькі тэлеграму, у якой не было нічога, апрача радка 1171953, калі прыняць гэты радок як дату, дык атрымаецца дзень згвалтавання. А як што забойства было ўчынена па даручэнні бацькі, хто яго выканаў, і хто стаяў за выканаўцамі, і хто стаяў за тымі, што стаялі за выканаўцамі? Ці азначала смерць Монікі Штаерман канец нейкай эканамічнай вайны? Ці была гэта вайна за ўладу нечым рацыянальным альбо ірацыянальным? Што наогул творыцца на свеце? Яна не ведае. Я таксама не ведаю, сказаў я.

«Але вернемся да Шпэта», — прапанаваў я, калі, вядома, яна не супраць. Яна сказала, што не супраць; калі Шпэт узяўся за даручэнне яе бацькі, яна спадзявалася, што ён дакапаецца. Дакапаецца да чаго? Да таго, хто падбухторыў яе бацьку на забойства. «Не надта лагічна», — сказаў я. «Чаму ж?» — адказала яна, гэта яна падбухторыла. У яе ж быў выбар. Атрымліваецца замкнутае кола, канстатаваў я, спярша яна валіла віну на бацьку, цяпер на сябе. Мы абое вінаватыя, сказала яна, Ну, гэта ўжо нейкае вар'яцтва. А яна і ёсць вар'ятка. «Далей», — скамандаваў я. Яна не давала вывесці сябе з раўнавагі. Калі пасля таго, як бацьку апраўдалі і ён з'ехаў, Шпэт груба накрычаў на яе і ўжо мала не дабраўся да ісціны, а яна пайшла да начальніка паліцыі і ва ўсім яму прызналася. «Гэта ж як разумець?» — спытаў я. Яна прызналася, яна прызналася ва ўсім, паўтарыла Элен. «Ну і што?» — спытаў я. Яна памаўчала, потым адказала, што начальнік паліцыі спытаўся ў яе гэтак сама «Ну і што?». Пасля чаго раскурыў цыгару і сказаў, быццам усё гэта — леташні снег, Бэна сам пакінуў жыццё, высвятляць задам наперад, хто менавіта страляў, альбо — куды ўжо там — даваць нырца ў Тэмзу і шукаць там рэвальвер не ўяўляецца магчымым, бываюць выпадкі, калі справядлівасць траціць сэнс і ператвараецца ў фарс. Яна хай ідзе сабе дамоў, а ён сваёй чаргой забудзе, пра што яна яму тут распавядала. Чаму яе бацька ані словам не памянуў Шпэта? — спытаўся я. Ён яго забыў, адказала. І Штусі-Лойпіна таксама, сказаў я. Увогуле вельмі дзіўна, сказала, яе бацька перакананы, што забойства ўчыніў не ён, а Бэна. Яна адзіная, каму яшчэ вядома, што забойцам быў яе бацька. А ці дакладна ёй гэта вядома, спытаў я, хоць і мала верагодна, але, магчыма, забойцам усё-такі быў Бэна. Яна заматала галавой. Не, бацька. Яна аглядала рэвальвер, які дастала з кішэні міністра, а дома сама яго зарадзіла.

Я спытаўся, навошта яна мне ўсё гэта расказала. Яна здзіўлена паглядзела на мяне. Тады навошта я пераслаў ёй рукапіс? Толькі каб дакапацца да праўды? Я перш за ўсё пісьменнік, якога цікавіць не чужая праўда, а свая ўласная, я думаю толькі пра тое, каб напісаць раман, і ні пра што іншае, і калі выйдзе кніга, дык яна будзе падпісана маім імем, а не імем Шпэта. Каму належыць рукапіс, мне ці Шпэту, ведаю толькі я, а я кажу, што атрымаў яе ад начальніка паліцыі. Яна таксама ведала старога балбатуна, ён часта бываў у гасцях у яе і яе бацькі і шчыраваў з ім. Гэтак сама ён мог шчыраваць і са мной. Але ўжо калі я хачу скарыстацца ёю, дык не трэба апісваць яе як гётэўскую жанчыну, якіх трэба пералупцаваць усіх да адной, настолькі яны занудлівыя, калі, вядома, не лічыць Філіны, адзінай з ягоных твораў, з якою старэнькі і сам не цураўся пераспаць. І Элен нерухома паглядзела перад сабою. Міма акна, пасвістваючы, прайшоў той самы хлопец. А ці знайду я сам дарогу? Я развітаўся. Стары па-ранейшаму ганяў шары. Ад борта дубэльтам.

Без чвэрці два. Я заходжу да сябе ў кабінет. Калі я абсталёўваў яго, з акна было відаць возера. Цяпер возера засланілі дрэвы. Некалькі дрэў нават давялося ссячы, тыя, якіх яшчэ не было, калі я сюды ўехаў. Сячы дрэвы вельмі шкада, іх не сякуць, іх забіваюць. А дуб вырас вялікі і магутны. Па дрэвах я адчуваю бег часу, свайго часу. Не так, як вызначаю яго, гледзячы ў неба. Не без журботы знаходжу там Сіта, Альдэбаран, Капэлу, зімовыя

зоркі, хоць на дварэ яшчэ лета, — прыкмета таго, што за траціну года робішся на год старэйшы. У небе пракручваецца аб'ектыўны, вымерны час чалавека амаль шасцідзесяціпяцігадовага ўзросту, суб'ектыўна ж час рухаецца разам са мною і з дрэвамі ў бок смерці, і тут ужо яго нельга вымерыць, можна тольакі адчуць. А як успрымае час Зямля? Я гляджу на начное возера, яно зусім не перамянілася, калі адхіліцца ад таго, што начворылі з ім людзі. І як успрымае свой узрост сама Зямля? Аб'ектыўна? Ці здаецца сабе старажытнай? Чатырох з палавінай мільярдаў год? Альбо суб'ектыўна лічыць, быццам уступіла ў найлепшую пару свайго жыцця, бо можа мінуць яшчэ сем мільярдаў гадоў, перш чым яе спапяліць сонца? Альбо яна ўспрымае час на маланкавай хуткасці, калі адчувае сябе нецярплівай, няспыннай сілай, бурліць і кіпіць усярэдзіне, адрывае кантыненты адзін ад аднаго. Грувасціць горы, ссоўвае пліты, насылае моры на сушу, а наша блуканне па цвёрдым грунце ці не ёсць на самой справе хадзьба па грунце хісткім, які штогадзіны, штохвіліны пагражае раззеўрыцца і паглынуць нас? І нарэшце, як там яно з часам роду людскога? Мы вымералі яго з усёй даступнай нам аб'ектыўнасцю, мы падзялілі яго на старажытны час, сярэднявечча, новы час і ноўшы ў чаканні яшчэ найноўшага; ёсць падзелы і больш тонкія, калі, напрыклад, за спадкамі Ўсходу ідзе эпоха грэкаў, у якой змыкаюцца Цэзар і Хрыстос, за ёю па пятах ідзе эпоха веры. Рэнесанс радасным звонам абвяшчае век Рэфармацыі, а за ім ідзе век, калі нястрымна падрастае розум, ён падрастае і па сённяшні дзень, усё падрастае і падрастае, а на дробязі проста не трэба зважаць. Першая сусветная вайна, і Другая, і Асвенцім былі ўсяго толькі эпізодамі, Чаплін больш вядомы свету, чым Гітлер, у Сталіна дагэтуль вераць адны албанцы, а ў Мао — некалькі перуанскіх тэрарыстаў, сорак гадоў міру — гэта вам чагосці вартае, праўда ж, не ўсюды а толькі для звышдзяржаваў, яшчэ ў Эўропе, ну і на Ціхім акіяне — у агульным і цэлым, і ў Японіі, дачыста адмытай ад любога грэху Хірасімай і Нагасакі, і нават Кітай гасцінна расхрыствае свае дзверы пад напорам усемагчымых турыстычных бюро. Але як гэты мірны перыяд, калі ў яго наогул ёсць час, каб так называцца, — як успрымае свой час ён? Ці спыняецца ён у яго ўспрыняцці, і калі спыняецца, дык ці ведае ён, што з ім рабіць? Ці ўцякае ён ад яго? А можа праносіцца над галавой, як ураган, як тарнада, шпурляючы аўтамабілі адзін на адзін у кучу-малу, зрываючы цягнікі з рэек, разбіваючы аб скалы гіганцкія лайнеры, агнём выпальваючы гарады? Як аб'ектыўна раскручваецца час нашага саракагадовага, даступнага вымярэнню свету, час, калі сапраўдная вайна, у імя якой ідзе няспынная гонка ўзбраення, здаецца ўсё больш непамыснай, хоць планы яе выношваюцца няспынна? А наш мірны час, дзеля захавання якога мільёны выходзяць на дэманстрацыі, цягаюць транспаранты, падпяваюць рок-групам і моляцца — ці не прыняў ён даўным-даўно форму таго, што мы колісь называлі вайной, бо мы самыя дзеля свайго ж заспакаення спраўна аздабляем наш мір рознымі катастрофамі? Усеагульная гісторыя абяцае чалавецтву бясконцы час, а для Зямлі, калі меркаваць аб'ектыўна, ён, магчыма ўяўляецца толькі хуткацечным эпізодам, нават менш, чым эпізодам — нейкі інцыдэнт у межах адной зямной секунды, з пункту гледжання касмічнага амаль непаддатны ўспрыманню з ледзь прыкметным шнарам пасля сябе. Ледзь падняўшыся з зямлі, яшчэ загрузаючы ў гліне, дарыйцы наіўна думалі, што нападаюць на саміх сябе. Вось так і мы насамрэч, заледзьве ацалеўшы пасля ледніковага перыяду, нападаем на самых сябе, будзь тое ў дні міру, будзь тое ў дні вайны, мужчыны на жанчын, жанчыны на мужчын, мужчыны на мужчыен, жанчыны на жанчын, кіраваныя не розумам, а неспасцігальным у сваіх матывацыях інстынктам, які мае за плячмі на мільёны гадоў больш доўгае развіццё, чым розум. Вось гэтак, пагражаючы атамнай, вадароднай, нейтроннай бомбамі, мы ўберагаем сябе ад самага жудаснага, як тыя гарылы, барабанім сябе кулакамі ў грудзі, каб запалохаць зграі іншых гарылаў, і ў той самы час рызыкуем загінуць ад таго самага міру, які намагаемся сіламоц уберагчы, загінуць, каб голле мёртвых лясоў укрыла наша здыханне.

Я стомлена вяртаюся да свайго пісьмовага стала, да свайго поля бітвы, у сферу прыцягнення сваіх твораў, але ніякай іншай рэчаіснасці, апрача той, дзе іхні час сцёк, іхні, а не наш. Я не здолеў разгадаць іх, прыдуманых шмат. Мае творы самі стварылі сваю рэчаіснасць, вырваўшы яе з майго ўяўлення і тым самым — з маёй рэчаіснасці, з часу, спажытага на тое, каб іх стварыць. Тым самым яны таксама зрабіліся часткай нашай агульнай рэчаіснасці і, адпаведна, адной з магчымасцяў, адну з якіх мы ў сваю чаргу называем сусветнай гісторыяй, гэтак жа захутанай у кокан нашых фантазіяў. Але хіба гісторыя, якая зрабілася рэчаіснасцю толькі ў маім уяўленні і якая цяпер, ужо напісаная, пакідае мяне, утрымлівае ў сабе менш сэнсу, чым сусветная гісторыя, — хіба ж яна менш сейсмаўстойлівая, чым глеба, на якой мы ўзводзім свае гарады? А Бог? Калі ўявіць яго сутным, рабіў бы ён інакш, чым доктар h.c. Ісак Колер? Хіба Шпэт не быў вольны адмовіцца ад даручэння знайсці забойцу, якога не было? Хіба ён не быў вымушаны знайсці забойцу, як той чалавек, які, пакаштаваўшы ад дрэва пазнання дабра і зла, быў вымушаны знайсці Бога, якога не было, знайшоў чорта? І ці не ёсць гэты апошні — выдумка, якою скарыстаўся Бог, каб апраўдаць сваё няўдалае творыва? Каго лічыць вінаватым? Таго, хто дае даручэнне, ці таго, хто яго прымае? Таго, хто забараняе, ці таго, хто ігнаруе забарону? Таго, хто выдае законы, ці таго, хто іх парушае? Таго, хто дае свабоду, ці таго, хто ёю карыстаецца? Нас пагубіць свабода, якую мы даем іншым і даем сабе. Я пакідаю свой кабінет: вызвалены ад маіх твораў, ён апусцеў. Палова пятай. На небе я першы раз бачу Арыён. Каго ён пераследуе?

22.09.1985

Поделиться с друзьями: