Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Юстыцыя

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

— Фройляйн Колер, — пачаў я з ледзь прыхаваным хваляваннем, — я павінен задаць вам адно пытанне.

— Слухаю. — Яна закурыла.

— Задавайце, — сказаў Штусі-Лойпін.

— Калі ваш бацька праводзіў ангельскага міністра да самалёта, вы яшчэ служылі сцюардэсай?

— Вядома.

– І вы таксама ляцелі тым самалётам, якім міністр вяртаўся ў Англію?

Яна патушыла цыгарэту.

— Магчыма.

— Дзякую вам, фройляйн Колер, — сказаў я, падняўся, адкланяўся і пайшоў, пакінуўшы недапітую каву.

Цяпер я ведаў, куды магла прапасці зброя. Усё вельмі проста. Крым смеху, проста. Колер сунуў рэвальвер міністру ў кішэню паліто, калі сядзеў поруч з ім у «ролс-ройсе», а яго дачка Элен дастала рэвальвер з кішэні пад час лёту. Сцюардэсе гэта было прасцей простага. Але цяпер, ведаючы гэта, я раптам адчуў стомленасць і пустату і доўга, бясконца доўга валокся па набярэжнай, а ідыёцкае возера з яго лебедзямі і паруснікамі ўвесь час заставалася справа ад мяне. Калі мае разважанні правільныя, а яны павінны быць правільныя, Элен ведала пра злачынства. І таму ўжо вінаватая, як і яе бацька. Але ў такім разе яна пракінула мяне, у такім разе яна ведае, што я маю рацыю, і ў такім разе яе бацька перамог. Ён мацнейшы за мяне. А барацьба з Элен не мела ніякага сэнсу, бо Элен ужо прыняла рашэнне, бо вынік барацьбы быў ужо наперад вызначаны. Я не мог прымусіць яе выдаць роднага бацьку. У імя чаго мне апеляваць да яе? У імя ідэалаў? Якіх такіх ідэалаў? У імя праўды? Дык жа яна яе ўтоіла. У імя кахання? Яна мяне прадала. У імя справядлівасці? Вось тут ужо яна магла спытацца: справядлівасці, а дзеля каго? Дзеля дзеяча культуры мясцовага значэння? Попел не стукае ў сэрца. Дзеля бесхарактарнага, працмыгі-бабніка? Ён таксама крэміраваны. Дзеля мяне, нарэшце? А хто я такі і ці варта. Справядлівасць не ёсць справа прыватная. І яшчэ магла б спытацца: справядлівасць, а навошта? Дзеля нашага грамадства? Адным скандалам, адной тэмай на пагудкі больш, а паслязаўтра новы парадак дня з новымі тэмамі. Вынік разумовага практыкавання: карыснасць справядлівасці не пераважвае ў вачах Элен яе таткі. Юрысту вынік — паляруш прасвятлення. Можа, увесці ў гульню самога Бога? Гэта, несумненна, вельмі зычлівы, але мала вядомы гер з сумніўнымі крыніцамі існавання. І яшчэ: яму і без мяне клопату хапае (дыяметр Сусвету, паводле дэ'Сітэра — састарэлыя дадзеныя, па самых сціслых падліках, — у сантыметрах: адзінка і дваццаць восем нулёў). Але трэба было выстаяць, выкараскацца, прыдушыць філасофію, змагацца далей з грамадствам, з Колерам, з Штусі-Лойпінам

і пачаць барацьбу супроць Элен. Схільнасць да развагаў — рыса нігілістычная, яна спанявервае прызнаныя каштоўнасці, вось чаму я зноў заўзята ўчапіўся за рэальнае жыццё, падбадзёрыўся і, цяпер ужо маючы возера, лебедзяў і паруснікі з левга боку, вярнуўся ў Стары горад, міма пенсіянераў і міма парачак, шчасліва апраменены як бы касмічным ззяннем вечаровага сонца, потым цэлы вечар бесперастанку піў «клеўнэр» (якога проста трываць не магу), і, калі каля гадзіны ночы з адной, хоць і няважнай рэпутацыі дамай, але затое з выдатнай канстытуцыяй цела, наблізіўся да яе апартаментаў, у пад'ездзе мяне чакаў Штубер з паліцыі маральнасці, ён запісаў усе адрасы і ласкава пакланіўся, паклон быў задуманы ім як з'едлівая іронія, як жароўня з вугаллем, высыпаная на галаву наскрозь прапітага адваката. Пракол? Магчыма. (Затое дама аказалася вышэйшай пробы клас, яна нават сказала, што, як што яно гэта для яе вялікі гонар, дык заплаціць я магу іншым разам, у чым я дужа засумняваўся, шчыра прызнаўшыся, што іншым разам я наўрад ці буду плацёжаздольнейшы, пасля назваў ёй сваю прафесію, а яна запрасіла мяне ў свае давераныя.)

Краіна і людзі. Без некаторых звестак нам не абысціся. На забойства патрэбна як непасрэднае, так і аддаленае атачэнне, сярэдняя гадавая тэмпература, сярэдні адсотак землятрусаў і людскі клімат. Тут усё звязана адно з адным. Прадпрыемства, якое выступае пад назваю «наша дзяржава», а часам — «наша бацькаўшчына», было па грубых падліках заснавана больш як за дваццаць пакаленняў таму назад. Месца: спачатку ўсё адбывалася галоўным чынам сярод вапняку, граніту і маласы, пазней да гэтага далучыліся трацічныя адклады. Клімат: так сабе. Эпоха: спачатку не дужа, сярэдняя, сцвярджала сябе саматужная ўлада Габсбургаў, лішак кулачнага права, бо калі браць гвалтам, дык бралі гвалтам, узломвалі рыцараў, кляштары і замкі, як незгаральныя шафы, грандыёзныя рабункі, здабыча, палонных не бралі, перад бітвай — малебен, пасля бойкі — павальная п'янка, вайна сябе цалкам акупала, потым, на жаль, прыдумалі порах, вялікадзяржаўная палітыка напаролася на ўсё большы і большы супраціў, аматараў размахваць алебардай альбо кісцянём ціха мірылі, адэптаў блізкага бою прыхлопнулі на адлегласці, і не прайшло і васьмі пакаленняў, як ужо настала векапомнае адступленне, далей яшчэ сем пакаленняў адноснай дзікасці, цягам якіх часткова забівалі адно адных, прыгняталі сялян (свабоду тут ніколі не ўспрымалі надта літаральна) і біліся за рэлігію, часткова ж на шырокую нагу культывавалі ландскнехцтва, прадавалі сваю кроў таму, хто больш плаціў, баранілі князёў ад гараджанаў, усю Эўропу — ад свабоды. Пасля нарэшце грукнулі грымоты Французскай рэвалюцыі, у Парыжы перастралялі ненавісную гвардыю, якая стойка абараняла прайграную пазіцыю на службе ў прагнілай сістэмы, што кіравала з міласці Божай, а тым часам адзін гвардзейскі афіцэрык арыстакратычнага роду, між іншым седзячы ў мансардзе і тым самым у бяспецы, выдумляў сваю «Восеньскую песню». «Змоўкнуў бор шумлівы, пажаўцелі нівы, восень пачалася». Крыху пазней Напалеон са сваёй гайнёю і падданымі краінамі канчаткова ачысціўся ад літасцівых паноў. Паразы пайшлі нашай краіне на карысць. Праклюнуліся першыя парасткі дэмакратыі і новыя ідэі: Песталоцы, бедны, абадраны і палымяны, валачыўся па краіне ад аднаго няшчасця да другога. Намячаўся круты паварот да бізнэсу і рамяства, задрапіраваны ў адпаведныя ідэалы. Пачала расці прамысловасць, пракладваліся чыгункі. Праўда, зямля была бедная на карысныя выкапні, вугаль і руду даводзілася завозіць і перапрацоўваць, але паўсюль дбайнасць і рупнасць, усё большае багацце — без марнатраўства, хоць на жаль, і без бляску. Ашчадлівасць сцвярджалася як вышэйшая цнота, адчыняліся банкі, спачатку нясмела, пазыкі лічыліся нечым брыдкім, і калі раней важны пункт вывазу складалі ландскнэхты, дык цяпер — банкруты: хто банкрутаваў у нас, мог пашукаць шчасця па той бок акіяна. Усё павінна было акупацца, і ўсё акупалася, нават неабсяжныя груды камення, нават галька, языкі глетчараў і спадзістыя схілы, бо з таго часу, як была адкрыта прырода і любы басяк мог адчуць прыліў узвышаных пачуццяў у горным аддаленні ад свету, сталася магчымым і стварэнне індустрыі турызму: ідэалы краіны заўсёды мелі практычную аснову. У астатнім жылі так, што для кожнага меркаванага ворага было больш выгодна не совацца, — амаральная па сутнасці, але здаровая жыццёвая ўстаноўка, якая сведчыла калі не пра веліч, дык, прынамсі, пра палітычную рассудлівасць. Дык вось і прыстасоўваліся, удала прайшоўшы праз дзве сусветныя вайны, манеўравалі паміж драпежнікамі, але кожнага разу выходзілі цэлыя і здаровыя. На сцэну выйшла наша пакаленне.

Наш час (1957 год пасля нар. Хрыста). Большасць насельніцтва жыве амаль бесклапотна, бяспечна і забяспечана, царква, вучэбныя ўстановы і клінікі заўсёды гатовыя да паслугаў па даступнай цане, крэмацыя ж у выпадку патрэбы робіцца бясплатна. Жыццё ідзе па ўезджанай каляіне, але мінулае расхіствае будову і трасе падмурак. Хто мае многа, таму страшна многа страціць. Той нежывы падае з каня, калі небяспека засталася ззаду, як упаў коннік на лёдзе Бадэнскага возера; не хапае духу, каб прызнаць неабходнасць сваёй абачлівасці, чалавек не гатовы далей мірыцца з тым, што ніколі не быў героем, а быў проста надзелены здаровай кемнасцю, ён ціснецца ў рады герояў, ажыўляе паданне пра бацькоў-ваяроў, геаграфічныя міфы пагражаюць кароткім замыканнем, памяць жыве дагістарычнымі бітвамі, і вось ужо сёй-той сам сябе ўзводзіць у барацьбітоў Супраціўлення, а далей за справу бяруцца генштабісты, яны заклёнамі выклікаюць з нябыту свет Нібелунгаў, мрояць пра ядзерную зброю, пра гераічную знішчальную барацьбу ў выпадку агрэсіі, бо пагібель арміі павінна непазбежна весці да пагібелі нацыі, тым часам як народы, даўным-даўно прыгнечаныя і паняволеныя, умеюць унікаць гэтакай долі то адвагай, а тое і хітрасцю. Але меркаваная пагібель можа прыйсці ў іншым, больш вытанчаным выглядзе. Зямлю, якую нацыя збіралася абараняць да апошняй кроплі крыві, скупляюць іншаземцы, чужыя рукі садзейнічаюць росквіту гаспадаркі, а свае ў лепшым разе вядуць толькі агульнае кіраўніцтва, хоць наўрад ці кіруюць, грамадзяне дзяржавы ўтвараюць верхні пласт, а пад ім, стлуміўшыся ў жытлішчах, здадзеных за шалёныя грошы, гібеюць бедныя і працавітыя італьянцы, грэкі, гішпанцы, партугальцы і туркі, часта пагарджаныя, часта непісьменныя, ілоты, на думку многіх гаспадароў — істоты ніжэйшага гатунку, якія, папоўніўшы сабою шэрагі свядомага пралетарыяту і маючы перавагу як вынікам прывычкі да памяркоўнасці, могуць урэшце заявіць пра свае правы, раптам усвядоміўшы, што фірма, якая называе сябе нашай дзяржавай і ўжо напалавіну перакупленая замежным капіталам, залежыць ад іх цалкам. А насамрэч, як мы пра тое цьмяна здагадваемся, праціраючы вочы ад немага здзіўлення, наша маленькая дзяржаўка сышла з гістарычнай арэны як толькі дасталася да вялікага бізнэсу.

Рэакцыя грамадскасці. Вось на якім фоне рэзка акрэслена забойства, учыненае д-рам h.c. Колерам. Вынік можна было прадбачыць загадзя і наперад: як што мы дэпалітызавалі палітыку — вось дзе мы нацэлены на будучыню, вось дзе мы сучасныя, вось дзе выяўляецца наш першапраходчыцкі дух і свету наканавана альбо загінуць, альбо цалкам «ашвейцарыцца», — дык вось жа, як што яно ад палітыкі няма чаго больш чакаць ні дзівосаў, ні новага жыцця, хіба што — ды і тое толькі зрэдчасу — дарог з яшчэ лепшым пакрыццём, як што сама краіна з біялагічнага гледзішча паводзіцца досыць прыстойна і не залішне рупіцца што да дзетазачацця (тое, што нас няшмат, ёсць наша вялікая перавага, а тое, што дзякуючы замежным рабочым наша раса павалютку-памаленьку паляпшаецца, — наша найвялікшая перавага), любое парушэнне штодзённай марнасці выклікае прыліў удзячнасці, любая разнастайнасць пажаданая, балазе, штогадовае ўрачыстае шэсце гільдый з яго закасцянелым цырыманіялам ніяк не здольнае замяніць сабою адсутнасці карнавала. Таму дзеянні доктара h.c. Ісака Колера ўнеслі пэўную навізну, людзі атрымалі магчымасць неафіцыйна пасмяяцца з таго, чым афіцыйна абураліся, і ўжо ўвечары таго самага дня, як сканаў Вінтэр, з вуснаў у вусны перадаваліся словы, прыпісваныя ці тое аднаму высокаму службоўцу, ці тое наогул гарадскому галаве, што, бачыце, Колер яшчэ раз заслужыў званне доктара honoris causa, бо то ж ён перашкодзіў прафесару Вінтэру сказаць першага жніўня чарговую прамову. Ды і нягеглыя дзеянні паліцыі мала спрыялі росту грамадскага абурэння, аж такая вялікая была агульная злараднасць: адносіны жыхароў з паліцыяй у нас даволі нацягненыя, і наогул наш горад ужо даўно не адпавядае сваёй рэпутацыі. Зрабіўшыся неспадзявана для самога сябе мегаполісам, ён тым не меней сіліцца захаваць патрыярхальныя рысы — душэўнасць, дабрадзейнасць, мяшчанскую рупнасць, якія ён заўсёды прыпісваў сабе ды прыпісвае і дагэтуль, стараецца захаваць сваё арыгінальнае аблічча пры нечаканай безаблічнасці, звязаны трыдыцыяй, якая даўным-даўно ёю быць перастала. Час аказаўся мацнейшым за наш горад з усёй яго дбайнасцю; час робіць з горадам, што яму заўгодзіцца. Вось чаму мы не такія, якімі колісь былі, але і не такія, якімі павінны былі б быць, у нас няладзіца з цяперашняй сучаснасцю, мы не ахвочыя да таго, да чаго нас змушаюць акалічнасці, з нашай нязгодзіцы мы не даводзім да канца тое, што трэба, а робім толькі да палавіны, і тое толькі з гвалтам над сваёй воляй. Яркім праяўленнем гэтага ўбоства служыць неверагоднае разрастанне прэрагатываў паліцыі, бо кожны, хто не суладзіцца з сучаснасцю, павінен уводзіць абмежаванні. Наша абшчыннасць па сваёй сутнасці абярнулася паліцэйскай дзяржавай, якая тыча свой нос куды ўтачыцца хоча, у маральнасць і ў транспарт (прычым і тое і другое — поўны хаос). Паліцэйскі больш ніякі не сімвал абароны, хутчэй сімвал пераследу. Канчаю, канчаю, ужо годзе. П'яны да ўбогасці. Удадатак тая самая раней памянёная дама з мэбляваных апартаментаў удзерлася ў маю кантору (гэта па-ранейшаму мансарда на Шпігельгасэ), ёй спатрэбілася юрыдычная дапамога. Я параю ёй завесці сабаку. Тады яна зможа на законнай падставе выгульваць яго, а разам з ім і сябе самую два разы за ноч. (Рэкамендацыя Таварыства абароны жывёл, з зубоўным скрыгатам прынятая да ведаму пракурорам Емэрлінам.)

Цяпер пракурор Емэрлін. Ён ненавідзеў кантанальнага радцу. Ноншаланцыя таго рвала пракурору нервы. Ён не мог дараваць, што Колер яму, Емэрліну, публічна ў Канцэртнай зале паціснуў руку. Ён аж так ненавідзеў Колера, што раздвойваўся ад сваёй нянавісці. Напруга паміж ягонай нянавісцю і пачуццём справядлівасці даходзіла да нясцерпу. То ён узважваў, як заявіць сабе самаадвод за сваю прадузятасць, то разлічваў, што гэта зробіць яму кантанальны радца. Заблытаўшыся ў гэтых супярэчнасцях, ён падзяліўся сваімі трывогамі з кантанальным суддзёй Егерленэрам. Егерленэр прамацаў глебу ў следчага, а той сваёй калейкай у начальніка паліцыі, а начальнік, цяжка ўздыхнуўшы, загадаў прывесці кантанальнага радцу з акруговай турмы да сябе ў кабінет, дзеля большай нязмушанасці абстаноўкі. Доктар h.c. быў у выдатным настроі. Віскі «Белы конь» — найвыдатнейшы. Начальнік зноў павёў гаворку пра Штусі-Лойпіна, бо, сказаў, прызначаны абаронца добрага слова не варты. Колер адказаў, што гэта не мае значэння. Тады начальнік паведаміў пра Емэрлінавыя згрызоты. У адказ кантанальны радца запэўніў, што проста ўявіць сабе не можа больш бесстаронняга абвінаваўцы. Гэтыя словы, перададзеныя Емэрліну, выклікалі ў таго шалёны крык, што вось цяпер ён пакажа гэтаму кантанальнаму радцу і запраторыць яго пажыццёва, пасля чаго суддзя ўжо быў намерыўся сваёй уладай адхіліць Емэрліна, але перадумаў, баючыся, каб пракурора ад злосці не разбіў паляруш, са здароўем у таго і праўда ж не зусім ладзілася.

Сам працэс. Кантанальны суд у складзе судовай калегіі з пяці суддзяў адбыўся, паводле нашых рахубаў, хутка, можна сказаць з хуткасцю гуку, — усяго праз год пасля забойства, зноў жа ў сакавіку. Злачынства адбылося ўва ўсіх на

вачах, не было патрэбы высвятляць, хто забойца. Вось толькі ўстанавіць матывы злачынства суд так і не здолеў. Выходзіла, быццам іх зусім і не было. З кантанальнага радцы нічога выдабыць таксама не ўдалося. Суд апынуўся перад невырашальнай мудзёрай загадкай. Падрабязны допыт абскарджанага не даў суддзям аніякай зачэпкі. Адносіны паміж забітым і забойцам былі настолькі карэктныя, як толькі іх сабе можна ўявіць. Дзелавых сувязяў паміж імі не было, рэўнасць выключалася цалкам, нават здагадак у гэтым напрамку ніхто не выказваў. Перад абліччам гэтага больш чым загадкавага факту ўзнікалі два тлумачэнні: альбо доктар h.c. Ісак Колер — хворы душэўна, альбо ж ён амаральная пачвара, забойца з любові да забойства. Першы пункт прадстаўляў афіцыйны абаронца Люці, другі — пракурор Емэрлін. Супроць першага сведчыў сам выгляд Колера, Колер рабіў уражанне цалкам нармальнага, супроць другога — славутае мінулае Колера, бо то ж быць палітычным дзеячам і прадпрымальнікам ужо само па сабе — найвышэйшая маральнасць. Удадатак грамадская апінія бог ведае з якіх часоў праслаўляла сацыяльныя (не блытаць з сацыялістычнымі) тэндэнцыі ў настроях Колера. Але гэта быў працэс, які найбольш закранаў славалюбныя струны Емэрліна. Нянавісць, ганьбаванне, здзеклівыя кпіны ў ягоны адрас акрылялі старога юрыстага, да яго фантастычнага ўзлёту іншыя высокія суддзі проста не дапялі, бясколерны Люці нічога не мог. Емэрлінаў тэзіс пра Колера-нелюдзя ўсім на здзіўленне прайшоў. Пяцёра высокіх суддзяў палічылі мусовым у навуку іншым асудзіць Колера, нават Егерленэр саступіў ім. Зноў было зроблена ўсё магчымае, каб выратаваць хоця ж бы фасад маралі. Народ, як гаварылася ў абгрунтаванні прысуду, мае права не толькі патрабаваць, каб фінансава і грамадскі добра забяспечаныя колы вялі маральна беспахібны лад жыцця, але і мае права на свае вочы сачыць за ім. Кантанальнага радцу засудзілі на дваццаць гадоў папраўчай турмы. Не пажыццёва, але практычна пажыццёва.

Паводзіны Колера. Кожны мог заўважыць годнасць, з якою трымаўся выкрыты злачынец. Уваходзячы ў залу, ён здзіўляў усіх свежым выглядам, нездарма ж ён выседжваў папярэдняе ўвязненне галоўным чынам у псіхіятрычнай клініцы на беразе Бодэнскага возера, хоць і быў абавязаны трымацца даволі, зрэшты, мяккіх прадпісанняў паліцыі, але затое пад наглядам прафесара Хабэрзака, свайго блізкага прыяцеля. У межах клінікі ён мог дазваляць сабе ўсе віды перамяшчэння, ягоным партнёрам у гольфе быў вясковы паліцэйскі. Нарэшце, паўстаўшы перад судом, Колер наадрэз адмовіўся ад якіх бы там ні было патуранняў і патрабаваў, каб да яго ставіліся як «да чалавека з народу». Варта звярнуць увагу на самы пачатак працэсу. Доктар h.c. крыху занямог, грып, слупок градусніка далез да трыццаці дзевяці, але ён усё-такі настояў, каб слухання не адкладвалі, і нават адмовіўся на час разгляду карыстацца бальнічным крэслам. Пяці суддзям ён заявіў (вытрымка з пратакола): «Я тут на тое, каб вы ў згодзе з вашым сумленнем і літарай закону судзілі мяне. Вам вядома, у чым мяне вінавацяць. Выдатна. Цяпер ваша справа судзіць, мая — падпарадкавацца вашаму прысуду. Які б ён ні быў, я палічу яго справядлівым». Калі вырак быў вынесены, Колер ад усёй душы падзякаваў высокаму суду, асабліва ўпіраючы на чалавечнасць, з якою да яго паставіліся, не забыў падзякаваць і Емэрліну. Публіка слухала гэтае словацечыва, хутчэй пацяшаючыся, чым расчулена, ува ўсіх склалася ўражанне, што ў асобе доктара Ісака Колера юстыцыі ўдалося здабыць унікальны экземпляр, і, калі яго вывелі, усім здалося, быццам нарэшце апушчана заслона над афёрай, хоць і не да канца высветленай, але ў кожным разе адназначнай.

Цяпер пра мяне, тадыташняга і цяперашняга. Такая ў агульных рысах папярэдняя гісторыя, яна можа расчараваць, разумею, гэта надзённая падзея, дзіўная толькі для непасрэдных яе ўдзельнікаў і для больш дасведчаных, прычына плётак, жартаў больш ці менш банальных і для некаторых маральных сентэнцый пра крызіс Захаду і дэмакратыі, крымінальная справа, сумленна асветленая судовымі рэпарцёрамі і пракаментаваная галоўным рэдактарам нашай сусветна вядомай гарадской газеты (між іншым таксама сябрам Колера) са звычайнай у нашай краіне годнасцю, на некалькі дзён тэма гаворак, якія наўрад ці сягнулі за межы нашага горада, скандал правінцыйнага маштабу, які з поўным правам быў бы забыты ў недалёкай будучыні, калі б за ім не крылася адна дужа пэўная задума. Калі ж мне наканавана было сыграць у гэтай задуме галоўную ролю, дык гэта ўжо мая асабістая бяда, хоць, мушу прызнацца, я з самага пачатку адчуваў нешта падступнае. Зрэшты, тут трэба крыху асвятліць мае шанцы пасля працэсу Колера. Ужо тады яны мала радавалі. Я паспрабаваў неяк устаць на ногі; на Шпігельгасэ, над малітоўнай залай пабожнай секты «Святыя з Ютлі», я пачаў сваю ўласную практыку, памяшкане з перакошанай знешняй сцяной на тры акны, з некалькімі крэсламі вакол пісьмовага стала ад Пфістэра, з вядомымі налепкамі з «Бэобахтэра» на сценах, прычым прамоўчу пра якасць шпалераў на сценах, і пакуль што з няспраўным тэлефонам, — закутак, які ўзнік таму, што ўладальнік дома загадаў знесці сцяну паміж двума мансардамі і, натуральна, забіць другія дзверы. У трэцяй мансардзе жыў прапаведнік, ён жа заснавальнік секты Сымон Бэргер, вонкава вельмі падобны на св. Мікалая Флюэнскага, з ім у нас была агульная прыбіральня. Праўда, размяшчэнне маёй канторы было вельмі рамантычнае, праўда, непадалёк сваім часам жылі Бюхнер і Ленін, выгляд на коміны і тэлеантэны Старога горада абуджаў захапленне, давяральнасць, пачуццё ўтульнасці роднага кута і жаданне разводзіць кактусы, але для адваката яно не гадзілася, і не толькі ад нязручнасці з транспартам, да мяне наогул было цяжка дабрацца: ліфта няма, крутыя рыпучыя лесвіцы, хаатычнае плеціва калідораў. (Дадам: гэта раней мая кантора была размешчана няўдала, калі ў мяне яшчэ былі нейкія рэшткі амбіцыі, калі я яшчэ цвёрда хацеў стаць на ногі, чагосьці дасягнуць, зрабіцца спраўным бюргерам, а прапітаму хадайніку па справах паненак лёгкіх паводзінаў, якім я ў выніку зрабіўся, мой закутак пасуе як найлепш, хоць цесната ад размешчанай у ім сафы набыла катастрафічныя памеры; тут я сплю адзін альбо з кім выпадзе, тут жыву і нават часам гатую, а ўначы «Святыя з Ютлі» ў мяне пад нагамі гарлаюць песні, тыпу «Цябе чакаем мы, наш друг і брат, цябе мы любім вельмі шмат», прынамсі, Луцкі, патрон і абаронца той самай дамы з вартай подзіву канстытуцыяй цела і няпэўнай прафесіяй, які крыху з цікаўнасці, крыху з дзелавога інтэрасу меў са мной гутарку і наогул зандзіраваў глебу, здаваўся ўсім гэтым цалкам задаволеным і нават па-прыяцельску зазаначыў, што толькі тут якраз і можна адпачыць душой). Карацей, кліентура і раней не лашчыла мяне, я быў амаль беспрацоўны адвакат, апрача некалькіх дробных лавачных крадзежыкаў, спагнанняў па выканаўчым лісце ды статутаў спартыўнага таварыства арыштантаў (з даручэння дэпартамента юстыцыі), мне не было ўвогуле чым займацца, я бавіў час альбо на зялёных лаўках уздоўж нябярэжнай, альбо каля кавярні «Сэлект», гуляючы ў шахматы (з Лесэрам, прычым мы абодва ўпарта разгортвалі гішпанскі дэбют, так што ў цэлым гэта ўвесь час была адна і тая самая партыя, і заканчвалася яна аднолькава, патам), у сталоўках жаночага аб'яднання я спажываў стравы хоць і не выштукаваныя фантазіяй, затое вельмі карысныя. У такіх акалічнасцях я наўрад ці мог адхіліць Колерава запрашэнне наведаць яго ў турме ў Р.; думка, што ў запрашэнні старога ёсць нейкая дзіўната, што абсалютна нельга зразумець, навошта яму спатрэбіўся невядомы, яшчэ нічым такім не адметны адвакацік, і ўдадатак страх перад ягонай вышэйшасцю — адным словам, усе мае цьмяныя прадчуванні я прагнаў, проста не мог не прагнаць. У імя маральнасці, якая ёсць прадукт нашай працоўнай маралі. Працуй, склаўшы рукі, дык выцягнеш ногі. Гультаю і Бог не паможа. Карацей, я паехаў у Р. (тады яшчэ ў «фольксвагене»).

Наша папраўчая турма. На машыне можна даехаць хвілін за дваццаць. Пляскатая даліна, прыгарадная вёска, панылая, шматбетонная, некалькі фабрык, на небакраі — лясы. Шчыра кажучы, было б перабольшаннем заяўляць, што нашая турма вядомая кожнаму жыхару горада. Бо чатырыста арыштантаў складаюць ад сілы нуль цэлых адну дзесятую працэнта яго насельніцтва. Зрэшты, гэтая ўстанова павінна быць вядомая аматарам нядзельных вылазак на прыроду насельніцтва, нават у тым выпадку, калі шмат хто прымае яе за бровар альбо за вар'яцкі шпіталь. А таму, хто прайшоў праз браму з аховай і стаіць перад галоўным будынкам, можа здацца, быццам перад ім няўдалае архітэктурнае выкананне кірхі альбо капліца з чырвонай цэглы. Гэтае цьмянае адчуванне рэлігійнай прыналежнасці ніякім чынам не парушаюць постаці ахоўнікаў: ветлыя, пабожныя фізіяноміі, ну, рыхтык табе Армія выратавання, паўсюль цішыня, дабрадайная для нерваў, у прахалодным змроку на чалавека міжволі нападае пазяхотка, да якое, аднак, дамешваецца душэўная сруха. Тут юстыцыя з'яўляецца перад божым светам з заспаным тварам, што і не дзіва, улічваючы вечна завязаныя вочы гэтай дамы. Ёсць і іншыя прыклады дабрахоцтва і клопату пра выратаванне душы, — насустрач табе выходзіць барадаты капелан, нястомны руплівец і дбалец, пасля турэмны пастар, далей дама-псіхолаг у акулярах, усё так і прамяніцца жаданнем ратаваць, мацаваць, настаўляць душы, толькі ў самым канцы даволі бязрадаснага калідора прасвечвае пагрозлівы свет, хоць праз закратаваныя шкляныя дзверы немагчыма разгледзець дэталі, ды і двое ў цывільным, што сядзяць на ўслончыку каля кабінета дырэктара і чакаюць, аддана і змрочна, абуджаюць нейкі лёгкі недавер, нейкае несамавітае прадчуванне. Але той, перад кім адчыняюць шкляныя дзверы, хто пераступае таямнічы парог і заходзіць усярэдзіну, малой бяды ў якасці каго — ці тое крыху разгубленых членаў нейкай камісіі, ці тое арыштантаў, пастаўкай якіх займаецца правасуддзе, апынаецца на сваё здзіўленне ў царстве па-бацькоўску строгага, але зусім не бесчалавечнага парадку, карацей, перад трыма магутнымі галярэямі ў пяць паверхаў, якія ўсе праглядваюцца з аднаго пэўнага месца, у царстве зусім не змрочным, а наадварот, прасякнутым святлом зверху данізу, у царстве кратаў і клетак, не пазбаўленым, аднак, ні свайго аблічча, ні прыветлівасці, бо тут праз адчыненыя дзверы камеры можна ўбачыць столь нябесна-блакітнага колеру і пяшчотную зеляніну пакаёвай ліпы, там — ветлівыя, задаволеныя фізіяноміі арыштантаў у карычневых турэмных робах, стан здароўя падапечных вышэй за ўсе пахвалы, манаскі, мерны лад жыцця, ранняе выключэнне святла, простая ежа — цуды твораць, у бібліятэцы ёсць побач з апісаннямі падарожжаў, побач з душарадным чытвом для арыштантаў абодвух веравызнанняў хай нават не самая новая літаратура, затое класіка, ад дырэкцыі раз на тыдзень — кінасеанс, на гэтым тыдні — «Мы вундэркінды», наведвальнасць нядзельнай казані прыкметна перавышае ў працэнтных адносінах аналагічную па той бок турэмнага мура, жыццё размотваецца паступова, марудліва і раўнамерна, людзей забаўляюць і захапляюць, яны атрымліваюць ацэнкі. Тут прыкладныя паводзіны маюць сэнс, яны палягчаюць становішча, гаворка ідзе, зразумела, толькі пра тых, каму адседжваць гадоў дзесяць ці меней, тут выхаваўчыя меры дарэчныя. І наадварот, там, дзе ніякай надзеі няма, ад пажыццёва асуджанага нікто не патрабуе выпраўлення з удзячнасці за паслабленні, нездарма ж яны — гонар установы, напрыклад Дросэль і Цэртліх, якія на волі сваімі зладзействамі ўвагналі ў трымценне мірных грамадзянаў; ахоўнікі ставяцца да іх з нясмелай пачцівасцю, яны — зоркі мясцовага кантынгенту і паводзяцца адпаведна. Нельга замоўчваць той акалічнасці, што ў звычайных крымінальнікаў гэта часам выклікае зайздрасць, і яны даюць сабе слова наступным разам падысці да справы з большай грунтоўнасцю; гэтак сама ж і медаль, заслужаны нашай турмой, мае свой другі бок, але, калі разглядаць пытанне сукупна, хто б не захацеў пры такіх умовах ступіць на сцежку дабрачынства, пазбаўленыя пасадаў і пастоў чыноўнікі здабудуць новую надзею, забойцы звяртаюцца да антрапасофіі, вычварэнцы і кровамесы шукаюць духоўных даброцяў, тут клеяць скрынкі, плятуць кашы, акладаюць кнігі, друкуюць брашуры, і нават урадавыя радцы замаўляюць сабе гарнітуры ў мясцовай швальні, удадатак будынак прапах цёплым хлебам, тутэйшая пякарня славіцца, яе булачкі на бутэрброды подзіву вартыя (каўбасу трэба замаўляць асобна), папугайчыкаў, галубоў, радыёпрымачы можна заслужыць прыкладнасцю і ветлівасцю, для ахвотнікаў прадоўжыць адукацыю ёсць вячэрнія класы, і не без тайнай зайздрасці міжволі закрадваецца подумка, а ёй на змену прыходзіць цвёрдая ўпэўненасць, што гэты свет у поўным парадку, не наш, а менавіта гэты.

Гутарка з дырэктарам папраўчай турмы. На вялікае маё здзіўленне мяне запрасілі да дырэктара Цэлера. Ён прыняў мяне ў сваім кабінеце — пакоі з вялікім сталом для пасяджэнняў, тэлефонам, папкамі. На сценах табліцы, чорныя дошкі з мноствам паперак, почарк амаль каліграфічны, сярод злачынцаў, як на жаль амаль усюды ў гэтай краіне, шмат настаўнікаў. Акно не закратаванае, выгляд на турэмны мур і невялікі газон, прычым гэта хутчэй нагадвала б школьны двор, калі б не абсалютная цішыня. Ні аўтамабільных гудкоў, ні шолахаў, як у доме для пярэстаркаў.

Поделиться с друзьями: