Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Юстыцыя

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

Кантанальны радца старанна націраў крэйдай скурацік. У яго былі спакойныя, упэўненыя рухі, і, як бы рэзка ні гучалі яго словы, рэзкасць не здавалася пыхай, хутчэй свядома прадуманай і стрыманай, усё ў ім сведчыла пра сілу і беспамылковасць. Крыху нахіліўшы галаву, ён акінуў вокам більярднае поле і ўдарыў, коратка і рашуча.

Я сачыў за рухам белых шароў, за іх сутыкненнем, адскокам.

— A la bande — толькі так можна пабіць Бэна, — сказаў кантанальны радца, аддаючы кій прафесару. — Уцямілі, малады чалавек?

— Я ў гэтым нічога не петру, — адказаў я і заняўся сваім грогам, які кельнер тым часам паставіў на столік.

— Нічога, калі-небудзь спетрыце. — Доктар h.с. Ісак Колер зарагатаў, зняў са сцяны скручаную газетную падшыўку і выйшаў.

Забойства: Тое, што адбылося праз тры гады, вядома ўсім, і пра гэта можна расказаць вокаўзам (і дзеля гэтага мне зусім не канечне быць цвярозым). Доктар h.с. Ісак Колер адмовіўся ад мандата, хоць ягоная партыя

хацела вылучыць яго кандыдатуру на пасаду ўрадавага радцы (урадавага, не федэральнага, як пра тое пісалася ў замежных газетах), цалкам адышоў ад палітыкі (адвакацкую практыку ён закінуў яшчэ раней), узначаліў цагельны трэст, які набываў усё больш важкае міжнароднае значэнне, заадно (так бы мовіць — левай рукой), спраўляў абавязкі прэзідэнта ў шэрагу ўправаў, падхалтурваў таксама ў адной падкамісіі ЮНЕСКА і часам месяцамі яго не бачылі ў нашым горадзе аж да таго не па сезоне цёплага дня ў сакавіку 1955 года, калі ён правёз праз наш горад ангельскага міністра Б. Візіт міністра меў чыста прыватны характар — у адной прыватнай клініцы горада яго карысталі ад язвы страўніка; цяпер ён сядзеў поплеч з былым кантанальным радцам у «ролс-ройсе» гэтага радцы і без аніякай цікаўнасці знаёміўся напаследак з нашым горадам: цэлы месяц ён катэгарычна адмаўляўся ад такога знаёмства, каб нарэшце-такі здацца; пазяхаючы, кідаў вокам на выдатнасці, што праплывалі міма, — тэхнічны інстытут, універсітэт, кафедральны сабор, раманскі стыль (кантанальшчык наш пры патрэбе падкідваў кароткія рэмаркі), рака трымцела ў мяккім паветры (якраз садзілася сонца), набярэжная кішэла людзьмі. Міністр, усё яшчэ адчуваючы на вуснах смак бясконцых бульбяных таўканіц і аўсяных каш з сухафруктамі, якімі яго гадавалі ў прыватнай клініцы, але выношваючы мару пра неразведзены віскі, ківаў радцаваму як бы здалёку чутнаму голасу, а шум транспарту чуўся — як шум яшчэ больш далёкі, і пад гэты шум ён задрамаў; яго агарнула свінцовая стома, а можа, і прадчуванне, што пухліна ў страўніку — штука зусім не бяскрыўдная.

— Just a moment? — сказаў доктар h.c. Ісак Колер і загадаў шафёру Францу спыніцца перад «Du Th'e^atre», вылез, сказаў пачакаць хвілінку, паспеў яшчэ парасонам паказаць на фасад «васемнаццатага стагоддзя», але міністр Б. ніяк не зрэагаваў, ён драмаў і бачыў сны. Кантанальны радца скіраваў у рэстаран, праз круцёлку ў дзвярах дастаўся ў вялікую залу, дзе быў пачціва сустрэты мэтрдатэлем. Блізілася сёмая гадзіна, усе столікі былі занятыя, госці вячэралі, гармідар галасоў, плямканне храпаў, дзыньканне відэльцаў і нажоў. Былы радца разгледзеўся па баках, пасля рашуча прайшоў у цэнтр залы, дзе за маленькім столікам сядзеў прафесар Вінтэр, заняты філе а-ля Расіні і пляшкай шамбэртэна, дастаў рэвальвер і прыстрэліў сябра ПЭН-клуба, не забыўшыся папярэдне прыязна з ім павітацца (наогул уся сцэна разыгралася вельмі і вельмі прыстойна), пасля чаго гэтак сама спакойна і няўзрушна прайшоў міма аслупянелага мэтрдатэля, які моўчкі лупіў вочы, міма разгубленых, да смерці перапалоханых кельнерак, праз круцёлку ў дзвярах пад пяшчотнае сакавіцкае неба, зноў сеў у свой «ролс-ройс» да задраманага міністра, які так нічога і не заўважыў, які нават не ўсвядоміў, што машына спынялася, які, як ужо было сказана, проста драмаў, проста бачыў сны, ці тое яно пра віскі, ці пра палітыку (дарэчы, яго і праўда ж змыла хваля Суэцкага крызісу), ці тое пра нейкае прадчуванне што да сваёй пухліны (на тым тыдні газеты апублікавалі бюлетэнь пра яго смерць, з вельмі сціслым каментаром, прычым большасць газет дадумаліся пераблытаць арфаграфію ягонага імя).

— У аэрапорт, Франц, — загадаў д-р h.c. Ісак Колер.

Intermezzo яго арышту. Без пакепу пра гэта не раскажаш. За некалькі столікаў ад забітага якраз сталаваўся начальнік нашай кантанальнай паліцыі са сваім старым прыяцелем скульптарам Мокам, глухім, як пень, які, увесь у сабе, наогул не ўшалопаў анічога з таго, што адбылося, ні раней, ні потым. Абодва елі potaufeu — гатаванае мяса з прыправамі і да яго булён з гароднінай, Мок — са смакам, начальнік, зусім не шчыры заўсёднік «Du Th'e^atre», — не без агіды, нават з буркатою, усё яму не ў губу: і булён астылы, і мяса не пражаваць, і брусніцы засалодкія. Калі грымнуў стрэл, начальнік і галавы не падняў, што цалкам магчыма, прынамсі, так распавядаюць, бо як рыхтык у тую хвіліну ён сама-сама высмоктваў па ўсіх правілах мастацтва мархель з мазгавой косткі, пасля нарэшце ўсё-такі ўстаў, нават абярнуўшы пры гэтым крэсла, і, як чалавек строгіх правілаў, спярша падняў яго, пасля падышоў да Вінтэра, але той ужо ляжаў тварам у сваім філе а-ля Расіні, усё яшчэ сціскаючы рукою келіх з шамбэртэнам.

— А гэта тут быў часам ці не Колер? — спытаўся начальнік у па-ранейшаму непрытомнага, спалатнелага мэтрдатэля, які з жахам вытапырыўся на яго.

— Яволь. Яволечкі ж ён, — прамармытаў той.

Начальства задумліва разглядвала забітага германіста, пасля перавяло змрочны позірк на талерку са смажанай бульбай і бобам, слізганула вачыма па місцы з далікатнай зелянінай салаты, памідорамі і радыскай.

— Што ж, тут больш нічым не парадзіш, — сказаў ён.

— Яволь, нічым, нічым.

Госці, спярша скамянелыя, паўскоквалі са сваіх месцаў. З-за стойкі раззявілі вочы кухар і ўвесь кухонны персанал. Толькі Мок як бы нішто яму ніякага еў далей. Наперад праціснуўся худы чалавек.

— Я лекар.

— Нічога не чапайце, —

спакойна распарадзіўся начальнік. — Нам яго спярша трэба сфатаграфаваць.

Лекар нахіліўся да прафесара, але загаду не парушыў.

— Праўда, — канстатаваў ён. — Забіты.

— Менавіта, — спакойна сказаў начальнік. — Вярніцеся на сваё месца.

Пасля ўзаў з крэсла бутэльку шамбэртэна.

— А гэта мы канфіскуем, — сказаў ён і працягнуў бутэльку мэтрдатэлю.

— Яволь. Ага, канфіскуем, — прамармытаў той.

Пасля начальнік пайшоў тэлефанаваць.

Вярнуўшыся, ён застаў над трупам пракурора Емэрліна. На ім быў цёмны святочны гарнітур. Ён збіраўся ў канцэртную залу на сімфанічны канцэрт і, калі пачуўся стрэл, якраз спажываў на другім паверсе ў французскім рэстаране амлет flambee на дэсерт. У горадзе Емэрліна не любілі і марылі пра той час, калі ён сыдзе на пенсію, марылі ўсе: шлюхі і іх канкурэнты з іншага лагера, злодзеі і грабежнікі, недацямныя пракурысты, дзелавыя людзі ў складанай сітуацыі, але ж і юрыдычны аппарат — ад паліцыі да адвакатаў, ды што там яны — нават свае калегі і тыя неабольвалі. Усе выдурніваліся ў недарэчных жартах на яго адрас: маўляў, дзіва што горад загінаецца, — тут жа Емэрлін, дзіва што юстыцыя кульгае — Емэрлін жа…, ну, і так далей. Пазіцыя ў пракурора была нікудышняя, аўтарытэт спляжаны, прысяжныя ўсё часцей у адкрытую аспрэчвалі яго заявы, а з імі заадно і суддзі, але больш за ўсіх даставаў яго аўтарытэтны начальнік паліцыі, казалі, быццам начальнік лічыць так званую крымінальную частку нашага насельніцтва яго найлепшай часткай. Зрэшты, Емэрлін быў юрыст высокага стылю, не заўсёды ён нёс паразы, ягоных запытаў і рэплік баялія, яго бескампраміснасць гэтак жа паважалі, як і ненавідзелі. Ён быў узорам пракурора старога замесу, якому кожны апраўдальны вырак — асабістая абраза, які аднолькава несправядлівы і з беднымі і з багатымі, нежанаты, недаступны ніякім спакусам, ні разу ў жыцці не дакрануўся да ніводнай жанчыны, што, зрэшты, і было яго галоўным прафесійным недахопам. Злачынцы былі яму чымсьці незразумелым, амаль сатанінскім, яны ўводзілі яго ў старазапаветную ятру, ён быў аджытым рэліктам непахіснай, але затое і непадкупнай маралі, даледніковы валун у «багне юстыцыі, якая ўсё чыста апраўдвае», казаў ён гэтак жа палымяна, як і зласліва. Вось і цяпер ён быў незвычайна ўзбуджаны, тым болей што асабіста ведаў і забітага, і забойцу.

— Гер каменданце! — абурана ўсклікнуў ён усё яшчэ з сурвэткай у руцэ. — Кажуць, нібыта забойства ўчыніў доктар Ісак Колер.

— Слушна кажуць, — буркнуў начальнік.

— Але ж гэта проста немагчыма.

— Колер, мусіць, з глузду з'ехаў, - адказаў начальнік, сеў на крэсла каля нябожчыка і запаліў адну са сваіх вечных «Баянас». Емэрлін прамакнуў сурвэткай лоб, падцягнуў крэсла ад суседняга стала і таксама сеў, так што грузлы нябожчык ляжаў галавой у талерцы акурат паміж абодвума буйнымі і масіўнымі дбальцамі парадку. Яны сядзелі і чакалі. У рэстаране мёртвая цішыня. Ніхто больш не еў. Усё глядзела на прывідную групу. Толькі калі ў рэстаран уварвалася гарластая гурма студэнтаў, узнікла замяшанне. Студэнты з песнямі пачалі расцякацца па зале, не адразу ўцяміўшы, што тут да чаго, гарлалі і толькі потым збянтэжана замоўклі. Нарэшце з'явіўся лейтэнант Хэрэн з іншымі сябрамі камісіі па расследаванні забойстваў. Паліцэйскі фатаграфаваў, судовы медык стаяў бездапаможна побач, а акруговы пракурор, які прыйшоў разам з усімі, перапрасіўся ў Емэрліна за свой прыход. Ціхія загады, распарады. Потым мёртвага паднялі, - твар у соўсе, гусіная вантробка і зялёны боб у барадзе, — паклалі на насілкі і эвакуавалі ў санітарную машыну. А залатыя без аправы акуляры Эла знайшла, калі ўжо ёй дазволілі прыбраць са стала, у смажанай бульбе. Пасля чаго акруговы пракурор прыступіўся да апытання першых сведкаў.

Магчымы варыянт першага апытання. Калі абслуга апрытомнела, калі госці паволі і нерашуча парассаджваліся на свае месцы, а некаторыя нават зноў пачалі есці, калі надбеглі першыя газетчыкі, пракурор разам з начальнікам паліцыі выйшлі параіцца ў кладоўку каля кухні, куды іх правялі. Пракурор хацеў нейкі час пабыць з ім сам-насам без сведкаў. Бо наперадзе быў гучны адкрыты працэс. Кароткае абмеркаванне сярод паліц з хлебам, кансервамі, мяхамі мукі, бутэлькамі алею прайшло няўдала. Згодна з дакладам, з якім начальнік паліцыі пазней выступіў перад парламентам, пракурор патрабаваў шырока задзейнічаць сілы паліцыі.

— Навошта? — спытаў начальнік. — Хто паводзіцца так, як Колер, той уцякаць не збіраецца. Мы можам спакойна арыштаваць яго дома.

Емэрліна панесла ў гарачку.

— Хацелася б спадзявацца, што з Колерам вы будзеце абыходзіцца як з любым іншым злачынцам?

Начальнік маўчаў.

— Гэты чалавек — адзін з самых багатых і самых вядомых жыхароў нашага горада, — сказаў Емэрлін. — Наш святы абавязак (страх як любіў гэты выраз!) — дзейнічаць з гранічнай строгасцю. Нават ценю падазрэння ўзнікнуць не павінна, быццам мы яму патураем.

— Наш святы абавязак, — спакойна патлумачыў начальнік, — абысціся без непатрэбных выдаткаў.

— Значыцца, агульнай трывогі не будзе?

— Значыцца, не будзе.

Пракурор утаропіўся на хлебарэзку, каля якое стаяў.

— Вы сябруеце з Колерам, — сказаў нарэшце, нават не злосна, а холадна, як бы па службовым абавязку. — Вам не здаецца, што такая акалічнасць можа паўплываць на вашу аб'ектыўнасць?

Маўчанне.

— Справу Колера будзе весці лейтэнант Хэрэн, — спакойна сказаў начальнік.

Поделиться с друзьями: