Злая зорка
Шрифт:
Глеб сказаў тое, што сказаў маці ўчора ўвечары: прывезлі ix сюды на абследаванне, усіх возяць, хто працуе на станцыі, у зоне. Глеб для спакою бацькоў стаіў, што не па графіку абследавання, якое пачалі ўводзіць, яго адаслалі ў Кіеў, a прывезлі на «хуткай» з дзяжурства: ён страціў прытомнасць у турбіннай зале свайго другога блока станцыі. Праўда, не ён першы. Медыкі лічылі, што млеюць людзі ад таго, што ледзьве не замураваныя ад вонкавай радыяцыі, а кіслародам памяшканне насычалася слаба.
Уладзімір Паўлавіч па-сапраўднаму ўзлаваўся тады, калі жонка абвясціла, што застаецца ў Кіеве.
— Хоць яблычкі Глебу буду насіць.
— Якія яблычкі? Радыеактыўныя?
— На рынак не пускаюць з паўночных раёнаў.
Бацька i на яго ўзлаваўся.
«Мужчына называецца! Мамачку яму дай!»
— Адрас Галін хоць помніш? — у Кіеве жыла яго, Пыльчанкі, пляменніца.
— Адрас я ўзяла, — як бы пацвярджаючы гэта, Вольга Андрэеўна заглянула ў сумачку, хоць добра помніла гэты адрас.
Уладзімір Паўлавіч кіпеў:
«Значыць, вырашыла яшчэ ўчора застацца тут. На якое ж ліха было гэтак па-пажарнаму паднімаць мяне? Паехала б сама, без спешкі».
Холадна развітаўшыся з сынам, не стаўшы слухаць жончыны настаўленні, як жыць аднаму, пайшоў да машыны.
Паехаў назад адразу ж, толькі паснедалі са Змітром у кафэ. Паехалі на Чарнігаў, Гомель. Заўтра ўсё роўна трэба быць ў Гомелі. Чарговая нарада. Па сяўбе азімых. Вось ужо i азімыя трэба сеяць. Нельга не сеяць. А навошта? Па дзедаўскай мудрасці: паміраць збірайся, а жыта сей?
Каля двух тыдняў жыў адзін, з кожным днём усё вастрэй адчуваючы, як яму не хапае жонкі, не толькі з-за бытавой няўладжанасці — павячэраць часта няма чаго, але для душы — пагаварыць, параіцца. Каму яшчэ даверыш патаемныя думкі! А яны ў яго робяцца ўсё больш «крамольнымі».
Жонка сустрэла яго з вясёлым тварам. Такі яе твар ён бачыў апошні раз хіба чатыры месяцы назад — на вяселлі. Ды i то не ў сувязі з жаніцьбай Глеба, а з прылётам Барыса. Таму ва Уладзіміра Паўлавіча радасна ёкнула сэрца ад думкі: «Барыс! Званіў ці, можа, прыляцеў?»
Хаваючы свае пачуцці, буркнуў ca сваёй звыклай для ўсіх іроніяй:
— Ты сёння — што подмаз з’ела.
— Дык радасць жа, Валодзя! Званіў Глеб. Ад Ірыны. Ён ужо там! Разлічыўся на сваёй чортавай станцыі. I будзе працаваць у Светлагорску. Ужо дамовіўся.
Безумоўна, радасць: ён лепш за Вольгу ведаў, якая небяспека пагражае сыну, калі той надоўга застанецца на АЭС. Менш будзе трывогі. Цяпер уводзіць у бяссонніцу тайная, маўклівая трывога за Барыса i адкрытая, пра якую ён штодня крычыць, — за школьнікаў, што вяртаюцца з дальніх піянерскіх лагераў, санаторыяў у свае школы. Але не масліць жа яму фізіяномію перад жонкаю.
— Парасё твой Глеб. Мінуў бацькоў i паехаў да жонкі.
— Валодзя! А што яму рабіць тут? Радуйся, што ён там. А сам ты хіба не праязджаў міма бацькоў, калі ехаў да мяне? Яшчэ да жаніцьбы.
— Прыраўняла.
Вольга Андрэеўна засмяялася i пацалавала мужа.
I ў тую ноч, упершыню за колькі месяцаў спала нармальна, нічога кашмарнага не сніла. Уладзіміра Паўлавіча ажно будзіла яе нязвыкла роўнае дыханне. Божа! Да чаго дажыўся! Пачаў трывожыць спакой блізкага чалавека! Бо падманны ён. Маці не ведае таго, што ведае ён. Як жа доўга гэта будзе працягвацца — яўныя i тайныя трывогі, што сушаць сэрца страшней за хваробу.
I ў Сінякова — выгляд хворага чалавека. I боязна спытаць: як ты, Пятро, адчуваеш сябе? Не хапае духу параіць: схадзі, Пятро, да ўрачоў, праверся. Спалохаць чалавека можна, бо ва ўсіх зараз анкалафобія. Кожны ўпотай мацае раніцамі сваю печань: ці не баліць? ці на месцы — не спаўзла?
Аднак спытаў — з дааварыйнай лёгкасцю:
— Ты што, Пятро, змарнелы нейкі, схуднеў. Памойму, ты галадаеш. Я тыдні два пажыў без жонкі — застагнаў. Прыходзь да нас вячэраць. Вольга цябе адкорміць. Глядзі, які я карак маю, — хоць i ў самога каўнерыкі сталі свабодныя — сушыла тайна.
Пятро Міхайлавіч не прыняў яго лёгкасці, як раней падхопліваў жарты «старога». У
незвычайна сур’ёзнай, запаволенай для яго характару задуме прайшоўся па кабінеце. Прызнаўся шчыра, па-брацку, без гульні ў аптымізм:— Дрэнныя мае справы, Уладзімір Паўлавіч. Безвыходнае становішча…
— А што? — сапраўды ўжо ўстрывожана спытаў Пыльчанка, палохаючыся неадчэпнай думкі: «Няўжо рак?»
— Катэгарычна адмовілася мая Паліна вяртацца сюды. I слухаць не хоча. «Каб я павезла ў твой рэактар дзяцей?» Развесціся гатова.
— Пятро! I гэта ўвесь твой клопат? Ха! Развесяліў ты мяне.
— Вам смешна. А мне… для мяне гэта канец кар’еры. Столькі вучыўся! Так стараўся! Хто паверыць, што я ўласную жонку не магу пераканаць? Кожны з ix падумае: знайшоў прычыну, каб уцячы. Адпусцяць, канешне. Але куды? На якую пасаду?
— Хочаш, пагавару з Аляксеем? Я пераканаю яго.
«Узрадаваўся. Есць магчымасць заняць маю пасаду. A прыкідваўся святым», — падумаў самалюбівы малады сакратар, які толькі пазнаў смак улады. I стала яму да болю шкада сябе. Сам сябе асудзіў, аднак усё роўна адчуў непрыязнь да гэтага старога зубра, які легка вырашае ўсе праблемы i любую працу робіць як бы жартуючы. Але выйсця не было. Перагаворы з жонкай — апошні месяц кожную нядзелю ездзіў у Лепель — не дал i вынікаў. На размову з Аляксеем не хапала пораху: баяўся страшнага слова «дэзерцір» i вельмі нізкай пасады, ды i тую дадуць у якой-небудзь Карме, дзе выяўлена не меншая радыяцыя; начальства, калі незадаволена, умее рабіць каварныя хады. Таму пры ўсёй складанасці пачуццяў да Пыльчанкі згадзіўся на яго дапамогу.
Уладзімір Паўлавіч паверыў Пятру, бо ведаў Паліну, яе характар, разумеў псіхалогію маці малых дзяцей, ды яшчэ пры яе ўмовах — ёсць добры бацькоўскі дом у бяспечным месцы, i з усёй сяброўскай шчырасці пачаў памагаць свайму партыйнаму кіраўніку.
Горача даказваў Аляксею Раманавічу, што хлопец марнее, бо разводам пахне, i трэба пайсці яму насустрач — перавесці ў чысты раён.
Сакратар слухаў уважліва, але нахмурана. I ашаламіў пытаннем:
— Прызнайся! Табе хочацца заняць яго пасаду?
— Мне? — Уладзімір Паўлавіч засмяяўся ад нечаканасці.— Позна. Мне пара ўступаць сваю.
Аляксей Раманавіч пагразіў пальцам:
— Гэта вы мне кіньце. Разбягаецеся, як з карабля. Панікёры! Карабель не тоне. I не патоне!
— Мы — панікёры? Вы нас крыўдзіце. Дзе гэта вы бачылі ў мяне паніку?
— Ладна, не крыўдуй. Не пра цябе размова. Але Сіняковых многа.
Начальства ў час перабудовы спешна набывала дэмакратычнасць, хоць Аляксей i раней не паводзіў сябе бюракратам. Да ix жа, кіраўнікоў пацярпелых раёнаў, праяўляў асаблівую ўвагу i клопат. Строгім, але добрым быў. Стараўся заахвоціць i словам, i хоць якімі прывілеямі. Выкарыстоўваў кожны выпадак пагаварыць не толькі пра справы — пра дэзактывацыю i ўборку хлеба, але i пра самаадчуванне, пра сям’ю, у душу заглядваў. Падбадзёрыць людзей трэба! Навука даўняя, простая, але не кожнаму яна даецца. Іншы ведае не толькі арыфметыку — вышэйшую матэматыку гэтае навукі, a ў яго ўсё роўна не выходзіць, не атрымліваецца сардэчны кантакт з падначаленымі, самі людзі трымаюць дыстанцыю. А другі, здаецца, не вельмі i стараецца i пашумець можа, a адносіны яго шчырыя i натуральный, без «ігры на публіку». Да якой катэгорыі далучыць Аляксея — Пыльчанка наўрад ці адказаў бы адназначна. А можа, чалавек i павінен быць такім — гнуткім, шматгранным, супярэчлівым? Добра было ўжо тое, што з Аляксеем усё ж можна было пагаварыць. Нават аспрэчыць яго дазвалялася. Ен даказваў свае думкі горача, часам раздражнёна, але, здаючыся, не «меў зуб» на апанента. Паспрабаваў бы нехта гэтак непачціва «пабіць», напрыклад, таго ж Лявонція! Ого! Калі яго нават у більярд абыгрывалі, ён чырванеў i кідаў гульню i пасля з такім непачцівым падначаленым ніколі не ўзнаўляў яе.