Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Якое, аднак, усё кантрастнае! Удзень млел i на лётным полі, уначы дрыжэлі ў палатках. Дык гэта ж там, у даліне, на вышыні нейкіх чатырохсот метраў над узроўнем мора. А тут ён на якой вышыні? Тут кастрычніцкая ноч прынесла зіму. Ажно знямела калена. Замарозілася. Пашкадаваў, што кінуў парашут, можна было б загарнуцца ў яго. Не. Парашут нялёгкі. Несці яго ўгору не хапіла б сілы.

— Слабак! Слабак! A казырыўся. Гусара іграў.

Больш не заснуў — баяўся абмарозіць ногі. Грэў ногі хадою — у поўнай цемры лез на гарy. Ажно паку ль не спужаў, напэўна, горнага казла. Сам спужаўся. Жывёліна выскачыла з-пад чорнай скалы, ледзьве не збіла з ног, дыхнула ў самы твар цеплынёй. Цеплыня навяла на думку, што казёл спаў ва ўкрыцці. Памацаў скалу i знайшоў

звярынае лежбішча — вузкую пячору. У ёй непрыемна пахла, але трымалася цеплыня, быццам за тысячы гадоў казлы нагрэлі скалу, i яна не астывала i ў зімовую сцюжу.

I Барыс заснуў у гэтым хляве. Сон быў цяжкі, як пад наркозам. Адчуваў боль — i не мог прачнуцца. Сніў страшнае: пагоню барадатых душманаў, яны даганялі яго, а ён не мог бегчы з-за болю ў назе; перажыў дзікі страх.

Нраспаў ён доўга, выпаўз з пячоры — светла. Гадзіннік яго паказваў палову дзесятай па кабульсісім часе. Разгар дня. Але дзень быў змрочны. Хмарны. I хмары плылі з захаду. А ўчора вецер дзьмуў з усходу. Тут нячаста бываюць такія змены надвор’я. Але ж восень. Дзіўна: сонечныя дні тут мала падобныя на нашы, a ў хмарных ёсць нешта агульнае, таму i абвастраецца ў такія дні настальгія па разанскіх ды смаленскіх, па палескіх воблаках.

Балела нага. Аднак хацелася есці. Ад голаду — у кішэчніку цэлы аркестр. Мільганула думка: перачакаць у гэтай бярлозе, пакуль трохі не атухне боль. Але менавіта голад адагнаў такую думку: а жыць чым? Святым духам? Малітвамі алаху? О, каб багі маглі карміць, то людзі не ваявалі б!

Пакульгаў далей. З натугай пераадольваў боль у калене. Хутка лес узнагародзіў яго. У цясніне натрапіў на кусты з ягадамі накшталт нашай крушыны — такія ж на выгляд i на смак. Цэлая града кустоў. Ёсць расліннасць, i немалая — ёсць блізка вада. Не, вада тут была хіба вясной. Але i ягады — набытак. Падмарожаныя, яны ўтрымлівалі халодную вільгаць i праганялі смагу. I пэўным чынам насычалі галодны страўнік. У жываце забурчэла лагодна, без болю. Прыкметна прыбавілася сілы.

Барыс загадаў сабе есці нямнога. Але набіў ягадамі ўсе кішэні. I выразаў кій, крывы, сукаваты. Калі абапёрся на яго, не так балела калена.

Хутка дасягнуў вяршыні. Але гэта не парадавала. Не было перавала. Не было за перавалам спуску ў даліну з рэчкай, полем, населеным пунктам — з жыццём. На многа кіламетраў рассцілалася выпаленае сонцам горнае плато з асобнымі пакатымі скаламі, аблізанымі вятрамі. На даляглядзе ўзнімаліся невысокія шэрыя горы. Толькі на ўсходзе, як бы вянчаючы граду гэтых гор, узвышалася тая снежная вяршыня, якая была ім арыенцірам яшчэ пры атрыманні задания, якую бачылі ў палёце.

— Дзе яна, тая гарa, пад якой вада? Пад якой павінна быць вада. Дзе б яна ні была, мне да яе не дайсці.

Хмары то закрываюць снежную шапку, то адкрываюць. Ненадзейны арыенцір! Трэба мець іншы, бліжэйшы. Выбраў граду скал, недалёкую. Але як дайсці да яе?

— Няўжо хмары не прыносяць сюды дажджу? Праклятыя богам мясціны. I за ix льецца кроў людская. Пашлі хоць кроплю, хмара! Я злаўлю яе языком. Жменяй. Для чаго ты нарадзілася? Каб несці дождж! Дзе ж твой дождж?

Так ён гаварыў. Сам з сабою. З кіем. З валунамі. З ягадамі, якія ашчадна кідаў у рот, i яны раставалі там смакатой, якой не ведаў ні ад якіх прысмакаў, ні ад якіх він. I яны сапраўды давалі сілу. Цудадзейныя ягады!

Замёр на месцы, бо ўбачыў перад сабою жывую істоту. Сусліка. Ен стаяў на задніх лапках i абгрызаў нейкі злак. Абпаліла галодная думка: здабыча! Барыс асцярожна дастаў з кішэні пісталет. Узняў яго, убачыў, што рука дрыжыць. Ды не гэта яго спыніла — думка, што калі i заб’е звярка, то мусіць есці яго сырым. Запалак не было. Ен яшчэ ўчора пасля прызямлення, правёўшы рэвізіяо кішэняў, здзівіўся i расстроіўся, што не аказалася запальнічкі. Калі i куды знікла? Дзіўна. Цыгарэты ёсць, a запальнічкі няма, ніколі такога не здаралася. Уяўленне, што суслік — той жа палявы пацук, грызун, пацягнула на рвоту, але ванітаваць не было чым, i балючы спазм скурчыў яго. Апусціў пісталет у кішэню. A суслік не баяўся

чалавека, мабыць, рэдка бачыў яго. Падпусціў зусім блізка. Вочкі яго свяціліся што бруснічкі.

Барыс гаварыў з суслікам, амаль узрадаваны, што не забіў яго. Ды i звярок знік як прывід — уміг, i норкі яго не знайсці.

А калена балела ўсё мацней. Калена распухала, распірала штаніну.

Нарэшце пайшоў дождж. Дробны, імжысты — асенні. Выходзіць, i тут ён бывае. Але вада нідзе не збіралася. Шлем, які ён наставіў, убіраў кроплі дажджу i заставаўся сухім. Барыс прагна аблізваў рукі свае, рукавы курткі. Пасля дастаў пісталет, толькі на ім, у насечках ручкі, збіралася сапраўдная вада. Але хутка знайшоў камень, у якім было заглыбленне ў выглядзе чашы. Вакол каменя — птушыны памёт. Мабыць, з гэтай чашы пілі арлы. Ен цярпліва чакаў; пакуль збярэцца ў заглыбленні хоць лыжка вады, i вылізваў яе.

Але трэба ісці. Куды? Да каго ён прыйдзе? Наступала страшная абыякавасць — усё роўна куды, да каго. Да душманаў? Няхай да душманаў. Але тут жа гатовы быў разбіць галаву аб камень.

— Слабак! Ах, які я слабак! Герой вайны. Пасаромейся. Не прайшло i сутак, не пайшоў добры дождж — а ты ўжо размяк, як дзярмо…

Упарта ішоў далей, перамагаючы боль. Ягад засталася маленькая жменька, i ён не адважваўся ix есці; на гэтым вьгааленым сонцам плато наўрад ці знойдзе яшчэ штосьці, што можа падтрымаць сілы. Што грыз суслік? Нешта ж грыз. Але раслінкі той, як i норкі, не знайшоў. Калена не давала нізка нахіляцца. Шукаў камяні, на якіх магла б сабрацца вада. Але, як на бяду, усе камяні — што абточаныя. Ветрам. Ды i дождж хутка перастаў, але імжа згусцілася — быццам з камяністай зямлі ўзнімалася пара.

Наперадзе ў імжы вырысоўвалася постаць. Чалавек! Чалавек! Жаночая постаць. Не, гэта не афганка ў чорным адзенні. Жанчына ў белым. Як у вясельнай фаце… Гэта…

— Ма-ма!

Закрычаў i тады толькі сцяміў, што гэта галюцынацыя. Аднак — дзіўна! — не спалохаўся свайго хворага стану.

Праз нейкі час жанчына зноў прымроілася.

— Мама! Ты вядзеш мяне. Цяпер я нічога не баюся. Я знаю: ты выведзеш мяне. Помніш, як мы заблудзіліся ў лесе. Я плакаў. Слабак! Немалы ўжо ж быў. А ты была спакойная… Ты заўсёды спакойная, мама.

Не, гэта не маці. Маці не знае, дзе ён. Гэта Тамара. Тамара знае. Яна пісала:

«Барысок, саколе мой! Я знаю, дзе ты. Не называю гэтай зямлі, гэтага краю, бо ніхто з нашых не славіць яго. Я прымхлівая i баязлівая. Але я лятала на Каўказ. Ты здагадваешся, дзе я была. I я усё знаю. Тваім не скажу… Сабе не кажу — я прымхлівая, пачынаю верыць у зоркі, у лес i ў бога».

— Вядзі мяне, Тома! Вядзі! Але ты не ідзеш. Ты ляціш, як вецер. Глядзі, як развяваецца тваё плацце. Я не магу так хутка. У мяне баліць нага. Боль страляе ў сэрца, у мозг…

Урэшце, знясілены, Барыс упаў на мокры граніт i заснуў. Адпачывала натруджаная нага, арганізм выпрацоўваў выратавальны наркоз. I ён доўга праспаў.

Прачнуўся пад вечар. Рассеялася імжа. З за парваных хмар выглядвала сонца. Грэла ў спіну. lbн ляжаў тварам на ўсход. Чаму не на поўнач, куды ішоў? Урэшце, у сне мог павярнуцца.

Падняўся, абапіраючыся на кій, i здзівіўся. Перад ім унізе рассцілалася даліна, амаль зялёная яшчэ — прывабна зялёная. Ён выйшаў на край плато. Во цуд!

Заварожаны, забыўшыся на боль, выйшаў на абрыў. Тут быў абрыў. Але ўдалечыні, з бакоў, ёсць i накатыя схілы. Спакусліва вабіла даліна. Там — жыццё. Але ці трэба спускацца яму туды? Яму трэба ісці на поўнач. А там — усход. Але да каго прывядзе дарога на поўнач? Маджахеды — усюды. Вакол Кабула. I на таджыкскай граніцы. Нядаўна было паведамленне, што яны абстралялі савецкія награнічныя пасты. Куды ж ісці? Але галоўнае — сон не вярнуў сілы, хоць боль у калене прытупіўся, знямеў. Вочы не адпускаюць ад даліны. Там маглі застацца пачаткі кукурузы, буракі. Што ў ix яшчэ расце? Дыні! Якія дыні нярэдка падаюць у палкавой сталоўцы! Рот напоўніўся салодкай слінай. Над ім плыў цень. A даліна залітая вячэрнім сонцам. I здавалася, што ён бачыць ix, жоўтыя дыні.

Поделиться с друзьями: