Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Аднак рыхтуйся да допыту. Могуць i катаваць.

Пра гэта ён думаў з учарашняга вечара. Адабраў сапраўдныя сакрэты, якія не могуць выбіць ніякім катаваннем, i тое, што, ведаў, хаваецца ад сваіх, але даўно не з’яўляецца сакрэтам для такіх разведак, як амерыканская i англійская. Няхай пакістанцы парадуюцца гэтым «сакрэтам», пакуль шэфы не тыцнуць ix носам. Тым часам яго перададуць больш цывілізаваным службам.

Глыбока ўдыхнуўшы, як бы сабраўся нырнуць, пабрыў да бункера. Ішоў павольна, прыкметна кульгаючы, абапіраючыся на кій. Гэта не быў прыём — паказаць сябе інвалідам, калена сапраўды забалела гэтак жа моцна, як пры спуску з гары.

У вачах свяціла не адно яркае сонца, а часам два-тры, жоўтых, расплылых, што жаўткі на скавародцы. Такое адчуванне спалохала горш за галюцынацыі. Але слуп бачыў выразна, колеры яго, гэта супакоіла. Ганебна было б самлець перад чужымі салдатамі.

З-за каўпака бункера падняліся дзве постаці. Вайскоўцы. Пагранічнікі.

Барыс махнуў ім курткай — як вітаў. Спачатку яны глядзелі на яго моўчкі, безумоўна, здзіўленыя: адкуль узяўся? Потым адзін крыкнуў, здалося, паірозліва. Барыс дастаў з кішэні пісталет, паказаў ім i кінуў у бацвінне, ішоў па бураковым полі.

Крыкнулі зноў.

Ён кінуў i куртку. Сабе пакінуў кій, баяўся, што без яго не ступіць.

Пагранічнікі сціхлі. I раптам, што механічныя, праваліліся ў зямлю. У адзін міг. Як у прыгодніцкім кіно.

Барыс няўцямна спыніўся: чаму схаваліся? Ды тут нейкім унутраным чуццём пачуў, што на яго глядзяць ззаду. Рэзка павярнуўся.

Ix стаяла двое, воддаль адзін ад аднаго, усё роўна як узялі яго ў вілку. У цывільным. Барадатыя. У белых чалмах. З аўтаматамі на грудзях.

Барыс сумна ўсміхнуўся. Без страху. Сказаў сам сабе голасам палкоўніка Шувалава:

— Штурвал i зброю не кідай да апошняга дыхания.

Словы гэтыя прымусілі ступіць у той бок, куды кінуў пісталет.

Маджахеды ўзнялі аўтаматы.

IV

З Мінска выехалі рана. Стаяў густы асенні туман. Выйшаўшы на аднапалоску, шафёр вёў асцярожна, засяроджана. Маўчаў, бо адразу адчуў: гаспадарам не да размоў аб магазінах сталічных i аб цэнах на рынку.

Вольга Андрэеўна i Уладзімір Паўлавіч бадай жа не спалі ўсю ноч, хоць i былі смяртэльна стомленыя. Яна двойчы наведвалася да Глеба i з пасляабедзеннага «ціхага часу» сядзела там да вечара, пакуль яе далікатна не папрасілі. Ен абіваў парогі высокіх кантор, не было часу паабедаць. Вярнуўся ў гасцініцу перад праграмай «Час». Вольга не пайшла вячэраць: з’ела, маўляў, тое, што вярнуў Глеб. Уладзімір Паўлавіч спусціўся ў буфет, выпіў чаю. Вярнуўся ў нумар стомлены, злосны: мала што выбіў. У жонкі — апухлы ад слёз твар. Ен ласкава абняў яе.

— Не трэба, калі ласка. Прашу цябе. Што ты даводзіш сябе? Усё будзе добра. Нічога страшнага няма. Прафесары пацвердзілі.

Яна сцялася, сумна паківала галавой.

— Ты верыш прафесарам? Памрэ Глеб, — i зарыдала.

Уладзімір Паўлавіч, спалоханы, — упершыню яна вымавіла гэтыя страшныя словы, — доўга нязграбна, няўпэўнена, сам адчуваў гэта, супакойваў жонку. Але калі яна сказала пра смерць паўторна, сарваўся, кінуў узлавана:

— Што ты каркаеш, як старая варона!

Вольга не пакрыўдзілася, разумела, што i бацьку баліць, i ў яго трывожна на душы. А ён дакараў сябе, папрасіў прабачэння. I калі яна заплакала зноў, таксама праслязіўся i саромеўся сваёй слабасці.

Ен засынаў, але часта прачынаўся i чуў, што Вольга не спіць, хоць тая i стойвалася. Спачуваў ёй: во пакутніца!

У машыне пад мяккае гойданне, пад шум матора Уладзімір Паўлавіч заснуў. Заваліўся на клунак на заднім сядзенні, ажно пахрапваў; Вольга азірнулася на яго, як на малога — з усмешкай.

Яна сядзела на пера дзе. Нярэдка ў дал ёкай дарозе яе закалыхвала. Муж i шафёр ведалі гэта i садзілі яе так, каб яна глядзела на дарогу.

Яна раней кпіла: як можна спаць у машыне? Ніколі не засынала. A ў тую туманную раніцу ў лесе пад Лапічамі, магчыма, на нейкі міг заснула. Ці проста заплюшчыла вочы i ў думках была далека. Ці глядзела ў туман i ўбачыла… Сама не помніла, у якім стане была. Але раптам страшна закрычала — так, што шафёр спалохана крутнуў баранку, ледзьве не апынуўся ў кювеце, падхапіўся Уладзімір Паўлавіч.

— Што такое?

— О божа! Забілі… Забілі… Барыса забілі! — крыкнула ў смяртэльнай роспачы і… самлела.

Спынілася машына. Змітро, менш разгублены, вынес Вольгу Андрэеўну з кабіны ў лес, палажыў на мокрае лісце. Адкаркаваў пляшку баржомі, асцярожна паіў.

Спалоханы, як ні пры якой іншай падзеі, Уладзімір Паўлавіч стаяў перад жонкай на каленях.

— Оля! Оля! Ну, што ты, дурненькая? Што наду мала?

Яна расплюшчыла вочы.

— Ну, во, ну, во… Ты сасніла… Што толькі не сніш! Прайшоў насустрач грузавік, грымнуў… Мяне разбудзіў… А табе прыснілася…

— Не, Валодзя, не. He сасніла. Бачыла я, бачыла, як яны стрэлілі ў Барыса. Двое, барадатыя…

— Хто стрэліў? Дзе? Што ты вярзеш, Оля! Барыс лётае на самалёце. На Каўказе..

— На Каўказе? — дзіўным голасам, з запытальным сумненнем, паўтарыла яна.

— Мы вам валакардзінчыку накапаем, Вольга Андрэеўна, — сказаў Змітро.

— Я табе седуксен дам. Суняць твае страхі.

— Суняла ix… Суняла… Усё пагашана, Валодзя…

Яна паспрабавала падняцца — i не здолела. Гэта спалохала ўжо не толькі мужа, але i Змітрака, які махаў рукою нават на радыяцыю: «Будзем жывыя — не памрэм».

— Можа, «хуткую» з бліжэйшага тэлефона, Уладзімір Паўлавіч? — прапанаваў няўпэўнена.

Вольга Андрэеўна пачула, слабым голасам, але рашуча запярэчыла:

— Не, не… Дадому… дадому!

— Паляжы трошачкі, адпачні. Трэба ж так узвін ціць свае нервы!

— Не, Валодзя, гэта не нервы. Не нервы. Гэта матчына сэрца. Яно ўсё бачыць… далека бачыць…

— Ну, ладна, ладна. Не завадзіся.

Змітро падаслаў брызент. Далі ёй з паўгадзіны паляжаць. Потым перанеслі на задняе сядзенне, па лажылі там.

— У Бабруйск! У бальніцу! — закамандаваў Пыльчанка.

— Не, Валодзя! Прашу цябе — не трэба! Выканай маю апошнюю просьбу. Дадому.

«Апошнюю» — гэта аглушыла Уладзіміра Паўлавіча.

Машына рванула ў туман з недазволенай хуткасцю.

Вольга Андрэеўна сцішана маўчала. Не плакала… Не стагнала. Уладзімір Паўлавіч раз-пораз павароч ваўся да яе; калі бачыў расплюшчаныя вочы, поўныя болю, пакуты, асцярожна пытаўся:

— Як ты?

— Нічога. Дадому едзем?

— Дадому.

— А мне здалося, мы павярнулі. Не трэба ў Мінск Валодзя. Нікуды не трэба.

Але дома яна не здолела выйсці з машыны. Вывелі пад рукі. Урачы не маглі паставіць дыягназ. Забралі ў бальніцу. У сваю, раённую. Ды i туды ледзьве ўгаварылі. Hi кардыяграмы, ні аналізы не паказвалі ніякай вядомай хваробы.

Уладзімір Паўлавіч запрашаў прафесароў, тых, каго ведаў, i праз медыцынскія інстанцыі. Цяпер яны прыязджалі. Праз паўгода пасля аварыі не баяліся. Камандзіроўкі ім давалі ахвотна. Запісвалі сабе ў актыў i кіраўнікі i выканаўцы: наведалі зону Чарнобыльскай АЭС, вывучылі, пракансультавалі, памаглі. Разумелі, што гэта будзе ацэнена, калі не цяпер, то ў будучым.

Поделиться с друзьями: