Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
І, урэшце, пазней, Б.А.Вількіцкі, што адкрыў Паўночную Зямлю, а таксама першы прайшоў паўночным марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, і славуты М. М. Пржавальскі (род гэты пад імем Перавальскіх — старадаўні, віцебскі род). Словам, многія ішлі ў розныя бакі, рабіліся героямі розных народаў на розных кантынентах.
Яшчэ адно імя — Франц Савіч (1815 — каля 1845 гг.), арганізатар тайнага таварыства, якое пазней ўлілося ў арганізацыю Ш. Канарскага. Няўмольны вораг паноў, прыгону, прыхільнік рэвалюцыі. Беларус-паляшук у яго вершы звяртаецца да ліцвіна і валынца:
Ліцвін, валынец, падайце ж мне рукі, Так — прысягаем на госпада-бога, Царам на згубу, панам — для навукі.Яго
…Ну, пра дзеячаў літаратуры, пра змагароў, пра географаў і вучоных XIX ст., мабыць, досыць. Цяпер пра мастацтва ў тыя часы.
Шкада, што мала месца дзеля таго, каб расказаць вам пра цудоўную беларускую архітэктуру XVIII — ХІХ стст. А тут ёсць на што паглядзець. На драўляныя, каменныя будынкі фальваркаў, на дворныя пабудовы, на палац у Валожыне і бялюткі — аж здаецца празрыстым, — класіцыстычны палац у Жылічах. Што ж, проста трэба паездзіць і паглядзець. Як зробіцеся сталымі, вядома.
Развiваўся i жывапiс. Вялiкi ўзлёт пачаўся яшчэ ў канцы XVIII ст.
Імёны Ф. Смуглевіча, Я. Рустэма, В. Ваньковіча (славутага партрэтыста, аўтара "Міцкевіча на Аю-Дагу"), І.Хруцкага (партрэтыста і аўтара нацюрмортаў, у прыватнасці славутых "Кветак і садавіны", якія так палюбіліся, што копіі з іх, у пераважнай большасці дрэнныя, паскудзяць сцены ўсіх чайных, побач з шышкінскімі "Мядзведзямі", а мастак рэдкасна таленавіты). І.Аляшкевіча, аўтара дзіўных па тонкасці і светаценю партрэтаў, К. Альхімовіча, аўтара таленавітых гістарычных кампазіцый, згаданага ўжо скульптара М. Мікешына (помнікі Хмяльніцкаму ў Кіеве і тысячагоддзю Расіі ў Ноўгарадзе), пейзажыста А. Гараўскага, Н.Сілівановіча, з яго сцэнамі народнага быту.
Дайшлі да нас, вядома ж, не ўсе іхнія творы. Што загінула, што знаходзіцца невядома дзе, у Мінску іхніх карцін мала. Затое вельмі многа ў польскіх музеях і асабліва ў мастацкім музеі Вільнюса і іншых музеях Літвы.
І, урэшце, калі пераходзіць ужо часткова ў XX ст., — вялікі мастак Ф. Рушчыц, карціны якога можна разглядаць гадзінамі. Уся зямля Беларусі — у іх. Тая ж "Зямля" і шэрыя камяні замка ў Крэве, і бялюткія, каравыя ад старасці яблыні на ільснянай чорнай раллі. І млыны над чорнай вадою лясных ручаін, і натоўп, што вясною прысеў ля касцёла пад сінім-сінім прамытым небам, і бледнае асенняе сонца на дошках тэрасы. Гэта — здорава! Калі давядзецца быць у Вішневе ля Валожына — паглядзіце роспісы ў тамтэйшым касцёле. Гэта таксама Рушчыц.
Або Генрых Вейсенгоф з яго зімовымі, заінелымі, ружовымі ад сонца пейзажамі, з яго старымі дварамі, што тонуць у бэзе, і замшэлымі крыжамі сялянскіх могілак. Ці С. Жукоўскі, таксама забытыя інтэр'еры старых маёнткаў, апусцелыя асеннія лясы. І, вядома, усе ведаюць В. Бялыніцкага-Бірулю з яго празрыста-туманнымі, нібы злёгку бляклымі, дужа "настраёвымі" пейзажамі. Ну і Г.Ніскі, таксама беларус, сын чыгуначніка, з яго пейзажамі, на якіх дарогі, дэбаркадэры, прадмесці, сцэны далёкіх лясоў, з яго маладымі, здаровымі целамі атлетаў. З гэтым жывапісам (а пейзажы і тыпы беларускія пісалі і Рэпін, і Шышкін, і Крамской, і іншыя) я ўжо апынуўся ў XX ст. А нам трэба вярнуцца ў ХІХ, да пачатку новай беларускай літаратуры, да зараджэння нацыі беларускай.
Пачалося з фальклору. Таму што пасля таго як выйшлі першыя кніжкі В. Дуніна-Марцінкевіча (1807–1884 гг.) ды яшчэ некалькі кніжак — пасля 1863 года друкаванае слова было забаронена. Пасля паўстання 1863 г. паўтарылі яшчэ раз і забарону слова "Беларусь". Новыя вершы паэта, напісаныя пасля гэтага, засталіся ў рукапісах. Смешная, злая, з'едлівая камедыя "Пінская шляхта", камедыя, што бічавала мяшчанства, тупасць, прадажнасць суда, подласць чыноўнікаў, — камедыя гэтая, напісаная ў 1866 г., убачыла свет толькі ў 1918 г. На працягу бітых дваццаці год — як чорная пустыня, за выключэннем рукапісаў, што хадзілі па руках, ды патаемных, нелегальных выданняў. І гэта якраз у часы, калі складалася нацыя. Невядома яшчэ, колькі шкоды прынёс душам людскім гэты самадзяржаўна-праваслаўна-адзіна-недзялімы смурод! Аднак людзі знайшлі выхад і тут. Нельга ж было ім забараніць збіраць і выдаваць зборнікі фальклору, пісаць этнаграфічыя і гістарычныя кнігі, складаць слоўнікі. А фальклорны запіс,
скажам, мае сваёй перадумовай: "Запісвай, як чуеш". І вось такім чынам забароненая беларуская мова ўсё ж трапляла на друкаваныя старонкі. Нібыта з чорнага ходу, але ўсё ж трапляла. Вось яны і ўзяліся, "дзеля чыстай навукі". І хаця й дагэтуль выдаваліся старажытныя акты і граматы, запісваліся казкі і песні (І.Грыгаровіч, П. Шпілеўскі) — усё ж сапраўдную шырыню справа набыла толькі ў тыя гады, пасля паўстання 1863 г. У 1870 г. выйшаў першы слоўнік сучаснай беларускай мовы ("Наречия") І.Насовіча, які ўключаў больш 30 000 арыгінальных слоў.Выдадзеныя былі "Акты, што датычацца гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі" (15 тамоў, 1861–1892 гг.), "Акты", што выдаюцца Віленскай археаграфічнай камісіяй (39 тамоў, 1865–1915 гг.), і шмат-шмат іншых. З'яўляліся працы такіх гісторыкаў, як А. Кіркор, М. Доўнар-Запольскі, і такіх было многа. Расла цікавасць да роднай мовы, да народнага быту. З'яўляюцца выключныя па паўнаце, часта штаттомныя працы тых жа І. Насовіча, П. Шэйна (трохтомны запіс фальклору і этнаграфіі), М. Федароўскага, Е. Раманава, М.Нікіфароўскага, працы акад. Я. Карскага па мове, гісторыі літаратуры і фальклору Беларусі. І цікавейшыя палескія запісы А. Сержпутоўскага, дзе кожная казка — дыямент, так што, чытаючы, і наплачашся і нарагочашся.
Было ясна, што нацыя намагаецца стаць на ногі. Мы цяпер ведаем, што па многіх прычынах народная, нацыянальная самасвядомасць магла праяўляцца ў фальклорных, этнаграфічных, гістарычных кнігах, але не мела магчымасці праявіцца ў літаратуры. А што ж гэта за самасвядомасць, што ж гэта за народ, калі ў яго няма сваёй літаратуры. Патрэбны былі пісьменнікі. Мала таго, пісьменнікі, якія адчувалі б свой час, свой народ і яго патрэбы. Быў патрэбен паэт зусім новага тыпу, і ён з'явіўся. Імя яму было Францішак Багушэвіч (1840–1900 гг.). Нарадзіўся ён у сям'і дробнага шляхціца ў фальварку Свіраны на Віленшчыне. Скончыў у Вільні гімназію, паступіў у Пецярбургскі універсітэт, але адтуль яго выключылі за "нядобранадзейнасць". Настаўнічаў.
Мужыцкi адвакат
У 1863 годзе Польшча, Беларусь, Літва і некаторыя раёны Украіны (там рух быў слабейшы) паўсталі. Сялянская рэформа, "вызваленне" было падманам, рабункам пад маскай дабрачыннасці. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт сталі нясцерпныя. А тут яшчэ ўрад вырашыў аб'явіць агульны набор у салдаты, каб выдаліць рэвалюцыйную моладзь са сваіх ваколіц. У адказ паўстала Польшча, а яе падтрымалі бліжэйшыя суседзі, і сярод іх Беларусь. Паўсюль арганізоўваюцца гурткі, людзі здабываюць зброю, куюць косы, ідуць у лес і ствараюць там атрады, сапраўдныя паўстанцкія арміі. Ідзе ў лес і малады настаўнік з вёскі Доцішкі Францішак Багушэвіч.
На чале дэмакратычнага крыла паўстання стаў рэвалюцыйны дэмакрат, палкі патрыёт, публіцыст, выдавец падпольнай беларускай газеты "Мужыцкая праўда", паэт Кастусь Каліноўскі (1838 г., Мастаўляны — 10 сакавіка 1864 г., Вільня).
Пачаліся рэйды, бітвы, сутычкі. Запалалі даўгавыя распіскі ў маёнтках. Паўстанцы напалі на мястэчка Сураж, вызвалілі Пружаны, узялі Горкі. Адбылося мноства бітваў. Пад Сямяцічамі, пад Хацінічамі, пад Барысавам, пад Мілавідамі. Біліся адчайна і зацята. Той, хто едзе старым баранавіцкім шляхам, не можа не звярнуць увагу ля гэтых Мілавідаў на капліцу над загіблымі паўстанцамі, а праз дарогу — крыж над забітымі салдатамі.
І, аднак, сілы былі няроўныя. Шмат людзей было павешана і расстраляна, шмат тысяч выселена ў Сібір і на Туркестанскую лінію, на згубу. Душыцелю паўстання, графу Мураўёву, які любіў казаць: "Я не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а я з тых, якія вешаюць", удалося распусціць правакацыйную чутку, што паўстанцы — паны, якія паўсталі, каб вярнуць прыгон. Таму ў многіх месцах сяляне не падтрымлівалі паўстанне, трымаліся ўбаку, а часам і дапамагалі страляць у паўстанцаў і вязаць іх. Не было такой подласці, на якую не пайшоў бы царызм у барацьбе з мяцежнікамі. Заліць магілы расстраляных, дзе адбываліся маўклівыя маніфестацыі, слоем гною, каб "зрабіць наведванні фізічна немагчымымі", — гэта было яшчэ мала. Спецыяльна падкідалі непажаданым людзям у хату ці дом зброю, вешалі мужчын на вачах у жанчын. Падмануты селянін, які верыў цару, збольшага глядзеў на гэта збоку. "Дзеці-дэмакраты, — як сказаў Герцэн, — пачалі жудасны пасеў прыгоннікаў-бацькоў".