Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:
“Люблю за книгою правдивой Огни эмоций зажигать, Чтоб в жизни нашей суетливой Гореть, гореть и не сгорать. Чтоб был порыв, чтоб были силы Сердца людские зажигать, Бороться с тьмою до могилы, Чтоб жизнь напрасно не проспать. Ведь долг мой, братья, поколенью Хоть каплю оставить честного труда, Чтоб там, за черной загробной тенью Не грызла б совесть никогда”.

Палкоўнік

не чакаў, што нехта, апроч яго і Хрушчова, можа ведаць — ды яшчэ на памяць — вершы Панцялея Махіні, таму глянуў на русявага так, як рэдка на каго глядзеў: з павагай.

— Ну, чуў?.. — адпусціў ён, нарэшце, пузатага кансультанта, якога ўсё яшчэ трымаў за кашулю. — Гарэць і не згараць!.. Каб не праспаць! А вы тут спіце п’яныя — і сумленне вас не грызе!..

— Я не п’яны… — сказаў усё, што мог сказаць, пузаты кансультант па паэзіі, а кансультант з дзіцячай галавой, які, пакуль чыталіся вершы, паспеў агледзецца і нешта западозрыць, спытаў:

— Вы з якой камісіі?.. Пакажыце пасведчанне, з якой?..

— Позна! — адрэзаў Палкоўнік. — Камісія праверку скончыла! І зрабіла высновы!

Пузаты кансультант з лысінай і худы кансультант у паласатай безрукаўцы глянулі на вялізнага кансультанта з дзіцячай галавой, не ўхваляючы яго за смеласць…

— Ды што вы перапудзіліся! — прайшоўшы да стала, за якім сядзелі запалоханыя кансультанты, паставіў перад імі пляшку гарэлкі рознаколеравокі дзяцюк. — Гэта ж Палкоўнік! Кім, Сысой!..

У Палкоўніка, як і ў Аса, было яшчэ некалькі мянушак: Сысой, Кім… Апошняя, аказалася, ягонае сапраўднае імя, якім назвалі яго бацькі, татарын-казак і габрэйка-бундаўка, у гонар Камуністычнага Інтэрнацыяналу моладзі. КІМа. Бацькі Палкоўніка былі нейкімі надта заўзятымі бальшавікамі, нават большымі бальшавікамі, чым сам таварыш Сталін, якога Кім неўзлюбіў хоць і пазней за Саламона Майсеевіча, але сказаў пра гэта раней: не па смерці правадыра ўсіх народаў, у тым ліку і татарскага з габрэйскім, а пры ягоным жыцці. І сказаў не з вакенца яткі, каля якой стаяла млявая чарга па газіроўку, а ва ўніверсітэце, дзе праходзіў бурлівы сход самага зацятага атрада Камуністычнага Інтэрнацыяналу моладзі. Праз гэта Кім, які пазней, зарабляючы на хлеб і гарэлку, напісаў процьму кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, назаўсёды застаўся недавукам, пераведзеным з універсітэта ва Уладзімірскі цэнтрал, са студэнцкай лаўкі на турэмныя нары, на якіх навучыўся не любіць не толькі таварыша Сталіна, але і Хрушчова, і Брэжнева, і ўсіх, хто быў пасля.

Аднойчы, калі мы, усе свае (хоць Палкоўнік ніколі не быў для нас сваім — як і мы, дый усе астатнія, не былі для яго сваімі, бо ён быў адзін) стаялі каля яткі, Саламон Майсеевіч спытаў журботна: “А чаму гэта, Кіме мой, — ён толькі так чамусьці звяртаўся да Палкоўніка: Кіме мой, — цябе ў той час не расстралялі?..” — на што Кім прашыпеў, як кранік, калі ў ім газіроўка канчалася: “А таму што ў той час КІМа, Камуністычнага Інтэрнацыяналу моладзі, ужо не было, а быў АЗЛК, аўтамабільны завод Ленінскага камсамола!” — і ніхто не ўцяміў нічога, а Саламон Майсеевіч, цэдзячы ў шклянку малінавы, густы і чырвоны, як кроў, сіроп, і гледзячы на Кіма так, як глядзеў бы на брата Ізю, паківаў галавой і працягнуў: “А-а-а…”

Мусібыць, Саламон Майсеевіч таксама мала што ўцяміў, зразумеў у Палкоўніку. Не толькі ў той дзень, калі спытаў, чаму яго пры Сталіне не расстралялі, а ўвогуле… І калі ўжо Саламон Майсеевіч нечага не разумеў, дык каму тады разумець было?..

Па скон жыцця Кім застаўся дысідэнтам, легендай Мінска, насамрэч вольным, хоць і двойчы адсядзелым, гараджанінам, якому ў кабінеце кансультантаў Саюза пісьменнікаў працягнуў руку дзяцюк з рознакаляровымі вачыма:

— Караткевіч. Уладзімір.

З рэдкай, нават выключнай для ягонага з’едліва-нахабнага характару павагай Палкоўнік паціснуў працягнутую яму руку. Уладзімір Караткевіч яшчэ не быў легендай, да легенды далёка было, але Палкоўнік нібы наперад ведаў, каму руку паціскае.

— Адну прынёс, Валодзя?.. — знайшоўшы, нарэшце, акуляры і ўбачыўшы пляшку, спытаў худы кансультант у паласатай безрукаўцы,

і ўсе кансультанты глянулі на Караткевіча, чакаючы…

— Другую прынясу, калі прамову Хрушчова прачытаеце, — рушыў да дзвярэй, прапускаючы паперадзе Палкоўніка, Караткевіч. — Дарэчы, раю: песня, а не прамова!..

Хвілінаў праз дзесяць мы ўсе, вольныя мінчукі, былі на Нямізе каля яткі Саламона Майсеевіча, і, ахалоджваючыся, пілі ваду з сіропам — з малінавым і вішнёвым, персікавым і ананасным, хто з якім хацеў.

— Як вы думаеце, — спытаў, пашыпваючы кранікам, Саламон Майсеевіч, — а што было б, калі б першы сакратар ЦК КПСС таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў прачытаў на ІІІ з’ездзе савецкіх пісьменнікаў вершы майго брата Ізі?.. — І сам адказаў, не чакаючы, пакуль нехта яму нешта адкажа. — Справядлівасць была б…

– І пайшлі б мы наперад да перамогі сіянізму, — дапіў ваду з малінавым сіропам Палкоўнік, сын габрэйкі-бундаўкі.

Вуліца Першамайская, колішняя Вясёлая

Тыдні за два да таго, як Косця Воран распазнаў у Саламоне Майсеевічы сваяка Леніна, Саламон Майсеевіч меў размову з Гурыкам і нам пра яе распавёў.

— Вы ведаеце, з чым ён да мяне падышоў?.. Дык і я думаў: вады выпіць — нічога іншага. Як заўсёды… Наліваю яму з малінавым, кажу так між намі, што Асю ў тэатральны не прынялі, намякаючы, чаму, бо ён усё ж там служыць, дзе кажуць, што ўсе людзі роўныя, хоць сярод іх ёсць габрэі, а ён пытае: “Почему вы, Саломон Моисеевич, демонстративно разговариваете по-белорусски”? І ведаеце, што я адказаў? “Каб не думалі, што тут Ізраіль”. Толькі і ўсяго… Гэта што: кепскі жарт? Да таго ж гэта Гурык, а не хто-небудзь… А ён мне: “Вы с Кимом антисоветчики, мы с вами разберемся!..” Нібы таксама жарт… А назаўтра мяне адсюль клічуць, вунь туды вядуць і палітычна страшаць, каб я нешта падпісаў. І Гурык там ужо не адзін, з нейкім старшым маёрам — да якіх там жартаў?.. Я пытаюся: “Што я вам магу расказаць, чаго вы не ведаеце? Каму тое трэба, што людзі кажуць, калі ваду п’юць? А калі ўсё ж трэба, дык скажыце, што?..” Дык той старшы маёр пальцам — тыц: “Вы ў нас дажартуецеся!” І некуды падаўся па сваіх таемных справах, не сказаўшы, каб мяне адпусцілі, і я ў іх там сядзеў… Мяне, пакруціўшы, адпусцілі, але як вам Гурык? Ён жа выкруціў так, што мяне амаль арыштавалі! І за што?.. За тое, што тут не Ізраіль?..

— Можа, за тое, што вы сваяк Леніна?.. — спытаў я няўпэўнена, і Саламон Майсеевіч глянуў на мяне, як на чалавека, які ніколі не піў газіроўкі ні з сіропам, ні без.

— Вы яго паслухайце! Вы чулі такое?.. Каб у краіне Леніна некага арыштавалі за тое, што ён сваяк Леніна!.. Чаму цябе ў тэхнікуме вучаць і не выганяюць?

— Дык ты ж не сваяк, Саламон, — заступіўся за мяне Палкоўнік, і Саламон Майсеевіч перакінуўся на яго.

— А не сваякоў Леніна ў краіне Леніна арыштоўваюць?

— Арыштоўваюць… — дапіў ваду і кіўнуў Палкоўнік. — Не сваякоў арыштоўваюць.

Саламон Майсеевіч вытыркнуўся з вакенца яткі.

– І цябе арыштавалі і пасадзілі за тое, што ты не сваяк Леніна?

Палкоўнік падаў Саломону Майсеевіча пустую шклянку, узяў у Косці недапаленую цыгарку, зацягнуўся і спытаў сур’ёзна:

— А за што яшчэ, Саламон?

Саламон Майсеевіч, вінавата глянуўшы на Палкоўніка, абмяк у акенцы, прамармытаўшы:

— Гурык надта хоча старшым маёрам стаць…

Косця Воран, які некалі ў войску служыў, зморшчыўся.

— Саламон Майсеевіч, не бывае старшых маёраў, — і Саламон Майсеевіч здзівіўся:

— Пры мне былі.

— Не магло іх быць пры вас.

— Чаму?

— Бо іх не бывае.

— Па якой прычыне?

— Без прычыны. Не бывае — і ўсё!

— А хто бывае?..

— Лейтэнанты. Гурык вунь старшы…

Косця не служыў гэбістам, таму не ведаў, што пры Саламоне Майсеевічы старшыя маёры — два ромбы на пятліцах — усё ж былі, іх адмянілі ў 1943 годзе, зрабіўшы спачатку камісарамі, тры ромбы на пятліцах, а пасля генерал-маёрамі. Гурык у рэшце рэшт да генерал-маёра і даслужыўся.

Поделиться с друзьями: