Агасфэр (Вечны Жыд)
Шрифт:
І калі гэта будзе? хацелася мне ведаць.
Рабі, здавалася, пракінуўся са свайго здранцьвеньня. Мой Бацька назначыў дзень, сказаў ён.
Я нічога не перастаўляў бы датуль, сказаў я.
Разьдзел дваццаць першы. У якім герцаг Адальф закладвае падмурак царства божага ў Шлезьвігу, а супэрінтэндэнт ня можа пад'ехаць да графіні Эрэнтрой, а Агасфэр зь песьняй выпраўляецца на вайну
За плячыма абрысы Гамбурга, у кішэні герцагава запрашэньне ў замак Гаторп — Айцэн едзе па вясёлай зямлі Шлезьвіг, справа пасьвяцца кароўкі, зьлева кароўкі, авечкі й сьвінкі; гэта новы Ханаан, крыху, праўда, забалочаны, дый якое дзіва — уклінены ж паміж Балтыкай і Паўночным морам, але герцаг зьбіраецца адгарадзіцца дамбамі, — даведваецца ён у
Пра гэта Айцэн можа пасьпяваць песьню сам: нічога, апрача прыкрасьці ў родным горадзе, дзе геры pastores потайкам закідаюць адзін аднаму ерась, а яму тым болей, за яго вернасьць Лютэраваму слову, ня кажучы ўжо пра тых, што адкрыта выстаўляюць яго за ворага, тырана й фарысея, сьмяюцца зь яго, бо ён, бач, хоча перавучыць цьвёрдахрыбетных жыдоў сваёй дыспутацыяй; а сэнат Гамбурга, які павінен умяшацца ў гэтыя справы з жалезнай мятлой, сэнат той нават ня рыпаецца. Ах вось, сказаў бравы Форстыус, усюды пахіснуўся духоўны парадак; а край тым часам аж кішыць ўсякімі фанатыкамі й мяцежнымі духамі, пасьлядоўнікамі тых, якія драпанулі зь Мюнстэра, калі гэты грахоўны Вавілон, дзе нават баб качаюць калегіяльна, быў нарэшце выкураны; Бог і начальствы — жах, разносілі праклятае перахрышчэнскае вучэньне зь месца ў месца, ад Галандыі да герцагства Шлезьвіг, а на сваіх таемных сходнях чыталі кніжыцы Мэна Сіманса й іншых псэўдапрапаведнікаў.
Пасьля Форстыус гаворыць пра вайну, на якую зьбіраецца герцаг Адальф — дапамагаць іспанцу Альбу й імпэрцам душыць мяцежную Галандыю: ён, Форстыус, мае свой погляд у гэтай справе, менавіта — людзі ў Нідэрландах, нават прыхіляючыся да жэнеўца Кальвіна, усё-такі сумленныя пратэстанты, як і тут у Шлезьвігу, а імпэратар ён архіпапіст і ў хаўрусе з самім сатаной. Але гэта ня дужа падкупляе Айцэна, які павучае, што герцаг Адальф цу Гаторп, Гаторпскі, хоць і прыстойны лютэранін, як імпэрскі князь мусіць дапамагаць імпэратару, і тым больш ён учыніць хрысьціянскі чын, калі дасьць па мазгавешцы мяцежнікам; яшчэ сам Гасподзь Хрыстос сказаў: аддайце цэсару цэсарава, і наш доктар Лютэр пацьвердіў, што ніякі бунт ня бывае справядлівы, якія б справядлівасьці ён ні дакляраваў, і ён забаронены Богам, і што начальствы на тое й пастаўлены зь мечам, каб прадухіляць закалоты.
І даўшыся далей у дарогу і ўжо пад'язджаючы другога дня да горада Шлезьвіга, ён бачыць шмат ваеннага людзтва табарамі ўздоўж ракі Шляй і каля гарадзкое брамы й на вуліцах, цэлы полк Пуфэндорфа, але й тут жа дацкія алебардысты, паднятыя ў паход; гэтыя бурчаць, вурчаць, крывяць мызы — лепей, бач, ім дома было б застацца каля свайго быдла, замест каб у нейкай далёкай Фландрыі праліваць марна кроў. А каля герцагскага замка Гаторп гвалт, гармідар, штурхатня, у двары самога замка бегатня і шнураваньне, туды-сюды, сюды-туды, радцы й афіцэры, слугі й пісары, пастаўшчыкі, падрадчыкі расьпіхваюць усіх, праціскаюцца, крычаць і камандуюць; пра яго, супэрінтэндэнта Паўлюса фон Айцэна, які памаленьку вылазіць са сваёй карэты, каб хоць які там клопат, нікому нічога не наўме.
Калі раптам чуе сьмех, нейкі такі знаёмы сьмех; паварочваецца, гля! — аж гэта яго прыяцель Ганс. Прыяцель вышыкаваны дыхтоўна, на дарагім поясе кароткая шпага, і цяпер ён, як Айцэн неўзабаве даведваецца, тайны герцагскі радца Ёган Лёйхтэнтрагер; крышку, праўда, здаў, зблажэў, пастарэў, бародка й скроні пасівелі; але хто ж з нас маладзее, думае Айцэн, і сам бо ўжо даўно ня той малады кундаль, як тады там, у Лейпцыгу, у «Лебедзях». І крыху знобіць тут, хоць на замкавым двары яшчэ досыць цёпла ад позьняга сонца, ён сьцепваецца нават, калі Лёйхтэнтрагер кранае яго сваімі сухімі пальцамі й кажа яму, што Іх герцагская мосьць даўно ўжо чакаюць яго. Што да астатняга, дык усё ўжо падрыхтавана з усімі выгодамі ў адным пакоі.
Тады пазьней, калі яны сядзяць каля агню ў пакоі Лёйхтэнтрагера й Айцэн ужо прыклаўся да віна пад смажаную аленіну, абодва зноў робяцца тымі, кім былі раней, Гансам і Паўлем, і Ганс ляпае Паўля па сьцягне, і Паўль па колішнім звычаі паляпвае Ганса па горбіку; толькі час ад часу Айцэн шлёпае губамі, калі заўважае, як чыста ўсё пра яго ведае прыяцель, нават да
самых драбніц пра гамбургскія клопаты й пра яго тайны гандаль з Агасфэрам, і яму ня церпіцца, яму карціць расказаць — і як яму язык сьвярбіць за Маргрэт, якая зьяўляецца яму начамі то як сама ў сабе, то як прынцэса Трапезундзкая, а то зноў жа як лэдзі, і як яна разьдзяваецца й ляжыць перад ім, раскінуўшы шэнкелі, аж яму здаецца, вось-вось глуздамі скруціцца ад плоцкай пажады; Айцэн ужо амаль верыць, што сябра ўвесь час быў вакол яго, як колісь у Вітэнбэргу, калі геры professores выспытвалі яго па анёлах. Калі ж Айцэн сваёй чаргою хоча даведацца пра сябе, якога ляду яго вывалаклі ў Гаторп, тайны герцагскі радца толькі пасьміхаецца і маўчыць; самае большае намякае, ат, ёсьць тут нешта такое, што ў самы акурат такому рызыканту, як ягоны сябар Паўль, і што давай лепей пагамонім пра фраў Барбару, пра дзетак, а найперш пра малютку Маргарэту. І калі Айцэн кажа яму, што тая, хоць ужо файненька падрасла й разумная-разумная такая, а вось жа часта зь яе сьмяюцца на рынку й на вуліцах, а колькі ўжо разоў нават распытваліся ў маці, чаму менавіта яна так зубожана-скалечана, а іншыя не, сябар выцірае з вачэй сьлёзку й чмыхае, быццам тое няшчасьце малюткі чуліць яго да самага сэрца. Але хутка бярэ сябе ў рукі й кажа:— Бог стварыў чалавека паводле вобразу свайго, гаротная плоць. — І як што Айцэн, спалоханы блюзьнерствам, падымае руку, кажа: — Нічога, уладзіцца жыць, загартуецца, навучыцца й адбівацца, і гора таму, хто ёй кінецца напярэймы.
Пасьля ўстае ад агню і кажа, што пара ісьці, герцаг чакае. Айцэн лічыў, што атрымае аўдыенцыю пасьлязаўтра, ну, заўтра, і цяпер ледзь ня стогне, што добра прыклаўся да віна; дым ідзе з мазгоў, нагаворыць рознага глупства перад самымі Яго герцагскай мосьцю. Але Ганс хапае яго за каўнер і вядзе празь цёмную анфіладу памяшканьняў, якія адчыняюцца адно ў адным, толькі зрэдзь мільгане на сьцяне паходня, аж туды да багата разьбёных дзьвярэй, якія нібыта самі сабою расхінаюцца перад ім і адкрываюць карціну княскага гера.
Той, нядбала адкінуўшыся на падушках у ці то крэсьле, ці то на лежаку, кашуля расшпіленая на горле, магутная машня штаноў прадбачліва расшнураваная, на плечы накінуты яркі халат; у адной руцэ трымае срэбны кубак, зь якога піў, другою адганяе ўбакі дам, якія, больш-менш адзетыя, бавілі зь ім спакушальныя бавы, і знакам падклікае Айцэна да сябе.
— Так, так, — кажа ацяжэлым языком, спрабуючы падвесьціся, — вы, значыцца, той самы вучоны доктар фон Айцэн з Гамбурга, так горача рэкамендаваны мне маім тайным радцам?
Лёйхтэнтрагер дае Айцэну ў бок штурхаля, на які той сьпешна кланяецца й адказвае:
— Той самы, Ваша герцагская мосьць.
А Лёйхтэнтагер дадае:
— Гер супэрінтэндэнт палка абараняе вучэньне Лютэра ва ўсіх справах і верна прапаведуе супроць усялякай ерасі й супроць тых, якія ўхіляюцца ад сапраўднага Эвангельля; у яго таксама выдатны тонкі нюх на такога роду шэльмаў, аж ня ўмыкнецца ад яго аніводзін з тых, хто сее паняверку, падкопвае парадак і начальствы, будзь тое духоўны, будзь сьвецкі.
— Пахвальна, — кажа герцаг Адальф, — такі нам якраз і патрэбен, — і як што яму нарэшце ўдалося сесьці роўна, кажа далей: — Бо мы надумалі пабудаваць у Шлезьвігу царства божае, у якім кожны хрысьціянін павінен трымацца запаведзяў, як тое наказвае Лютэр; і павінны ў ім, царстве божым, дзе Мы — найвышэйшы царкоўны ўпраўца, усе быць аднаго духу, і з катэдры павінна абвяшчацца адно, а ня другое, пра што вы мне рупіцца мецьмеце, гер доктар, і дзеля чаго Мы вас яшчэ сёньняшняй ночы назначаем супэрінтэндэнтам і найвышэйшым царкоўным інспэктарам у маім герцагстве, каб лад і спакой панавалі ў народзе, асабліва цяпер, калі я іду вайною на мяцежныя Нідэрланды.
Гаворыць, а сам чакае, поўны гонару за такую складную і ўдалую прамову, што скажа вучоны госьць пра магутнасьць герцагскага інтэлекту; але той стаіць, як нямы, і толькі лупіць бельмы, быццам здань угледзеўшы: але гэта яго забаўніцы, як адразу здагадваецца герцаг, аж так скавалі позірк пабожнага чалавека, ці правільней, адна зь іх, і ён глядзіць і дзівіцца, як застылы, пакуль гер тайны радца ня штурхае яго ў бок. Тут толькі Айцэн схамянаецца, глыбока кланяецца, як гэта зрабіў першым разам, і кажа, ах, як ён уражаны веліччу герцагавых намераў і тым даверам, якім Яго герцагская мосьць ахінаюць яго, зь якой вось прычыны яму аж на так доўга язык адняло й як ён ні пра што так ня марыць, як толькі каб мерай сваіх сьціплых сіл узяць удзел у пабудове царства божага ў Шлезьвігу; але хай Яго герцагская мосьць не абмінуць увагай, што ён мае жонку й дзяцей і што, як яно гаворыцца, комін дыміцца мусіць.