Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Пасля рэйду, нягледзячы на ламату ў паясніцы, Золатаў быў добры і вясёлы, сам падыгрываў Ігаравым кепікам са сваёй панскай хваробы. Настрой у маёра яшчэ да рэйду ўзняўся. Тры дні назад прынялі радыёграму начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху.

«Усім партызанскім брыгадам і атрадам Беларусі.

Нямецкая разведка ў Мінску арганізавала падстаўны цэнтр партызанскага руху з мэтай выяўлення партызанскіх атрадаў, засылкі ў іх ад імя гэтага цэнтра здраднікаў, правакацыйных дырэктыў і ліквідацыі партызанскіх атрадаў. Гэты цэнтр партызанскімі атрадамі Мінскай зоны выкрыты. Маюцца звесткі аб тым, што ў гэтай зоне, у мэтах нямецкай разведкі, створаны другі цэнтр, які таксама

рассылае дырэктывы і людзей і імкнецца звязацца з партызанскімі атрадамі.

Загадваю: у мэтах папярэджання пранікнення ў атрады варожай агентуры партызанскім атрадам з прадстаўнікамі якіх бы то ні было арганізацый з Мінска ў сувязь не ўступаць і ніякіх дадзеных аб дыслакацыі, колькасці, узбраенні і дзеяннях атрадаў не даваць. Завербаваных прадстаўнікоў, якія з’яўляюцца, уважліва правяраць, і тых, хто выклікае сумненні, затрымліваць.

Панамарэнка».

Золатаў лічыў, што немалую ролю ў прасвятленні становішча ў Мінску мела яго нядаўняе данясенне. А гэта апраўдвала яго дзейнасць тут, тлумачыла правалы яго разведчыкаў у Мінску, нельга не праваліцца, калі фашысцкае камандаванне стварыла такую правакатарскую сетку. Апраўдвала перад начальствам яго асабіста — што хапіла ў яго розуму не пайсці самому; добрую спажыву мела б варожая контрразведка.

Здзівіла стаўленне камандавання атрада да шыфроўкі, на яго думку, блізарукае стаўленне, апалітычнае. Брагінскі паціснуў плячамі — не прыдаў радыёграме значэння, маўляў, нас гэта мала датычыць, у нас няма непасрэднай сувязі з Мінскам. Камісар пашкроб патыліцу: «Цёмны лес. Ніякай яснасці — што да чаго». А Ман проста асудзіў: «Седзячы ў Маскве, рабіць такія вывады? Не паспешліва, Нямала ж там сумленных байцоў. I яны пастаўлены пад двайны ўдар».

Для Мана не існуе аўтарытэтаў. Для яго сам таварыш Сталін не аўтарытэт. А неяк пры размове пра Берыю дзіўна скрывіўся камандзір, хоць нічога і не выказаў. Золатаў запомніў гэтую «паганенькую ўхмылачку». Канешне, пра ўхмылачкі радзіраваць не будзеш. Але помніць варта, можа, калі-небудзь спатрэбіцца, для вуснага даклада, калі вернецца ў Маскву, характарыстыкі людзям, з якімі тут сустрэўся, ён павінен даць поўныя, усебаковыя. Між іншым, і ў часе рэйду ў яго з’явіўся штрышок у характарыстыку Мана: шкадуе паліцэйскіх, была магчымасць скасіць іх больш. Падумаеш, здабытак на цэлы дзень — пяць чалавек.

Радавала Золатава радыёграма. Радаваў рэйд. Урэшце, пры ўсім тым ён, Золатаў, удзельнічаў у сапраўднай баявой аперацыі і паводзіў сябе смелым байцом, ініцыятыўным камандзірам. Асабліва цешыла, што ўпершыню за тры месяцы выканаў свой непасрэдны прафесійны абавязак, другую баявую задачу групы — знішчэнне здраднікаў: дапытаў двух захопленых паліцэйскіх і аднаго, зацятага, які на допыце мацюкаў і Саветы, і Сталіна, і партызан, асабіста сам вывеў за хлеў і… шлёпнуў з задавальненнем, якога даўно не меў, толькі хіба гады чатыры назад, калі расстрэльваў пісьменніка, які, падлюга, на судзе адмовіўся ад усіх паказанняў і абвінаваціў яго ў недазволеных прыёмах следства; польскага шпіёна гэта не ратавала, але следчаму было прыемна, калі нарком Наседкін кінуў папрок: «Груба, Золатаў, працуеш».

За другога паліцая заступіліся вяскоўцы: трохі мяшком ляпнуты, пяцёра дзяцей, нікога не пакрыўдзіў. Ман адпусціў яго. У гэтым выпадку Золатаў ухваліў дзеянне спагадлівага камандзіра, у такой сітуацыі павінна быць палітыка і прапаганда, не лічыцца з думкай народа нельга, народ павінен верыць у гуманнасць партызан.

Паясніцу Золатаву ўначы расціралі весела, калектыўна — фельчар Гнядкоў, Баслычыха, сам Ман. Малады зубаскал Кіпень рагатаў:

«Вы не ў тую шчыліну яму спірытус ільеце. Не паможа. Спірт трэба ў рот, а пад

хвост — шкіпідар».

У любы іншы час маёр не сцярпеў бы такіх смяшкоў з намёкамі, такой знявагі. А тут на жарт адказваў жартам. I выконваў параду: уліваў туды, куды трэба. I гэта, напэўна, памагло. Праўда, доўга не ведаў, як прымасціцца на мулкай канапе, але потым заснуў.

Моцна спалі ўсе, акрамя Брагінскага.

Баслычыха прынесла снеданне, як звычайна. Капітан зашаптаў:

— Дайце ім паспаць. Сёння зробім выхадны. Пастаўце, мы самі падагрэем.

Але кухарка забрала каструлю з густым бульбяным супам назад. Праз гадзіну прынесла зноў і ў гэты раз з парога грымнула:

— Ану, пад’ём! Разаспаліся як паны! Рабочыя людзі абедаюць у такі час.

Золатаў павярнуўся, і яму зноў стрэліла ў паясніцу, але не востра ўжо, і настрой гэта не сапсавала. Упершыню фамільярна прабурчэў:

— Ну, і чортава ж ты баба, Матрона. Няма ад цябе спакою. Як цябе муж цярпеў?

— Мужа я на руках насіла, у люлечку клала.

— Пакладзе такая, як ты, — бакі забаляць.

— Ты, маёр, што наравісты конь — вернеш заўжды ў свой бок… куды табе хочацца.

— Няма ў цябе, камандзір, дысцыпліны ў атрадзе. Паслухай, як яна прабірае старэйшага.

— А табе хочацца, каб усе стаялі перад табой навыцяжку? Немуштраваныя мы. Зямлю араць умеем.

Ігар падхапіўся па камандзе кухаркі, спаў у штанах, і, босы, рабіў гімнастыку каля печкі.

— Ты мне суп не разлі, скакун. Не наскакаўся ўчора?

Ігар смяяўся, яго развесяліла, што Матрона ўрэшце дабралася і да энкавэдыста, скаблянула і яго, раней яна больш праязджалася па ім, маладым, зрэдку даставалася Аляксею Іванавічу, культурна паводзіла сябе толькі з хворым начальнікам штаба, да яго звярталася, як сялянка да настаўніка, паважліва: Навум Барысавіч.

Золатаў пашкадаваў, што зачапіў языкатую бабу, але не пакрыўдзіўся за яе наскок, павярнуў на жарт.

Камандзір спаў у споднім, таму пры жанчыне не вылазіў з-пад кажуха.

Бяскрыўдныя сваркі Баслычыхі з Ігарам, з камандзірамі ўзводаў, з партызанамі і з ім заўсёды забаўлялі; жанчына ўносіла ў іх суровае лясное жыццё нейкую хатнюю атмасферу, па якой, напэўна, кожны сумаваў.

Пасля Ігар і Золатаў галіліся. Свяшчэнная працэдура. Але таксама забаўная. Ігар меў звычайную брытву савецкага вырабу. I як Аляксей Іванавіч яе ні напраўляў, не брала яна рыжаватай маладой поўсці. Перад галеннем ён часта жартаваў:

«Навум, завяззай мне канец тугім вузлом».

У Золатава брытва была адменная, нямецкая ці шведская. Але нават Брагінскаму не даваў ён сваёй брытвы, груба жартаваў:

«Дзве рэчы нельга давяраць самаму лепшаму сябру — брытвы і жонкі».

Ігар распаліў печку, нагрэў у кацялку вады і першы прымасціўся перад невялічкім люстэркам.

— Іду на галгофу.

— Вазьмі маю, — раптам прапанаваў Золатаў, здзівіўшы і Кіпеня, і Брагінскага, і Мана, які рэдка калі чаму здзіў ляўся.

Калі Золатаў пачаў галіцца сам, увайшоў камандзір узвода Мазоўка, дзяжурны па лагеры. Былы калгасны брыгадзір любіў армейскі парадак і заўсёды дакладваў бадзёра, гучна. А тут як бы вінавата пашкроб патыліцу:

— Таварыш камандзір, затрыманы невядомы… у самім лагеры ўжо…

Ман устрапянуўся: у лагер прабраўся чужы чалавек? Чэпэ!

— А паставыя твае што рабілі? Спалі?

— Чорт яго знае, як ён прабраўся. Без дакументаў, але з пісталетам… Во «вальтэр» бельгійскі… — не без шкадавання перадаў камандзіру пісталет.

— Вясёленькая гісторыя! — выгукнуў Ігар. — Так ён мог і ў нашу зямлянку ўваліцца, пакуль мы спалі.

— Дык і спытаў у Ляўшына… той каля прыбіральні яго сустрэў… Дзе, кажа, ваш камандзір?

Поделиться с друзьями: