Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— I многа вы паказалі кватэр сваіх таварышаў?

— Я? Ніводнай.

— Хвала. Хвала.

I прагучала ў гэтым «хвала» такая іронія, што ў Шабовіча ад крыўды заняло дыханне.

Ён абвёў затуманеным позіркам усіх камандзіраў: няўжо ніхто яму не верыць? Не, у старэйшага, барадатага, добрыя спагадлівыя вочы. Не можа ён не верыць! I спакойны добразычлівы загад:

— Прадаўжайце, Шабовіч.

Але калі ён расказаў, як піхнуў з кузава вартавога, скочыў на яго так, што хруснулі коеці, і схаваўся ў двары таго дома, куды пайшлі афіцэры, камандзір у форме сарваўся са сваёй канапы і прайшоўся вакол печкі ледзьве не ўпрысядку, так робяць ад вялікай радасці, але тут жа застагнаў,

схваціўся за паясніцу.

Сапраўды Золатаву ўдарыла ў спляценне радасная эмоцыя, выходзіць, радасць б’е, як страх, які ён перажываў намнога часцей; праўда, біла і ў сэрца і ў паясніцу, калі біў ён, страляў, але то была не радасць, таму пачуццю назвы няма, там скачок узвышэння над ахвярай, прага помсты таму, хто прымушаў яго ўніжацца да катавання, змешваўся з брыдкай згрызотай сумлення, з тайным страхам перад магчымасцю самому апынуцца ў становішчы падследнага. А ён добра ведаў, што тады ніводзін з яго калег не пашкадуе яго, як нікога з былых саслужыўцаў, хто зламаўся, не пашкадаваў ён.

— Вы не верыце ў праўдападобнасць майго вызвалення?

— Пастарайцеся, каб мы паверылі, — зноў іронія.

— Мне самому не верыцца, што ўдалося так… Я яшчэ там падумаў, што, мабыць, СД трэба было, каб нехта з нас уцёк. Можа, мы з Іванам. Яны сачылі за намі. Бо адкуль у іх фатаграфіі? У турме не фатаграфавалі. Я раскажу, як да Чурсіка прыйшлі паліцэйскія і паказалі размножаныя фота. I на іх — Іван і я.

Золатаў устрапянуўся. Тут не да іроніі. Гэта нешта новае. Новы паварот, нечаканы. Падследны сам выдае сябе. Але навошта?

Маёр пашукаў у памяці аналагаў. Усё было: прызнаваліся, каяліся. Але каб у самым пачатку нехта рабіў падобны ход — такога не ўспомнілася. Недаацаніў, выходзіць, ён гэтую залётную птушку. Тып непамерна больш складаны, чым кожны нават з тых, што білі сябе ў грудзі: «Я — стары бальшавік».

Гэты ў грудзі не б’е і нават не збіраецца. Гэты прызнаецца, што яму далі магчымасць уцячы. Але з якой мэтай робіцца такое прызнанне — во задачка, якую яму, чэкісту, належыць рашыць. На дапамогу Мана і нават Брагінскага спадзявацца няма чаго. Развесілі вушы. Вераць.

— А навошта гестапа трэба было выпускаць вас? Як вы думаеце?

— Чорт іх знае. Як прыманку — прымітыўна. Добра СД ведае, што мы не такія наіўныя. Думаю, што правакацыя замышлялася больш складаная. Але якая?

— Гестапа ўмее, — заўважыў Ігар.

— Між іншым, каб вы ведалі. У Мінску няма гестапа. Немцы з пачатку вайны размежавалі свае службы. Гестапа — тайная палітычная паліцыя — дзейнічае ў самой Германіі. На акупіраваных тэрыторыях гэтую работу выконвае СД — аддзел палітычнай контрразведкі, «вафен СС» — войск СС. Так у іх пераплецена…

Гэтым Шабовіч канчаткова загубіў сябе перад Золатавым.

«Бач, які дасведчаны, падлюга!»

Сам ён быў невысокай адукацыі, рабіў ва ўпраўленні ўнутранай бяспекі. Ім чыталі лекцыі аб структуры нямецкіх органаў, але ён не ўнікаў у яе — здалося залішне складанай і непатрэбнай для практычнай работы. Зацікавіўся ўсім гэтым, калі назначылі камандзірам спецгрупы, але часу на падрыхтоўку заставалася мала, трэба было асвоіць многія практычныя абавязкі, напрыклад, тыя ж скачкі з парашутам, вывучэнне зброі, сваёй і варожай, прозвішчы мінчан, з якімі можна было б паспрабаваць устанавіць сувязь, метады канспірацыі. Ды мала чаго! Словам, не датэорыі было, званні афіцэраў СС не ўсе запомніў, «штурмаў» гэтых. Тое, што арыштаваны як бы тыцкнуў яму, разведчыку, яго няведанне таго, што, разумеў, абавязаны быў ведаць, моцна закранула і ўзлавала. Але гэтую ўспышку ён патушыў. Даймала іншае: з якой мэтай шпіён так лёгка прызнаецца ў сваіх ведах? Як усе людзі яго складу, Золатаў быў высокай думкі пра

свае разумовыя здольнасці, і яго проста даводзіла да шаленства, што не можа ён разгадаць хітрыя хады гэтага шчанюка, які выдае сябе за радавога падпольшчыка. Малады ж яшчэ, гад, для вопытнага разведчыка. Мусіў, тоячыся ад самога сябе, прызнаць, што немцы рыхтуюць сваіх агентаў лепш, чым рыхтавалі яго, а тым болын радавых яго групы.

«Ашаламіць яго пытаннем — якую школу скончыў? Не, рана. Трэба даслухаць да канца яго казку для дурняў».

Між тым у Аляксея Іванавіча думка ішла зусім у іншым напрамку: ён пахваліў хлопца за дасведчанасць, за веданне ворага. Скончыцца ўсё добра, стане Шабовіч байцом атрада — няхай перадасць свае веды партызанам, ворага трэба вывучаць.

Магчыма, у занятага «рашэннем задачы» Золатава, парвалася нітка Шабовічавага расказу.

— Стоп! Да каго вы пайшлі?

— Да Чурсіка. Да паліцэйскага. У каторага арыштавалі нас.

Золатаў зноў сарваўся з тапчана і прайшоў вакол печкі, але не прысядаючы, толькі расціраючы паясніцу. З рота яго выбулькнуў кароткі дзіўны гук — не то рогат, не то стогн болю.

Спыніўся перад Шабовічам.

— I што вас павяло туды?

— Разважыў: толькі там, у доме паліцая, мяне не будуць шукаць. I адзецца трэба. Я ж застаўся ў адным пінжачку. Адубеў. А галоўнае — Аксану папярэдзіць. Толькі жонка паліцая магла схадзіць у бальніцу, не выклікаючы падазрэнні…

Золатаў павярнуўся да Мана:

— Глядзі, Аляксей Іванавіч, любуйся: які стратэг і тактык. Геніяльна! Ніколі не прыдумаў бы.

— А што? Лагічна, — сказаў Брагінскі.

— А я што кажу? I я кажу: вельмі лагічна.

Не, не ўхваленне выказваў чалавек, якога Шабовіч лічыў камандзірам, — уедлівы здзек, хоць і прыкрыты знешнім спакоем. Трэба дурнем быць, каб не зразумець гэтага. Крыўдна да болю. Але Шабовіч захоўваў разважлівасць, якой навучыла падпольнае жыццё.

«А я паверыў бы на іх месцы?» — падумаў ён. Магчыма, і паверыў бы. Здаецца, два маладыя хлопцы вераць. А старэйшыя?.. У іх вопыт. Камандзір крыўдна не верыць, здзекліва. Барадаты панура маўчыць. Зрэдку, праўда, у яго добра загараюцца вочы. Нялёгка будзе прымусіць гэтых людзей паверыць яму. У нейкі момант іранічна пасміхнуўся над сваім становішчам.

«Хто я такі для іх? Бяспашпартны бадзяга».

Лежачы на гарышчы ў Ганны ў мінулую ноч, ды і ў папярэднія ночы, ён прыкідваў, як трэба расказваць у атрадзе, каб паверылі яму. Меў намер аб прабыванні ў Чурсіка расказаць з гумарам — хто каго трымаў пад арыштам. Сапраўды сітуацыя забаўная. Але пасля ўедлівай заўвагі «следчага», яму раптам здалася ўся гісторыя з Чурсікам больш непраўдападобкай, чым нават уцёкі з машыны ад эсэсаўцаў. Падумаў, што, напэўна, і сам ён прыняў бы падобную прыгоду з недаверам ці ва ўсялякім разе з пытаннямі, на якія, калі яны з’явяцца, няпроста будзе адказаць. Таму прабыванне ў Чурсіка ён «праскочыў» — ні дранікаў, ні карцёжнай гульні. Толькі паліцэйскія, бо меў неасцярожнасць раней сказаць пра фота, прыход Хрысціны і чаканне ночы на гарышчы. Але і гэта выклікала ўедлівую ўсмешку Якава Міхайлавіча, так да яго звярнуўся малады кучаравы вайсковец, і новае ўедлівае пытанне:

— Навошта ж было трымаць яго пад пісталетам? Такі надзейны друг!

— Чаму вы лічыце — надзейны? Паліцай. А паліцай — што сабака, невядома, калі схопіць за лытку.

— Што ж вы з ім так нюхаліся?

— У карты? Гульня. На карысць справе. Я ж казаў: Чурсік многа балбатаў. Напрыклад, ён выдаў нам вераснёўскую акцыю.

— Што за акцыя?

— Гэткая ж татальная аблава.

— I ваша група ўцалела? — спытаў Ман.

Золатаў ухваліў яго пытанне, падміргнуўшы, — крыўдна для Шабовіча.

Поделиться с друзьями: