Ашчэпкі (1998-2000)
Шрифт:
Здзіўляецеся? Дык і ў Беларусі няма ніводнага Беларуса. Адны „ічы”, „укі”, „онкі” і „енкі”. Кожнага ўвядуць у зман.
А хто ў белменным тыглі? Германюк, Швед. Ускочыў Латышонак. І ўсё. Ніводнага Беларуса. Які воўк у якую пушчу іх паперацягаў? Абярнуліся ў насельнікаў, самавызначыліся. Блізкія і далёкія, відушчыя і сляпыя, вядомыя і невядомыя, вялікія і малыя, ганаровыя і ганебныя, добрыя і злыя, светлыя і хамуты, свядомыя і несвядомыя, левыя і правыя, чорныя і карычневыя, тутэйшыя і мысцовы, выкраінцы і руські, карытнікі і porzadni, prawoslawni і Slowianie, учарашнікі, сеннікі і заўтрачы. І дзіва дзіўнае, з прыходам буржуяў зніклі бебурнацы. У нас усё як не ў людзей.
А
Глытнулі!
Ніяк не магу ўцяміць, чаму наш найслаўны паэт, ідучы ў свет з патрыятычнай заявай „Я — беларус!”, не ўзяў з сабою і адпаведнай заяве шапкі. Як прыемна лунала б у свеце гордае імя „Беларус”. Не, падшыўся пад шведа.
Няма нашага імя на блакітнай планеце. Праўда, у час суседскай перабудовы бачыў я на беластоцкім рынку мінчука („енку”) з намаляванай на спіне шыльдай „Я — Беларус”. Ды насіўся ён з гэтай ношай як курыца з яйкам, і хутчэй нагадваў камічнага цыркача, чым нацыянальнага героя.
Дык хто мы такія? Куды шлях трымаем? На Пінск, як пагаварвае гродзенскі баламут, ці на Захад?
Адны кажуць:
— Беларусы — талерантны народ.
Другія аспрэчваюць:
— Беларусы не столькі талерантны, колькі баязлівы, нясмелы народ.
А я пратэстую! Мы не дужа ваяўнічыя і не асабліва палахлівыя. Мы з гістарычнага сплаву — прабеглыя, з пекнай будучыняй, круцялі.
Усміхніцеся апанураныя Сакраты, свет пабудаваны пад наш нораў.
Флюгер
Як ні дзіўна, але П. Філюку заўсёды сняцца праведныя сны. Дзякуючы ім стаў ён пазачасавым шчалкапёрам. За маанцаў славіў герояў векапомных дзён, узнімаў сцяг перамогі святла над цемрай, а перш за ўсё — даказваў шляхетнасць свайго роду і фальшывасць Арцёмкіна і ягоных нашчадкаў. У выяўленчым запале губляў пачуццё рэальнасці. Арцёмкіны былі на плыні і маанскі веснік, каб не прыдбаць уплывовых ворагаў, не пускаў на свае палоскі мройных наскокаў ідэйнага маанца, чым наклікаў на сябе справядлівы гнеў мройніка. Сны рваліся, затым выбухалі з новай сілай. П. Філюк не здаваўся ў баях за новы лад.
Прайшлі гады. Задрыпонія вярнулася ў ранейшую стадыю. Маанскі веснік разам з маанцамі кануў у Лету. На небакраі адроджанага жыцця нарадзіўся і адэкватны вястун — выразнік запаветных думак сонцавітаў. Паплылі новыя казкі і новыя песні. І першым запявалам аказаўся авангардыст маанцаў. Цяпер, узяўшы на ўзбраенне святыя вартасці, паганіць чорную ноч маанскай акупацыі і славіць узышоўшае над Задрыпоніяй доўгачаканае сонца. Заадно сноўдае змагарным пяром у азіяцкія рылы былых саратнікаў.
— Кожны нумар адкрывалі партрэтам свайго любімага правадыра, — дакарае. — Крытыку душылі!
Ведае, хто ж будзе рыцца ў ягоных снах. Спадзяецца і на маанцаў: не пакінулі ж сонцавітам неапублікаваных мрояў. На ўсякі выпадак застрахаваўся ўсхваленнем Арцёмкіных, заганы якіх у новай рэчаіснасці набылі станоўчую якасць.
— Ганаруся такімі землякамі! — заявіў.
Убачыў П. Філюк і страшны сон: сусед Васька Ук, якога надоечы сцябаў за службу ў грахоўнай маанскай фармацыі, зноў наверсе. Дык прачуліў гонарам і сяброўствам Ваську.
Флюгерны П. Філюк. Не вырывайма яго з гаючых сноў. Можа прачнуцца ў непрадбачанай рэчаіснасці.
Сценька
Разін сатаністДва Нулі абрынуў на М. Х. усведамляльную дубіну за рускія песні, якія яшчэ сёй-той шануе ў Беластоку. Іх нават тут любяць! Вось праваслаўная супольнасць запрасіла да сябе рускі хор з Вільні. (І там яшчэ любяць рускіх?) І ён, замест літоўскіх песняў — які скандал! — выконваў рускія. Прыехалі з еўрапейскай Літвы, дык спявайце па-літоўску. А ніўскі карэспандэнт хваліць азіятчыну.
— Як гэтакі здзек можна цярпець! — дубасіць паслядоўнага русафіла павернуты праведнік. — Рускія песні спароджаны сатаною! — хвошча актуальнымі каштоўнасцямі. — Нічога ў іх няма чалавечага, адно цемра і дзікунства, — павучае.
Успамятаў хмяльнога Сценьку Разіна, станістую персіянку і вясельны эпілог? Во дзе вытокі расійскага духоўнага спустынення! Забыў знаўца рускай душы, што данскі казак падарыў красуню маці роднай, Волзе. Гэта не ахвяра цёмным сілам. Сценька не сатаніст. Атаманавы вочы наліліся пунсовай кроўю ад насмешлівага гоману таварышаў:
Нас на бабу променял,
Только ночь с ней провожжался,
Сам наутро бабой стал!
У імя чаго ён рашыўся на нестандартны пачын?
Чтобы не было раздора
Между вольными людьми,
Волга, Волга, мать родная,
На, красавицу прими!
Перамагае брацтва, святое пачуццё. Два Нулі прапануе, замест рускай удали, захапляцца дзявэчкай, што ідзе ў лясэчак на шурум-бурум з мыслівэчкам. Таксама хмяльная песня. І я не буду нагаварваць 00, каб ён не атоесніваўся з мыслівэчкам. Кому нравится попадья, а кому попова дочка. Толькі навошта падкладаць пад мастацкі твор высакамерныя адносіны да суседняй мовы? М. Х. мае права любіць яе. Навошта абвінавачваць яго ў здрадніцтве інтарэсам сусветнай супольнасці?
Тут Два Нулі ўваліўся ў гнойную яму. Нявед чаму, прывёўшы ў сведкі Пушкіна, паставіў рускага генія фронтам да цемры:
— Ці ж Пушкін не быў расіянінам? — звяртаецца да нас адыёзны русафоб. — А што пісаў? — прывязвае М. Х. да ганебнага слупа:
Прощай, немытая Россия!..
Дзе ты, чалавеча, нарадзіўся, і дзе рос? Не гавару, у каго вучыўся.
Па-першае: нічога падобнага Пушкін не гаварыў. Радок вырваны з вядомага верша Лермантава. Па-другое: не тычыцца ён рускай мовы. Уставім у кантэкст:
Прощай, немытая Россия,
Страна рабов, страна господ,
И вы, мундиры голубые,
И ты, им преданный народ.
У жандарскіх мундзірах убачыць мову? Віншую з суперзоркасцю! Няведанне — сіла!
Зямляк
Пад нулявы год паплылі на поўдзень у легендарную пячору паломніцтвы павернутых бязбожнікаў. А я, кіруючыся карытным патрыятызмам, падаўся на поўнач, у не менш слаўную калыску. Значыць, я ў Гданьску. І, ног пад сабою не чуючы, проста з вакзала пру на ўсвенчаную Палянку, каб ударыць чалом Чарадзею, што зямную юдоль напоўніў блакітнымі снамі. І лбом у браму. Назад! Стража. За плотам псрабрэх сабак. І зоркі ў вачах. Бы ў віфляемскую ноч. Толькі куміру пакланіцца не дазваляюць.