Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ашчэпкі (1998-2000)

Валкавыцкі Георгій

Шрифт:

Добра, калі мастак застаецца мастаком. А калі ён стане прэзідэнтам, як акцёр Рэйган? Тады мірнае зорнае неба можа пераўтварыцца ў зорную вайну. Вось дзе наша самая вялікая немач: палітыкі не нараджаюцца палітыкамі, яны імі становяцца. Сёння ён асенізатар, а заўтра — фюрэр, як жывапісец Гітлер ці паэт Пол Пот. І замест прыбіраць гарадскі клазет, пачне чысціць краіну, а то і свет. Між „фазамі” ён нармальны. Часам нават дзіця пагладзіць па галоўцы, усміхнецца да нас пластмасавай усмешкай. Гарантыі на аздараўленне аднак не дае.

Уся надзея ў кучаравай „Дольцы”.

Чалавек-зло

Было

на Блізкім Усходзе. У ІІІ ст. нарадзіўся аўтар Кнігі гігантаў, напаўлегендарны Мані. Заснаваў ён вучэнне аб першапачатковасці і неадольнасці зла. Зло незалежнае ад дабра. І роўнае яму, як па ўзросце, так і па сіле. Гісторыя — барацьба святла і цемры, дабра і зла, Бога і чорта. Чалавек дваісты: створаны пеклам, але ў сааўтарстве з небам. Адсюль — усё зло ад чалавека. Чалавек — зло. Вучэнне жывучае. Пашырылася і апанавала блакітную планету. Мы ў аблозе маніхеяў. Будзьма чуйнымі!

Калі вы прачытаеце, што ў Беларусі ўсё зло ад Лукашэнкі, ведайце — напісаў гэта запраграмаваны пад „Рацыю” маніхей. Лукашэнка — чалавек. Лукашэнка — зло. Калі святар корань зла шукае ў іншаверцу, ведайце — прапаведуе блаславёны маніхей. Іншаверац — чалавек. Іншаверац — зло. Калі ўбачыце ў тэлевізары палітыка, які з іскрамі ў вачах звальвае свае грахі на плечы праціўніка, ведайце — гэта ідэйны маніхей. Праціўнік — чалавек. Праціўнік — зло. Калі ж пачуеце, што я стаў асатанелым ворагам Барскага, ведайце — вестку пусціў жалю варты маніхей.

З Новага Свету

(прэс-агляд)

На кангрэсе Амерыканскай Асацыяцыі Славянаведаў (AAASS), які прайшоў у Бока Ратон, Фларыда, было ўсяго 1300 удзельнікаў. Значнай перашкодай правядзення кангрэса стаўся ўраган „Жорж”, дзеля якога шмат хто не здолеў прыехаць на кангрэс.

Славянам усюды вецер у вочы. Аднак наймацней дзьме беларусам. У беларускай сесіі ўзяло ўдзел (толькі — аж?) 16 асобаў.

* * *

Наш разумны беларускі народ перастаў думаць. (Настальгічна-аптымістычная выснова Івонкі Сурвілы, старшыні Рады БНР).

Значыць, разумнік дацяміў — Амерыка за яго думае!

А мы людэ тэмны, нам трэба грошы тай хорчы хорошы. Ну і шчодры манарх прыдаўся б.

* * *

Шукаю нашчадкаў княскіх дынастый, якія б маглі прэтэндаваць на вялікакняскі пасад. Мы маем звесткі, што князі Радзівілы жывуць у Амерыцы.

Алесь Чорны.

Сябра маладзёвай нацыянал-патрыятычнай манархічнай арганізацыі „Ліцвіны”, Гомель.

Дык хто сказаў, што народ не думае? Прыязджай, браток, да нас, у суседнюю манархію. На такі пост у нас прэтэндэнтаў процьма. Куды Радзівілавым нацыяналпярэкрутам да іх.

І піць будзем!

І гуляць будзем!

Нацыянал-патрыётак

Цалаваць будзем!

Комплекс лідэраў

Лідэр — вядучы. Спасцігшы хітрасць слова, лідэр ператвараецца з павадыра ў пастыра, затым у правіцца, правадыра, увасабленне партыі, нацыі. Спынімся на першай ступені таінства — павадырстве. Павадыр — той, хто водзіць каго-небудзь, паказвае дарогу. З'яўляецца ім, для прыкладу, вядучы белвытоцкага

тэлецэнтра. Яму здаецца, што калі ён прывёў у студыю разгубленага барана, дык без ягонай дапамогі кучаравы сваяк згубіць арыентацыю і, замест да пустарогага сямейства, будзе бэкаць да ваўкоў. Таму ён, хоць у матэрыі ні бэ ні мэ, сцябае чэмпіёна жвачкі павадырскім словам, пакуль той не завые па-воўчы.

Гэта яшчэ паўбяды. Бяда пачынаецца, калі на арэну павадырства выходзіць палітык. Яскравым прыкладам Хрушчоў. Куды ён толькі ні ўсоўваў сваю бульбяную нюхаўку. У Запаляр'і сеяў кукурузу, вучоных пасылаў на курсы да кузькінай маці, паэтам раіў пісаць вершы пад Дзямяна Беднага, з музыкі вымятаў какафонію, кампазітарам загадваў смажыць кукурузныя частушкі, у ААН уводзіў чаравічны бон тон.

Ну, але гэта быў найвялікшы расійскі прыдурак. А на Русі прыдуркаў заўсёды шанавалі. А як павадырыў Горбі, найсвятлейшы крамлёўскі цар? Тыя ж мужыцкія манеры. Запамяталася ягонае павадырства на сесіі Вярхоўнага Савета. Дзейнічаў бы памянёны тэлевядучы. Як толькі Сахараў увайшоў на трыбуну, перапыняў вучонага, збіваў з панталыку, іранізаваў, прыніжаў, аж той зніякавеў. Гэты момант вялікім планам пусціла тэлебачанне. І гэта быў апошні жывы партрэт сумлення нацыі.

А як у нас? Тут кожны павадыр. Пасадзіце ў тэлек Мар-дэ-Янку, Калінку і Млынара. Адзін другога не дапусціць да слова. Кожны будзе цягнуць адначасова сваю песню і мы з гэтага тэрцэту толку не вулузаем.

Комплекс лідэраў — пакута ад няздзейсненага. Гэта вялікая бяда.

Ці хочуць пацукі вайны?

Паркінсан даказаў: кабінетныя пацукі размнажаюцца самазараджэннем. Цурком выкідае іх чорная адтуліна неарганічнай матэрыі. Упадуць на чатыры лапкі і тут жа нараджаюць сабе падобных.

— Як мой урад! — жахнуўся наш прэм'ер, зглыбіўшы тэорыю вучонага і даў указанні шэфу кабінета рыхтавацца да вайны з пародзістымі пацукамі. Мэта — кастрацыя мышападобных. Тактыка — маланкавае скарачэнне юрлівых хвастоў.

— Першы агонь выклікаю на сябе! — заявіў драматычна.

Даручана — выконвай. Шэфкаб склаў план бою ў канцылярыі гаспадара (644 пацукі!). З міністэрскіх чыноў стварыў корпус хуткага рэагавання АББ (адбюракрацім бюракратаў бюракратамі) і запрасіў штаб корпуса на рэпетыцыю.

Уключылі запраграмаваныя камп'ютэры, сыплюцца адсечаныя хвасты і тут жа сігаюць на новых уласнікаў. Пайшлі мутанты з двума, а то і трыма хвастамі, залежна ад рангу носьбітаў азадкавых канечнасцей. Штабісты напружылі мазгавыя звіліны, загадалі камп'ютэру правесці матэматычную аперацыю аналізу і сінтэзу — выскачыў шыфр:

644 + 26 = EUROPA

Клічуць дэшыфранта. Той тлумачыць:

— Каб канцылярыя прэм'ера працавала па-еўрапейску, патрабуецца 26 новых пацукоў.

— Капцы нам! — з горыччу канстатуе міністр унутраных спраў. — Тэрмапілы! Гаспадар хоча падпісаць мір І красавіка 1999 года, да ўступлення ў NATO.

— Толькі без панікі! — супакойвае генерал Глудзь, адказны за сувязь з часапрасторай. — Сёння кантачыў з вялікімі стратэгамі. Цікава адрэагаваў Мао. Высылае факс Бузку: „Не пераймай мяне. Мая вайна з вераб'ямі пацярпела фіяска — насякомыя з'елі ўраджай. Глядзі, каб цябе не з'елі пацукі”,

— Вось дылема! — цяжка ўздыхнуў шэф кабінета.

— Пацукі — не вераб'і, — рэзюміраваў міністр абароны.

Канчатковае рашэнне прыме „Дучэ”, які загарае ў Аўстраліі.

Поделиться с друзьями: