Ашчэпкі (1998-2000)
Шрифт:
Быў час, былі тыраны! У нашага тырана нават задрыпанай казы няма. Пакалігуліў на ніўскім палетку і без дай прычыны акапаўся на Белавежскай градзе. Каб паказаць, што мае нас у азадку, аб'явіўся царом Леанідам і сціпла назваў граду Тэрмапіламі.
Заняў самазванец глухую абарону і чакае вераломнага Ксеркса. А той аятала не ідзе. Не смаліць на граду і падмога. Дзе твой дух, Спарта? Сакрат, першы прыбочны, адкалоўся, працуе на свой імідж. Старыя зубры, спасеныя на датэрмапільскіх пашах, толькі варочаюць асавелымі бельмамі:
— Куды нам на тую граду! Захацелася яму крыклівай славы, хай і выстаўляе сябе на смех персам.
Спадзяецца Леанід на маладняк і наёмнікаў? Зубраняты затаіліся ў кустах.
— Мы б ахвотна, але месцайка знайшлі добрае.
Чакаюць пампезнага гладыятарства. А наёмнікі за
Сцяною. Востраць мечы на Лукашэнку.
Ударыў мароз, а персаў няма. Стрымлівае паход Вялікі Брат (Сексаголік). Каб табе Монікай адрыгнулася, міратворац прытворны! Замерзне на праклятай вышыні наш герой. У імя чаго?
Куды ідзем?
Склікаў Сакрат на плошчу маладзёнаў і сарамаціць:
— Гляджу на вас і збірае мяне на ваніты. Смажыцеся ў роскашы, распанелі, а хамуты. Якія ў вас манеры, якія норавы! Ненавідзіце аўтарытэты, не паважаеце старэйшых, дапякаеце сваім настаўнікам, спрачаецеся з бацькамі, прагна глытаеце ежу — і на вуліцу. І гэта называеце „быць сабою”. Куды ідзем?
З „Czasopisa” спісаў? Дык патлумачу: прыведзенай мною гаворцы дзве з паловай тысячы год. І адрасавана была не нашым zajebestym бязбацькавічам, а маладым грэкам. І прапаведаваў вялікі мысляр, які „за ўвядзенне новых багоў і за разбэшчванне моладзі ў новым дусе” быў пакараны смерцю (прыняў атруту).
Той Сакрат шукаў адказу на пытанне, як трэба жыць: „Пазнаць самога сябе”.
Крыноцкі мысляр не толькі пазнаў самога сябе, але і Еўропу. З плённых назіранняў і вырасла ў Крынках, на ўзор Гедройцавай Maisons Lafitte, Villa Sokrates. Не думайце, што Еўропа абсыпала нашага мысляра грашыскамі — ажыццявіў ідэю коштам роднай хаты. Раскашэліўся Сакрат, пабудаваў не якую-небудзь нашаніўскую „Хатку”. Villa Sokrates — поступ часу. Гучыць!
А казаў, што стаміўся і думае толькі пра рыбу. Віншую, Сакрат! Не прыкідвайся, што не волат. Ты і вялікі стратэг. Дасі цяпер прыкурыць суседскаму Лукашу. І цемрастоцкай Лукашчысе наладзіш Тэрмапілы.
Веру, узнімеш дух у элітах. І zajebesty маладняк у рот твой глядзець будзе. І Мілаш будзе, і Быкаў будзе, і Акадэмія. Толькі навошта ўзнаўляць твор вучня цёзкі. Цёзка выкладаў на вуліцы. Меў клёк. Тады б і я падвучыўся. Табе відней.
А калі ў Акадэміі стане душна, калі надакучаць маладыя юрліўцы і элітарныя зануды, мо заглянеш і да мяне. Ведай, у табе і мая надзея. Толькі не каркай, грымець трэба! Цыкута выйшла з моды.
У ясны заранак!
Загуменне
Паэт ходзіць у пары з Лянотай. Заўсёды па сумежжы явы і сну. Пара сінтэзуе, акрыляецца, траціць пачуццё рэальнасці. І выдае радок:
„Колькі ў небе зор, цяжка палічыць”.
Услаўляе выснову гультаяватага героя. І эстрадныя пеўнікі тыражыруюць невуцтва:
— Цяжка! — стогнуць, лыпаючы ўвысь пакутнымі вачыма.
Вядома, заданне вам не пад сілу. А вучоныя асілілі
высь, назвалі дакладныя лікі. Выйшла: зорак у небе больш, чым пясчынак на ўсіх зямных пляжах. Карціну паяснілі: зоркай з'яўляецца і наша Сонца. У кожнай зоркі свае спадарожнікі.
Адным з іх — Зямля, зацярушаны ў галактычным мроіве загуменны шарык.Зоралічылынчыкі не пераканалі зямлян. З Зямлі не счэз заваёўніцкі дух. Нам, як таму паэту, усё здаецца, што мы — пуп усяго. І мы, у шале самаўлюбёнасці, хочам напоўніць сабою космас, і валодаць ім.
А там мясцовыя дэміургі стварылі незямныя гатункі насельнікаў. У іншым вымярэнні і мы іншыя. Дык тыя, убачыўшы лупатых Галавасцікаў на цыбатых канечнасцях, зачыняць перад намі ўваходныя дзверы:
— Дэгенератаў у нас сваіх хапае,— скажуць.— Марш за гарызонт падзей! — скамандуюць.
Бітвы пад выглядам уладкавання сусвету ім чужыя. У іх свае норавы, свая філасофія, свой парадак. Магчыма яны і не прыкмецяць зямнога дрангу, прымуць нас за аблупленых павіянаў і змесцяць у вальеры малпападобных. І наш паэт, замест пакаяння, абвінаваціць неба і панясе крыўду сваю ў глухую даль:
Колькі ў небе зор, не буду лічыць,
Неба зорнае не для нас гарыць.
Гэта вы, ліхтары непагасныя,
Увялі мяне ў зман, у сны ясныя.
Гэта аптымістычны варыянт. Аптымізм усяляе і амерыканская страховачная фірма Hermits Trail. За 100 долараў — смешная сума! — застрахуе нас ад касмічных захопнікаў, і мы зможам выпінаць свае мясістыя сядальныя паўшар'і, па-зямному выказваючы пагарду да закавырыстых абарыгенаў. Трэба меркаваць, што пры дапамозе клінтанлогікі дакажам фірме, што мы не напалі на касмітаў, а яны на нас. Толькі якая вартасць долараў на галактычных выспах.
Горш будзе, калі напорамся на бяздушных кібаргаў, засартуюць у касмічныя адыходы і спусцяць асенізацыйнай трубою ў чорную дзіру. Калі пашанцуе (толькі якім цудам?), можам трапіць у антысвет. Радасць малая. Там антылюдзі, антымы. Дакрануліся да антысябе — супербліц, зніклі ў моцнай успышцы святла. Бясследна.
Во якія трэлі. А ў „Полымі” несмяротны сюжэт — радуйся, жыві, ды спявай пра мілую згоду неба і зямлі: З неба зорачка ўпала, Прама міламу ў штаны. Хай бы ўсё там адарвала — Не было б толькі вайны.
Якое багацце душы! Якая ахвярнасць! Беларусачка, у карысць высокай ідэі, зракаецца „ўсяго”. Адначасова з прачуленых радкоў вылазіць невуцтва, цямнота. Здарожаны мільёнамі светлавых гадоў, зваліўся на Зямлю звышмагутны носьбіт разбуральнай энергіі (апакаліпсіс!), а дзяўчына яшчэ і лашчыцца да яго — „зорачка”. Бы да прадвесніка зямнога шчасця.
О, мая зыркатая! О, мая наіўная! О, мая лянотная... А штаны якія!
Хто мы такія?
Нам заўсёды ў прыклад ставяць палякаў:
— Во нацыя! Якасны сплаў.
— А які тыгель? — пытаю. — Колькі ў ім Polak'ow, Niemc'ow, Czech'ow, Litwin'ow, Lotysz'ow, Goral'ow, 'Slazak'ow, Cygan'ow, Turk'ow, Tatar'ow? Нават Kuskowi Moskal'ow!!! Толькі Zyd'ow i Bialorus'ow няма. Ні на лякарства.
— Хамская нацыя! — хрыпіць з Гродна крэсавяцкі бард.
— Каго маеш на ўвазе? — натапырваю вушы.
— Беларусаў, — сапе.
— Няўдзячыня жлобы! — адтуль жа ўторыць яму пан Малевіч. — За курорты ў Лукішках і Картуз-Бярозе раззбройвалі сваіх паноў, Пінск здабываць хацелі...