Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:

Сцяпанаўна выпусцiла яго (Даша цяпер далёка):

– Ну, iдзi, iдзi. Вечарам кашы навару.

Бiм нават i вухам не павёў на сказанае, не зiрнуў у вочы, а кулём зляцеў унiз i - на двор. Чаўнаком паснаваўся па двары, выйшаў на вулiцу, чуць пастаяў, быццам падумаў, а потым пачаў чытаць пахi, радок за радком, нават не звяртаючы ўвагi на тыя дрэвы, дзе стаялi роспiсы братоў i чытаць якiя павiнен кожны сабака, калi хоць крыху паважае самога сябе.

За ўвесь дзень Бiм не знайшоў нiякiх прыкмет Iвана Iванавiча. А надвячоркам на ўсякi выпадак заблудзiў у малады парк новага гарадскога раёна. Там чацвёра хлапчукоў ганялi мячык.

Ён пасядзеў крыху, праверыў наваколле, на колькi хапала яго носа, i хацеў ужо iсцi. Але хлопчык

год дванаццацi адышоў ад тых, што гулялi, падышоў да Бiма i з цiкавасцю глядзеў на яго.

– Ты чый?
– спытаўся ён, быццам Бiм мог адказаць на пытанне.

Бiм перш-наперш павiтаўся: павiляў хвастом, але нявесела, нахiлiўшы галаву спачатку ў адзiн, а потым у другi бок. Гэта, акрамя ўсяго, абазначала пытанне: "А ты што за чалавек?"

Хлопчык здагадаўся, што сабака пакуль што не зусiм давярае яму, смела падышоў i падаў руку:

– Прывiтанне, Чорнае вуха.

Калi Бiм падаў лапу, хлопчык крыкнуў:

– Хлопцы! Сюды, сюды!

Тыя падбеглi, але спынiлiся ўсё ж наводдаль.

– Глядзiце, якiя разумныя вочы!
– дзiвiўся першы хлопчык.

– А можа, ён вучаны?
– запытаўся слушна тоўсценькi карапуз.
– Толя, Толiк, ты скажы яму што-небудзь - зразумее цi не?

Трэцi, старэйшы за ўсiх, аўтарытэтна заявiў:

– Вучаны. Бачыш, таблiчка на шыi.

– I нiякi не вучаны, - запярэчыў худзенькi хлопчык.
– Ён не быў бы такi худы i невясёлы.

Бiм i праўда страшна схудаў без гаспадара, i выгляд у яго змарнелы: падвяло жывот, нерасчэсаная шэрсць скудлачылася на баках i пашарэла на некалi блiскучай спiне. Сум i голад не робяць прыгожым i сабаку.

Толiк дакрануўся Бiму да лба, i той паглядзеў на ўсiх з даверам. Пасля гэтага ўсе па чарзе гладзiлi Бiма, i ён не пярэчыў. Адносiны адразу ж наладзiлiся добрыя, а ў атмасферы поўнага ўзаемаразумення заўсёды не так далёка i да шчырага сяброўства. Толiк услых прачытаў напiсанае на латуннай таблiчцы i ўсклiкнуў:

– Ён - Бiм! Адзiн жыве ў кватэры! Хлопцы, ён есцi хоча. А ну па дамах - i - сюды: нясi хто што можа.

Бiм застаўся з Толiкам, а хлопцы разбеглiся. Цяпер Толiк сеў на лаўку, а Бiм лёг у яго ля ног i глыбока ўздыхнуў.

– Дрэнна, вiдаць, табе, Бiм?
– спытаўся Толiк, пагладжваючы сабаку па галаве.
– А дзе ж твой гаспадар?

Бiм уткнуўся носам у чаравiк i так ляжаў. Скора паказалiся адно за адным дзецi. Тоўсценькi прынёс булачку, Дарослы - кавалак каўбасы, Худзенькi - два блiнчыкi. Усё гэта яны паклалi перад Бiмам, але ён нават i не панюхаў.

– Ён хворы, - сказаў Худзенькi, - можа, нават i заразны.
– I падаўся ад Бiма.

Тоўсценькi таксама нечаму выцер руку аб штаны i таксама адышоў. Дарослы пацёр каўбасою нос Бiму i ўпэўнена сказаў:

– Не будзе. Не хоча.

– Мама казала - усе сабакi заразныя, - усё баяўся Тоўсценькi, - а гэты i саўсiм хворы.

– Ну i iдзi, - сярдзiта буркнуў Толiк.
– Каб я цябе тут i не бачыў... "Заразны"... Заразных ловяць жывадзёры, а гэты - вунь з якою таблiчкаю.

Памяркоўны доказ падзейнiчаў: дзецi зноў акружылi Бiма. Толiк пацягнуў за аброжак угару. Бiм сеў. Толiк адхiлiў у яго мяккую губу i ўбачыў шчылiну ў шчэлепах, дзе канчаюцца зубы; адламаў кавалачак каўбасы i ўвапхнуў у гэту шчылiну - Бiм пракаўтнуў. Яшчэ кавалачак - i яшчэ пракаўтнуў. Так i кончылi каўбасу са згоды i адабрэння прысутных. Усе засяроджана назiралi, а Тоўсценькi з кожным глытком таксама каўтаў, хаця ў роце ў яго нiчога i не было: ён быццам дапамагаў Бiму. Кавалачкi булкi нiяк нельга было ўвапхнуць - яна крышылася, тады Бiм урэшце ўзяў булачку сам, лёг на жывот, паклаў булачку на лапы, паглядзеў-паглядзеў на яе i з'еў. Зрабiў ён гэта толькi з павагi да Толiка. У яго такiя ласкавыя рукi i такi мяккi, нават чуць i сумны позiрк, i так ён шкадуе Бiма, што той не вытрываў гэтае душэўнае шчырасцi. Бiм i раней ставiўся да дзяцей iнакш,

а цяпер ён зусiм пераканаўся, што маленькiя людзi ўсе добрыя, а вялiкiя бываюць усялякiя, бываюць i дрэнныя. Ён, вядома, не мог ведаць, што маленькiя людзi потым становяцца вялiкiмi i таксама рознымi, але не сабачая гэта работа - разважаць, як i чаму з маленькiх добрых растуць вялiкiя нядобрыя людзi, такiя, як Цётка або Кiрпаты. Ён усяго-наўсяго з'еў булачку з-за Толiка, i ўсё. А ад гэтага яму не стала лягчэй, таму ён не адмовiўся i ад блiнчыкаў. Ды i за цэлы тыдзень Бiм еў толькi другi раз. Першы пасля загаварыў Толiк:

– Паспрабуем уведаць, што ён умее рабiць.

Худзенькi сказаў:

– У цырку, каб скакалi, крычаць "Ап!".

Бiм прыўстаў i ўважлiва паглядзеў на хлопчыка, быццам пытаўся: "Цераз што - ап?!"

Дваiх узялiся за канцы папругi, а Толiк скамандаваў:

– Бiм, ап!

Бiм лёгенька пераскочыў цераз наiўны бар'ер. Усе былi ў захапленнi. Тоўсценькi загадаў выразна:

– Ляжаць!

Бiм лёг (калi ласка, дзеля вас - з задавальненнем!).

– Сядзець, - папрасiў Толiк. (Бiм сеў.) - Падай!
– I кiнуў шапку.

Бiм прынёс i шапку. Толiк абняў яго ад захаплення, а Бiм у сваю чаргу не застаўся вiнен i лiзнуў яго проста ў твар, у самую шчаку.

Вядома ж, Бiму зрабiлася куды лягчэй з гэтымi маленькiмi чалавечкамi. Але вось тут-то i падышоў дзядзька, пакручваючы ў руках палачку, падышоў так цiха, што дзецi i не заўважылi яго, пакуль не запытаўся:

– Чый сабака?

На выгляд ён быў важны, пры шэрым вузкаполым капелюшы, пры шэрым банцiку замест гальштука, у шэрым пiнжаку, шэра-белых штанах, з кароткаю шэраю бародкаю, у акулярах. Ён, не зводзячы з Бiма воч, паўтарыў:

– Дык чый жа сабачка, дзецi?

У два галасы адказалi Дарослы хлопчык i Толiк.

– Нiчый, - сказаў наiўна адзiн.

– Мой, - насцярожана адказаў Толiк.
– На гэтую часiну мой.

Толiк не раз бачыў Шэрага дзядзьку: ён паважна выгульваўся вакол парку ў адзiночку. Неяк раз вёў з сабою сабаку, якi ўпiраўся i не хацеў iсцi. А аднойчы падышоў да дзяцей i нудзiў iм, што i гуляць яны не ўмеюць так, як некалi, i ветлiвасцi тае няма, i выхоўваюць iх не так, як трэба, не так, як раней, i што за iх людзi ваявалi нават у грамадзянскую вайну, за вось гэтых, такiх, а яны нiчога не паважаюць i нiчога не ўмеюць, i што за ўсё гэта сорамна.

У той далёкi дзень, калi Шэры навучаў iх, Толiку было дзевяць год. Цяпер ужо дванаццаць. Але дзядзька не памятаў пра тое. Цяпер Толiк сядзеў, абняўшы Бiма, i сказаў: "Мой".

– Ну дык як жа: нiчый цi яго?
– запытаўся дзядзька да ўсiх, паказваючы на Толiка.

– На ёй вунь i таблiчка ёсць, - умяшаўся не ў пару тоўсценькi.

Шэры падышоў да Бiма, палашчыў за вуха i стаў чытаць на аброжку.

Бiм выразна пачуў, зусiм дакладна: Шэры пахне сабакамi, пахне неяк далёка, мнагадзённа, але пахне. Ён паглядзеў яму ў вочы i адразу ж не паверыў - нi голасу, нi позiрку, нават i паху. Не можа тое быць, каб чалавек проста так увабраў у сябе далёкi пах розных сабак. Бiм прыцiснуўся да Толiка, спрабуючы адкаснуцца ад Шэрага, але той не пускаў.

– Нельга хлусiць, хлопчык, - прысарамацiў ён Толiка.
– Па таблiчцы - не твой сабака. Сорамна, хлопчык. Што, цябе бацькi так прывучылi, гаварыць няпраўду? Што ж з цябе будзе, як вырасцеш? Эх-хэ-хэ!
– Ён выцягнуў з кiшэнi павадок i прышпiлiў да аброжка.

Толiк схапiўся за павадок i крыкнуў:

– Не чапайце! Не аддам!

Шэры адхiлiў яго руку:

– Я абавязан даставiць яго на месца. А можа, давядзецца i протакал скласцi. (Ён так i сказаў "протакал".) Магчыма, гаспадара яго алкагаль заеў. (Ён так i вымавiў - "алкагаль".) Калi так, то трэба сабаку адабраць. Пасада ў мяне такая - рабiць усё чэсна, па-чалавечы. Вось так-то. Знайду яго кватэру, праверу, цi правiльна.

Поделиться с друзьями: