Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
Тут яны былi гаманлiвыя, як гракi, так што i пачуць, мабыць, нiчога было нельга, ды гэта, мiж iншым, i не цiкавiла Бiма. Ён садзiўся збоч i глядзеў, чакаў.
– Гэй, Чорнае вуха! Прывiтанне!
– вiтаўся кожнае ранiцы хлопец у сiнiм камбiнезоне i клаў перад Бiмам загадзя прыгатаваны пакуначак з ежаю.
– Жывi, курылка. Мацуйся.
– I падаваў Бiму добрую чалавечую лапу, грубаватую, але цёплую.
Другiя моўчкi працягвалi яму руку, вiталiся i спяшалi сабе. Нiхто тут нi разу не пакрыўдзiў Бiма.
Цяпер Бiм сяк-так навучыўся пазнаваць людзей. Вось, напрыклад, часта сустракаецца ў яго на дарозе мажная жанчына, ногi - як бутэлькi, заўсёды такая задаволеная,
– Вуй, якая гадасць! Няўжо нельга падушыць усiх сабак, каб нервы не трапалi? Вось вам, калi ласка: "Мая мiлiцыя мяне сцеражэ". Як жа! Усцеражэ... А тут кожны сабака можа сярод бела дня спусцiць з цябе спаднiцу. А што мiлiцыi! Мiлiцыi мы - як сабаку пятая нага.
З-за таго, што яна часта паўтарала адно i тое ж, Бiм, па сабачай сваёй бясхiтраснасцi, палiчыў, што жанчыну так i завуць - Пятая нага. Але адно ён добра ведаў: да гэтае нельга падыходзiць. Дарма што ён не разумеў яе слоў, акрамя яе мянушкi, але ж ён чуў i бачыў, а таму ўзяў за правiла: да такiх - нi кроку, не звязвайся лепш. Потым ён пачаў неяк (нюхам, цi што?) вызначаць каго трэба абысцi, старанiцца. Добрых было вялiкае мноства, злосных - лiчаныя, але ўсе добрыя баялiся злосных. Бiм - не, не баяўся, але яму было не да iх. Веданне пра людзей шырылася i паглыблялася, а на сабачы погляд, ён не быў ужо нейкi там выкаханы дылетант i iдэалiст, якi гатоў павiляць кожнаму прахожаму. Бiм за кароткi час стаў худэрбiна-худэрбiнаю, але ўсё роўна ён быў сур'ёзны сабака, i ў яго была мэта ў жыццi - шукаць i чакаць.
I вось аднойчы раненька, правяраючы пахi на адным з тратуараў, ён атарапеў ад радасцi. Ён прыпынiўся, фыркнуў i пабег, як ашалелы сабака, нiчога не разбiраючы i не бачачы наперадзе. Але гэта магло здацца толькi збоку, а сапраўды ён бег па свежым следзе: тут толькi што прайшла Даша! Яна толькi-толькi была тут.
След прывёў яго да вакзала. Увайсцi ў памяшканне было неяк нельга: людзi, людзi i людзi бясконца; нават на вулiцы, ля нейкага акенца, яны цiснулiся, штурхалiся, крычалi i нават раўлi, быццам ганчакi, дагнаўшы зайца i рвучы яго на кавалкi, не слухаючыся нi арапнiка, нi рога. У такой сiтуацыi аказвалася немагчыма ўлавiць Дашын след - след прапаў. Тады Бiм зрабiў круг вакол вакзала i выйшаў да перона. Тут людзi стаялi кучкамi каля дзвярэй доўгiх домiкаў на колах, не крычалi, не папiхалiся, а, наадварот, абнiмалiся, цалавалiся i нават танцавалi ля дзвярэй аднаго домiка. Нiкому не было да Бiма нiякага клопату, таму ён вольна снаваў чаўнаком пад нагамi i засяроджана ўчытваўся ў перон.
I раптам з адных дзвярэй дыхнула Дашаю. Бiм павёў да парога, але жанчына з вялiкiм жэтонам на грудзях прагнала яго. Аднак Бiм не скарыўся: ён пачаў прынюхвацца да акон i глядзець на iх. Потым заўважыў, што апошнiя ўвайшлi ў вагон дзве жанчыны ў белых халатах. Ён кiнуўся было да iх, але домiкi паволi паехалi. Бiм кiнуўся да акон. У яго сабачым розуме склалася, здавалася, зусiм правiльнае заключэнне: Даша там, людзi ў белых халатах там, значыцца, Iван Iванавiч, магчыма, там. Магчыма! Цi не павезлi яго людзi ў белых халатах?
I Бiм, бедны Бiм, цяпер ужо няшчасны Бiм, спачатку лёгка бег упоравень за домiкам, пазiраў на вокны. Тут яго i ўгледзела Даша.
– Бiм! Бi-iм!!!
– закрычала яна.
– Мiлы Бiм! Прыйшоў правесцi! Мой добры Бiм! Бi-iм! Бi-i...
Голас яе рабiўся ўсё цiшэйшы i цiшэйшы. Домiк уцякаў. А Бiм, як нi стараўся, як нi сiлiўся, усё адставаў i адставаў.
Потым ён бег за апошнiм
домiкам да таго часу, пакуль той не прапаў з вачэй, бег i далей, па той самай дарозе, бо яна нiкуды не скiроўвала. Бег доўга. I нарэшце, ледзьве перавёўшы дух, упаў мiж рэек, выцягнуў усе чатыры лапы, задыхаючыся i цiхенька скуголячы. Надзеi нiякае не засталося. Не хацелася нiкуды iсцi, ды ён i не змог бы, нiчога не хацелася, нават жыць не хацелася.Калi сабакi ўжо нi на што не спадзяюцца, яны памiраюць сваёй смерцю цiха, без крыўды, з мукамi, якiх свет не ведаў. Але не Бiмаў гэты клопат i не яму суджана зразумець, што каб не было надзеi зусiм, нiводнае кроплi на зямлi, то ўсе людзi таксама памерлi б ад адчаю. Бiму ўсё было куды прасцей: вельмi балела ўсярэдзiне, а сябра няма, i ўсё на гэтым. Гэтак як i лебедзь памiрае пасля смерцi каханае, узлятаючы высока i падаючы адтуль каменем; як журавель, страцiўшы родную i адзiную жураўлiху, лунае, выцягнуўшыся, распластаўшы крылы, i крычыць, крычыць, просiць у месяца смерцi; гэтак тады i Бiм: ляжаў, бачыў у трызненнi адзiнага i нязменнага сябра i гатовы быў на ўсё, нават i не разумеючы гэтае гатоўнасцi. Але ён цяпер маўчаў. Няма на зямлi нi аднаго чалавека, якi б чуў, што памiрае сабака.
Сабакi памiраюць моўчкi.
Ах, каб зараз Бiму некалькi глыткоў вады! А так, мабыць, не падняўся б ён нiколi, калi б...
Падышла жанчына. Яна была ў пiнжаку на ваце i ў ватнiках, на галаве хустка. Моцная, вялiкая жанчына. Вiдаць, яна спачатку падумала, што Бiм нежывы, - нахiлiлася, стала на калена i прыслухалася: Бiм яшчэ дыхаў. Ён гэтак саслабеў з таго часу, як развiтаўся з сябрам, што яму, вядома, нельга было рабiць такi прабег, якi зрабiў ён следам за цягнiком, - гэта бяздумна. Але хiба мае ў такiм выпадку значэнне розум, нават у чалавека! Жанчына ўзяла ў далонi галаву Бiма i прыпадняла:
– Што з табою, сабачка? Што ты, Чорнае вуха? За кiм жа ты гэтак бег, гаротнiк?
У гэтае грубаватае з выгляду жанчыны быў цёплы i ласкавы голас. Яна сышла пад адхон, прынесла ў брызентавай рукавiцы вады, зноў прыпадняла Бiмаву галаву i паднесла рукавiцу, намачыла нос. Бiм лiзнуў яшчэ раз. I стаў хлябтаць. Жанчына гладзiла яго па спiне. Яна зразумела пра ўсё: нехта любiмы паехаў назаўсёды, а гэта страшна, да жудаснага цяжка - праводзiць назаўсёды, гэта ўсё адно, што пахаваць зажыва.
Яна каялася перад Бiмам:
– Я вось - таксама... I бацьку, i мужа правяла на вайну... Бачыш, Чорнае вуха, старая стала... а ўсё не забываю... Я таксама бегла ўслед цягнiку... i таксама ўпала... i прасiла смерцi сабе... Пi, мой харошанькi, пi, гаротнiк...
Бiм выпiў з рукавiцы амаль усю ваду. Цяпер ён паглядзеў жанчыне ў вочы i адразу ж паверыў: добры чалавек. I лiзаў, лiзаў яе грубыя, патрэсканыя рукi, злiзваючы кропелькi, якiя падалi з вачэй. Так Бiм другi раз у жыццi спазнаў смак чалавечых слёз: першы раз - гарошынкi гаспадара, цяпер вось - гэтыя, празрыстыя, блiскучыя на сонцы, густа прасоленыя незагойным чалавечым горам.
Жанчына ўзяла яго на рукi i знесла з дарожнага палатна пад адхон:
– Ляжы, Чорнае вуха, ляжы. Я прыйду.
– I пайшла туды, дзе некалькi жанчын корпалася на пуцях.
Бiм глядзеў ёй услед мутнымi вачыма. Але потым, намогшыся з усяе сiлы, прыўстаў i паволi, хiстаючыся, пайшоў за ёю. Тая азiрнулася, пачакала яго. Ён прыплёўся i лёг перад ёю.
– Гаспадар кiнуў?
– запыталася яна.
– Паехаў?
Бiм уздыхнуў. I яна зразумела.
Падышлi яны да тых, што працавалi. Усе тут былi жанчыны, апранутыя гэтаксама, як i Добры чалавек, а збоч стаяў мужчына ў аблавушцы на патылiцы i з люлькаю ў зубах. Ён запытаў сярдзiта: