Ціша
Шрифт:
— Зусім не абавязкова. Было б у каго жыць.
Ах, як заманліва, чорт вазьмі! Сапраўды, адстаў ён ад жыцця. Адольфа яшчэ ніколі так не спакушалі. Тое самае новае жыццё, якога ён не прымаў, якое гнеўна «выкрываў» і якога баяўся, цяпер само лёгка ішло да яго, усміхалася яму, падзывала пальчыкам, клікала да сябе і брала ў мяккія абдымкі.
А Тома не сунімалася:
— Хочаш — давай так. Не будзем ні спісвацца, ні распісвацца. Каб не звязваць сябе. Колькі ты пражыў з жонкаю?
Адольф падлічыў уголас:
— Мне 55, ажаніўся ў 25… Атрымліваецца, роўна трыццаць. Юбілей! А я і забыў…
— Трыццаць гадоў! Вось бачыш. Яшчэ трыццаць разоў захочаш назад вярнуцца. Таму можна
— І ты мяне прапішаш… у сэнсе, зарэгіструеш?
— Без праблем.
Прапанова была цудоўная. Лепш не прыдумаеш. І мудра, і справядліва. А галоўнае, Тома падабалася яму. Прыемная была сваім розумам, ахайнасцю, гумарам, і яшчэ ў параўнанні з ім — маладосцю. Яна як бы скідвала з Адольфа гэты кашмарны ціск у 55 гадоў. Бо калі ты здольны спадабацца маладзейшай…
— Паедзеш? Не пабаішся? — падахвочвала, падбухторвала Тома.
— Я падобны на тых, хто баіцца? — храбрыўся Адольф.
— Тады я зраблю табе маленькі сюр-прайз. У мяне адпачынак доўгі, пасля прафілакторыя застаецца палова. Ты таксама беспрацоўны… Я зважу цябе ў Парыж. Хоць на тыдзень.
— Парыж? — тут Адольф па-сапраўднаму спалохаўся.
— Ты мастак, табе неабходна пабываць на Манмартры, пахадзіць па Манпарнасе, проста падыхаць тым паветрам… Гэта будзе табе маленькі падарунак ад мяне.
— Ды якое паветра? Хто мяне пусціць у Парыж? Мяне, які далей Баранавіч у заходнім накірунку ніколі не быў! Пашпарт? Віза? Дакументы?
Тома толькі смяялася:
— Ох, мне гэтыя правінцыялы… Я нават не ведала, што яшчэ такія засталіся. Ты забываеш, што свет даўно змяніўся. І не ведаеш, хто мой бацька. І дзе мая нявестка працуе. Мы паедзем па турыстачнай візе. Усё аформіцца за суткі разам з білетамі. І ні пра што не турбуйся. Проста будзеш хадзіць, глядзець, адпачываць, набірацца ўражанняў…
Можа, праўда, рызыкнуць? Які шанц дае яму жыццё! Прычым без усялякіх абавязкаў. Калі яшчэ такое будзе? Вось яна — нечакана атрыманая камандзіроўка на нявызначаны тэрмін, «адпачынак за свой кошт», афіцыйны допуск да бязмежнай волі, свабоды!
Заставалася адно — жонка. Як быць з ёю? Яна тэлефанавала кожны дзень двойчы: раніцай і вечарам. Што ёй сказаць?
Добра падумаўшы, Адольф вырашыў не казаць нічога. На званкі адказваў дзяжурна: лячуся, кормяць добра, хаджу на працэдуры… Голас у яго быў вінавата-смірны. Калі ў Томы скончылася пуцёўка, ён таксама не стаў чакаць. Толькі заехаў дамоў, каб пакінуць эцюднік і забраць сякія-такія рэчы. З жонкай сустракацца было страшнавата, і ён падгадаў час, калі яна была на працы. Замкнуўшы кватэру, пазваніў суседцы і папрасіў, каб тая перадала ключ Ірыне. А таксама сказала, што гармонік і эцюднік ён пазней забярэ.
— Адразу, як з Парыжа вярнуся, — удакладніў ён і пайшоў сабе спакойна ўніз па лесвіцы, пакінуўшы каля расчыненых дзвярэй анямелую суседку з ключом на пальцы.
ІІ
Так Адольф замест таго, каб вярнуцца на камвольны камбінат, дзе яго чакалі, і да жонкі, апынуўся ў Мінску.
Тамарына двухпакаёўка памерам была большая за чатырохпакаёвую. Паркет, высокія столі, светлыя вокны. Але ва ўсім адчувалася адсутнасць гаспадара. Прастор і шык суседнічалі з бязладдзем. Бярэшся за пазалочаную ручку, каб адчыніць дзверы — ручка адвальваецца. У вялікай ваннай, дзе люстры на ўсю сцяну і падлога падаграецца, ступіш — плітка пад нагою ходзіць. У туалеце дарагі ўнітаз — і ржавы дроцік замест кнопкі зліву. Лоджыя вялікая, новенькай вагонкай абшытая,
а цвікі павылазілі, рама рассохлася — паставілі абы хутчэй, з свежага дрэва, не прасушылі, не прааліфілі.— Цяп-ляп робяць, — дзелавіта сказаў Адольф, заходзячы на кухню. Тома, у фартуху, стукаючы нажом аб дошку, наразала цыбулю. — Рамы, кажу, нават аліфай не пакрылі.
— Што ты хочаш, тут вунь нават нож палец не рэжа…
На дачу з’ездзілі, паглядзеў Адольф. Выдатная дача, блізка, толькі тое самае: мужчыны не хапае. Гараж, у гаражы — Адольф ахнуў — якая машына! Строгая форма, прамыя лініі, нічога лішняга. Крыху нагадвае колішнюю савецкую «Чайку».
— Во, прыгналі, стаіць, ржавее… Так ні разу і не завёў. А Вадзім у нас такі непрактычны, — з уздыхам падзялілася Тамара. — Так што ўсё гэта цяпер тваё. Хочаш катайся, хочаш — на металалом здавай.
Адольф доўга не адыходзіў, гладзіў машыну, любаваўся ёю. А ўвечары прыбыла ў поўным складзе Томіна радня. Сын Вадзім, высокі, худы малады чалавек, падаючы руку, сказаў:
— Вадзім, грузчык з ЦУМа.
Апатычны. Вочы шкляныя, мутныя. Бязвольныя рухі. Гаворыць кароткімі, адрывістымі словамі, невыразна, ухіліста… Больш чым дзіўны. І што за праца для маладога мужчыны — грузчык у ЦУМе? — і гэта з Тамарыным блатам! з яе напорам і магчымасцямі! І што яна мела на ўвазе ў гаражы, калі з уздыхам казала пра яго непрактычнасць?
Вадзімава жонка — Тамарына нявестка Соф’я, прыгожая, здаровая, ядраная, спакойна пацалавала Адольфа ў шчаку і адразу ж азадачыла:
— Вы не вядзеце блог? Цяпер усе вядуць. Раю вам завесці. Я вяду пад нікам «maci tereza». Можаце зайсці, пацікавіцца.
— Чаму… маці Тэрэза?
— Маё крэда — усім рабіць дабро. Гэта абавязковая ўмова, каб дабіцца поспеху.
Адольф хацеў пажартаваць, сказаць, што для такой красуні гэта двухсэнсоўнае, небяспечнае крэда. Ды не асмеліўся. Ён толькі пазіраў на яе, любаваўся ёю, як «Вольваю», і крамольна думаў, што яна, хутчэй за ўсё, будучы за такім, як Вадзім, «робіць дабро» направа і налева.
Яшчэ сваім мастакоўскім вокам сёе-тое прыкмеціў Адольф. Напрыклад, як «ціхі, мудры» адстаўнік-палкоўнік зусім не ціха гмыкнуў, пачуўшы імя — Адольф.
«Старэнькая маці ў зморшчыках», сапраўды, уся свяцілася дабрынёй, падкрэслівала мядовым галаском, сціпла:
— Я тут не гаспадыня, — а сама так і свідравала позіркам няпрошанага прымака-прыжывалу: «Ух ты! Я цябе навылет бачу! Вось я табе пакажу! Толькі паспрабуй мне!..»
Затое двайняткі, Наста і Дзімка, адразу залезлі яму на калені, шчабяталі і спакойна называлі яго «дзядзя Адольф». У цэлым знаёмства прайшло лепш, чым чакалася. Вельмі прыстойна. Усе яго прынялі. А калі б і не прынялі, Адольф хутка скеміў, хто ў доме гаспадар: Тамара — яго Тома. Яе слова было закон, і калі што не так, яна ўмомант паставіць любога на месца.
Неўзабаве атрымалі дакументы з білетамі, Адольф палюбаваўся бліскучай шэнгенскай візай, якая пералівалася, калі паварочваеш пашпарт. Уночы селі ў таксоўку, раніцай былі ў Вільні, а яшчэ праз пару гадзін выходзілі ў аэрапоце імя Шарля дэ Голя. Размясціліся ў гатэлі «Alesi» на аднайменным бульвары. Адольф абуў купленыя ў Мінску новенькія белыя туфлі, і трэба ж — як толькі выйшлі з гатэля, да падэшвы прыліпла жвачка. Гэтая буржуйская жуйка аказалася звышліпучай, яе немагчыма было ні ададраць, ні скалупнуць, ні адмыць гарачай вадой, ні сашкрэбсці сцізорыкам. І яшчэ некалькі дзён у Адольфа пры хадзьбе атрымлівалася «шлёп-нага», туфель прыставаў да асфальту, прычмокваў, і было нязручна, непрыемна. Усё ж Адольфу хапіла розуму ўстрымацца ад жлобства (кшталту, каб не расказваць потым — бачыў я ваш Парыж, падумаеш, абхадзіў яго ўздоўж і ўпоперак).