Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Ён выдатна разумеў, што гэта не жарцікі, а дарунак лёсу — вялікі, важны, невядома за якія заслугі атрыманы, з неба звалены. Ён адчуваў, які шчаслівы білет выцягнуўся яму. Ну, не праўда, што ў Адолі шчаслівая доля?

Як проста. Як імгненна. Як рэзка ўсё ў жыцці можа памяняцца. Вось жа зусім нядаўна ён чытаў Ірыне Бацькаўне на кухні «лекцыі», зайздросціў таўстасумам — на, калі ласка, стаіць каля парапета і ў Сену паплёўвае. Масты. Помнікі едка-зеленаватага колеру нейкім французскім каралям на ўздыбленых ці на спакойных конях. Ззаду Луўр, спераду Нотр-Дам. Тома паказала на ажурную вежу і на яшчэ адзін высозны, прамакутны будынак.

— Эйфелева вежа і «Дом сляпых», іх адусюль відаць. Арыентуйся на іх, і ў цэнтры не заблукаеш.

— Дом сляпых?

Яна паціснула плячыма:

— Усе завуць так. Вокан

няма, вось і «Дом сляпых». Па-мойму, самі парыжане не ведаюць, што гэта такое.

Сама яна пачувалася тут, як у Мінску. Насіла блакноцік, дзе славянскімі літарамі былі напісаны французскія пытанні (як прайсці да…, колькі каштуе…, я не размаўляю па-французску…), а бонжур, мерсі боку, кес кэ сэ — ведала і без блакноціка. Адольф хадзіў, церпячы «шлёп-нагу», сіліўся хоць штосьці запомніць, хаця б па прынцыпу параўнання, напрыклад, з Мінскам: шукаць не тое, у чым розніца, а што падобна. Узятая ў бетонны парапет Сена, між іншым, нагадвала Свіслач. Толькі на Сене было больш мастоў і розных прагулачных цеплаходзікаў. Людзі гулялі па набярэжнай таксама, як і ў Мінску каля Свіслачы. Моладзь каталася на роліках, на скейтбортах. Праўда, калі Адольф, расслабіўшыся, паклаў барсетку на парапет, Тома яго астудзіла:

— Ты што? Тут табе не Мінск. Міргнуць не паспееш, як сапруць! Пранясецца на роліках…

Ён хуценька прыбраў, яшчэ і раменьчык вакол рукі абматаў. Зайшлі ў гулкі Нотр-Дам, дзе Тома, раптам забыўшы на яго, ламанулася да алтара і там старанна, па-каталіцку злева-направа з шчырай набожнасцю пачала хрысціцца. Вусны яе варушыліся.

А ўвечары на балкончыку яны стаялі, звесіўшыся, глядзелі ўніз, на вуліцу, і ўверх, на казачны горад. Тома піла віно, Адольф — сок, і не таму, што баяўся за сэрца, ці таго, што можа «сарвацца» — проста не хацелася алкаголю, уражанняў хапала, ён і без спіртнога быў п’яны. Блішчэлі машыны ўнізе, і лісце дрэў, і кветкі ў вазонах на балкончыках. Вось каб жонку Ірыну сюды! Яму так шкада стала, што жонкі тут няма, што яна гэтага не бачыць, хаця, напэўна ж, не менш, чым ён, заслугоўвае. Сірата, што яна ўвогуле ў жыцці бачыла; адзінае яе шчасце — замуства, ды сям’я, дом, дзеці… Але гэта былі небяспечныя думкі, і ён хутка адагнаў іх.

— Як табе?

— Вельмі прыгожа! — вырвалася ў Адольфа. І акрамя гэтых двух слоў ён больш нічога не мог сказаць пра начны Парыж. Ды і не хацеў.

— Тамара, што я магу для цябе зрабіць? Чым аддзячыць?

— Перастань. Ты ўжо робіш, ужо дзячыш. Зрэшты… Ведаеш, у нашым доме жыве бабулька. Зусім адна. Такая няшчасная, маленькая, худзенькая, яе нават ліфт не можа падняць — такая лёгкая. Дык яна бярэ з сабою ў ліфт дзве цагліны.

Адольф засмяяўся, а Тамара сказала:

— Дык вось — не хачу ў старасці ездзіць у ліфце з цаглінамі. Не хачу мець дома гастарбайтара. Хачу звычайнага мужа, афіцыйнага гаспадара ўсяго, што ў мяне ёсць. Хачу, каб табе са мной спадабалася, каб ты не сумаваў па жонцы, па ранейшым жыцці… Я была б шчаслівая. Я і ў саборы аб гэтым прасіла, — наіўна прызналася яна.

Адольф плыў. Ён слухаў, верыў сваім вушам і не верыў. За што яму такое? Няўжо за талент? За акварэлькі? А ён заўсёды лічыў іх нікчэмнай забаўкай. Ну, калі так, цяпер ён па-іншаму возьмецца! па-сапраўднаму! ён дакажа!..

ІІІ

Па вяртанні ў Мінск Адольф яшчэ раз з’ездзіў у свой горад — па мальберт з гармонікам. Зноў, як і пасля санаторыя, падгадаў час, калі жонка была на працы. Ключ аказаўся ў суседкі, той самай, якой ён хваліўся пра Парыж. Яна прыліпла да Адольфа, як парыжская жуйка: што? як? дзе? Але на гэты раз Адольф не стаў ні жартаваць, ні хваліцца. Яму сорамна было і за той раз, за свае дурныя словы, за пахвальбу — надта жорстка было тое з яго боку; ён уяўляў, як суседка пераказвала іх Ірыне Бацькаўне, як яны, тыя словы, аглушылі, дабілі жонку… Цяпер ён не стаў нічога ёй расказваць. Ужо ўсё набывала іншы абарот, рабілася сур’ёзным.

— Маю радню ты ведаеш, — сказала Тамара, калі яны селі плячо да пляча на канапе, як сапраўдная сямейная пара. — А цяпер давай з тваёй знаёміцца. Памятаеш, ты пра жанчыну з Хутара расказваў? Пра сыноў яе?

— А, тыя! — Адольф спачатку спалохаўся, падумаўшы, што Тома хоча з яго жонкай, ці з дачкою, знаёміцца. — Ну, якая радня… Так, пятая вада на кісялі.

Я, калі шчыра, з імі не вельмі… Я з імі, можна сказаць, ніяк… Больш чужыя, чым свае. Амаль нічога не звязвае.

— Табе зусім нецікава, як яны жывуць?

— А што ім зробіцца? Як жылі, так і жывуць. На Хутары каля Старушак… Яны што ёсць, што няма — аднолькава. Лясныя людзі, дзікаватыя…

Выкручваўся, асцярожнічаў Адольф, ведаў ён, як «любяць» чужую радню, тым больш — бедную, і ўсяляк даваў зразумець, што ў гэтым плане праблем не будзе.

Але Тома настайвала.

— Давай да іх з’ездзім. Ці сюды запрасі.

— Навошта яны табе? Гэтыя сем’і, дзе ўсё наперакасяк… Я прымхлівы, веру, што можна набрацца няўдач ад іх… (Сябе Адольф ужо лічыў удачлівым.) Я стараюся пазбягаць такіх…

— Як не сорамна! — з дакорам сказала Тамара. — Трэба помніць радню, нават самую далёкую, любіць, трымацца разам, жыць дружна. Мая мара — вялікая сям’я, многа ўнукаў, сваякоў, розных, з хутара, з вёскі, з іншых гарадоў, каб сабраліся разам, спявалі за сталом…

— Якія песні, пра што ты кажаш. Гэта бедныя, затурканыя людзі, яны жывуць зусім іншымі катэгорыямі, ледзь зводзяць канцы з канцамі… Да якіх ім песень?

— Ты мяне яшчэ зусім не ведаеш. Для мяне не існуе гэтых паняццяў: багаты, бедны, вясковы, хутарскі… Так, я ніколі ні ў чым не мела патрэбы, можа, таму ў мяне проста не было прычын азлобіцца на жыццё. Я ўсіх люблю, а тым больш людзей, крэўна з табою звязаных. Яны для мяне тое самае, што і ты. Мы іх так прымем! Хай ганарацца табою!

Адольф, расчулены, пацалаваў яе.

— І праўда, даўно не быў… Тады, канечне, з’езджу, адведаю, запрашу…

Тома захацела падрабязнай гісторыі пра хутарскую радню. Адольф, не разумеючы яе цікавасці, усё ж коратка расказаў пра нябожчыка брата, Ніну. Не забыў і пра сябе. Нарадзіліся яны з братам у Заходняй Беларусі, на Мядзельшчыне. Бацька праваслаўны, маці каталічка. Вырашылі, каб нікому не было крыўдна, назваць сыноў па дзядах: аднаго Іван, другога Адоля. Адольф пасля няўдачы з Самарскім лётным паступіў у мастацкую вучэльню, скончыў ды так і асеў на мясцовым камбінаце. А Івана кідала па краіне, занесла на БАМ, дзе пазнаёміўся з зямлячкай-беларускай Нінай — яна там вяла самадзейнасць, ці то ўзначальвала нейкую агіт-культурную брыгаду, а можа, проста загадвала бібліятэкай — няважна; важна, што ў чырвонай хустачцы, прыгожая, няўрымслівая. Там жа, на БАМе, яны пабраліся камсамольскім шлюбам, падзарабілі грошай («неверагодную колькасць!» — прыўкрасіў Адольф), вярнуліся ў Беларусь, да Ніны на Палессе — яна так захацела, купілі хутар і пачалі жыць у глушы. Дзікая тайга, сібірскія бязмежныя прасторы (разважаў Адольф), аграмадныя адлегласці, зауральскі клімат кладуць на еўрапейскага чалавека свой адбітак. Іван з Нінай, акрамя грошай, прывезлі з сабой і нетутэйшае, не беларускае ў характарах — штосьці вольнае, разгульнае, нейкую ермакоўшчыну, і разам з тым цягу да адасобленасці, скрытнасці — карацей, такое, што звычайным людзям не зразумець.

— Вось і ўсё. Брат памёр, Ніна замуж не выйшла. Два сыны ў яе, пра Таляна расказваў — як прыязджалі прасіць, каб я не разводзіўся.

— А ведаеш — цікава, — задумліва сказала Тома. — Прыгожая гісторыя. Я заўсёды думала, што гэта прапаганда ўсё, пра БАМ, лічыла, што там п’янкі, распуста, блатныя ўсе… А тут — рамантыка, загадкавасць… І потым гэтая адзінота. Вернасць… Я б не змагла вось так, зусім адной, застацца. Абавязкова з’ездзі сам, і іх запрасі!

ІV

Перад тым, як ехаць, крыху пасварыліся.

Тома напакоўвала вялікую сумку, а Адольф капрызнічаў: ісці будзе цяжка ад станцыі да Хутара.

— У мяне ж сэрца!.. І нервы недалечаныя…

— Вось-вось. Цяпер бачыш, што свой транспарт трэба? Проста неабходны.

Канечне, цяпер ён, як чалавек забяспечаны, мог дазволіць сабе на таксоўку хоць ад Мінска, Тамара так і прапаноўвала, але ён сам для здароўя захацеў прайсціся. Тым больш дактары прапісалі. І сумку таму ўзяў лёгкую, каб нічога не перашкаджала атрымліваць задавальненне ад падарожжа. Ён даехаў цягніком да станцыі Старушкі і пайшоў па лясной дарозе. Апошні раз ён быў на Хутары на пахавані брата. Цяпер Адольф ішоў туды, як да чужых, не ведаючы, каго там знойдзе і ці стаіць той Хутар увогуле. Столькі часу прайшло, а галоўнае — столькі падзей адбылося!

Поделиться с друзьями: