Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

А Ніна, уздыхнуўшы, рэзюмавала:

— У Адолі шчасліва доля.

Адольф не застаўся начаваць, як яго ні прасілі.

— Ну, дык ідзі рукі памый на дарогу, — сказала Ніна.

На двары Адольф спаласнуўся з меднага, пазелянелага, як парыжскія помнікі, умывальніка каля частакола, і, выціраючы рукі шорсткім саматканым ручніком, кіўнуўшы на частакол, спытаў у Таляна:

— Ад каго так бароніцеся?

— Здагадайцеся!

— Ваўкі?

— Не, не ваўкі.

— Ну, не ведаю… Людзі?

— Не людзі.

— Здаюся.

— Падумайце яшчэ.

Талян з добрую хвіліну маўчаў, глядзеў на дзядзьку, нібы раздумваў, казаць ці не. Глыбока зацягнуўся

цыгарэтай.

— Рысь! — выдыхнуў разам з дымам. — З-пад Мазыра прыйшла! Усіх кацянят з куранятамі паела!

— А можа, з-пад Лоева? — усміхнуўся Адольф.

— Калі Лёнік сказаў — з-пад Мазыра, значыць, з-пад Мазыра.

Талян узяўся правесці дзядзьку да станцыі. Усю дарогу рот у яго не закрываўся, у Адольфа звінела ў вушах ад гэтых «мамка ды мамка, Лёнік ды Лёнік».

— Тут, вам, дзядзя, не Парыж! Жывем самі бачыце як — як у раі! Усё ёсць. Грэх скардзіцца. Тут, на прыродзе, лягчэй. Натуральная гаспадарка. Карова, кабан… Ні ад кога не залежыш. А грошы? — мамчына пенсія ды яшчэ бібліятэка, мае армейскія… Льготы ж у мяне ёсць. Я на льготы жыву… Лёнік…

Талян закашляўся.

— Сэрца спыняецца, задышка, — вінавата сказаў. — Б’ецца — а тады раз, і ўніз падае… Лёнік, вы ж ведаеце, дастане ўсё з лесу, дзічыну, рыбку здабывае… Ого-го, наш Лёнік… Усё ведае! Дзе табе глушэц, дзе цецерук, дзе ліна паймаць, дзе сазана… Да нас толькі і пад’язджаюць машыны! Бачыце, якая дарога? — Талян тупнуў нагою. — Машыны так і шнуруюць, так і гойсаюць туды-сюды! Кожную ноч, лічы. Пакажы кабана! пакажы глушца! пакажы курапатак!

— І Лёнік паказвае?

— Не ўсім. І не адразу. Лёніка так проста не купіш. Ён жа шкадуе, як не шкадаваць? — павыбівалі ўсё, курапаткі на знойдзеш, а раней як галубы на гарадскіх вуліцах — ідзеш па лесе, пырх з-пад ног штук дваццаць! — за спінаю зноў селі. А цяпер знайдзі курапатку! У саміх вудкі за тысячу даляраў, сеткі, электравуды… Стрэльбы дарагія, з оптыкай… А толку, калі не ведаеш, куды страляць? Вось і пруцца ўсе да Лёніка. Грошы дастаюць — я столькі не бачыў, і ніхто столькі грошай не ўбачыць! У далоні пачкі не ўмяшчаюцца! Але ён да грошай абыякавы, паперкі і ўсё. Яму прырода даражэй.

— А не баіцца ён? — спытаў Адольф. — Гэтыя ж браканьеры страшныя людзі. На ўсё здатныя.

— Лёнік? Ну вы сказанулі, дзядзя! Вось толькі мы з мамкай Нінкай баімся за яго, — уздыхнуў Талян.

— Усё-ткі пагражаюць?

Талян вытрымаў паўзу, як і тады, калі расказваў пра рысь. Прамовіў значна:

— Усяляк бывае. Толькі, дзядзя — маўчок! Я вам нічога не казаў!

* * *

— Ну вось бачыш, — сустрэла Адольфа Тамара, — нічога страшнага, з’ездзіў, праведаў… Як яны?

— Кажуць, як у раі.

— А на самой справе?

— На самой справе — які там рай? Два здаровыя хлопцы, нежанатыя, не працуюць. Хіба гэта нармальна? І гэтыя наезды браканьерскія…

Адольф таксама палічыў патрэбным расказаць пра Таляна — інтымна падзяліўся, што нешта не ладзіцца ў хлопца з жанчынамі; відаць, схапіў добра радыяцыі, ну, і нешта не тое.

— Я, канечне, пра такія рэчы не распытваю, а сам ён не кажа…

— Нічога! — рашуча сказала Тамара. — Мы гэта выправім. Цяпер гэта не праблема. Камп’ютар кішыць аб’явамі: «сама з дзіцям, шукаю чалавека, які дзяцей мець не можа»… Такіх мора-акіян, з дзецьмі і без бацькоў. Ты запрасіў іх?

— Адрас даў, і нумар тэлефона…

— Уладкуем цябе — возьмемся за хлопцаў. Мы павінны памагаць адно аднаму, бо мы цяпер адна сям’я!

Раздзел

трэці

І

Праца, якую Тома абяцала Адольфу некалі ў санаторыі, знайшлася ва ўстанове пад назвай ЗАТ «СпецПрадМаш», або проста эс-пэ-эм.

— А чым яны займаюцца?

— Табе ўсё скажуць. Кніжку працоўную не забудзь.

Тома прывяла яго за руку ў офіс, зазірнула ў кабінет («дзе там наш Касперскі?»). Застаўшыся адзін, Адольф нагнуўся і пачаў разглядаць бокам прыстаўлены да сцяны макет, вялікі, памерам з більярдны стол — выразаныя з пенапласту белыя, з чырвоным дахам домікі, авал стадыёна, блакітная палоска ракі, зялёныя дрэўцы, машынкі на акуратных стаяначках, трамвайчык з «рожкамі», які пад’язджае да прыпынку, дзе стаяць фігуркі людзей: мужчыны, жанчыны, дзеці… Усё малюсенькае, ліліпуцкае, але да таго натуральнае, праўдападобнае, што Адольф міжволі прыжмурыў вочы, шукаючы каго знаёмага. Выйшла Тома:

— Заходзь, я пачакаю на калідоры, а вы пагаварыце.

«Касперскі» (Адольф, канечне, адразу здагадаўся, што гэта не сапраўднае прозвішча), зусім малады хлопец, яшчэ маладзейшы, можа, за Адольфавага сына, сустрэў яго з ветлівасцю, рэдкай нават для Мінска, не кажучы аб правінцыі. Адольф, як пан, сядзеў у мяккім фатэлі, а хлопец стаяў перад ім, нібы гэта Адольф бярэ яго на працу, а не наадварот.

«…Займаемся распрацоўкай праектаў. У асноўным тыпавых. Але стараемся ўносіць дызайнерскія, стылявыя навінкі… Рыхтуем разліковую дакументацыю, складаем смету для будаўніцтва ад нулявога цыклу да камунікацый, інфраструктуры і азелянення… У асноўным, спартыўныя аб’екты, лядовыя палацы… Але таксама паркавыя ансамблі, і…»

— Для вас, — падкрэсліў хлопец, — у нас ёсць вакансія. Мы можам прыняць вас праекціроўшчыкам фрагментарных распрацовак. Напрыклад, будзеце рабіць толькі аўтастаянку. Альбо зялёную зону.

Як звычайна робяць у такіх выпадках — для формы, з ветлівасці — Адольф пачаў ламацца і мямліць:

— Не спраўлюся… Вопыту не маю… Такіх камп’ютараў ніколі не бачыў…

— А вы рабіце рукою, на ватмане. А мы потым унясем у камп’ютар. Мы вам таму і даем выпрабаваўчы тэрмін на авалодванне камп’ютарам. Прыйдзе ад нас чалавек, паставіць спецыяльную праграму. Будзеце дома вучыцца. А калі што незразумела, якія пытанні: званіце, прыязджайце — падкажам, раскажам.

— Ну, калі так…

— Праўда, ёсць адно але. Вы на паўстаўкі, таму грошы невялікія. Мы можам прапанаваць усяго толькі…

І хлопец назваў суму, у пяць разоў большую за Адольфавую камвольна-камбінатаўскую поўную стаўку з усімі яе прэміяльнымі, за стаж, па кантракце і інш., і інш.

— Але гэта часова! А там усё наладзіцца!

І, нібы баючыся, каб Адольф не адмовіўся, пачаў расхвальваць, якія ў іх выдатныя ўмовы: дружны калектыў, карпаратыўнасць, ніякага дыктату, зрабіў за гадзіну — вольны чалавек.

Адольф і марыць не мог пра такую працу, нават не ўяўляў, што яны такія бываюць на свеце. І гэта афіцыйна, з запісам у працоўнай кніжцы, каб стаж ішоў, з графікам, як знарок падагнаным для творчага чалавека. Хочаш — сюды прыходзь, хочаш — дома рабі. Ну цуд, проста рай, як пляменнік Талян кажа. Адно слова — сталіца.

— Усё? — спытала Тома, калі ён выйшаў.

— Няўжо гэта праўда? І я цяпер нібыта працую? Афіцыйна? Сорамна нават…

Тома смяялася.

— Прывыкай! Галоўнае, ніхто ж не гоніць. Проста авалодвай камп’ютарам, калупайся ў інтэрнэце, потым паставяць спецыяльную праграму… А не хочаш, надакучыць, няма ахвоты — малюй акварэлькі.

Поделиться с друзьями: