Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Любая хвароба канчаецца бальніцай — і гэтая тым жа скончылася. Не вытрымала ў Адольфа нагрузак сэрца… «Хуткая»… Мікраінфаркт. Ірына Бацькаўна ўспрыняла гэта як знак зверху. Змянілася, ажыла, нават вочы памаладзелі. Ездзіла кожны дзень праз увесь горад да мужа ў бальніцу, начаваць гатова была каля палаты. Акрамя таго дабілася прыёму ў дырэктара камвольнага камбіната, сарамаціла: «Нельга ж так кідаць чалавека», пагражала судом, упрошвала, прыніжалася: «Хоць адведайце, слова скажыце…»

У палату да Адольфа прыйшлі з прафкама, прынеслі тры кілаграмы апельсінаў, паабяцалі выпісаць яму бясплаўтную пуцёўку ў прафілакторый, прасілі прабачэння,

што пагарачыліся, звольніўшы яго.

— Нам трэба было самім здагадацца і вас адправіць у прафілакторый. Так што падлечвайцеся — і прыходзьце назад, прымем адразу, на лягчэйшую работу з захаваннем заробку перавядзем, усе ўмовы створым…

Адольф не ведаў, што гэтым візітам ён абавязаны жонцы. Ён думаў, гэта іх сумленне заела. Ён ляжаў на белых прасцінах, сам белы, прысмірэлы, упершыню за доўгі час цвярозы. Пра алкаголь цяпер не магло быць размовы.

Праз тры тыдні ён выпісаўся з кіпай рэцэптаў на руках і рэкамендацыйным заключэннем. Дыягназ гучаў так:

«Артэрыяльная гіпертэнзія І ст., рызыка 3. Пралабіраванне мітральнага клапану 1 ст. (3,4 мм) з мітральнай рэгургітацыяй 1 ст. Нярэзкая шчыльнасць АО, створак АоК. Трыкуспідальная рэгургітацыя 1 ст. Рэкамендавана: дыета № 10, гіпаліпідэмічная, гіпасолевая, рацыянальнае харчаванне, багатае на калій, кальцый, магній, ёд (курага, разынкі, грэцкія арэхі, бананы, кабачкі, грэчка, аўсяныя крупы), карэкцыя вагі, штодзённая хадзьба 40–60 хвілін, плаванне. Медыкаметознае лячэнне: селект. БАБ: небілет 5 мг. па 1/2 табл. раніцай пры кантролі пульсу і АД, працяглы час; метабалічныя прэпараты: мілдранат 0,25 па 1 капс. 2 разы на дзень пасля ежы, 1 месяц; седатыўныя прэпараты — пры ўзнаўленні болю ў вобласці сэрца…»

І яшчэ многа чаго было там напісана.

Дома Адольф уголас зачытаў жонцы ўсе гэтыя «рэгістурацыі» — сур’ёзным голасам, урачыста, як прысуд. Маўляў, давялі чалавека. А калі падняў вочы — убачыў, што жонка… усміхаецца!

— Затое піць цяпер нельга, — вінавата сказала яна, прытушваючы радасць, зразумеўшы, што ўсмешка выглядае недарэчы.

Але Адольф ўсё роўна пакрыўдзіўся.

І, каб пацвяліць жонку, адпомсціць ёй за праяву радасці ў такі момант і крышку падпсаваць ёй настрой, а яшчэ таму, каб не думала, што ён цяпер зламаны, бязвольны, і з яго вяроўкі можна віць, ён адклаў свой дыягназ, змяніў інтанацыю з урачыстай на гуллівую і паведаміў Ірыне Бацькаўне, што калі ляжаў у бальніцы з мікраінфарктам, у яго адбыўся мікрараман з медсястрою — так, так, з той самай, на якую касілася жонка, светленькая такая, з кароткімі валасамі і кароткай спаднічкай.

Ён гэта выдумаў, каб набіць сабе цану. Але перагнуў палку, увайшоў у смак, пачаў расказваць з дэталямі, падкрэсліваць інтымныя падрабязнасці… Кабінет, ноч, нікога няма… Кушэтка, дзверы на ключ…

Адольф яшчэ і падміргваў Ірыне Бацькаўне, нібы не роднай жонцы, а кампаньёну па выпіўцы расказваў.

Гэта стала апошняй кропляй. Жонка ўспомніла паездкі праз увесь горад, прыніжэнне ў дырэктара камбіната, свае няспраўджаныя надзеі… Стала так горка, крыўдна… І яна падала на развод.

V

У маленькім кабінеце суддзя — Эла Васільеўна Кузьмянкова (Адольф прафесійна запомніў шыльду на дзвярах), папрасіла іх прысесці, спытала, ці дарослыя дзеці.

— Дарослыя, — адказаў Адольф.

І як яны — не дзеці, а Адольф з жонкаю — збіраюцца дзяліць маёмасць?

Тут Адольф не без долі гонару сказаў, што ні на што не

прэтэндуе, усё чысценька пакідае жонцы: кватэру, дачу, нават мапед, а з сабою забярэ толькі чамаданчык з прадметамі гігіены і рознай драбязой: бялізна, брытва, кашуля, гальштук… Таксама ён згодзен аплаціць усю дзяржпошліну, хоць заяву на развод падавала жонка.

На яго думку, атрымалася сціпла, прыстойна, па-старамоднаму класічна. Але на суддзю ніяк гэта не падзейнічала. Відаць, яна ў стотысячны раз такое чула.

— Я вас разводжу без тэрміну на абдумванне, — сказала яна. — Усё. Можаце ісці.

— Ага. Добра. Зразумела. Дзякуем.

Адольф кіўнуў галавой і падняўся. Ён быў у прыўзнятым настроі, усім сваім выглядам паказваў, што так і трэба, менавіта так і разводзяцца.

А разгубленая жонка засталася сядзець, цярэбячы празрыстую хусцінку, павязаную на шыю дзеля такога выпадку. Яна ж разводзілася ў першы раз і думала, што гэта будзе неяк інакш. Яна спадзявалася, што будзе, як у маладых: тры месяцы на роздум, упрошванне, паходы па псіхолагах і ўсё такое.

«А чаму без тэрміну на абдумванне?»— хацела спытаць яна.

Вопытная Эла Васільеўна адказала і без пытання:

— Ды вы яшчэ зноў сыйдзецеся. Я па вас бачу. Іншая справа, што, можа, сапраўды некаторы час вам трэба пажыць асобна.

Тут Адольф з жонкаю нібы самі на сябе зірнулі збоку. І ўбачылі, якое глупства яны, дарослыя людзі, робяць! Цяпер, калі іхняя сітуацыя прайшла праз чужыя вочы і рукі, якой нікчэмнай, недарэчнай, нават смешнай яна падалася!

І ім абоім стала сорамна.

Канечне ж, яны сыдуцца! Бо куды ім адно без аднаго? І як цяпер паправіць?

А калі ім паставілі ў пашпартах штампы, і гэта зацвердзіла афіцыйна, што цяпер яны чужыя людзі, яны проста разгубіліся. Адольф зняў з пальца пярсцёнак, і жонка, гледзячы на яго, думаючы, што так трэба, хуценька сцягнула свой. Іх рукі без пярсцёнкаў сталі нейкія безабаронныя, асірацелыя.

— Так. Дзякую. Зразумела, — па інерцыі паўтарыў Адольф тое, што ў кабінеце.

Але нічога яму не было зразумела. Гэта перад суддзёй добра было разыгрываць ролю джэнтльмена. А тут? Лёгка сказаць: збяру чамаданчык і пайду — а паспрабуй зрабі. Ды першае пытанне — дзе жыць? Гэта ў фільмах прыгожа і без праблем: развёўся чалавек, сеў у аўтамабіль і паехаў у любы чужы горад. А куды паедзе Адольф? Каму ён трэба, хто яго будзе цярпець? Ды сам занудзіцца.

Яны стаялі і моўчкі круцілі ў руках пашпарты.

— Ну што, з’езджу пакуль у санаторый, — нерашуча сказаў Адольф. — Каб бясплатная пуцёўка не прапала. Заадно, можа, нервы папраўлю, сэрца падлячу, стрэс здыму…

— А пасля?

— Дзе-небудзь перакідаюся… Да халадоў на дачы, а там у сяброў, знаёмых, — ціха казаў прысмірэлы, прыніжаны Адольф. — Можа, у інтэрнаце пакой дадуць. Мне многа не трэба…

— Пад старасць гадоў! Па дачах, інтэрнатах, чужых людзях…

Жонка падумала. Сказала цвёрда, рашуча:

— Вось што. Сапраўды, з’ездзі ў санаторый. Адпачні, падлячыся. Здароўе галоўнае. І суддзя ж сказала — пажыць асобна… А потым вяртайся назад! Абавязкова! Чуеш?

— Чую…

— У цябе свой дом. Хопіць. Немаладыя. Я і сама добрая! Сама вінавата! Адпачывай, лячыся, а я буду чакаць! Хай разведзеныя, хіба не бывае: разведзеныя — а жывуць разам?

Дома яна энергічна збірала яго — як у дальнюю дарогу, як нічога не адбылося паміж імі. Уголас сама ў сябе перапытвала: што яшчэ? ці не забыла пакласці ножык? дзе пакецік з лекамі?

Поделиться с друзьями: