Ціша
Шрифт:
Настачка з Дзімам, мілыя, таленавітыя, здаровыя, разумныя дзеці (яшчэ адно дзіва — у такога бацькі) — цешылі Адольфа, як родныя. Яны звалі яго «дзядзька Адольф» — акрамя іх і Тамары, усе астатнія пазбягалі звяртацца да яго па імені, а казалі проста — «вы». Наста даказвала яму, што варона — самая кепская птушка, таму што назва яе — ад слова «вараваць», а таксама дзялілася сваёй бядой: «Ведаеш, мяне яшчэ ні разу ў жыцці не кусала аса, ці хаця б пчала…» Малы Дзімка, якога Адольф паабяцаў навучыць іграць на гармоніку «Чобаты», калі той будзе паслухмяным хлопчыкам, моўчкі ўзяў гармонік, накінуў на плечык
На наступныя выхадныя з’яўлялася старэйшае пакаленне. І тут ужо Адольфу даводзілася трымаць вуха востра. Гэта было для яго сапраўдным выпрабаваннем. Томіна маці яшчэ так-сяк; яна толькі настойліва падкрэсліва сваю другаснасць:
— Я тут не гаспадыня, — казала ласкава, а вачыма па-ранейшаму прасвечвала Адольфа, як рэнтгенам.
У сваю чаргу, гледзячы на яе, на гэтую зморшчаную высахлую мумію, Адольф заўсёды асабліва востра адчуваў бязлітаснасць часу, і тое, што чалавек — смяротны.
Але сама няўтульна было з палкоўнікам-адстаўніком. Хаця Адольф і здагадваўся, што насамрэч гэта звычайны які-небудзь былы гэбісцік, невялікі шэранькі кардынальчык, — але тым не менш: з самага пачатку, яшчэ завочна, з Томіных расказаў у санаторыі ён быў акружаны таемным арэолам усемагутнасці. У Тамарынай падачы ён паўставаў як добры маг, чарадзей. Ён робіць візы, пашпарты, мае сувязі, уладкоўвае на блатныя працы, — для яго няма нічога немагчымага. Яшчэ да таго, як яны пазнаёміліся, ён пачаў уплываць — тайна і яўна — на Адольфаў лёс, кіраваць ім, карэкціраваць яго.
Чырванеючы і запінаючыся, Адольф заводзіў размову на тэму гаспадаркі — каб не думалі, што ён ласы на гатовае, звычайны прымак, прыжывала; усяляк хацеў паказаць, што ён станоўчы, гаспадарлівы мужчына, перарабіў, што змог, у кватэры: сантэхніку, лоджыю, і на дачы сёе-тое… Аднак нішто не магло растапіць недавер палкоўніка. Ён слухаў падазрона, ставіўся да Адольфа суха, гмыкаў дэманстратыўна, калі Тамара звала Адольфа па імені, і ўсё маўчаў.
— Чаму ён усё маўчыць? — потым, калі госці адбывалі, скардзіўся Адольф Томе. — Я іх, гэтых маўчуноў, усё жыццё пазбягаю. Недалюбліваю. Ніколі не ведаеш, што ў іх у галаве, добрае ці кепскае; натуральна, думаеш, што кепскае.
— Ды нічога падобнага! — смяялася Тома. — Ты менш да сэрца бяры. Яно табе спатрэбіцца — табе яшчэ медкамісію праходзіць.
— Не! За гэтым маўчаннем — прынцыпы! А я яшчэ больш, чым маўчуноў, баюся прынцыповых. Яны, канечне, справядлівыя, але ўсе жорсткія.
— Перастань. Якія прынцыпы ў старога чалавека? Адзін прынцып — каб нам, дзецям, лягчэй жылося. Ніхто табе не будзе перашкаджаць, а калі б і надумаліся, дык я хутка пастаўлю ўсіх на месца. Ну, хочаш, яны не будуць прыходзіць?
Адольфу прыемна было пачуць — «нам, дзецям». Ён змякчыўся.
— Чаму? — на здароў’е, хай прыходзяць, — высакародна дазволіў ён. — Я пра тое, што памагаць… Але ж нічога не робіцца задарма. За ўсё трэба плаціць. Настроем, свабодай, грашыма… А я нікому не хачу быць павінны.
— Гэта раней можна было так жыць. Незалежна. А цяпер без гэтага ніяк. Людзі на тое і створаны, каб памагаць адно аднаму.
— Гледзячы чым. Грашыма? Я б, напрыклад, не хацеў мець многа грошай. Непрыгожа быць багатым. Страшнавата. Багацце надта да
многага абавязвае. Заўсёды на віду… Увесь час думаць толькі пра грошы, каб яны не прапалі, каб іх было яшчэ больш. А на ўсё астатняе проста фізічна не застаецца часу — на творчасць, прыроду, побыт… Беднаму лягчэй, спакайней, прасцей, нават цікавей.— Ага. Апраўданне ўсіх бедных, — дражніла яго Тома. — Нябось, дай, дык схопіш і пабяжыш хваліцца…
— А вось і не схаплю! А вось і не пабягу! Ну, дай — і сама пабачыш!
— Ёсць бедныя шчаслівыя — і багатыя няшчасныя, — задуменна, летуценна сказала яна. — Я думаю, трэба мера, каб усё з толкам — не выстаўляцца, не свяціцца, не хваліцца…
— Справа, Томка, не ў тым. Не ў грашах. Хаця і ў іх, канечне… Жонку ніяк не магу забыць! Ты прабач ужо. Усё раблю для гэтага. Каб пабачыў хоць раз, ці адазвалася яна, а так — маўчаннем мяне карае, — з горыччу казаў Адольф.
— А чаму ты апраўдваешся? Гэта натуральна. Калі б ты адрэзаў па жывому, мне было б гэта непрыемна, незразумела. А так — лішні раз даказвае, што ты сапраўдны, добры, шчыры, таленавіты… Проста неацэнены. А яе — шкада! Сірата… Такога мужчыну не ўтрымала! Уяўляю, як ёй цяпер! Відаць, перажывае, пакутуе…
— У душы, вядома, пакутуе, — згадзіўся Адольф. — А не трэба быць такой… такой…
Ён не знайшоў патрэбнага слова. Тома працягвала:
— Вось гэта страшна, а не багацце. Я таксама ўвесь час баюся: мы ж будуем сваё шчасце на чужым няшчасці!
— А можа і не перажывае, — сказаў Адольф. — Хто быў ініцыятарам разводу? Не я ж? Значыць, чаго хацела — тое атрымала. Значыць, ёй лепш так.
— З’ездзі ты да яе. Пагаварыце. Супакоіш і сябе, і яе. Ды і дачку з унучкай праведаеш. А то не па-людску…
— Што дачка? — адрэанаая луста! А да Ірыны Бацькаўны, канечне, з’езджу, — няўпэўнена сказаў Адольф. — Вось толькі дачакаюся, калі сын з арміі вернецца. Каб заадно, усё разам. Ды што ёй станецца? Я ж званю, мне перадаюць. Працуе сабе на камвольным. Можа, наадварот, яшчэ і радая…
Тома супакоілася і павесялела.
— Табе трэба новыя ўражанні. Трэба рух. Каб ты менш думаў. Жыццё — веласіпед: пакуль круціш педалі — едзеш, спыніўся — упаў… Трэба загружваць цябе, перабіць умоўны рэфлекс, прывычку… Цяпер жыццё не такое — іншыя каштоўнасці.
ІІІ
Тома ніколі не забывала пра машыну, пры кожным зручным выпадку то жартачкамі, то ўсур’ёз падводзіла Адольфа да працэдуры здачы на правы. Яна расказвала, як пасля вайны ў Германіі пачалася дэпрэсія, немцы співаліся, і амерыканцы прыдумалі наладзіць масавы выпуск «фольксвагенаў», паступова перасадзілі ўсіх у «народныя машынкі» і тым уратавалі нацыю.
Адольф адмахваўся, тлумачыў, што гэта не той выпадак. Ён проста не здатны да машыны. Па тэлевізіі паказваюць адны аварыі, і асацыяцыя чалавека за рулём выклікае толькі віскат тармазоў, пошлае «бу-бух!» — і дзве жалезныя сметніцы адна аб адну, а ў выніку «воз касцей і мора крыві»… У сваім гарадку Адольф жыў каля перакрыжавання, нагледзеўся на такое з балкона.
— А мапед? — нагадвала Тома. — Ты ж ездзіў?
— Што я там ездзіў — па тратуары практычна. Той жа веласіпед, толькі з маторчыкам… Ды я і камісію не прайду!