Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Прысядзьце, калi ласка.

Мэгрэ пакруцiў галавою.

– Хочаце глянуць на яго?

Удаве было прыемна паказаць камiсару, што яна не паскупiлася на аддзелку труны.

– Нiбыта спiць...

Мэгрэ зрабiў усё належнае.

– Ён i зразумець не паспеў, што здарылася, - уздыхнула жанчына.
– А як ён любiў жыццё!

Яны цiха выйшлi, i панi Турэ зачынiла дзверы.

– Вы будзеце на пахаваннi, пан камiсар?

– Буду. Таму i прыйшоў.

Монiка па-ранейшаму сядзела нерухомая. Пачуўшы, што сказаў камiсар, яна адразу ж уздыхнула.

– Напэўна, вы i вашы сёстры знаёмыя з усiмi, хто будзе на пахаваннi, а я

не ведаю нiкога...

– Разумею!
– усклiкнуў Маньен, нiбыта гэтая думка прыйшла i яму самому ў галаву адначасна.

Сваiм пыхлiвым выглядам ён паказваў, што ведае ўсё наперад.

– Я проста папрасiў бы вас паказаць мне на пахаваннi незнаёмых людзей, калi такiя будуць.

– Вы думаеце, прыйдзе забойца?

– Неабавязкова. Але мой абавязак - нiчога не ўпускаць.

– Вы маеце на ўвазе якую-небудзь жанчыну?
– спыталася панi Турэ.

I яе твар, i твары сясцёр адразу ж сталi аднолькава злыя.

– Я нiчога не маю на ўвазе. Я шукаю забойцу. Калi заўтра на пахаваннi вы зробiце мне знак, я зразумею.

– Калi заўважым любога незнаёмага?

Мэгрэ кiўнуў, папрасiў прабачэння за клопаты i выйшаў. Маньен правёў яго да дзвярэй.

– Натрапiлi на след?
– спытаўся ён тонам, якiм гавораць з доктарам пасля агляду хворага.

– Не.

– I не маеце нiякiх падазрэнняў?

– Нiякiх. Да пабачэння.

У машыне Мэгрэ ўспомнiў, як дваццацiгадовым юнаком ён трапiў упершыню ў сталiцу. Тады яго найбольш уразiў няспынны рух натоўпу, калаўрот сотняў тысяч людзей. Ён з мiжвольнай трывогаю назiраў за тымi, хто, страцiўшы раўнавагу, кiдаўся ў паток i плыў па цячэннi. Але асаблiвае спачуванне выклiкалi ў яго сцiпла i чыста апранутыя людзi. Якiх толькi намаганняў яны не прыклалi, каб застацца на паверхнi i стварыць iлюзiю, што яны жывуць i што гэтае жыццё вартае таго, каб яго пражыць!

Вось i Луi Турэ дваццаць пяць гадоў сядаў кожнае ранiцы ў адзiн i той самы цягнiк, бачыў адны i тыя ж твары, i пад пахаю ў яго быў адзiн i той самы загорнуты ў цырату сняданак; увечары нябога вяртаўся ў сваё жытло, якое Мэгрэ называў у думках "домам трох сясцёр". Хоць сёстры i жылi на суседнiх вулiцах, яны закрывалi нябожчыку далягляд, як вялiзны мур.

– У камiсарыят, шэф?
– пытаўся шафёр.

– Не. Дамоў.

Гэтым вечарам ён пайшоў з жонкаю ў кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, той самы, куды хадзiў i Луi Турэ. Яны двойчы прайшлi мiма таго самага тупiка.

– У цябе кепскi настрой?
– спыталася жонка.

– Не.

– Ты за ўвесь вечар i слова не сказаў.

– Ты што?.. А я i не заўважыў.

Уранку на горад абрынулася залева. Лiло як з вядра. Вецер вырываў з рук мiнакоў парасоны.

– Такое надвор'е часта бывае на пахаванне, - заўважыла панi Мэгрэ. Багата сёння клопату?

– Яшчэ не ведаю.

– Надзень галёшы.

Мэгрэ так i зрабiў, але ўсё роўна паспеў добра прамокнуць, перш чым удалося сесцi ў таксоўку. Халодныя кроплi сцякалi з капелюша за каўнер.

– На набярэжную Арфэўр.

Пахаванне адбудзецца ў дзесяць. Мэгрэ з нецярпеннем чакаў, калi прыйдзе Нэвэ. Ён вырашыў узяць яго з сабою: а раптам каго-небудзь пазнае на пахаваннi?..

– Ёсць што новае?
– спытаўся камiсар у Сантонi.
– Не?.. Складзi спiс Жарысавых сяброў, знаёмых, увогуле, усiх, з кiм ён сустракаўся апошнiя гады.

– Я ўжо пачаў.

– Працягвай.

З'явiўся Нэвэ.

– Надвор'е пахавальнае, - буркнуў iнспектар.

У дзесяць яны былi

ўжо перад домам Турэ. У знак жалобы з абодвух бакоў дзвярэй былi нацягнуты чорныя палотнiшчы з серабрыстымi махрамi. Ля ганка, на незаасфальтаваных ходнiках стаялi людзi пад парасонамi. Усяго iх было чалавек пяцьдзесят. Многiя заходзiлi ў дом. Вiднелiся людзi i ў суседнiх дварах.

Спачатку прыбыў катафалк. Потым таропка прайшлi святар i хлопчык, якi нёс крыж.

Нiшто не спыняла парываў ветру, мокрая адзежа прыставала да цела. Труна адразу ж намокла.

– Нiкога не пазнаеш?
– запытаўся Мэгрэ ў Нэвэ, калi працэсiя рушыла.

Нэвэ пакруцiў галавою.

Жанчына, якой Турэ падараваў парсцёнак, напэўна, не прыйшла. Праўда, на адной кабеце быў лiсiны каўнер, але камiсар заўважыў яе яшчэ раней, калi яна выходзiла з дома насупраць i замыкала дзверы на ключ. I з прысутных мужчын нiкога нельга было ўявiць заўсёднiкам лавак на бульварах.

I ўсё ж Мэгрэ застаўся на пахаваннi да канца. Камiсар двойчы сустрэў позiрк Монiкi. I кожны раз адчуваў, як сцiскаецца яна ад страху.

На могiлках было па калена гразi: магiлу выкапалi на новым участку, куды яшчэ не праклалi дарожкi.

Калi панi Турэ сустракалася позiркам з камiсарам, яна кожны раз уважлiва аглядвала прысутных, паказваючы, што памятае аб ягонай просьбе. Калi ён падышоў да сям'i, якая выстраiлася ў рад ля магiлы, каб выказаць спачуванне, удава шапнула:

– Я нiкога не заўважыла...

Дождж пазмываў пудру з твараў у жанчын, ва ўсiх пачырванелi насы.

Мэгрэ i Нэвэ пачакалi яшчэ хвiлiнку на могiлках i прайшлi ў шынок насупраць. Камiсар заказаў два грогi. А праз некалькi хвiлiн тут была ўжо добрая палова працэсii. Каб сагрэцца, людзi пераступалi з нагi на нагу.

Мэгрэ пачуў абрывак размовы:

– А пенсiю яна за яго атрымае?

– Не. Ён жа быў простым кладаўшчыком у нейкай краме. Такiм пенсii не даюць. Гэта за шваграмi ягонымi жонкi файна жывуць - чыгуначнiкi ўсё-такi. А пан Луi быў у iх увогуле кiмсьцi накшталт сваяка-бедалагi... Вось так вось...

– Дык што ж жонка з дачкою рабiцьмуць?

– Дачка ж працуе... Пакой, можа, здадуць кватаранту...

– Ну што, Нэвэ, хадзем?
– прапанаваў Мэгрэ iнспектару.

З машыны сцякала брудная вада. Залева секла i секла.

У камiсарыяце было сыра i холадна, на падлозе вiднелiся брудныя сляды.

– Нiчога новага, Люка?

– Званiў Лапуэнт. З бiстро на плошчы Рэспублiкi. Ён знайшоў пакой.

– Пакой Турэ?

– Ён так думае. Але гаспадыня не надта гаваркая.

– Выклiкалi яе сюды?

– Не. Можа, вы самi лепш туды сходзiце?

Мэгрэ i праўда думаў пайсцi да Лапуэнта, а не сядзець тут у кабiнеце.

Калi Мэгрэ ўвайшоў у бiстро, ён адразу ж знайшоў Лапуэнта: той сядзеў ля камiна i пiў каву.

– Адзiн грог!
– заказаў камiсар.

– Дзе гэты пакой?
– запытаўся ён у Лапуэнта.

– За два крокi адсюль. Знайшоў зусiм выпадкова. Дом у спiсах не значыцца.

– Ты не памылiўся?

– Не. На вулiцы Ангулем я ўбачыў аб'яву: "Здаецца пакой". Трохпавярховы дом, без кансьержкi. Я пазванiў i папрасiў паказаць пакой. Гаспадыня ў гадах, колiсь, мусiць, была прыгажуня, але цяпер сiвая, аблезлая, тоўстая. Выйшла да мяне ў халаце. Перш чым упусцiць мяне, запыталася, цi здымаю я пакой сабе асабiста i цi адзiн буду жыць. Пакуль яна са мною перагаворвалася, на другiм паверсе прыадчынiлiся дзверы, i я заўважыў вельмi вабную дзяўчыну.

Поделиться с друзьями: