Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Ты еў што-небудзь сёння?

– Я не галодны.

Гэта адказвала ў iм упартасць маладзёна.

Мэгрэ зняў слухаўку.

– Алё! Пiўная "Дэльфiн"?.. Дайце мне пана Жазэфа. Алё?.. Пан Жазэф?.. Мэгрэ. Прынясi мне, калi ласка, бутэрбродаў. Шэсць. З вяндлiнаю... Для мяне. Чакай...

– З вяндлiнаю цi з сырам?

– Мне ўсё роўна. З вяндлiнаю.

– Пiва цi вiна?

– Вады, калi можна. Мне вельмi хочацца пiць.

– Жазэф, шэсць бутэрбродаў з вяндлiнаю i чатыры пiва... Чакай... Прынясi яшчэ два

вялiкiя кубкi кавы. I хутчэй, добра?

Паклаўшы слухаўку, Мэгрэ пачаў набiраць другi нумар, прыглядаючыся да Жарыса.

Юнак быў худы, бледны, нервовы. Было вiдаць, што каву ён пiў нашмат часцей, чым еў мяса. Але як на жаночы густ, дык быў прывабны.

Жарыс таксама разглядваў Мэгрэ - спадылба.

– Алё! Аддзел вышуку?.. Аддайце загад не шукаць болей Альбэра Жарыса.

Мэгрэ моўчкi пачаў перакладваць свае люлькi на стале. Пастукалi ў дзверы.

– Уваходзьце!

Вярнуўся Нэвэ.

– Выбачайце, я хацеў бы даведацца...

– Можаш iсцi. Дзякую.

Мэгрэ пачаў хадзiць па пакоi. Ён чакаў афiцыянта. Каб прабавiць неяк час, патэлефанаваў яшчэ раз, гэтым разам жонцы:

– Я палуднаваць не прыйду.

– Я так i думала. Ты ведаеш, якi ўжо час?

– Не.

Жонка адно засмяялася: абед даўно мiнуў.

– Я прыйшоў да вас, каб сказаць...
– пачаў быў Жарыс, але Мэгрэ адразу ж перапынiў яго:

– Чакай.

Сёння гэта быў ужо трэцi допыт. Трэба было сабрацца з думкамi.

Страшэнна хацелася пiць.

Камiсар мiжволi паглядзеў туды ж, куды глядзеў цяпер Жарыс, i пачырванеў, як школьнiк: позiрк ягоны спынiўся на пляшцы з каньяком, якiм ён, так бы мовiць, частаваў Шрамэка. Ва ўсёй гэтай мiтуснi ён забыўся прыбраць каньяк са стала. Маўклiвы папрок хлопца непрыемна закрануў Мэгрэ: гэта ж трэба было такой недарэчнай прамашкаю пагоршыць у вачах затрыманага ўяўленне аб камiсары палiцыi!.. Ён хацеў быў усё растлумачыць, але змаўчаў - проста ўстаў i паставiў каньяк назад у шафу.

Зноў пастукалi ў дзверы. Гэта быў афiцыянт.

– Заходзь, Жазэф. Пастаў паднос сюды.

Калi афiцыянт выйшаў, Мэгрэ прапанаваў Жарысу:

– Перакусiм.

Жарыс еў з вялiкiм апетытам, хоць i казаў зусiм нядаўна, што зусiм не галодны. Але па-ранейшаму паглядваў спадылба на камiсара. Праўда, пасля другой шклянкi пiва ён трохi пацяплеў.

– Ну як, лепей?

– Дзякую. Але чаму вы назвалi мяне прахiндзеем?

– Да гэтага мы яшчэ вернемся.

– Гэта праўда, што я сюды сам iшоў.

– А чаму ты вырашыў гэта зрабiць?

– Мне абрыдла хавацца.

– А чаму ты хаваўся?

– Каб не арыштавалi.

– А за што цябе арыштоўваць?

– Самi ведаеце.

– Я не ведаю.

– Таму, што я сябра Монiкi.

– Ты быў упэўнены, што мы гэта ведаем?

– Пра гэта вельмi проста даведацца.

– I мы б цябе арыштавалi толькi за тое, што ты яе сябар?

– Вы хочаце як мага болей выцягнуць з мяне. Думаеце, што я пачну манiць,

блытацца i вы мяне на чым-небудзь зловiце.

– Ты, я гляджу, дэтэктываў начытаўся...

– Я праглядаю газеты. I ведаю, як вы дамагаецеся прызнання.

Мэгрэ сам сабе вылаяўся: далося iм усiм гэтае непаразуменне з поўхаю, якую ён заляпiў Рэне Лекэру!.. Мiж тым сёння ўранку ён атрымаў ад асуджанага на смерць Лекэра лiст з турмы. Прыгнечаны, забойца прасiў камiсара наведаць яго. Можна было б паказаць Жарысу гэты лiст i ўсё расказаць, аднак Мэгрэ зноў не стаў нiчога тлумачыць затрыманаму i прадоўжыў допыт. Калi ўжо гэты маладзён дапячэ яго з той поўхаю, то ён яму Лекэраў лiст пакажа.

– Дык чаму ж прыйшоў сюды?

– Каб заявiць, што я не забойца.

Мэгрэ распалiў люльку, дапiў пацiху пiва. З-за дажджу на вулiцы пацямнела. Ён запалiў лямпу.

– Ты разумееш, што значыць твой уласны прыход да нас?

– Што вы хочаце сказаць?

– Ты вырашыў, што мы збiраемся цябе арыштаваць. Значыцца, у нас ёсць на тое падставы. Якiя?

– Вы ж былi на вулiцы Ангулем?

– Адкуль ты ведаеш?

– Гаспадыня ж, напэўна, сказала, што я прыходзiў да яго.

– I што, за гэта цябе трэба арыштоўваць?

– Вы дапытвалi Монiку.

– I ты баiшся, што яна прагаварылася?

– Я б здзiвiўся, калi б яна ў вас не загаварыла.

– А чаму ты пачаў з таго, што схаваўся ў сябра пад ложкам?

– Вы i гэта ведаеце.

– Адказвай.

– Я не падумаў. Я баяўся. Баяўся, што мяне будуць бiць i я прызнаюся ў тым, чаго не рабiў.

– Меней бы ты, хлопча, баяўся... Чаму ж ты тады ўсё-ткi, раз баяўся, вылез з-пад ложка?

– Там нельга было болей заставацца. Сябрава цётка ўвесь час па кватэры хадзiла. Дзверы адчыненыя, у хаце скразняк. Я прастыў, а тут нават чыхнуць страшна. Нi ўстаць, нi паварушыцца...

– I ўсё?

– Есцi хацелася.

– I што ж ты стаў рабiць, як выбраўся з кватэры?

– Бадзяўся па вулiцах. Уначы спаў на рынку на мяшках з гароднiнай гадзiну-другую. Двойчы падыходзiў да моста Сэн-Мiшэль i глядзеў на ваш будынак. Убачыў, як Монiка выходзiла ад вас. Я пайшоў на вулiцу Ангулем, там стаяў чалавек, па ўсiм было вiдаць, назiраў за домам. Ваш, напэўна.

– А чаму мы маглi меркаваць, што ты мог забiць Турэ?

– А вы што, не ведаеце, што я ў яго пазычыў грошы?

– Пазычыў?

– Ну, папрасiў, калi вам так болей падабаецца.

– Папрасiў?

– Што вы хочаце сказаць?

– Ёсць розныя спосабы прасiць. Мiж iншым, ёсць i такi, калi чалавек, якога просяць, пастаўлены ў такiя ўмовы, што не можа адмовiць. А называецца гэта шантаж.

Камiсар замаўчаў i ўгледзеўся Жарысу ў самыя вочы.

– Адказвай.

– Я нiчога б не сказаў панi Турэ.

– Але ж пана Турэ ты гэтым прыпалохаў?

– Ён i так бы даў грошы.

– Але даў таму, што баяўся тваёй пагрозы.

Поделиться с друзьями: