Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Шрифт:
Гэта была адна з сама фантастычных пагонь у гiсторыi французскай палiцыi. Злодзей пацяшаў публiку больш за любога цыркача. Палiцэйскiя бегалi ўсярэдзiне будынка i, падымаючыся з паверха на паверх, адчынялi вокны, а ўцякач узбiраўся ўсё вышэй i вышэй.
Нарэшце яму ўдалося дасягнуць даху, такога стромкага, што палiцэйскiя адмовiлiся штурмаваць яго. А ён, не ведаючы нiякага страху, пераскокваў з даху на дах, пакуль не дабраўся такiм чынам да вулiцы Дзiдро, дзе i знiк раптам у акенцы на гары.
Хвiлiн праз пятнаццаць яго ўбачылi на iншым даху. "Вунь ён!" - крычалi
Нiхто не ведаў, цi ёсць у яго зброя i што ён зрабiў, але па натоўпе пайшла пагалоска, што ён забiў некалькi чалавек.
А ўжо калi прыехалi пажарныя, расставiлi свае высачэзныя лесвiцы i накiравалi на дахi святло фар, натоўп завiшчаў.
Нарэшце злодзея ўдалося схапiць на даху дома недзе на вулiцы Гранж-Батэльер. Потым газеты пiсалi, што ў гэты момант у яго нават дыханне было роўнае! Ён смяяўся з няўклюдных палiцэйскiх. I калi яго ўпiхвалi ў "варанок", вывернуўся, як вуж, i знiк у натоўпе.
Газеты яшчэ тыдзень смакавалi ўсялякiя акалiчнасцi пагонi за "Акрабатам" гэтак празвалi Шрамэка. Нарэшце яго ўзялi, але зусiм выпадкова, на скачках.
Яшчэ падлеткам Шрамэк пачаў выступаць у цырку, якi ездзiў па Эльзасе i Германii. Потым ён асеў у Парыжы i выступаў на кiрмашах, за вылiкам таго часу, якi бавiў у турмах за крадзяжы.
– Вырашыў на старасцi гадоў прыладзiцца ў маiм квартале, - сказаў Нэвэ.
– Я ўжо даўно нiякiмi глупствамi не займаюся, - запэўнiў камiсара Шрамэк.
Нэвэ расказаў, як i чаму затрымаў ён Шрамэка.
– Зайшоў я ў бар на вулiцы Бландэль, гэта за два крокi ад нашага бульвара. Там збiраюцца аматары конных скачак. Называецца ён "У Фернана". Гэтага Фернана я добра ведаю, ён былы жакей. Я паказаў яму фотакартку Турэ, i ён яго пазнаў. Сказаў, што Турэ прыходзiў да яго разы са тры з адным з ягоных клiентаў, Клоўнам Фрэдам. Я здзiвiўся, бо думаў, што Акрабат даўно ўжо памёр цi сядзiць у турме, а ён, выяўляецца, прыходзiць да гэтага Фернана кожны вечар выпiць кiлiшак i паставiць на якога-небудзь каня. Але вось ужо некалькi дзён не заходзiў. З панядзелка. Цi быў ён тады адзiн, цi з Турэ, Фернан не памятае. Тут я i вырашыў узяць яго за шкiрку. Фернан назваў мне iмя жанчыны, з якою Фрэд жыве ўжо некалькi гадоў. Былая прадаўшчыца зелянiны Франсуаза Бiду. Але толькi сёння я атрымаў яе адрас: набярэжная Вальмi, насупраць канала. Галубок схаваўся ў спальнi - ён не пакiдаў яе з самага панядзелка. Я адразу ж надзеў на яго кайданкi i прывёў сюды.
– Я ўжо не такi спрытны, як раней, - жартаўлiва пракаменцiраваў Шрамэк.
Мэгрэ ўзiраўся ў затрыманага.
З гадамi Шрамэк, вiдаць, пачаў далучацца да тае пароды людзей, якiя могуць дзень пры днi сядзець на лаўках, нiчога не робячы. I вось цяпер нiбыта пашарэў, што тыя плiты ходнiкаў, якiя так часта i падоўгу свiдраваў сваiм абыякавым позiркам нiкому не патрэбнага чалавека.
Не спяшаючыся, папыхваючы люлькаю, Мэгрэ пачаў праглядваць пульхную жоўтую папку - гiсторыю ўзаемадачыненняў Шрамэка i правасуддзя.
Настаў сама зручны час для допытаў: ад дванаццацi да дзвюх. Усе пайшлi на абед, нiхто не бегае па калiдорах, сцiхлi тэлефоны.
– Схадзi паабедай, - сказаў камiсар iнспектару.
–
Нэвэ выйшаў без асаблiвага жадання: ведама ж, яму б хацелася пабыць на допыце.
Затрыманы праводзiў яго ўхмылкаю.
Мэгрэ запалiў новую люльку, паклаў руку на дасье i, гледзячы Шрамэку ў вочы, цiха сказаў:
– А зараз пагаворым!
Аднак перш чым пачаць допыт, Мэгрэ замкнуў дзверы на ключ, паглядзеў на акно.
– Не турбуйцеся, - зноў ухмыльнуўся Шрамэк.
– Я ўжо па карнiзах не хадок.
– Думаю, ты здагадаўся, чаму цябе забралi?
– А што тут здагадвацца? Заўсёды забiраюць адных i тых самых. Даўнавата я ў вас не быў. Трэба асвяжыць успамiны.
– Твайго дружка Луi забiлi. Толькi не прыкiдвайся, што нiчога не ведаеш. Ты выдатна разумееш, што мы маем усе падставы абвiнавацiць цябе.
– Будзе яшчэ адна судовая памылка.
Мэгрэ зняў слухаўку.
– Злучыце мяне з барам "У Фернана" на вулiцы Бландэль... Пан Фернан?.. Гаворыць камiсар Мэгрэ. Я хацеў бы навесцi даведкi адносна вашага клiента Джэфа Шрамэка... Так, Акрабата... Рабiў буйныя стаўкi?.. Што?.. Разумею... А апошнiм часам?.. У суботу?.. Дзякую... Не. Пакуль дастаткова.
Мэгрэ выглядаў задаволеным, а вось Шрамэк устрывожыўся.
– Хочаш, паўтару табе, што ён сказаў?
– Мала што кажуць!
– Усё сваё жыццё ты гуляеш на скачках i прайграеш.
– Калi б урад забаранiў скачкi, гэтага б не здаралася.
– Вось ужо шмат гадоў, як ты купляеш у Фернана квiткi на стаўкi.
– Фернан - афiцыйны букмекер.
– Але, каб рабiць стаўкi, трэба мець грошы. I вось што цяпер высвятляецца: яшчэ два з паловаю гады назад твае стаўкi былi маленькiя, ты прайграваў, i Фернан паiў цябе ў крэдыт.
– Ён не павiнен быў гэтага рабiць. Ён мяне заахвочваў, i я прыходзiў зноў.
– Але вось ужо два з паловаю гады ты ставiш буйныя сумы. Зноў прайграеш, а праз некалькi дзён зноў на канi!
– I што гэта даказвае?
– У мiнулую суботу ты зноў паставiў буйную суму.
– А што вы скажаце пра багацеяў, якiя ставяць мiльён на аднаго каня?
– Адкуль у цябе грошы?
– У мяне жонка працуе.
– Кiм?
– Прыбiральшчыцай.
– Смяешся з мяне?
– Пан Мэгрэ, я б сабе такога нiколi ў жыццi не дазволiў!
– Хочаш пацягнуць час?
– Самi разумееце, мне спяшаць няма куды.
– А я табе ўсё-такi скажу: дрэнныя твае справы. Некалькi чалавек бачылi цябе з панам Луi, справай якога мы цяпер займаемся.
– Добры быў чалавек.
– Можа быць. Але яшчэ два з паловаю гады назад, два з паловаю, Джэф, ён не меў працы i клаў зубы на палiцу.
– Ведаю я гэтую палiцу!
– уздыхнуў Джэф.
– Сам на яе зубы клаў - не раз.
– Ты, напэўна, жыў за кошт Франсуазы, а Турэ пазычаў у сяброў.
– Яшчэ адзiн доказ таго, што свет не без добрых людзей.
Мэгрэ не надта зважаў на блазенства Шрамэка, а расстаўляў спакваля свае непрыкметныя на пачатку пасткi.
– I вось аднаго дня вы раптам разбагацелi. Расследаванне дакладна ўстановiць гэтую дату.